Курс на інжынерыю

- 10:23Адукацыйная прастора, Адукацыйныя праекты

150 інжынерных класаў запрацавалі ў школах Беларусі з 1 верасня.

Праект накіраваны на навучанне новага пакалення інжынераў, здольных працаваць з перадавымі ІТ-рашэннямі і вынаходзіць новыя.

Ужо зараз у школах па ўсёй краіне абсталяваны 150 STEM-класаў. Абсталяваннем займалася кампанія “Навучанне і інавацыі” — прадстаўнік Robbо ў Беларусі, які выйграў тэндар, што праводзіўся Міністэрствам адукацыі напрыканцы мінулага года.

— Інжынерны інавацыйны клас Robbо — гэта комплекс самага сучаснага робататэхнічнага абсталявання: 3D-прынтары, робататэхнічныя платформы, наборы схематэхнікі і мікраэлектронікі для навучання, — расказвае заснавальнік кампаніі Robbо Павел Фралоў. — Гэта цэлыя тэхнічныя міні-лабараторыі, дзе будуць рыхта­ваць праграмістаў і інжынераў. Праграма шырокая і нацэлена на засваенне практычных навыкаў: ад стварэння камп’ютарных гульняў і мабільных дадаткаў да канструя­вання робатаў.

Даступнасць запатрабаваных прафесій будучыні для ўсіх дзяцей — галоўная мэта праекта. Інжынерныя інавацыйныя класы Robbо з’явяцца ва ўсіх раёнах Беларусі для таго, каб дзеці нават з самых маленькіх гарадоў і вёсак мелі магчымасць вывучаць сучасныя тэхналогіі і развіваць запатрабаваныя кірункі навукі і тэхнікі.

— Мы распрацавалі падрабязныя метадычныя матэрыялы па выкладанні курса робататэхнікі на абсталяванні Robbо, — адзначае Павел Фралоў. — Павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў будзе прахо­дзіць на базе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Пасля падрыхтоўкі педагогі атрымаюць пасведчанні дзяржаўнага ўзору аб павышэнні кваліфікацыі.

Першыя інжынерна-інавацыйныя класы запрацавалі ў краіне ў 2019 годзе ў школах Гомеля, Жыткавіч, Жодзіна, Лунінца, Мінска, Узды і іншых гарадоў. Усяго — 20 класаў па ўсёй краіне, дзе дзеці паспяхова асвойваюць курсы робататэхнікі. Высокі ўзровень і эфектыўнасць навучання пацвярджаюць прызавыя месцы вучняў Robbо-класаў на прэстыжным спаборніцтве — Міжнароднай Scratch-алімпіядзе па крэатыўным праграмаванні. 

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.