Крыніца мацярынскага натхнення: вялікая сям’я і педагагічная работа ў жыцці Наталлі Смірновай

- 16:14Новости

У Дзмітрыя і Наталлі Смірновых з Глыбокага пяцёра дзяцей. Наталля Андрэеўна вырасла ў мнагадзетнай настаўніцкай сям’і і выбрала педагагічную прафесію, працуе настаўнікам­-дэфектолагам у дзіцячым садзе. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Мая маці Таццяна Максімаўна — ветэран педагагічнай працы, да выхаду на заслужаны адпачынак працавала настаўніцай гісторыі і геаграфіі ў Глыбоцкім раёне, — расказвае наша гераіня. — Матчынай сцежкай пайшла мая старэйшая сястра Любоў: пасля заканчэння ВДУ імя П.М.Машэрава вярнулася на ра­дзіму і выкладае ў школе гісторыю. Сама я расла ва ўпэўненасці, што стану педагогам. Што ва ўніверсітэт паступлю, зноў жа не сумнявалася — хаця і хвалявалася, зразумела. Толькі былі сумненні са спецыялізацыяй. Да апошняга ў прыёмнай камісіі БДПУ, калі прыехала падаваць дакументы, працягвала прымяраць на сябе: гісторыя, матэматыка, беларуская мова і літаратура? Літаральна інстынктыўна выбрала сурдапедагогіку. У працэсе вучобы пераканалася, што мне пашанцава­ла прыняць правільнае рашэнне. Шчыра кажучы, збіралася застацца ў сталіцы, але лёс распарадзіўся інакш. Шчасце і прызванне чакалі мяне ў родным Глыбокім. У дзіцячым садзе № 2 працую з 2010 года.

З будучым мужам суразмоў­ніца пазнаёмілася ў праваслаўным лагеры пры нядзельнай школе сабора Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Настаўніца Таццяна Плюта, якая была дырэктарам лагера, запрасіла Наталлю і Марыну Страканаву — сваіх выпускніц і будучых калег — на канікулах паспрабаваць сябе ў якасці выхавальніц, дзяўчаты пага­дзіліся. Там жа працаваў выхавальнікам і дапамагаў па гаспадарчай частцы Дзмітрый.    

— У нашай сямейнай гісторыі ёсць адметнае супадзенне дат: вяселле мы святкавалі ў дзень нараджэння мужа, 26 чэрвеня, — светла ўсміхаецца Наталля. — Я вырасла ў вялікай сям’і, нас пяцёра ў бацькоў. Калі з Дзмітрыем абмяркоўвалі сумесную будучыню, прызналася: хочацца, каб было не менш за трое дзетак. Ён мяне падтрымаў. Наша мара спраўдзілася, гэта бязмернае шчасце! Чацвёра нашых дзяцей ужо школьнікі. Вучацца старанна, старэйшыя пачатковую школу скончылі на выдатна. Дачка Настасся — дзевяцікласніца. Задумваецца пра будучую прафесію. Магчыма, стане настаўніцай фізічнай культуры і здароўя. Аднак дакладна пакуль не вызначылася, бо яшчэ музычную школу скончыла, прыгожа спявае і танцуе, выступае ў харэаграфічным ансамблі. Можа, і творчы пачатак пераважыць у яе выбары. Сыны Георгій, Міхаіл і Фёдар захапляюцца спортам, займаюцца грэка-рымскай барацьбой. Двое старэйшых выязджаюць на спаборніцтвы па ўсёй краіне, медальную скарбонку паспелі сабраць. Малодшая дачка Лізавета — у сярэдняй групе дзіцячага сада.

У сям’і Смірновых свой утульны дом з прысядзібным участкам. Бацькі — дбайныя гаспадары, а дзеці пераймаюць іх вопыт, з задавальненнем дапамагаюць.

Пра такіх майстроў, як Дзмітрый, людзі кажуць “залатыя рукі”, ён таленавіты цясляр і сталяр. Наталля не проста вядзе хатнюю гаспадарку: на маці трымаецца атмасфера ў доме. Дзякуючы яе клопату, тут кожны куточак сагрэты прыгажосцю і любоўю, кветнік цешыць вочы да самых маразоў.

— Мне вельмі падабаецца працаваць у агародзе і цяпліцы, дагля­даць расліны, песціць будучы ўраджай і кветкі, — прызнаецца Наталля. — Асабліва радуюць ружы, яны ў мяне дагэтуль цвітуць. Як у большасці сем’яў, будзённыя справы займаюць штат часу, аднак і для душы яго знаходзім. Па суботах хлопчыкаў нібы магнітам прыцягвае вуліца — хутчэй да таты, дапамагаць! А дочкі ля мяне, наводзім дома прыгажосць. Па ня­дзелях ідзём у храм. Потым згатаваць нешта смачненькае, урокі зрабіць, да работы падрыхтавацца — так і дзень праляцеў. Калі ж здараецца вольны час, праводзім яго разам і часцей за ўсё актыўна. Дзмітрый у нас адказны за спорт: дзеці лю­бяць пазаймацца ў двары на турніках, пабегаць, на веласіпедах пакатацца. Можам проста выйсці на прагулку па набярэжнай возера ўсёй сям’ёй.

У тым, як Наталля Смірнова ўспрымае сваё прафесійнае прызванне, выразна гучыць магутны мацярынскі пачатак:

— Для мяне кожны, нават самы маленькі, дзіцячы поспех — сапраўдны цуд. Адчуваю невымернае за­хапленне і радасць! Стараюся ўсё зрабіць, што ў маіх сілах, а станоўчыя вынікі не лічу сваёй заслугай — такое заўсёды як падарунак ад Бога, дзіва-дзіўнае. Вось у дзіцяці атрымалася, мы навучыліся, пераадолелі, справіліся! Гэта натхняе, надае сілы.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара