Крыніцы зямлі беларускай: «Каплічка» і «Пяшчанка»

- 17:10Новости

Пра крыніцы “Каплічка” і “Пяшчанка”, што знаходзяцца ў Сянне Віцебскай вобласці, наш сённяшні аповед.

Крыніца “Каплічка” знаходзіцца на вуліцы Віцебскай, паблізу крайняга паўднёвага пункта Сенненскага возера, ля падножжа ўзгорка. Некалі над крыніцай узвышаўся драўляны храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы. У 1939—1940 гадах ён быў разаб­раны… Новая праваслаўная царква была закладзена тут у 1998-м і асвечана ў 2008 годзе ў гонар свяціцеля Мікалая Цудатворца. Сёння гэты храм з’яў­ляецца адным з ачагоў духоўнага жыцця горада.

Крыніца вядома з даўніх часоў як лекавая і карысталася шырокай папулярнасцю яшчэ з канца XVIII стагоддзя. Вада ў ёй чыстая, змяшчае серавадарод. У даўнія часы над крыніцай стаяла каплічка. Стаіць яна і зараз, але ўжо не драўляная, як раней, а больш трывалая, з чырвонай цэглы і пакрытая ацынкаваным жалезам. Тэрыторыя добраўпарадкавана бутавым каменем, да крыніцы пракладзены зручныя падыходы. Згодна з інфармацыяй, якая змяшчаецца на мемарыяльнай пліце, гэтае месца з’яўляецца помнікам прыроды і ахоўваецца дзяржавай.

Крыніца “Пяшчанка”, асвячоная ў гонар святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра, знаходзіцца на вуліцы К.Маркса, ля ракі Каменкі.

Крыніца добраўпарадкавана, узята ў бетоннае кольца з накрыўкай. Падыходы да яе і прылеглая тэрыторыя выкладзены бетоннай пліткай. На крынічнай тэрыторыі, абнесенай невысокай агароджай, пабудавана купель, устаноўлены вялікі камень з мемарыяльнай плітой. Надпіс на ёй паведамляе: “Помнік прыроды крынiца “Пяшчанка” ахоўваецца дзяржавай”. У крынічнай вадзе ўтрымліваецца павышаная коль­касць жалеза, таму яна мае спецыфічны прысмак і колер.

Крыніца знаходзіцца ў вядзенні храма Святога Мікалая Цудатворца, пабудаванага ў 1998—2003 гадах.

Алена ХАРАШЭВІЧ
Фота аўтара