Крыніцы зямлі беларускай: Тумельская

- 16:08Новости

Вада ў Тумельскай крыніцы, што каля вёскі Заброддзе Смалявіцкага раёна, паводзіць сябе як жывая, кажуць мясцовыя жыхары. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Крыніца з характарам: узровень вады тут то падымаецца, то, наадварот, плытчэе, але струмень б’е нязменна ўжо сотні гадоў, а можа, і больш. Вада вельмі халодная, нават у гарачым жніўні чысцюткая, цудатворная. У 2018 годзе крыніцу асвяцілі ў гонар іконы Божай Маці “Жываносная крыніца”. А закрытую купель, якую тут жа і пабудавалі, — у гонар святога Архістратыга Міхаіла, які, як і Багародзіца, вылечвае ад розных хвароб, адводзіць ад людзей бяду.

— Ачышчае гэтая вада ўсіх і звонку, і знутры, — гаворыць Аляксандр, які прыйшоў сюды з вялікімі бутлямі. — Толькі яе і п’ём. Можа прастаяць гады і застацца чыс­тай, ніколі не цвіце.

— Кажуць, вучоныя праводзілі яе аналіз, — дадае Наталля, якая прыехала да крыніцы з мужам з Жодзіна, — і высветлілі, што ў ёй знаходзіцца шмат іонаў серабра. Такая вада дапамагае пазбавіцца ад інфекцый, лечыць захворванні страўнікава-кішачнага тракту. Ёсць інфармацыя, што ў ёй знахо­дзілі нават золата і фтор. Вельмі яна карысная, рэгулярна бываем тут.

І сапраўды, не спыняецца сюды паток машын, асабліва на выхадныя. Людзі набіраюць ваду, акунаюцца ў купель. Дарэчы, назва Тумельская пайшла ад мясцовага ўрочышча Тумель, якое калісьці тут было. Урочышча і вадзянога млына даўно ўжо няма (ён існаваў да сярэдзіны 60-х гадоў, яшчэ нават можна пабачыць рэшткі яго фундамента), а чыстая вада не перастае радаваць лю­дзей. Зараз крыніца мае статус гідралагічнага помніка прыроды мясцовага значэння. Менавіта сюды больш за 100 гадоў назад любіў прыходзіць адпачыць Якуб Колас, які нейкі час выкладаў у школе непадалёк, натхняўся беларускай прыродай. Ды і як не натхніцца?! Побач з крыніцай — маляўнічая затока ракі Уша (левы бераг) са старымі дрэвамі, навіслымі над вадой: краявіды, як у чароўнай казцы.

Пабудавалі паблізу крыніцы і паркоўку, а таксама альтанку, каб людзі адпачывалі і крыху затрымліваліся тут. А хтосьці нават пакінуў каля вады маленькі кубачак, каб кожны мог напіцца жывой вады.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара