Лаўрэат прэміі «Паспяховы старт» Юлія Гаваноўская з Астраўца — пра сваіх вучняў і шлях у прафесію

- 12:03Гродненская область, Новости

Настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 3 Астраўца Юлія Гаваноўская стала лаўрэатам прэміі “Паспяховы старт”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Малады педагог чацвёрты год працуе ў родным Астраўцы, дзе некалі вучылася ў гімназіі № 1, адкуль адправілася па мэтавым накіраванні на вучобу ў БДПУ. Адвучыўшыся па спецыяльнасці “Гісторыя і сусветная мастацкая куль­тура”, вярнулася на малую радзіму.

Дырэктар сярэдняй школы № 3 Астраўца Людміла Станіславаўна Сасноўская задаволена работай педагога:

— Юлія Віктараўна — перспектыўны малады спецыяліст, творчы, з цікавымі крэатыўнымі ідэямі. Яна прыняла актыўны ўдзел у афармленні рэкрэацыі чацвёртага паверха школы ў выглядзе адкрытых музейных экспазіцый. Размешчаную тут выставу па генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны наведаў Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванавіч Швед. Менавіта Юлія Гаваноўская право­дзіла для яго экскурсію. Дарэчы, яна склала і экскурсіі па кожнай лакацыі. Таксама педагог вядзе аб’яднанне па інтарэсах гістарычнай накіраванасці.

Як расказала сама Юлія Віктараўна, першапачаткова хацела стаць псіхолагам і старанна рыхтавалася да здачы ЦТ па гісторыі Беларусі і біялогіі. Але настолькі захапілася гісторыяй, што перадумала і вырашыла стаць настаўніцай. Хацелася быць для навучэнцаў такім педагогам, як яе любімая настаўніца англійскай мовы Наталля Назараўна Ляшчэўская. Дарэчы, у той дзень, як Ю.В.Гаваноўская ў Гродне атрымлівала прэмію “Паспяховы старт”, Наталля Назараўна была адзначана нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі”.

Яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце Юлія Гаваноўская марыла хутчэй трапіць у клас у якасці настаўніцы. Таму на апошнім курсе пачала працаваць у адной з мінскіх школ.

— Калі пасля заканчэння ўніверсітэта прыехала ў Астравец, мне прапанавалі работу ў новай школе № 3, — успамінае Юлія Віктараўна. — Пазнаёмілася з дырэктарам, паглядзела школу, мне спадабалася. Адчула, што мяне тут ужо чакалі, вельмі цёпла суст­рэлі, ніколі ніхто не адмовіў у парадзе. У нашай школе работа проста кіпіць. Адміністрацыя падтрымлівае любую ініцыятыву.

Малады спецыяліст вырашыла сама абсталяваць працоўнае месца. Прыйшла са сваімі ідэямі да дырэктара, атрымала адабрэнне і фінансаванне на рэалізацыю задум. Так у класе з’явіліся шпалеры з гістарычнымі асобамі, інфармацыйныя стэнды, адзін з якіх распрацавала Юлія Віктараўна.

— Працаваць з дзецьмі вельмі падабаецца, яны заўсёды розныя, крэатыўныя, творчыя, любяць незвычайныя заданні, — дзеліцца педагог. — Нават на традыцыйным уроку, калі трэба раскрыць сур’ёзную тэму, стараюся падаць матэрыял цікава, з прыкладамі. У нашай школе ёсць праектары, інтэр­актыўныя дошкі, усё гэта патрэбна падчас заняткаў. Люблю выкарыстоўваць методыку дэбатаў, калі дзеці адстойваюць свой пункт гледжання. Дзякуючы гэтаму, яны вучацца не толькі выказваць свае думкі, але і слухаць іншых. Альбо прапаноўваю методыку даміно, калі трэба суаднесці дату і гістарычную падзею.

Дзецям цікава працаваць у групах. А каб яны не проста займаліся з суседам, прымяняю метад гузікаў. У непразрысты пакет складваю гузікі рознага колеру. Хлопчыкі і дзяўчынкі цягнуць іх і рассаджваюцца за парты па колеры. Гэта трэба для таго, каб яны навучыліся працаваць з усімі ў класе. Дзеці любяць такія інтэрактыўныя формы работы. Ды і я сама пастаянна зараджаюся ад іх пазітывам, добрым настроем і нават нешта новае ад іх даведваюся. Стараюся быць з імі на адной хвалі, яны таксама імкнуцца прапаноўваць цікавыя заданні. Калі разу­мееш сваіх вучняў, то і яны цягнуцца да цябе.

Ю.В.Гаваноўская займаецца з алімпіяднікамі. Летась яе вучань Іван Шышкевіч атрымаў дыплом ІІІ ступені на абласным этапе алімпіяды па гісторыі. Педагог прызнаецца, што ёй цікава праца­ваць з матываванымі дзецьмі. У скарбонцы дасягненняў настаўніка і яе вучняў — дыплом II ступені на абласной канферэнцыі “Край Гарадзенскі”, дыплом III ступені на раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Шлях да поспеху”, дыплом II ступені на міжнародным конкурсе “Школьны музей” у рамках мерапрыемстваў Асацыяцыі школ Расіі і Беларусі.

На маё пытанне, ці адчувае педагог, што перамога ў конкурсе “Паспяховы старт” не выпадковая, Юлія Гаваноўская адказала:

— Старт у прафесіі паспяховы, калі бачыш вынікі сваіх вучняў. Гэта не толькі дыпломы і перамогі на конкурсах, але і калі яны прыходзяць на ўрок і гавораць: “Юлія Віктараўна, вы так расказваеце, што ўсё адразу запамінаецца, не трэба нават дома падручнік адкрываць”. І ты разумееш, што недарэмна тут працуеш. Гэта і ёсць складнікі паспяховага старту.

Даведка

Прэмія “Паспяховы старт” заснавана Гродзенскімі абласнымі арганізацыямі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі і РГА “Белая Русь” у 2019 годзе. За гэты час яе лаўрэатамі сталі 29 маладых педагогаў Гродзеншчыны.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота з архіва суразмоўніцы