На Міншчыне традыцыйную навагоднюю дабрачынную акцыю “Нашы дзеці”, якая больш за чвэрць стагоддзя дорыць радасць і шчасце хлопчыкам і дзяўчынкам, адкрые інклюзіўны фестываль творчасці “Запалі сваю зорку”.
У фае Дома культуры Дзяржынска гасцей чакае выстава дэкаратыўна-прыкладной і выяўленчай творчасці, дзе можна ўбачыць каля 150 лепшых вырабаў і малюнкаў, створаных рукамі дзяцей. А яшчэ гледачоў чакаюць вакальныя выступленні, харэаграфічныя, музычныя, тэатральныя і літаратурныя нумары.
У маштабнай акцыі дабрыні, якая працягнецца месяц, прымуць удзел кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. У гэтыя дні дарослыя з радасцю падзеляцца часцінкай дабра і душэўнай цеплыні з дзецьмі, якія больш за іншых маюць патрэбу ў клопаце, увазе і любові. У першую чаргу віншаванні з Новым годам і Калядамі, падарункі і сюрпрызы атрымаюць хлопчыкі і дзяўчынкі, якія выхоўваюцца ў дзіцячых інтэрнатных установах, дамах сямейнага тыпу, мнагадзетных, няпоўных, апякунскіх і прыёмных сем’ях, знаходзяцца ў сацыяльных прытулках. А яшчэ — сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, выхаванцы цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Не застануцца без навагодняга паказу і падарункаў маленькія пацыенты Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы, а таксама выхаванцы дзіцячай вёскі “Вытокі”.
На працягу месяца ва ўсіх раёнах Міншчыны пройдуць святочныя навагоднія ранішнікі, канцэрты і акцыі, забаўляльна-гульнявыя, анімацыйныя і тэатральныя праграмы, чэленджы і фестывалі творчасці. Больш за 150 тысяч дзяцей, іх бацькоў і педагогаў стануць удзельнікамі святочных навагодніх мерапрыемстваў.
Юныя жыхары сталічнага рэгіёна па добрай традыцыі стануць удзельнікамі Рэспубліканскага дабрачыннага навагодняга свята, Рэспубліканскага балю для моладзі з удзелам Прэзідэнта, пабываюць на Усебеларускай піянерскай ёлцы і дабрачыннай ёлцы ў рамках абласной акцыі “Прафсаюзы — дзецям”. А яшчэ юныя жыхары Міншчыны стануць удзельнікамі абласнога кадэцкага балю, навагодніх дабрачынных акцый “Цуды здараюцца”, “Ёлка жаданняў”, “Цуды на Каляды”, “Нашы сэрцы — дзецям” і інш. Заключным акордам акцыі “Нашы дзеці” стане фінал абласнога конкурсу “Вучань года — 2021”, які адбудзецца 14 студзеня.
Марына КУНЯЎСКАЯ.