Крыніцы зямлі беларускай: «Іаанава»

- 14:49Новости

Крыніца “Іаанава” знаходзіцца паблізу вёскі Лебяда, што ў Лідскім раёне.

Гэтая крыніца, вада якой, як сцвярджаюць мясцовыя жыхары, з’яўляецца гаючай, шануецца здаўна, але па вядомых багаборніцкіх прычынах доўгія гады знаходзілася ў занядбаным стане. Зараз яна доб­раўпарадкавана. Над крыніцай узведзены калодзеж са стрэшкай, побач устаноўлены драўляны праваслаўны крыж, абсталявана месца для адпачынку. Крынічная тэрыторыя дагледжана, засаджана маладымі бярозкамі, дэкаратыўнымі кустамі, кветкамі.

У кастрычніку 2007 го­­да адбылося ўрачыстае асвячэнне крыніцы ў гонар святога апостала і евангеліста Іаана Багаслова. Крынічны комплекс знаходзіцца ў апекаванні Свята-Мікольс­кага храма в.Лебяда. У гэтым старажытным паселішчы шмат стагоддзяў назад на ўзгорку стаяла драўляная царква ў імя Святога Мікалая, час пабудовы якой невядомы. Але ў 1899 годзе, дзякуючы намаганням мясцовага свяшчэннаслужыцеля, на яе месцы з’явіўся новы храм. Будаваўся ён з цэглы ў выглядзе карабля на сродкі, адпушчаныя з казны царскім урадам, і быў названы ў гонар святога Мікалая Цудатворца. Храм добра бачны з трасы Гродна — Мінск пры перасячэнні рэчкі Лебяда і старажытнай дарогі, якую называюць у народзе Кацярынінскім трактам.

Алена ХАРАШЭВІЧ
Фота аўтара