Лекі без аптэкі

- 14:59Выхаваўчая прастора

Фітатэрапія — адна з нямногіх старажытных навук, якая дайшла да нас практычна ў нязменным выглядзе. Гэты медыцынскі кірунак, некалі названы неперспектыўным амбіцыйнымі ўрачамі, якія спадзяваліся выключна на антыбіётыкі і гарманальныя сродкі, перажывае ў Беларусі сваё другое нараджэнне. Санаторыі, прафілакторыі, медыцынскія і навукова-даследчыя ўстановы ўсё часцей рэкамендуюць лячэнне і прафілактыку захворванняў лекавымі раслінамі. Не засталіся ўбаку і ўстановы адукацыі. Наколькі паглыбіліся ў фітатэму школы і ўстановы дадатковай адукацыі экалагічнага кірунку, на днях было вызначана падчас Рэспубліканскага конкурсу экалагічных праектаў “Зялёная школа” ў намінацыі “Чароўных траў гаючая сіла”, якая была прапанавана Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства ўпершыню. 

Дызайнерскі сад

Пра тое, што дзеці ў тэме, гавораць лічбы: на конкурс па стварэнні аптэкарскіх садоў паступіла больш за 50 праектаў. Але арганізатары ставілі мэту ацаніць, наколькі добра ведаюць педагогі і іх навучэнцы лекавыя травы і іх карысныя ўласцівасці, ці ўмеюць прэзентаваць, вырошчваць і выкарыстоўваць гэтыя расліны і, галоўнае, прымяняць на практыцы веды і ўменні ў галіне ландшафтнага дызайну. Па ўмовах конкурсу, неабходна было не проста пасадзіць лекавыя травы, а згодна з агульным праектам, і каб у яго ўдала ўпісалася кожная расліна.

“Мы з дапамогай гэтага конкурсу прыадчыняем тыя дзверы, за якімі хаваюцца магчымасці нашых гурткоў, што вывучаюць лекавыя расліны, займаюцца экалогіяй, аховай прыроды”, — расказвае намеснік дырэктара РЦЭіК Лідзія Паўлаўна Каліноўская.

У намінацыі “Чароўных траў гаючая сіла” былі прадстаўлены праекты аптэкарскага міні-садка, створаныя калектывамі з 2 навучэнцаў пад кіраўніцтвам аднаго педагога. На першым этапе (завочным) удзельнікі складалі праекты аптэкарскага міні-садка, які ўключаў план-схему і апісанне лекавых раслін з указаннем іх фармакалагічнага дзеяння і ўмоў вырошчвання. Да ўдзелу ў другім, рэспубліканскім, этапе аўтары лепшых праектаў — пераможцаў першага этапу ад кожнай вобласці і Мінска былі запрошаны ў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, каб рэалізаваць свае праекты на яго тэрыторыі.

Там, дзе травы гаючыя…

Для аптэкарскага саду “Райскі куточак” Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства выдзеліў тэрыторыю большую за 2 соткі. Камандам спатрэбілася ўсяго тры гадзіны для ўвасаблення сваіх ландшафтных фантазій. Кожны сад мае сваё прызначэнне і можа служыць жывой аптэкай для лячэння розных груп захворванняў.

Так, экалагічны аддзел Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі прадставіў калекцыю раслін, якія лечаць страўнікава-кішачны тракт і спрыяюць лепшаму страваванню.

“Улічваючы, што аптэкарскія агароды ў нас з’явіліся яшчэ пры Пятры I, мы прадставілі сваю кампазіцыю ў выглядзе папулярнай у старажытнасці крамы знахара, — расказвае педагог дадатковай адукацыі Кацярына Віктараўна Акінцінава, папраўляючы капялюш барадатаму дзядулю з сена. — І наш знахар прапаноўвае розныя зборы для гаючых адвараў. Напрыклад, піжму, крываўнік, чыстацел, палын для абеззаражвання кішэчніка і яго аховы ад гельмінтаў; ісоп лекавы, які зніме запаленне ў страўнікава-кішачным тракце; базілік, які палепшыць страваванне”.

