Ледавіковая спадчына

- 15:31Выхаванне, Краязнаўства

“Якім бы далёкім ні было мінулае, яно не знікае бясследна, заўсёды застаюцца сляды. І цяжка ўявіць, што ты можаш трымаць у руках часцінку сваёй гісторыі”, — гаворыць дзевяцікласніца Хрысціна Жыдок з Відамлянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна, пераможца рэспубліканскага конкурсу “Мая будучыня — геалогія”.

Перамога дзяўчынкі заканамерная. Ва ўстанове адукацыі шмат гадоў вядзецца сістэмная турыстычна-краязнаўчая работа. Вучні адпраўляюцца ў блізкія і далёкія вандроўкі па родным краі. А ваколіцы роднай Відамлі школьнікі абхадзілі ўздоўж і ўпоперак. Падчас падарожжаў назапашваецца багаты краязнаўчы матэрыял, які выкарыстоўваецца на ўроках і падштурхоўвае да даследчай дзейнасці. 

Два гады назад Хрысціна знайшла скамянелую ракавіну і зацікавілася, як яна апынулася ў мясцовасці, дзе няма мора. З цягам часу калекцыя акамянеласцей павялічвалася, а разам з ёй і колькасць пытанняў. Гэта прывяло дзяўчынку да першай даследчай геалагічнай работы “Каменнае жыццё”, з якой вучаніца летась выступіла на заключным этапе Рэспубліканскага конкурсу краязнаўчых навукова-практычных работ школьнікаў, дзе атрымала дыплом. Але гэта быў толькі пачатак. 

Адметнасцю Камянеччыны з’яўляецца вялікая колькасць валуноў. Агромністыя камяні ўзвышаюцца ўздоўж дарог, туляцца на ўскраінах вёсак і пералескаў. Кожную вясну россыпы невялікіх каменьчыкаў, якія нібыта растуць з зямлі, узнікаюць на палях, перашкаджаючы апрацоўцы глебы. 

Вандруючы па родным краі, дзеці разумеюць, якую вялікую ролю мелі валуны для продкаў. Каменне шырока выкарыстоўвалася на брукаваных дарогах і ў мураваных сценах пабудоў, падмурках драўляных хат, крыжах-абярэгах. Цікаўная Хрысціна вырашыла высветліць, адкуль у родным краі таямнічыя валуны. У выніку з’явілася работа “Спадчына ледавіковай эпохі”.

Дзяўчына вывучала гісторыю фарміравання рэльефу тэрыторыі Відамлянскага сельсавета, петраграфічны склад валуноў і перспектывы выкарыстання гэтага экалагічна чыстага матэрыялу для ўстойлівага развіцця сельскіх тэрыторый. Шматлікія прыклады карыснага прымянення прыродных камянёў можна ўбачыць на вуліцах нашага аграгарадка. І гэта не толькі прыгожа і даўгавечна, але і пазнавальна. Сапраўдныя музеі камянёў пад адкрытым небам! 

На матэрыялах даследчай работы, адзначанай дыпломам І ступені ў рэспубліканскім конкурсе “Мая будучыня — геалогія”, распрацавана экалагічная сцяжына “Другое жыццё валуноў”. 

Каб ганарыцца Радзімай, зусім не абавязкова жыць сярод велічных замкаў ці пірамід. Нашы камяні не менш загадкавыя і таямнічыя. Акрамя іх, вакол безліч цікавага і нязведанага. Гэта проста трэба бачыць. Вывучаць і захоўваць. Каб нашчадкі таксама маглі дакрануцца да сівой даўніны роднага краю.

Ірына НАШЧЫНЕЦ, 
настаўніца геаграфіі Відамлянскай сярэдняй школы
Камянецкага раёна.