Дапамога дзецям, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, — адна з прыярытэтных задач у дзейнасці многіх дзяржаўных структур і грамадскіх арганізацый. Станоўчым вопытам падтрымкі дзяцей з уразлівых сем’яў на працягу двух дзён абменьваліся ўдзельнікі адукацыйнага марафону “Крокі насустрач”.
Падчас мерапрыемства эксперты дзяліліся эфектыўным вопытам выяўлення неспрыяльнай для дзяцей атмасферы, а таксама абмяркоўвалі магчымасць міжведамаснага ўзаемадзеяння ў правядзенні сацыяльнага расследавання і арганізацыі работы з сем’ямі.
“Падчас марафону ў АПА працавалі 8 адукацыйных пляцовак, дзе больш за 130 педагагічных работнікаў змаглі абмяняцца эфектыўным вопытам па згаданай тэматыцы, — расказала метадыст упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Аксана Аўсяннікава. — Мадэратарамі пляцовак выступілі прадстаўнікі рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі і абласных сацыяльна-педагагічных цэнтраў. Мерапрыемства праводзілася з мэтай удасканалення педагагічных падыходаў па аказанні падтрымкі і па суправаджэнні дзяцей, сем’і якіх знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, а таксама дзяцей, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Падчас фестывалю мы хацелі абагульніць эфектыўны вопыт дзейнасці дзяржаўных органаў і іншых арганізацый па вызначэнні неспрыяльнай для дзяцей абстаноўкі. Безумоўна, таксама абмеркавалі паспяховыя практыкі, якія можна прымяняць у рабоце з усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, рэалізуючы мерапрыемствы па ліквідацыі прычын і ўмоў, што прывялі да стварэння неспрыяльнай для непаўналетніх абстаноўкі”.
Сіняя стужка
На адукацыйнай пляцоўцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі сваім вопытам з калегамі падзяліліся настаўнікі сярэдняй школы № 4 Чэрвеня. Яны прэзентавалі сацыяльны праект, накіраваны на прафілактыку гвалту ў сям’і.
“Размова — дзіцяці, рэмень — штанам” — гэта праект, які пачаўся з конкурсу “Дзеці супраць гвалту” і быў накіраваны на прафілактыку насілля, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 4 Чэрвеня Валянціна Табалевіч. — Мы не абмяжоўвалі дзяцей у тым, як адлюстраваць тэму. Пры дапамозе малюнкаў навучэнцы выказваліся на прапанаваную тэму, прычым нехта трансліраваў сваю гісторыю праз паказ узаемаадносін з равеснікамі ці дзецьмі старэйшага ўзросту, іншыя малявалі наступствы гвалту, што адбываецца ў сям’і.
Дзякуючы конкурсу, мы ўбачылі, як дзеці ўспрымаюць гвалт, якім яны яго бачаць. Малюнкі атрымаліся праніклівымі. Але на гэтым мы не спыніліся. Разумеючы, што тэма гвалту вельмі актуальная, на працягу года праводзілі шматлікія мерапрыемствы з бацькамі. Калі праект падыходзіў да завяршэння, правялі рэкламную акцыю. Для яе арганізацыі надрукавалі маленькія кішэнныя і перакідныя настольныя календары з малюнкамі навучэнцаў. Падчас акцыі раздавалі іх усім, расказвалі, што гэта і для чаго было зроблена.
У красавіку ў многіх краінах праводзіцца акцыя “Сіняя стужка”, якая заклікана прыцягнуць увагу да неабходнасці прафілактыкі гвалту ў адносінах да дзяцей. Сіняя стужка — гэта напамін аб жорсткім абыходжанні з дзецьмі, аб сіняках, якія застаюцца на целе.
