«Крок насустрач» — чым уразілі журы ўдзельнікі дзіцячага інклюзіўнага фестывалю на Піншчыне

- 17:02Новости

На Піншчыне прайшоў раённы інклюзіўны фестываль дзіцячай творчасці «Крок насустрач». Мерапрыемства стала сапраўдным святам сяброўства і талерантнасці. Прысвечана яно было Году міру і стварэння.

У фестывалі ўдзельнічалі навучэнцы ўстаноў спецыяльнай адукацыі, класаў інтэграванага навучання і выхавання, а таксама дзеці з інваліднасцю. Усе творчыя нумары з’яўляліся інклюзіўнымі: разам з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця на сцэне выступалі іх норматыповыя аднагодкі.

Вынікі падводзіліся на фінальным канцэрце. Выступленні ўдзельнікаў былі аб’яднаны адной тэмай — «Мы дзеці твае, Беларусь!». Увазе членаў журы і гледачоў прапаноўваліся музычныя нумары, народныя і сучасныя песні і танцы. Актыўны ўдзел у канцэртнай праграме прынялі вучні Малоткавіцкай спецыяльнай школы-інтэрната, Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, а таксама Малоткавіцкай дзіцячай школы мастацтваў.

У намінацыі «Творчая работа» дзеці прадставілі аплікацыі з розных матэрыялаў, малюнкі, калажы, пано і іншыя вырабы. Цяжка было выбраць з іх лепшыя. У выніку 1-е месца заняў Мікіта Ляшкевіч са Ставоцкай сярэдняй школы, на 2-м — Валянцін Місевіч з Лышчанскай сярэдняй школы, на 3-м — Міхаіл Міхайлоўскі з Лапацінскай сярэдняй школы.

Лепшымі ў намінацыі «Вакальная творчасць» прызнаны вучні Стытычаўскай сярэдняй школы. 2-е месца — у выхаванцаў Ставоцкай сярэдняй школы. На 3-м — квартэт вучняў Купяціцкай сярэдняй школы.

У намінацыі «Харэаграфічная творчасць» пераможцамі сталі вучні Малоткавіцкай спецыяльнай школы-інтэрната, якія ўразілі ўсіх прысутных па-майстэрску выкананым танцам «Слуцкія ткачыхі». На 2-м месцы — танцавальная група дзяўчынак з Лагішынскай сярэдняй школы з яркім нумарам «Мая Беларусь». На 3-м — навучэнцы Аснежыцкай сярэдняй школы, якія выступілі з дынамічнай кампазіцыяй «Што ты зрабіў для Радзімы?».

Пераможцы ўзнагароджаны дыпломамі аддзела па адукацыі Пінскага райвыканкама.

Фестываль скончыўся, але радасць ад гэтага творчага спаборніцтва талентаў, а таксама ад сустрэчы з сябрамі надоўга застанецца ў сэрцах удзельнікаў. Усе з нецярпеннем будуць чакаць новага свята, бо фестываль стаў добрай традыцыяй.

Ірына КАТОК,
сацыяльны педагог ЦКРНіР Пінскага раёна