Святыя крыніцы “Пад Красналучкай” (“Тры крыніцы”) знаходзяцца за кіламетр ад вёскі Красналучка Лепельскага раёна.
Згодна з паданнем, у даўнія часы на гэтым месцы жыў чалавек, у якога была сляпая дачка. Як любячы бацька ён выказваў свой боль у малітвах да Царыцы Нябеснай. Аднойчы ў сне яму з’явілася Маці Божая і сказала: “Ідзі з дачкой да святых крыніц, памаж ёй вочы святой вадой, і яна стане бачыць”. Бацька зрабіў так, як загадала яму Царыца Нябесная, і дачка вылечылася. У знак удзячнасці бацька пабудаваў на святых крыніцах драўляны храм у гонар Прасвятой Багародзіцы. У храме знаходзіўся цудатворны абраз Божай Маці.
Праз некаторы час храм згарэў, але абраз Божай Маці знайшлі на пажарышчы непашкоджаным. На папялішчы вернікі пабудавалі адкрытую капліцу і ў ёй устанавілі святы абраз. Вада з трох крыніц сцякалася да капліцы, дзе пад святым абразом людзі яе і бралі.
Капліца ў 60-я гады мінулага стагоддзя была спалена, абраз знік. Але людзі не забылі святую крыніцу, працягвалі хадзіць да яе.
Цяпер гэтае месца акультурана, тут добраўпарадкаваны адкрытая капліца з крыжам, купель і раздзявалка. Над крыніцай пабудаваны закрыты калодзеж, вада ў ім крыштальна чыстая, мае добрыя смакавыя якасці.
Інфармацыйны стэнд, устаноўлены ля крыніцы, паведамляе, што рэстаўрацыя аб’екта праводзілася пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза ў рамках міжнароднага праекта “Вада, прырода і людзі ў знікаючым ландшафце. Развіццё ўстойлівага сельскага турызму ў Расіі і Беларусі”.
Алена ХАРАШЭВІЧ
Фота аўтара