Пачатак гэтай гісторыі паклалі падзеі, што адбыліся вясной 33 гады назад. Жыхарка Норфалка (ЗША) Боні Фіней даведалася пра гібель свайго 4-гадовага ўнука Майкла. Спачатку хлопчык апынуўся ў бальніцы з траўмамі, затым яго спрабавалі вярнуць роднай маці, але дзіця плакала, крычала, што мама яго не любіць. Таму хлопчык і не хацеў вяртацца. Бабуля па стане здароўя не магла клапаціцца аб унуку і ўзяць яго да сябе. Суд вырашыў, што лепшым месцам для дзіцяці будзе яго родны дом. З таго моманту Боні Фіней свайго ўнука больш не бачыла. Праз некаторы час яе малодшая ўнучка таксама трапіла ў бальніцу з пераломам нагі ў чатырох месцах, а на руках дзяўчынкі былі сляды апёкаў ад цыгарэт. Толькі пасля гэтага пачаліся пошукі Майкла. Аказалася, што хлопчыка забіў сябар маці. Тое, што здарылася, настолькі ўзрушыла Боні, што яна вырашыла прысвяціць сваё жыццё барацьбе з гвалтам над дзецьмі. Падчас пахавання ўнука яна прывязала сінюю стужку да антэны свайго фургона. Жанчына сказала, што сіняя стужка не дае забыць сінякі на целе ўнукаў. Сіні колер служыць пастаянным напамінам пра тое, што неабходна змагацца з гвалтам і абараняць дзяцей ад жорсткага абыходжання. У выніку да Боні далучылася мноства людзей, розных агенцтваў і грамадскіх аб’яднанняў, якія таксама лічаць гвалт над дзецьмі недапушчальным”.
Сацыяльны праект “Размова — дзіцяці, рэмень — штанам”, з якім школа прымала ўдзел у абласным конкурсе сацыяльных ініцыятыў, заняў 2-е месца ў намінацыі “Лепшы сацыяльны праект па пераадоленні сямейнага недабрабыту”.
“Наш праект як сацыяльны быў запушчаны тры гады назад, а завяршыўся ў студзені мінулага года, — падводзіць вынікі яго кіраўнік. — Сёння мы выйшлі на новы ўзровень у развіцці тэмы і працуем над інавацыйным праектам “Укараненне мадэлі фарміравання культуры міжасобасных зносін як фактару стварэння бесканфліктнай прасторы ва ўстанове адукацыі”. Калі ў першым праекце развівалі тэму ўзаемаадносін паміж бацькамі і дзецьмі, то гэтым разам пайшлі далей. Так, у фокусе — ініцыятывы ўзаемаадносін дзяцей паміж сабой, канфлікты ў сістэме “навучэнец — настаўнік”, канфлікты паміж настаўнікамі і г.д. Увогуле, тэма, якую мы ўзнялі, вельмі шырокая, і гэта невыпадкова. Для фарміравання бесканфліктнага асяроддзя ў школе павінны быць задзейнічаны ўсе ўдзельнікі адукацыйнага праекта.
Калі праводзілі акцыю “Выхадныя з бацькамі”, мамы і таты прымалі актыўны ўдзел у ініцыятыве. Яны паглядзелі на трансляцыю нашага вопыту праз рэалізацыю праектаў. А малюнкі, якія былі прадстаўлены падчас акцыі, кранулі ўсіх без выключэння дарослых. Дарэчы, бацькі выказвалі падзяку за тое, што мы праводзім у школе сумесныя мерапрыемствы. Гэта дае яшчэ больш магчымасцей зблізіцца з дзецьмі і паглядзець на праблемы, якія іх хвалююць, іншымі вачыма”.
Дзеці маюць значэнне
На адукацыйнай пляцоўцы сацыяльна-педагагічных устаноў адукацыі свой вопыт работы з дзецьмі і бацькамі трансліравалі псіхолагі СПЦ краіны. Так, цікавай распрацоўкай — методыкай па рабоце з дзецьмі, якія дэманструюць прыметы аўтадэструктыўных паводзін, — падзяліўся сацыяльны педагог Мінскага гарадскога СПЦ Юрый Мар’янкоў.
“У нас ёсць карткі, пры дапамозе якіх можна скласці характарыстыку дзіцяці, — расказаў Ю.Мар’янкоў. — Асобна па кожным крытэрыі, што на ёй пазначаны, можам ацаніць, які ўзровень фарміравання аўтадэструктыўных тэндэнцый — высокі, сярэдні ці нізкі — дэманструе дзіця. Таксама адпаведную работу можна праводзіць у прысутнасці бацькоў, каб яны маглі зразумець, што адбываецца з іх малым”.
Што хаваць, многія бацькі ў пытаннях выхавання часта кансерватыўныя і вузка бачаць сітуацыю, а значыць, не да канца разумеюць, што адбываецца з учора яшчэ паслухмяным малышом.
