2020 год стаў завяршальным у трылогіі Года малой радзімы. Для айчыннай сістэмы адукацыі ён быў шчодрым на краязнаўчыя мерапрыемствы. Адных толькі конкурсаў праведзена з добры дзясятак. А колькі ладзілася паходаў і экскурсій! Колькі цікавага даведаліся юныя краязнаўцы-турысты! “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, “Любім Беларусь, ганарымся Беларуссю, падарожнічаем па Беларусі”, “Я гэты край Радзімаю заву” — так называліся акцыі і праекты, у рамках якіх вялося вывучэнне роднага краю. І канечне, тысячы навучэнцаў і педагогаў удзельнічалі ў мерапрыемствах, прысвечаных 75-годдзю Вялікай Перамогі.
Усе мы памятаем знакамітае коласаўскае: “К табе я ў думках залятаю. І там душою спачываю…” Сапраўды, у мітусні дарослага жыцця нам часта ўзгадваюцца моманты дзяцінства, юнацтва, дарагія сэрцу мясціны, тыя куточкі, адкуль пачыналіся нашы дарогі ў дарослае жыццё. Сюды мы не толькі ў думках залятаем, сюды мы імкнёмся як мага часцей прыязджаць, каб адпачыць, набрацца жыццёвых сіл, творчага натхнення. Як і класік (гэтак жа лірычна і душэўна), расказвалі пра малую радзіму ўдзельнікі мерапрыемстваў Года малой радзімы. 2020 год быў для педагогаў-краязнаўцаў выдатнай нагодай падзяліцца вопытам работы па вывучэнні роднага краю, паведаміць калегам пра цікавыя знаходкі, выказаць пэўныя думкі адносна развіцця краязнаўчай справы і грамадзянска-патрыятычнага выхавання.
Па словах Лідзіі Андрэеўны Жур, намесніка дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства (установа з’яўляецца арганізатарам мерапрыемстваў грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці), у Год малой радзімы вялікая ўвага ўдзялялася рэспубліканскаму грамадзянска-патрыятычнаму праекту “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”. У яго ўдзельнікаў была цудоўная магчымасць наведаць гістарычныя і памятныя мясціны нашай краіны, пракладваць новыя маршруты, адкрываць для сябе прыгажосць розных куточкаў сінявокай. Падчас праекта вялася работа па даследаванні гісторыка-культурных і прыродных аб’ектаў малой радзімы, народных традыцый і звычаяў. Асобным блокам вылучалася работа па стварэнні экскурсійных маршрутаў, а таксама работа па падрыхтоўцы юных экскурсаводаў.
“Навучэнцы распрацоўваюць экскурсійныя маршруты па сваіх населеных пунктах, ствараюць брашуры, каталогі, відэаролікі, інфармацыйныя стэнды “Мая малая радзіма” і г.д. Па выніках праведзеных мерапрыемстваў і з мэтай папулярызацыі гісторыка-культурных і прыродных аб’ектаў малой радзімы падрыхтаваны даведачна-інфармацыйныя зборнікі, картасхемы, відэаролікі, буклеты, фотаздымкі. Створаная навучэнцамі і педагогамі прома-прадукцыя аб турыстычных магчымасцях рэгіёнаў размяшчаецца на сайтах устаноў адукацыі і выкарыстоўваецца ў адукацыйным працэсе іншымі ўстановамі адукацыі. За перыяд рэалізацыі праекта “Збяры Беларусь у сваім сэрцы” навучэнцамі распрацавана больш за 450 новых аглядных і тэматычных экскурсійных маршрутаў па ўсіх рэгіёнах. Лепшыя маршруты ўвайшлі ў зборнік “Спазнаем Беларусь разам”, які распаўсюджаны сярод устаноў адукацыі і актыўна выкарыстоўваецца ў адукацыйным працэсе пры правядзенні вучэбных і факультатыўных заняткаў, арганізацыі адукацыйных экскурсійных праграм”, — паведаміла Лідзія Андрэеўна.
Удзельнікі рэспубліканскай акцыі “Любім Беларусь, ганарымся Беларуссю, падарожнічаем па Беларусі” даследавалі гістарычныя і культурныя аб’екты малой радзімы, праводзілі сустрэчы з мясцовымі жыхарамі, ветэранамі вайны і працы, знакамітымі землякамі. Вынікам стала стварэнне фотаработ і міні-інсталяцый па намінацыях: “Мая радзіма ў адным імгненні”, “Нам 41-ы не забыць… Нам 45-ы славіць” і “Беларусь спартыўная”. Несумненна, тэма Вялікай Айчыннай вайны была цэнтральнай у Год малой радзімы. Асаблівую значнасць надавала юбілейная гадавіна Перамогі, што адлюстравалася ў назве рэспубліканскай героіка-патрыятычнай акцыі — “Вялікай Перамозе — 75!”. Своеасаблівым завяршальным акордам акцыі стаў конкурс “Вайны свяшчэнныя старонкі навекі ў памяці людской”.
