Крэатыўныя спосабы выкарыстання беларускай мовы падчас заняткаў і ў пазаўрочнай дзейнасці абмеркавалі педагогі

- 10:11Компетентно

“Як жывецца роднай мове ў дзіцячым садзе і ў школе. Набыткі. Вопыт. Перспектывы” — тэма экспертнай пляцоўкі, якая прайшла ў Выдавецкім доме “Педагагічная прэса”.

Сярод запрошаных экспертаў былі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Алег Кузьмін, начальнік упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама Вольга Тарасюк, дырэктар гімназіі № 14 Мінска, дзе навучанне ажыццяўляецца на беларускай мове, Марыя Гарохава, загадчыца Пінкавіцкага дзіцячага сада Пінскага раёна Наталля Афанасьева, настаўнік беларускай мовы і літаратуры вілейскай гімназіі № 2, настаўнік-метадыст, дзіцячы пісьменнік Віктар Кажура.

— Паважаныя госці, падзяліцеся, калі ласка, якімі сцежкамі ў ваша жыццё прыйшла беларуская мова?

Наталля Афанасьева:

— Родам я з вёскі Пінкавічы. Мясціны гэтыя натхнілі Якуба Коласа на стварэнне вядомых твораў, у прыватнасці, рамана “У глыбі Палесся”. З 1904 па 1906 год пісьменнік працаваў у Пінкавіцкім народным вучылішчы. Мясцовая школа цяпер носіць яго імя, і тут выкладанне вядзецца на беларускай мове. З дзяцінства памятаю смак вады з калодзежа, а ён там яшчэ з коласаўскіх часоў, адчуваю моц і шапаценне бярозы, якую пасадзіў брат пісьменніка Юзік.

Хоць я і вучылася ў рускамоў­най школе Пінска, беларуская мова мне давалася прасцей за рус­кую. Асабліва любіла пісаць дыктанты па-беларуску — ніколі не рабіла памылак! Пасля заканчэння педвучылішча прыйшла на работу выхавальніцай у наш бела­рускамоўны дзіцячы сад.

Да беларускіх твораў сёння мяне далучае сын Дзіма, які перамагаў на рэспубліканскіх алімпіядах па мове, піша вершы. Услед за сынам з захапленнем чытаю сучаснікаў і перачытваю класікаў. А вось Дзіму майму любоў да беларускага слова прывіла настаўніца і класны кіраўнік Ганна Федарашка з Гара­дзішчанскай школы. Сын атрымаў тэхнічную адукацыю, але ж адчувае сябе сапраўдным беларусам.

Марыя Гарохава:

— Любоў да роднай мовы пачалася з першых дзён майго жыцця. Нарадзілася я на Зэльвеншчыне. Плачу і смяюся, праяўляю эмоцыі я па-беларуску. Моцна паўплывала на мяне настаўніца Марыя Пчолкіна. У 8 класе я перамагла на Рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове. Скончыла філалагічны факультэт БДУ. На рэспубліканскім конкурсе “Нас­таўнік года”, дзе стала прызёрам гарадскога этапу, мяне заўважыў заслужаны настаўнік краіны Канстанцін Пісарык, у той час дырэктар нашай установы, і запрасіў на работу намеснікам па выхаваўчай рабоце. Прайшло 30 гадоў, як я працую ў сваёй любімай гімназіі, захоўваючы запаветы Канстанціна Антонавіча: “Шануйце піянераў” і “Любіце і шануйце родную мову, бо гэта тое, што робіць нас адметнымі ў сусвеце і з годнасцю дапамагае звацца беларускім народам”.

Алег Кузьмін:

Скончыў Гічыцкую васьмігадовую школу Івацэвіцкага раёна. Выдатныя настаўнікі-мовазнаўцы стварылі грунтоўны падмурак маіх ведаў як у рускай, так і ў бела­рускай мовах. Развіццю спрыяла і асяроддзе беларускамоўнай школы, дзе нават думалі па-беларуску. З прыемнай любасцю ўспамінаю першую настаўніцу Па­ліну Усаву, якая і павяла ў краіну роднай мовы. Бачыць прыгажосць роднага краю, любіць яго гісторыю нас вучылі не толькі на ўроках, але і праз велавандроўкі, лыжныя і пешыя паходы.