“Дарослыя могуць заўважыць адну прымету, не звяртаючы ўвагу на іншыя, — зазначыў Юрый Мар,янкоў. — Наша задача як спецыялістаў — паказаць бацькам, што ёсць яшчэ тры рэчы, якія яны не бачаць і не ведаюць. У гэтай сітуацыі прапаноўваем дарослым зрабіць выбар — вызначыцца з рысамі паводзін дзіцяці і яго ўчынкамі. Чатыры карткі, якія выбіраюць бацькі, характарызуюць дзіця. Напрыклад, мама думае, што стыль адзення, зменены дачкой ці сынам, — гэта не настолькі важная рэч, як тое, што падлетак замкнуўся ў сабе. Насамрэч гэта ўсё мае значэнне, асабліва калі ведаць, што ўсе змяненні трэба разглядаць разам, як адно цэлае. Калі дзіця стала маўклівым, змяніла стыль адзення, а ў мінулым у яго былі спробы суіцыду, спецыялістам адназначна трэба працаваць з усёй сям’ёй.
Мы часта нагадваем дарослым, як трэба працаваць з дзіцем, тлумачым, што аднымі намаганнямі спецыялістаў праблема не вырашыцца. Бацькі таксама павінны далучацца да работы, бо ад іх многае залежыць. Калі спецыялісты будуць працаваць з падлеткам, а дома нічога не будзе мяняцца, то сітуацыя не зварухнецца з месца, як бы мы ні стараліся. Напрыканцы размовы з бацькамі прапануем ім расфарбаваць мандалу з пажаданнямі”.
Дарослыя не заўсёды ахвотна ідуць на супрацоўніцтва са спецыялістамі. Менавіта таму ў рабоце з імі перавага аддаецца праектыўным методыкам: “Не раз даводзілася чуць, што ў школах падчас работы сацыяльных педагогаў ці псіхолагаў з бацькамі апошнія нічога не разумеюць, калі ім пераказваюць сухія тэксты. Куды эфектыўней працуе праектыўная методыка, калі дарослыя як быццам зверху глядзяць на сітуацыю, што адбываецца. Такім чынам, пры дапамозе картак супраціўленне бацькоў пераадольваецца намнога хутчэй, чым калі мы проста размаўляем і спрабуем разабрацца, што адбываецца з дзіцем і што не так робяць мама і тата”.
Казка дапаможа
Вопытам работы з дзецьмі, што маюць праблемы ў развіцці і навучанні, на інтэрактыўнай пляцоўцы падзяліліся педагогі Навагрудскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, псіхічнага развіцця і цяжкасцямі ў навучанні.
“Казкатэрапія ў рабоце з бацькамі — гэта той спосаб, якому мы часцей за ўсё аддаём перавагу, працуючы з бацькамі і спрабуючы вырашыць іх праблемы ва ўзаемадзеянні з дзіцем, — заўважыла выхавальніца школы Іна Петушкова. — Мы хочам, каб бацькі выкарыстоўвалі казкатэрапію ў выхаванні дзяцей так, як мы, педагогі, прымяняем гэты метад у рабоце. Тады яна прынясе станоўчы вынік”.
Казкатэрапія — гэта не толькі метад аказання псіхалагічнай дапамогі, але і спосаб выхавання. Казкі дапамагаюць развіваць інтэлект. А метад казкатэрапіі ўяўляе сабой комплексную сістэму, што накіравана на карэкцыю маўленчых парушэнняў. Казка дапамагае развіваць вобразнае і творчае мысленне, дробную маторыку і інш.
“Казкатэрапія не патрабуе ад бацькоў унікальных навыкаў, а калі нешта незразумела, то мы заўсёды дапамагаем, — працягвае педагог. — Так, у залежнасці ад здольнасцей дзіцяці, яго стану можа прымяняцца чытанне казак, казкатэрапеўтычнае маляванне, сумесны выраб цацак ці абмеркаванне казачнага сюжэту. Але самае важнае тое, што ў сваёй рабоце мы практыкуем складанне казак. Гэта з’яўляецца не толькі добрым псіхадыягнастычным інструментам, але і тэрапеўтычным сродкам для абодвух бакоў. Казкі садзейнічаюць станоўчаму эмацыянальнаму кантакту паміж дарослымі і дзецьмі, а значыць, дапамагаюць раскрыць асобу дзіцяці”.
Завяршыўся адукацыйны марафон семінарам-нарадай “Сучасныя тэндэнцыі аказання падтрымкі і суправаджэння дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне”. Яго правяла вядучы спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Сімакова. Азнаёміцца з матэрыяламі ўдзельнікаў адукацыйнага марафону, а таксама з эфектыўным вопытам рэгіёнаў можна на сайце акадэміі ў раздзеле “Выхаваўчая работа ва ўстановах адукацыі”.
Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.