У гімназіі № 14 Мінска гісторыю вывучаюць не толькі па падручніках. Вучні і настаўнікі актыўна карыстаюцца матэрыяламі музея партызанскай славы, які працуе тут ужо больш за 40 гадоў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Па слядах гісторыі
Экспазіцыі расказваюць пра пачатак вайны, зараджэнне партызанскага руху ў Беларусі і дзейнасць партызан на акупіраванай тэрыторыі.
— Цэнтральнае месца ў музейнай зале займае макет партызанскай зямлянкі, а галоўная экспазіцыя прысвечана дзейнасці партызанскай брыгады імя Сталіна, якая ў гады вайны вяла барацьбу на тэрыторыі Дзяржынскага раёна, — адзначае кіраўнік музея настаўніца гісторыі Надзея Літвіновіч. — У апошнія гады музей папоўніўся дакументамі і сведчаннямі пра пасляваеннае жыццё ветэранаў. Вы бачыце здымкі сустрэч былых партызан у Бакінаўскім лесе Дзяржынскага раёна, на Кургане Славы, у Брэсцкай крэпасці, падчас урачыстага адкрыцця музея.
Сярод экспанатаў часоў вайны можна ўбачыць сапраўды рарытэты. Адзін з іх — лямпа з гільзы, крыніца святла ў партызанскіх зямлянках. У той перыяд карысталіся і свечкамі, але лямпы з гільзы былі больш папулярнымі. Другі — самаробны радыёпрыёмнік, які служыў для сувязі паміж партызанскімі брыгадамі і з галоўнакамандаваннем. Радыёпрыёмнік сюды перададзены адным з былых партызан. Ёсць і патэфон — гэта пераносная версія грамафона, механічнае ўстройства для прайгравання грамафонных пласцінак. У адрозненне ад грамафона ў патэфона рупар маленькі. Сам апарат скампанаваны ў выглядзе чамадана і пераносіцца ў засцягненым выглядзе за спецыяльную ручку. Вядома, што падчас Сталінградскай бітвы ў знакамітым доме Паўлава паміж баямі гучала музыка, а пласцінка, якую ставілі савецкія салдаты, цудам захавалася да нашага часу. Да ліку рарытэтаў можна аднесці і фотаапарат «Змена-8». Гэты экспанат з’яўляецца своеасаблівым сімвалам Перамогі і мірнага жыцця. Ён быў перададзены музею былым партызанам брыгады імя Сталіна Паўлам Мікітавічам Хмялеўскім. Што самае цікавае — фотаапарат і зараз працуе! Таксама ў музеі прадстаўлены медалі і ўзнагароды, якія перадалі родныя партызан.
— У апошнія гады актывізавалася супрацоўніцтва гімназіі № 14 Мінска з гімназіяй № 80 Ніжняга Ноўгарада. Традыцыйнымі сталі анлайн-заняткі, а нядаўна расійскія вучні і настаўнікі завіталі ў Мінск. Госці азнаёміліся з музеем і пабывалі на ўроках «Беларусь мая сінявокая» і «Памяць пакаленняў», дзе даведаліся пра гісторыю і культуру краіны. Да заняткаў анлайн далучыліся гімназія № 1 Ліпецка і сярэдняя школа № 4 Усмані Ліпецкай вобласці, — паведаміла Н. Літвіновіч.
На ўрачыстай цырымоніі закрыцця фестывалю школьных музеяў у рамках Асацыяцыі школ Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь калектыў гімназіі адзначаны дыпломам I ступені за якасную падрыхтоўку і прэзентацыю матэрыялаў школьнага музея.
У падарожжа з інтэрактыўным квестбукам
Гімназісты праводзяць экскурсіі па музеі партызанскай славы, удзельнічаюць ва ўроках мужнасці і памяці, у дыскусіях, віктарынах, квестах, сустракаюцца з ветэранамі. А яшчэ ствараюць квестбукі, віртуальныя кнігі, рэалізуюць даследчыя праекты, здымаюць відэаролікі.

З 2019 г. даследчыя работы гімназістаў друкуюцца ў зборніку навуковых артыкулаў навучэнскай моладзі «Першы крок у навуку».
— Музей партызанскай славы стаў важнай пляцоўкай для дзейнасці педагагічных класаў гімназіі. Пры правядзенні інтэрактыўных заняткаў вялікую ролю адыгрывае сумесная з дзецьмі работа. Я маю ўнікальную магчымасць не толькі перадаваць веды, але і вучыць методыцы правядзення заняткаў. Разам мы вызначаем, што павінны асвоіць школьнікі, напрыклад, паглыбіць веды пра партызанскі рух, навучыцца працаваць з гістарычнымі крыніцамі, аналізаваць і сістэматызаваць інфармацыю. Хлопчыкі і дзяўчынкі займаюцца даследчай дзейнасцю, вынікі якой прадстаўляюць на канферэнцыях, — адзначае класны кіраўнік педагагічнага класа, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Таццяна Блешчава.
Найбольшую цікавасць выклікаюць тэмы, звязаныя з ваенным мінулым і захаваннем памяці пра яго ў сем’ях. Рэалізаваны праекты «Героі маёй сям’і», «Генацыд. Азарычы. Голас сведкі падзей», «Спаленыя вёскі Радзімы», створаны кнігі памяці і тэматычныя стэнды, прысвечаныя героям сямейных гісторый, а таксама віртуальныя кнігі. Праз QR-коды, размешчаныя ў работах, карыстальнік атрымлівае доступ да тэкстаў, фота- і відэаматэрыялаў, інтэрв’ю, анлайн-віктарын.