У педвучылішчы Баранавіч сустрэў намесніка дырэктара і настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Ірыну Сасім, чые ўрокі не забуду ніколі. Пасля службы ў войску пайшоў па яе слядах, паступіў у Брэсцкі дзяржаўны ўні­версітэт імя А.С.Пушкіна на спе­цыяль­насць “Беларуская мова і лі­таратура”. Такіх жа апантаных выкладчыкаў сустрэў і там, у іх ліку быў дэкан філфака Уладзімір Сінкавец. На экзаменацыйную сесію прыяз­джаў як на свята, хацелася ўвабраць у сябе атмасферу і настрой, што панавалі на факультэце. З 1994 па 2007 год працаваў нас­таўнікам пачатковых класаў, беларускай мовы і літаратуры ў Івацэвіцкім раёне, затым — дырэктарам Яглевіцкай сярэдняй школы і сярэдняй школы № 3 Івацэвіч. Вёў са школьнікамі краязнаўчую работу, хадзіў у паходы. Па матывах падарожжа коласаўскімі сцежкамі больш за 20 гадоў назад мы стварылі фотаальбом, старонкі якога дагэтуль гартаю з цёплымі ўспамінамі. Вось, пагля­дзіце, здымкі ў ім падпісалі дзеці — гэта радкі з паэмы “Новая зямля”.

Вольга Тарасюк:

— Нарадзілася і вырасла я ў Лідзе. Да школы жыла ў бабулі з дзядулем, ад якіх увабрала першыя словы роднай мовы. Скончыла педагагічнае вучылішча, дзе нам на высокім узроўні давалі методыку выкладання прадметаў, было многа практыкі. 10 гадоў працавала настаўніцай пачатковых класаў у беларускамоўнай школе. Тады ніхто не пытаўся, ці можаш ты размаўляць па-беларуску. Накіравалі — працуй! Страху не было, з усім справілася. Відаць, у беларусаў на генным узроўні закладзены своеасаблівы код, які трэба крыху падварушыць, каб ён абудзіўся, і мы пачалі паводзіць сябе ў адпавед­насці з традыцыямі. Асабліва ў апошнія гады зразумелі, як важна быць патрыётам сваёй краіны. А з якім пачуццём мы выконваем гімн нашай краіны! І не толькі ў школах і дзіцячых садах, але і ў працоўных калектывах. Не страціць родную мову, заставацца беларускім народам — наша агульная задача.

Віктар Кажура:

— Родам я з Вілейскага раёна, але ж бабуля і мама — паляшучкі, з Петрыкаўскага раёна. Мелі свой адметны дыялект і сваё бачанне свету. Колькі песень, казак і падан­няў я пачуў ад іх у маленстве! Ся­мейную падрыхтоўку дапаўнялі ўрокі настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Рэгіны Чаеўскай. Яе намаганні ўпалі на падрыхтаваную глебу, і я паступіў у педінстытут імя А.М.Горкага. І тут мне пашанцавала на выкладчыкаў. Успамінаю лекцыі Фёдара Янкоўскага, Алены Юрэвіч, Аляксея Рагулі… З 1980 года настаўнічаю ў школах Вілейскага раёна, з іх 37 гадоў — у вілейскай гімназіі № 2. З’яўляюся членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Стварыў серыю з 29 навукова-папулярных і літаратурна-мастацкіх выданняў для дашкольнікаў і школьнікаў. У іх уключаны вершы, пераклады, даследчыя работы па краязнаўстве, матэрыялы для нас­таўнікаў. Многія творы пабудаваны па прынцыпе алфавіта або падаюцца як слоўнікі-энцыклапедыі. Некаторыя ўключаны ў вучэбную праграму і падручнікі, рэкамендаваны для пазакласнага чытання ў пачатковых класах. Мае калегі з гімназіі карыстаюцца маімі кнігамі, фактычна апрабуюць іх, атрымліваючы на этапе рукапісаў.