Дзённік вандроўніка распрацаваны Міністэрствам адукацыі і ўкаранёны ў мінулым годзе з мэтай масавага далучэння навучэнцаў да турыстычна-экскурсійнай дзейнасці, атрымання і сістэматызацыі ведаў пра родны край, развіцця адукацыйнага турызму.
На рэспубліканскі этап конкурсу былі прадстаўлены 143 праекты, з якіх 34 лепшыя былі адабраны на канферэнцыю, што праходзіла ў форме абароны конкурсных работ. Праекты ствараліся ў такіх намінацыях, як “Педагогі — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны” (намінацыя прысвечана жыццёваму і баявому шляху педагогаў), “Іх імёнамі названы…” (расказваецца пра асоб, чые імёны нададзены вуліцам, установам адукацыі, вайсковым часцям, сацыяльным і культурным аб’ектам). Кожнае імя, якому прысвечана асобная конкурсная работа, — гэта сапраўдны ўзор патрыятызму. Таму, безумоўна, даследуючы лёс знакамітых землякоў, вучні фарміравалі ў сабе станоўчыя якасці, якія былі ўласцівы героям іх даследаванняў: адвагу, мужнасць, высакароднасць.
Нам часта ўзгадваюцца моманты дзяцінства, юнацтва, дарагія сэрцу мясціны, тыя куточкі, адкуль пачыналіся нашы дарогі ў дарослае жыццё.
Цудоўным прыкладам з’яўляецца жыццё педагога-партызана з Чэрыкаўшчыны Васіля Яфімавіча Гапеева. Лёс гэтага чалавека (сапраўднай легенды) даследавалі навучэнцы Чэрыкаўскага цэнтра дзіцячага і юнацкага турызму, краязнаўства і экскурсій Ягор Каліннікаў і Ягор Фантанскі пад кіраўніцтвам загадчыка аддзела па асноўнай дзейнасці Васіля Сцяфанавіча Максіменкі.
Як высветлілі юныя краязнаўцы, у матэрыялах па гісторыі партызанскага руху, а таксама ў кнігах, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Слаўгарадскага і Чэрыкаўскага раёнаў, дзе дзейнічалі фарміраванні пад кіраўніцтвам Гапеева, ёсць толькі кароткая інфармацыя пра педагога. Таму вучням і іх кіраўніку давялося вывучаць копіі дакументаў з фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага архіва Магілёўскай вобласці, фондаў Чэрыкаўскага гісторыка-краязнаўчага музея і музея “Памятаць СССР”, які ствараецца ў цэнтры турызму, краязнаўства і экскурсій. Герой даследавання ў перадваенныя гады працаваў дырэктарам Гойкаўскай школы і нават быў узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”. У вайну — актыўны ўдзельнік падпольнага і партызанскага руху. Юныя краязнаўцы не толькі даследавалі архіўныя дакументы, але і запісалі ўспаміны былых вучняў Васіля Яфімавіча, а таксама азнаёміліся з успамінамі людзей, якія ваявалі і працавалі разам з Гапеевым. “На жаль, ні ў музеях, ні ў Слаўгарадзе, ні ў Чэрыкаве, акрамя вельмі адрывістых успамінаў былых вучняў, нельга знайсці інфармацыю пра гэтую гераічную асобу. Таму наша даследаванне вярнула з небыцця імя вядомага педагога, мужнага партызана і падпольшчыка”, — адзначыў кіраўнік даследчай работы.
Навучэнцамі і педагогамі распрацоўваюцца экскурсійныя маршруты па сваіх населеных пунктах, ствараюцца брашуры, каталогі, відэаролікі, інфармацыйныя стэнды “Мая малая радзіма”, напаўняюцца сайты ўстаноў адукацыі і г.д.
Падчас вывучэння лёсу героя-земляка вучні не проста збіралі каштоўныя звесткі, а перажывалі лёс Васіля Яфімавіча нібыта ўласны. А гэта значыць, што гістарычная памяць у нашым народзе працягвае жыць, мы заўсёды будзем помніць пра подзвігі землякоў. І гэтыя словы тычацца не толькі чэрыкаўскіх краязнаўцаў, але і ўсіх, хто прыняў удзел у акцыі “Вялікай Перамозе — 75!”.