Лідскі раённы экалагічны цэнтр дзяцей і моладзі (Гродзенская вобласць) прапанаваў усім жадаючым адгарадзіцца ад мітусні (у гэтым дапамаглі звычайныя палеты, што выкарыстоўваюцца для транспарціроўкі будматэрыялаў; яны ператварыліся ў вертыкальныя грады), скінуць напружанне за кубачкам чаю, утульна размясціўшыся ў канапе за чайным столікам. А пра напаўненне кубкаў правільным напоем аўтары праекта паклапаціліся, высадзіўшы вакол мноства раслін.

“Морква, высаджаная на насенне, каравяк, сардэчнік, крываўнік, дыня, цукровая кукуруза, — праводзіць экскурсію і прадстаўляе “спакойных” жыхароў свайго садка педагог Вольга Аляксандраўна Піліпчык. — Півоня, якая адхіляецца, таксама выкарыстоўваецца пры гатаванні заспакаяльнай настойкі. Яе пялёсткі дадавалі ў ваду пры купанні дзіцяці, каб яно лепш спала. Для гэтага прымянялі і ванны з пялёсткаў ружы, сасновых іголак, таму іх мы таксама высадзілі.

А гэта — прыпутнік. Усе яго ведаюць як кроваспыняльны сродак, але мала хто здагадваецца, што ён таксама супакойвае нервовую сістэму. Катоўнік, ці кашэчую траву, каты любяць не менш, чым валяр’янку. Мы высадзілі і тое, і другое, але ў валяр’янцы выкарыстоўваецца толькі корань, у катоўніка ж заспакаяльныя ўласцівасці маюць лісцікі і кветкі на працягу ўсяго сезона”.

Лідчане стварылі ўдвая большы, чым іншыя канкурсанты, аптэкарскі сад, але і на ім размясцілася толькі маленькая частка таго, што вырошчваюць яны на сваім участку пры цэнтры.

“Пакуль у нас 54 віды лекавых раслін, але гэта толькі пачатак: іх колькасць павялічыцца, — працягвае Вольга Аляксандраўна. — Тым больш што гэтым летам мы адкрываем музей водараў. Усё, што будзе расці на ўчастку, і тое, што расце ў дзікай прыродзе ў нашай мясцовасці, мы будзем пераносіць у музей. Экспанатамі стануць жывыя і засушаныя травы і кветкі, эфірныя маслы, сашэ, араматычныя свечкі, настойкі і іншыя прадметы, звязаныя з выкарыстаннем духмяных раслін”.

У выніку дзве гэтыя ўстановы — Лідскі раённы экалагічны цэнтр дзяцей і моладзі і экалагічны аддзел Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі — падзялілі паміж сабой перамогу.

На другой прыступцы размясціліся Брэсцкі абласны цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі і Светлагорскі эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі Гомельскай вобласці. Трэцяе месца падзялілі паміж сабой тры ўстановы: Данілавіцкі яслі-сад — сярэдняя школа Мінскай вобласці, Гродзенскі дзяржаўны абласны эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі і эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі Салігорскага раёна Мінскай вобласці.

Салігарчане, дарэчы, здзівілі ўсіх: і журы, і сапернікаў — арыгінальным спосабам размяшчэння тых раслін, рост якіх, нягледзячы на іх карысць, даводзіцца стрымліваць, каб яны не занялі вялікую тэрыторыю. Для крапівы, чыстацелу, шалфею, зверабою і іншых яны зрабілі кантэйнеры з мешкавіны і цэменту. “На перавернутае вядро мы накладвалі мешкавіну, змочаную ў цэменце. Пасля высыхання пакрывалі яе грунтоўкай, каб кашпо не размакалі ад дажджу”, — некалькі разоў за дзень выдавала свой дызайнерскі сакрэт для цікаўных Надзея Вітальеўна Харытановіч, педагог дадатковай адукацыі аб’яднання па інтарэсах “Флора” ЭБЦДіМ Салігорскага раёна.

