Крыніцы зямлі беларускай. У адкрытай купелі

- 17:30Новости

Крыніца ў гонар Казанскага абраза Божай Маці знаходзіцца ў мікрараёне Стары Аэрадром Гомеля, паблізу дома № 26 па вуліцы Юбілейнай.

Да крыніцы з вуліцы вядзе выкладзеная бетоннымі плітамі сцежка. Ручайкі чыстай вады прабіваюцца на паверхню з-пад карэнішча вялікіх дрэў, якія растуць на дне невысокага абрыву. Яны накіроўваюцца далей у нізіну, напаўняючы крыштальнай вадой басейн уладкаванай тут адкрытай купелі. Вада крыніцы мае добрыя смакавыя якасці, выкарыстоўваецца для пітных патрэб мясцовымі жыхарамі, якія лічаць яе гаючай.

Паводле падання, крыніца ўзнікла на месцы мужчынскага манастыра, які існаваў раней. Старажылы памята­юць, што веруючыя наведвалі яго яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны. У пасляваенны час, у разгар атэізму, крыніца была закінута. Толькі ў ­1970-я гады намаганнямі мясцовых жыхароў яна была ачышчана і ўзята ў бетонныя кольцы. З 1993 года знаходзіцца ў распараджэнні гомельскага Свята-Ціхвінскага жаночага манастыра. На крыніцы пабудавана капліца з крыжам і купальняй. Побач устаноўлены паклонны металічны крыж. У святы Богаз’яўлення, Казанскага абраза Божай Маці і чацвер Светлай сядміцы ля крыніцы здзяйсняецца водаасвячэнне. Лічыцца, што крыніца вылечвае ад хвароб печані.

Святыя крыніцы ў Гомелі ёсць і на тэрыторыі Петрапаўлаўскага сабора, размешчанага ў палаца-паркавым ансамблі Румянцавых-Паскевічаў. Гэта “Святая крыніца” і “Крыніца самаранкі”.

Алена ХАРАШЭВІЧ
Фота аўтара