Гімназія прымае ўдзел у гарадскім адукацыйным праекце «Музейны код «Патрыёт», накіраваным на павышэнне кампетэнцый юных экскурсаводаў ваенна-гістарычных музеяў. Ён стартаваў з конкурсу эмблем музея. У кожным малюнку, графічным элеменце і метафарычным вобразе прапанаваных вучнямі варыянтаў эмблем была ідэя мужнасці, памяці і патрыятызму. Асаблівай увагі ў рамках праекта заслугоўвае творчы конкурс «Лісты з фронту», дзе юныя аўтары выступілі ў ролі ваенных карэспандэнтаў: іх тэксты пераносілі чытача ў атмасферу франтавых будняў, былі вельмі эмацыянальнымі. А падчас краязнаўчай дыктоўкі маладыя даследчыкі прадэманстравалі глыбокія веды пра баявы шлях землякоў, іх партызанскія сцежкі і подзвігі.
— Звярніце ўвагу на інтэрактыўны квестбук па Дзяржаўным музеі гісторыі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, які быў створаны ў гімназіі ў рамках праекта «Музейны код «Патрыёт», — працягвае Т. Блешчава. — Яшчэ адзін квестбук — па музеі нашай гімназіі — стварылі вучні-экскурсаводы з педагагічнага класа пад кіраўніцтвам настаўніцы. Гэта не проста дапаможнік, а падарожжа па экспазіцыях, дзе кожны артэфакт ажывае праз галаваломкі, таямнічыя падказкі, гістарычныя рэбусы, крыжаванкі, тэсты, практычныя заданні, напрыклад, па складанні маршруту партызанскага атрада. Квестбук уключае ілюстрацыі, фотаздымкі экспанатаў, карты і схемы.
Працаваць з квестбукам можна самастойна. Вучні рухаюцца па экспазіцыі і выконваюць шэраг заданняў. Напрыклад, знайсці выяву таго, хто заклікаў жыхароў да барацьбы з акупантамі (на плакаце надпіс «РАДЗІМА»), знайсці і сфатаграфаваць тое, што падтрымлівала баявы дух салдат, а таксама прадмет — прататып сімвала горада, які знаходзіцца ў Заводскім раёне. Удзельнікі квеста таксама шукаюць інфармацыю пра чалавека, які ўзначальваў дыверсійную брыгаду, выяву кіраўніка беларускага штаба партызанскага руху, вышэйшую ўзнагароду ваеннага часу з дакументальным пацвярджэннем, прадмет, які быў другім па неабходнасці для партызана пасля зброі (хаця спачатку быў зброяй, а потым сродкам камфорту), вызначаюць будынак, які за сваю гісторыю знаходзіўся пад уладай пяці краін.
Голас сведкі падзей

Адна з экспазіцый прысвечана непаўналетняму вязню канцэнтрацыйнага лагера «Азарычы» Уладзіславу Платонавічу Бірану, вядомаму ўрачу, які стварыў у Мінску дзіцячы афтальмалагічны цэнтр. Вучаніца 11-га педагагічнага класа Карына Бурая сустракалася з гэтым выдатным чалавекам.
…У сакавіку 1944 г. Уладзіслаў, якому тады было каля 9 гадоў, разам з сям’ёй, у тым ліку сёстрамі, пяцігадовай Нэлі і паўтарагадовай Алай, трапілі ў канцэнтрацыйны лагер «Азарычы» ў Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці. Дзеці сталі донарамі крыві для нямецкіх салдат. Па ўспамінах У.П. Бірана, кожнага чалавека, у якога бралі кроў, прывязвалі да ложка. На вачах Уладзіслава яго сястру Алачку пасля забору крыві адзін з фашыстаў проста выкінуў у акно. У памяць аб загінуўшай сястрычцы Уладзіслаў Платонавіч назваў сваю дачку Алай.
Дзіцячым афтальмалагічным цэнтрам у Мінску Уладзіслаў Біран кіраваў амаль 20 гадоў. Першым у нашай рэспубліцы ён выканаў замену хрусталіка і прымяніў вядомыя «насечкі Фёдарава». Адна з яго прафесійных вяршынь — перамога над сіндромам Бойхіса. Гэтае захворванне ўпершыню апісаў ізраільскі педыятр і назваў яго невылечным. У.П. Біран з’яўляецца аўтарам больш за 200 навуковых работ і публікацый, а таксама шэрага дапаможнікаў для студэнтаў-медыкаў і практыкуючых афтальмолагаў. Шырока вядомыя яго кнігі «Вялікае шчасце — добра бачыць» (падыдзе для ўсіх, сабраны рэкамендацыі, як пазбавіцца ад акуляраў і захаваць нармальны зрок), «Зрок — дар бясцэнны» (адрасавана юным спартсменам).
За даследчую работу, прысвечаную У. Бірану, Карына Бурая адзначана дыпломам ІІІ ступені на Міжнародным конкурсе даследчых работ навучэнцаў 9—11-х класаў «Дзеці — героі маёй краіны», які быў арганізаваны сярэдняй школай № 6 Магілёва ў рамках Асацыяцыі школ Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і ўстановы адукацыі





