Каб дзеці ганарыліся малой радзімай, трэба паказваць ім яе прыгажосць, вучыць беражлівым адносінам да прыроды, знаёміць з адметнымі старонкамі айчыннай гісторыі. Гэтыя задачы вырашаюцца праз экалагічную адукацыю.
Турнянскія вучні далучаюцца да вырашэння экалагічных праблем з пачатковых класаў: удзельнічаюць у тэматычных конкурсах і дыстанцыйнай рэспубліканскай вочна-завочнай школе біялогіі пры сталічным цэнтры экалогіі і краязнаўства, вырабляюць птушыныя кармушкі, ладзяць экскурсіі па экалагічнай сцежцы ў школьным профільным лагеры “Эколаг”, адпачываюць у профільным летніку “Юны біёлаг” у Мінску…
Даследчая дзейнасць вучняў арганізавана на базе экалагічнай сцежкі “Маўклівыя сведкі мінулага”, занесенай у раённую экалагічную зялёную карту. Больш за 15 гадоў школьнікі карпатліва вывучаюць розныя прыродныя аб’екты.
Маршрут сцежкі праходзіць па маляўнічых месцах, дзе захаваліся рэшткі палацава-паркавага комплексу Радзівілаў ХVІІІ стагоддзя з кляновай алеяй, вадаёмам і батанічным помнікам прыроды мясцовага значэння “Турнянскі гракоўнік”.
Школьнікі актыўна супрацоўнічаюць з Палескім аграрна-экалагічным інстытутам НАН Беларусі. Для вучняў ладзяцца пазнавальныя экскурсіі і кансультацыі.
Першае даследаванне прысвячалася вывучэнню экалагічнага стану прышкольнай тэрыторыі. Дзеці вызначалі колькасць вуглякіслага газу і свінцу ў аўтамабільных выхлапах, разлічвалі ўтрыманне хлору і свінцу ў глебе, вызначалі наяўнасць цяжкіх металаў у лісці дрэў, што растуць паблізу шашы. Гэтая работа была адзначана дыпломам ІІІ ступені на рэспубліканскім конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ навучэнцаў.
Наступным аб’ектам для даследавання стала кляновая алея “Кляніўка”, уязная дарога да сядзібнага дома Грабоўскіх. Школьнікі вызначалі біяметрычныя паказчыкі стану дрэў, высаджвалі саджанцы клёнаў… Сёння ў алеі ўсталявана інфармацыйная шыльда з інфармацыяй пра яе ўзрост і гістарычную каштоўнасць.
Вучні актыўна ўдзельнічалі ў захаванні гнездзішча вушастай савы ў кляновай алеі. Працуючы над тэмай, дзеці даведаліся шмат цікавага пра гэтых птушак, назіралі за іх жыццём і харчаваннем.
Але не толькі совы сталі аб’ектам вучнёўскай увагі. Тэрыторыя чорнаальшанніку ў прыручаёвай зоне, якая атрымала статус батанічнага помніка прыроды мясцовага значэння “Турнянскі гракоўнік”, нездарма атрымала такую назву. Вялізная калонія гракоў засяляе частку алешніку паблізу шашы. Адносіны да гэтых птушак у мясцовага насельніцтва неадназначныя. Пасяляючыся побач з чалавекам, гракі наносяць пэўную шкоду агародным пасевам, але пры гэтым з’яўляюцца важным звяном у экалагічным ланцугу.
Аналізуючы харчаванне птушак, вучні прыйшлі да высновы, што яны на палях збожжавых культур прыносяць пэўную карысць, знішчаючы шкодных беспазваночных жывёл, насенне пустазелля і мышападобных грызуноў. Вынікі даследавання былі адлюстраваны ў буклеце, распаўсюджаным сярод мясцовых жыхароў, і апублікаваны ў мясцовай газеце. Акрамя таго, работа “Маніторынг калоній гракоў на тэрыторыі Відамлянскага сельсавета” адзначана дыпломам ІІІ ступені на Рэспубліканскім конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ навучэнцаў.
Вывучэнню адрозненняў стану дрэў у раёне поймы ручая і на тэрасным узвышшы прысвечана даследаванне “Ацэнка стану дрэў батанічнага помніка прыроды мясцовага значэння “Турнянскі гракоўнік”. Працуючы над тэмай, дзеці выявілі залежнасць стану дрэў ад змянення кліматычных паказчыкаў: зніжэння ўзроўню грунтавых вод і павышэння сярэднегадавых тэмператур. Работа была адзначана дыпломам ІІ ступені на Рэспубліканскім конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ навучэнцаў.
Два даследаванні прысвячаліся вывучэнню гідрафізічных і гідрахімічных уласцівасцей вады ў Турнянскім ручаі. Школьнікі ажыццяўлялі біяіндыкацыю ручая з дапамогай розных індэксаў, а таксама відавога складу малакафаўны. Абедзве работы былі адзначаны дыпломамі ІІ ступені на абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ навучэнцаў.
Эфектыўная даследчая дзейнасць магчыма дзякуючы шматлікім сувязям школы з іншымі арганізацыямі. Мы актыўна супрацоўнічаем з Палескім аграрна-экалагічным інстытутам НАН Беларусі, у прыватнасці з лабараторыяй аптымізацыі экасістэм, гідраэкалогіі і экатэхналогій. Для вучняў ладзяцца пазнавальныя экскурсіі і кансультацыі. Відамлянскі сельсавет аказвае фінансавую падтрымку: аплачвае банеры, дапамагае арганізаваць экалагічныя акцыі па азеляненні тэрыторыі аграгарадка.
Больш за год назад на ўскрайку мясцовага ручая прабілася крынічка, якая адразу прыцягнула ўвагу жыхароў. Васьмікласнікі адабралі пробы вады, даследавалі яе гідрафізічныя і гідрахімічныя ўласцівасці, вывучылі тапаніміку мясцовасці, яе фізіка-геаграфічныя асаблівасці, зарэгістравалі крынічку на сайце rodnikbel.by пад назвай “Графская” і пры падтрымцы сельсавета ўсталявалі інфармацыйны банер. У выніку крыніца стала не толькі водным вытокам, але і крыніцай карысных ведаў.
Святлана АЛЬШЭЎСКАЯ,
настаўніца хіміі і біялогіі Турнянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.