— Раскажыце пра крэатыўныя спосабы выкарыстання беларускай мовы падчас заняткаў і ў пазаўрочнай дзейнасці, пра цікавыя праекты, якія рэалізоўваюцца ў вашых установах.

Наталля Афанасьева:

— Нашы выхавальнікі — гэта не проста носьбіты мовы, яны фарміруюць у дзяцей цікавасць да ўспрымання твораў мастацкай літаратуры і фальклору, чуйнасць да моўных норм і сродкаў выразнасці. У рабоце з малымі ад 1,5 да 2 гадоў мы выкарыстоўваем невялічкія фальклорныя формы — пацешкі і казкі, вершы і лічылкі, песенькі і папеўкі. Дзяцей з 3 гадоў вучым пераказваць нескладаныя беларускія казкі. Выхаванцы 5—7 гадоў самастойна пераказваюць народныя казкі, даюць ацэнку дзеянням літаратурных герояў, драматызуюць творы, паказваюць малодшым сябрам інсцэніроўкі. На музычных занятках малыя развучваюць песні, папеўкі, во­дзяць карагоды, гуляюць у народныя гульні, танцуюць лявоніху, польку, “Весялуху”. Нават на фізкультурных занятках ладзяцца гульні з нацыянальным каларытам.

Фота прадастаўлена сярэдняй школай №2 Бярозаўкі. Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі

Асаблівы гонар для нас — калекцыя беларускіх арнаментаў, вышытых кіраўніком фізічнага выхавання Ганнай Стахаевіч і памочнікам выхавальніка Наталляй Кавалевіч. З цікавасцю разглядаем кожны арнамент: выявы Берагіні, абуджэння прыроды вясной, шчасця, жыцця, ураджаю, сям’і і г.д. Калі да чарговага свята малыя пераапранаюцца ў народныя касцюмы, просяць патлумачыць, што азначае вышыты на іх узор. Вялікдзень, Купалле ці Каляды ладзім як тэатральныя дзеі з касцюмамі, песнямі, танцамі, гуляннямі, забавамі. Выхаванцы акунаюцца ў свет беларускіх казак, выпраўляюцца ў віртуальныя падарожжы па славутых мясцінах Беларусі і Піншчыны (распрацаваны адпаведныя даведнікі). Ім падабаецца ўдзельнiчаць у літаратурным конкурсе чытальнікаў. Метадыст раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Жанна Верыч праводзіць для дзяцей экскурсіі ў народным літаратурна-краязнаўчым музеі Якуба Коласа ў Пінкавічах, прэзентуе кнігі, прыгожа чытае вершы.

Марыя Гарохава:

— 15 гадоў трымаю партфель дырэктара адной з пяці гімназій (школ) Мінска, дзе адукацыйны працэс ажыццяўляецца на беларускай мове і дзе сёння займаюцца 784 вучні. Апошнім часам усё больш бацькоў выбіраюць нашу гімназію не па мікрараёне, ездзяць з Мінскага і іншых сталічных раёнаў. Сярод нашых вучняў ёсць грамадзяне Расіі, а таксама іншых дзяржаў.

Мы падтрымліваем чысціню адукацыйнага асяроддзя — усе прадметы выкладаем па-беларуску. Рэалізоўваецца праект “Вялікае сэрца маленькага беларуса” з мэтай стварэння адзінай выхаваўчай прасторы ў шосты школьны дзень, якая спрыяе самарэалізацыі і сацыялізацыі вучняў.

У гімназіі дзейнічаюць фальклорна-этнаграфічны музей “Беларуская хатка”, музей музычных інструментаў і фальклорны ансамбль “Дударыкі”, створаны ў 1970 годзе пад кіраўніцтвам настаўніка музыкі заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Дзмітрыя Ровенскага, які і сёння працуе ва ўстанове. У музеі сабрана каля 300 музычных інструментаў (64 найменні) з усіх куткоў краіны. Тут можна ўбачыць акарыну, беларускія дудкі, ражкі і цымбалы. Многія народныя інструменты зроблены рукамі Дзмітрыя Дзмітрыевіча.

Дзень роднай мовы — адно з галоўных свят у гімназіі. Сёлета настаўнікі-беларусазнаўцы арганізавалі дыктант для вучняў устаноў адукацыі Заводскага раёна ў анлайн-фармаце. У актавай зале адбылася сустрэча з беларускай паэтэсай Алёнай Басікірскай. Калектыў гiмназii павiншаваў сваiх партнёраў — калектыў фiлфака БДУ.

Алег Кузьмін:

— Як былы настаўнік беларускай мовы і літаратуры магу параіць калегам пэўныя сродкі павышэння цікавасці да ўсяго беларускага. Звярніце ўвагу на края­знаўчую работу. Падарожнічайце, арганізоўвайце экскурсіі, паходы і велавандроўкі па літаратурных мясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю пісьменнікаў, наведвайце музеі. Праводзьце выставы, літаратурныя акцыі, гасцёўні, прэзентуйце кнігі, зборнікі як сучаснікаў, маладых, так і знакамітых аўтараў. Запрашайце іх у школы і дзіцячыя сады. Вядзіце даследчую дзейнасць, складайце радаводы. Рэалізуйце інавацыйныя праекты, адкрывайце музеі, экспазіцыі, драмгурткі, стаўце беларускія п’есы і рабіце святы, стварайце літаратурныя і народныя календары, буктрэйлеры да кніг. Шукайце новыя формы работы, накшталт “чытаем у кадры” або “мой партрэт з любімай кнігай”. Вывучайце на факультатыўных занятках анамастыку, антрапаніміку, тапаніміку. Праводзьце тыдні беларускай мовы і конкурсы сачыненняў. А пра ўсе свае цікавыя падзеі расказвайце ў СМІ. Дарэчы, у 3-й школе Івацэвіч, якую я ўзначальваў, сістэматычна ла­дзіцца фестываль-конкурс беларускай песні “Зорная ростань”, конкурсы чытальнікаў “Жывая класіка” і паэзіі “Спроба пяра”, ствараюцца зборнікі твораў вучняў “Ручайкі”. Зацікавіць падобнымі ініцыятывамі можна не толькі дзяцей, але і іх бацькоў.

Вольга Тарасюк:

Штогод па запыце бацькоў у беларускамоўных групах дзіцячых садоў Лідчыны займаецца да 700 выхаванцаў, а ў беларускамоўных класах — да 800 вучняў. Усе 9 беларускамоўных школ раёна знаходзяцца ў сельскай мясцовасці, адна з іх базавая — за 5 кіламетраў ад гарадской школы. Тут, вядома, узнікла такая праблема: пры пераходзе ў 10 клас гарадской школы дзеці ўжо вучацца па-руску. Але ж сваё права на паглыбленне зместу вучэбнага матэрыялу на беларускай мове звыш 1700 нашых вучняў рэалізоўваюць праз факультатыўныя заняткі, асваенне беларускай мовы на павышаным узроўні, дапрофільную падрыхтоўку. Амаль 200 выпускнікоў (кожны чацвёрты) пасля 11 класа выбіраюць родную мову ў якасці ЦЭ. За апошнія 5 гадоў выпускнікі атрымалі 18 стабальных сертыфікатаў. У 2024 годзе больш за 93% пацвердзілі ці павысілі свае гадавыя адзнакі.

У апошнія гады ўстановамі адукацыі паспяхова рэалізавана 5 інавацыйных праектаў па фарміраванні паважлівых адносін да беларускага слова і Радзімы. Пашыраем ужыванне мовы праз сістэму дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Прывіццё любові да ўсяго беларускага пачынаецца з дзіцячага сада ва ўзаемасувязі з бацькамі выхаванцаў падчас сямейных гасцёўняў, конкурсаў сумесных творчых работ, актыўных дзён пад дэвізам “Размаўляй са мной па-беларуску!”. На грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне дашкольнікаў накіраваны раённы адукацыйны праект “Я і Радзіма мая”, дзе большасць мерапрыемстваў беларускамоўныя.

Віктар Кажура:

— У сваёй дзейнасці прытрымліваюся пэўнай сістэмы, за якую, шчыра кажучы, удзячны ўнукам Ангеліне і Цімошку. Калі ўпершыню ўзяў на рукі сваю ўнучку, у душы быццам усё перавярнулася. Па дарозе дадому з адведак, пакуль ехаў у электрычцы з Мінска да Маладзечна, напісаў для яе 25 калыханак. Малыя падрасталі, паступова мянялася іх успрыманне навакольнага свету, і ў адпаведнасці з гэтым я пісаў свае творы. Нават калі дзіця не разумее сэнсу слоў, але ж яно чуе гукі роднай мовы, у яго фарміруецца пачуццё рытму, у падсвядомасці адкладваецца наша аканне і яканне, дзеканне і цеканне, у нескладовае (ў). Малеча чуе галасы прыроды, якія пачынае суадносіць з рэальнымі іх носьбітамі — беларускімі жывёламі і птушкамі, якія з’яўляюцца галоўнымі героямі маіх вершаваных твораў. Больш шырокія веды пра нашу краіну я даю праз загадкі. Склаў больш за 400 загадак, якія выйшлі ў асобных кніжках. Да адной з іх —“Дзівы розныя на свеце…” — дачка і ўнукі зрабілі малюнкі.

Падрыхтавацца да школы, асвоіць праграму пачатковых класаў дапаможа серыя выданняў, складзеных па прынцыпе алфа­віта. Напрыклад, “Маленькая азбука вялікай краіны” са словамі-асацыяцыямі, падзеямі і фактамі, па якіх можна расказаць пра Беларусь. Або “Слоўца да слоўца”, дзе ў алфавітным парадку сабраны гісторыі-апавяданні для вывучэння раздзела “Амонімы”. Серыя выданняў, якія дапамогуць пры асваенні вучэбнай праграмы, напісанні сачыненняў і ўласных твораў падрыхтавана для вучняў 5—11 класаў. А ў кнізе “Падказкі да казкі” даецца пачатак пэўнай беларускай казкі (у аўтарскай апрацоўцы) і заданні, напрыклад, падрыхта­ваць з аднакласнікамі інсцэніроўку або зрабіць слайд-фільм па матывах твора. Настаўнікі могуць скарыстацца пазнавальна-навуковай кнігай “Азбукоўнік” (для 6—11 класаў). Некаторыя выданні напісаны ў суаўтарстве з жонкай Зояй Кажура (гістарычна-паэтычны слоўнік “Рэха мінулых дзён”, дзе сабраны 248 моўных адзінак беларускіх архаізмаў і гістарызмаў), з унучкай Ангелінай Прохаравай (“Хто схаваўся пад лісток?”) і з былой вучаніцай, паэтам, перакладчыкам, літаратуразнаўцай Бажэнай Мацюк (“Гэта ўсё — Радзіма наша”).

— Якія крокі варта зрабіць для пашырэння беларускай мовы сярод бацькоў? Наколькі важна актывізаваць яе ўжыванне ў грамадстве? Можа, ёсць маштабныя праекты, якія рэалізоўваюцца ў вашых рэгіёнах? Якія цяжкасці вы адчуваеце?

Наталля Афанасьева:

— Ведаць родную мову гэтак жа важна, як і быць патрыётам краіны і годным яе грамадзянінам. Нават калі дома мы гаворым на рускай, лічу, нам, беларусам, варта ўмець падтрымаць размову па-беларуску. Чым раней дзіця пачуе родную мову, прамовіць на ёй першыя словы, тым больш свабодна будзе карыстацца ёй у будучыні. Усіх работнікаў сада і сем’і выхаванцаў мы далучаем да сваіх майстар-класаў па вырабе лялек, моўных акцый, чэленджа “Прачытай кнігу на беларускай мове і перадай іншаму”. Па спасылках на інтэрактыўных плакатах і буклетах бацькі і дзеці слухаюць народныя казкi, вучаць вершы, замацоўваюць веды аб родным краі. Бацькам варта больш часу праводзіць з дзецьмі, размаўляць з імі, чы­таць і пісаць творы, ствараць асяроддзе, каб адчувалася, што беларуская мова — родная. Педагогі заўсёды дапамогуць вам, падкажуць, з чаго пачаць, напрыклад, па якім маршруце выхаднога дня можна адправіцца ўсёй сям’ёй.

Марыя Гарохава:

— У сваёй гімназіі мы захоў­ваем вернасць беларускаму слову, справай даказваем, што няма народа без мовы і спадчыны. Хацелася б, каб пачулі і нашу заклапочанасць. Маім выпускнікам даволі цяжка знайсці ўстанову вышэйшай адукацыі, дзе яны могуць працягнуць адукацыю на беларускай мове. Я з павагай стаўлюся да ўсіх моў. Але хацелася б, каб УВА, перш за ўсё гуманітарнага кірунку і тыя, дзе рыхтуюць педагогаў, прапаноўвалі больш глыбокія і шырокія адукацыйныя магчымасці. Ёсць праблема кадравага забеспячэння. Сёння цяжка знайсці педагога, які будзе выкладаць тую ж матэматыку або фізіку па-беларуску. Цякучасці кадраў у мяне няма, але ж многім настаўнікам больш за 60 гадоў. Моладзь набіраю. Традыцыйна гэта нашы выпускнікі, у асноўным з педагагічных класаў, якім мы даём мэтавае накіраванне.

Вольга Тарасюк:

Мець дзве дзяржаўныя мовы для беларусаў — вялікае дасягненне. Але важна ствараць умовы для іх гарманічнага суіснавання ў нашым грамадстве. Папулярызацыя беларускай мовы — справа дзяржаўная і агульная. І ад таго, як мы, дарослыя, ставімся да гэтага пытання, якія сродкі выкарыстоўваем у рабоце з дзецьмі, залежыць лёс нашай мовы, а таксама і нашай дзяржавы.

У 2025 годзе Ліда стане месцам правядзення маштабнага рэспубліканскага свята — Дня беларускага пісьменства. Шэрагу мерапрыемстваў ужо дадзены старт — гэта інтэрактыўныя літаратурныя, рэбусныя і гульнявыя пляцоўкі, літаратурныя квесты, літаратурна-інтэлектуальныя батлы, буккросінг, арт-гадзіны і інш. Плануем стварыць тэматычныя фотазоны, інфармацыйна-літаратурныя прыпынкі. Адзін з іх бу­дзе расказваць пра былога міністра асветы Міхаіла Гаўрылавіча Мінкевіча, дзяржаўная дзейнасць якога была звязана з Лідай.

Дню пісьменства, а таксама Году добраўпарадкавання мы прысвяцілі намінацыю “Жывая кніга прыроды” раённага конкурсу па азеляненні “Квітней, любімы горад!”. Больш за палову ўстаноў адукацыі ўжо распрацавалі дызайн-праекты. Анансавалі яшчэ адзін праект — выданне кнігі пра Лідчыну — малую радзіму, якая стане падарункам для маленькіх чытачоў-першакласнікаў. З Міхасём і Міхалінкай, галоўнымі персанажамі кнігі, хлопчыкі і дзяўчынкі пойдуць роднымі сцяжынкамі. Даведаюцца пра Лідскі край, яго гісторыю, культуру, прамысловасць, прыроду.

Віктар Кажура:

Каб на высокім узроўні навучаць дзяцей беларускай мове, ва ўстанове адукацыі павінна працаваць каманда, скласціся пэўная сістэма, калі ўсе робяць агульную справу, але кожны працуе ў тым кірунку, які ў яго лепш атрымліваецца. Адны рыхтуюць алімпіяднікаў або да ЦЭ, як мае калегі ў вілейскай гімназіі, а іншыя курыруюць даследчую дзейнасць. Творчасць вучняў — гэта мой кірунак. У нашай гімназіі дзейнічае літаратурная гас­цёўня “На Парнасе”, якая супрацоўнічае з народным клубам кампазітараў і паэтаў Мінскай вобласці “Жывіца”. Штогод мае вучні паспяхова выступаюць на НПК і форумах, літаратурных і даследчых конкурсах, у тым ліку рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню.

Як далучыць бацькоў вучняў да прыгожага беларускага слова? Часцей за ўсё бацькі — гэта нашы былыя вучні. Дзесьці з 6 класа прапаную дзецям рабіць дамашнія заданні творчага характару — з бацькамі разам. Калі бачу зацікаўленасць з іх боку, заданні даю ўжо асабіста мамам і татам. Паступова ў сем’ях раскруч­ваецца творчы і даследчы працэс. Зна­чыць, ідзе актывізацыя мовы ў грамадстве.

Мова жыве, пакуль на ёй гавораць, пішуць, чытаюць і думаюць.

Алег Кузьмін:

Кожны з вас, удзельнікаў сённяшняй нашай сустрэчы, — Настаўнік з вялікай літары, патрыёт, глыбокая крыніца ведаў і вопыту. Цудоўна было б запра­шаць у школы і дзіцячыя сады Віктара Кажуру. Для дзяцей сустрэча з такім пісьменнікам стане святам, для настаўнікаў — крыніцай каштоўных метадычных распрацовак, а для бацькоў — штуршком да спазнання роднай мовы. Ва ўстановах часта не хапае беларускамоўнай літаратуры. Днямі я наведаў вясковую школу, прывёз у падарунак Канстытуцыю нашай дзяржавы на беларускай мове, невялікія кніжачкі пра сімвалы краіны і дапаможнікі, адрасаваныя будучым выбаршчыкам. Гэтыя матэрыялы спатрэбяцца педагогам на ўроках, класных гадзінах і выхаваўчых мерапрыемствах.

Многае ў папулярызацыі беларускай мовы залежыць ад асобы педагога і кіраўніка. Дырэктар 14-й гімназіі Мінска Марыя Іванаўна не мае цякучасці кадраў, бо ўмее працаваць з людзьмі, вырашаць любыя праблемы. Педагогі з Івацэвіч бывалі ў гэтай гімназіі, бачылі беларускамоўнае асяроддзе, якое там створана. Каб дасягнуць такога ўзроўню, трэба шмат працаваць. Пачуў я і прапановы наконт развіцця беларускамоўнай плыні ў педагагічных універсітэтах. Калі ёсць беларускамоўныя школы і сады, значыць, трэба рыхтаваць і кадры для іх. Павінна існаваць адпаведная адукацыйная траекторыя для абітурыентаў, якія хочуць працягнуць навучанне на роднай мове незалежна ад спецыяльнасці.

Варта пераймання і маштабавання сістэма работы па выхаванні маленькіх беларусаў у дзіцячым садзе ў Пінкавічах, ва ўстановах адукацыі Лідскага раёна. Вялікі дзякуй “Настаўніцкай газеце”, якая праводзіць экспертныя пляцоўкі, дзе педагогі могуць абмяняцца каштоўным вопытам, наладзіць супрацоўніцтва, што падштурхне да новых пачынанняў. Па выніках сустрэчы свае думкі і прапановы я агучу ў лісце ў Міністэрства адукацыі.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Тамары ХАМІЦЭВІЧ