Як ужо адзначалася, адным з напрамкаў краязнаўчай работы ў Год малой радзімы было стварэнне педагогамі і навучэнцамі экскурсійных маршрутаў і іх праходжанне. Сваімі назіраннямі, уражаннямі, атрыманымі падчас паходаў і экскурсій, а таксама работамі ў выглядзе замалёўкі аб’екта, прадмета або персанажа, якія сустракаліся падчас падарожжа, дзяліліся ўдзельнікі конкурсу “Нататкі юнага вандроўніка”. Цікавымі з’яўляюцца ўражанні вучня сярэдняй школы № 2 Бабруйска Фёдара Кладчанкі, які разам з бацькамі наведаў мемарыяльны комплекс: “Я бачыў некалькі ваенных помнікаў у нашым горадзе. Але памеры гэтага мяне ўразілі. Вялізныя вароты, дзве гарматы па баках і знак з надпісам. У сярэдзіне комплексу паабапал сцежкі ўстаноўлены памятныя дошкі. Адна мяне зацікавіла больш за ўсе. Мой цёзка — Фёдар Архіпенка, лётчык-знішчальнік, Герой Савецкага Саюза. У гады вайны ён здзейсніў 467 баявых вылетаў і ў адзіночку збіў 30 варожых самалётаў. Мне адразу захацелася стаць лётчыкам, каб здзейсніць подзвіг і стаць вядомым. На Кургане Славы мы прабылі не вельмі доўга, але паспелі агледзець усё. Гэтую паездку я запомню надоўга. І ніколькі не шкадую, што ў дзень майго нараджэння мы паехалі на экскурсію ў мемарыяльны комплекс”.
“Яшчэ маленькім дзіцем я радавалася прыгажосці і прыволлю Лагойшчыны, яе непаўторным узгоркам, утульным лясам, таямнічым ярам з сярэбранымі ручайкамі. Зараз, калі я стала старэйшай, мне гэтыя мясціны падабаюцца яшчэ больш. Цяпер я ведаю, што тутэйшая прыгажосць натхняла паэта на стварэнне цудоўных твораў”, — а гэта ўжо думкі вучаніцы сярэдняй школы № 111 Мінска Яўгеніі Шамкаловіч пра знакамітыя Акопы, куды яна часта наведваецца з бацькамі, у тым ліку ў Купалаўскі музей.
Нягледзячы на завяршэнне трылогіі Года малой радзімы, праца па вывучэнні настаўнікамі і вучнямі роднага краю працягваецца. Наперадзе новыя конкурсы, новыя акцыі, новыя адкрыцці.
Адметнасцю конкурсу стала тое, што, акрамя аповедаў пра свае падарожжы і арыгінальных творчых работ, юныя краязнаўцы прадстаўлялі на суд журы дзённікі вандроўніка. Як адзначыла Л.А.Жур, дзённік вандроўніка распрацаваны Міністэрствам адукацыі і ўкаранёны ў 2020 годзе з мэтай масавага далучэння навучэнцаў да турыстычна-экскурсійнай дзейнасці, атрымання і сістэматызацыі ведаў пра адметнасці роднага краю, развіцця адукацыйнага турызму. У ім школьнікі ўсіх ступеней навучання фіксуюць наведаныя экскурсійныя аб’екты, што дапамагае вывучаць Радзіму. У аснову дзённіка пакладзены пералік экскурсійных аб’ектаў і турыстычных маршрутаў, рэкамендаваных Міністэрствам адукацыі для наведвання кожным навучэнцам. У дзённіках фіксуюцца аб’екты гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны, якія яны наведалі індывідуальна або ў суправаджэнні бацькоў ці ў складзе экскурсійных груп. Дзённік з’яўляецца эфектыўным сродкам далучэння вучняў да экскурсійнай дзейнасці, фарміруе любоў да малой радзімы.
Нататкі вандроўнікаў былі не проста аповедам пра экскурсію, паход або апісаннем пэўных аб’ектаў. Гэта сапраўдныя літаратурныя творы. Не горш за Коласа, гэтак жа лірычна і душэўна, расказвалі юныя краязнаўцы і іх педагогі пра родны край. Трылогія Года малой радзімы завершана, але краязнаўчыя даследаванні працягваюцца, бо яшчэ шмат цікавага і нязведанага чакае нас на малой радзіме — зямлі, куды мы ў думках залятаем і дзе душою спачываем.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.