Крыніцы зямлі беларускай: у гонар сямі святых пакутнікаў Макавеяў

- 17:16Новости

Крыніца Макавеяў, асвячоная ў гонар сямі святых пакутнікаў Макавеяў, знаходзіцца на ўскраіне вёскі Сялец, што ў Буда-Кашалёўскім раёне.

Згодна з народным паданнем, на месцы, дзе зараз размяшчаецца крыніца, знаходзілася царква. З часам з-пад фундамента стала сачыцца вада. У выніку храм знік пад зямлёй, а на яго месцы ўтварылася крынічка…

Крыніца, якая б’е з-пад зямлі, заключана ў бетонны калодзеж, верх якой увенчвае царкоўная макаўка з праваслаўным крыжам. Крынічная вада мае добрыя смакавыя якасці, чыстая, халодная і, па словах мясцовых жыхароў, лячэбная.

Крыніца размешчана на тэрыторыі дэндрапарку Буда-Кашалёўскага доследнага лясгаса. Тут растуць разнастайныя ліставыя дрэвы і кветкі. Крынічны комплекс, абнесены драўлянай агароджай, уключае ў сябе драўляную капліцу з устаноўленым побач з ёй паклонным крыжам і дзве альтанкі для адпачынку.

Кожны год 14 жніўня, на свята сямі святых пакутнікаў Макавеяў, сюды здзяйсняецца хрэсны ход. Месца гэтае з’яўляецца адным са значных і ўшанаваных на Буда-Кашалёўшчыне.

Алена ХАРАШЭВІЧ
Фота аўтара