Нагода для фітамоды

Адышоўшы ад ландшафтных ідэй і закрануўшы праблемы беларускай фітатэрапіі, Лідзія Паўлаўна Каліноўская адзначыла: “Яшчэ гадоў 30 назад быў небывалы ўсплёск у гэтым кірунку. Некаторыя калгасы займаліся выключна вырошчваннем лекавых раслін. Актыўным было і насельніцтва. Годную канкурэнцыю ім складалі школьнікі. Чаго варта была адна толькі Ражанкаўская сярэдняя школа Шчучынскага раёна, у якой былі велізарныя тэрыторыі і багатая калекцыя, бо там працавала настаўніцай біялогіі фармацэўт па адукацыі. Потым фітатэрапія была незаслужана забыта, але апошнія тры гады, дзякуючы праектам міжнароднага ўзроўню, нашы цэнтры сталі актыўна вырошчваць і нарыхтоўваць лекавую сыравіну. Аднак здаць яе ў аптэкі для далейшага гатавання збораў для продажу сёння намнога складаней. Раней аптэкі прымалі сабраную сыравіну і самі клапаціліся пра лабараторны аналіз. Сёння ж прымаюць у асноўным ужо правераную прадукцыю, а гэта патрабуе шмат сродкаў. Школе ў адзіночку гэта складана рабіць.

Але можна аб’яднацца з насельніцтвам, як, напрыклад, зрабілі ў Нарачанскі краі, дзе мясцовыя жыхары цэлымі вёскамі вырошчваюць лекавыя расліны замест прывычнай агародніны. Там жа, дарэчы, знаходзіцца самы вялікі ў Беларусі агарод з лекавымі раслінамі. Але пры гэтым нашы лекавыя расліны тонамі закупляюць замежныя краіны, асабліва Польшча, а потым, араматызаваныя і расфасаваныя, пастаўляюць да нас на продаж. Напрыклад, такі рамонкавы чай з мёдам смачны, але вельмі дарагі, бо на ім стаіць ужо не наша, а польская марка”.

Арганізатары конкурсу спадзяюцца, што новая намінацыя стане штуршком для больш актыўнага далучэння беларусаў да фітадызайну і, адпаведна, фітатэрапіі, нават без аптэк. А для тых, хто толькі збіраецца засвоіць зёлкавую навуку, на тэрыторыі цэнтра створаны калектыўны сад.

“Нашы педагогі і выхаванцы высадзяць у ім і свае расліны, тым самым зробяць “прычоску” агульнаму саду, — гаворыць Лідзія Паўлаўна. — Наведвальнікам можна будзе хадзіць па яго тэрыторыі з фотаапаратам, дыхаць здаровым паветрам, скідаць негатыў і набываць пазітыўны настрой. Тут жа будзе размешчаны і знак з выявай ступні чалавека, на якой будуць абазначацца ўсе кропкі, якія адказваюць за здароўе нашых органаў. На інфармацыйных банерах можна будзе больш пачытаць пра лекавыя ўласцівасці высаджаных раслін. А яны часам нечаканыя. Нават сухія пачарнелыя лісты, якія засталіся на раслінах пасля зімоўкі, могуць стаць асновай для гаючых адвараў. Напрыклад, чай з мінулагодніх лістоў бадану — выдатны агульнаўмацавальны сродак, які павышае супраціўляльнасць стрэсам, крыху зніжае частату сэрцабіцця і крывяны ціск. Увогуле, некарысных, нялекавых раслін у прыродзе няма. Нават злоснае пустазелле карыснае. Так, крапіва не толькі насычае арганізм вясной вітамінамі, але і загойвае раны. З высушаных і змалочаных каранёў пырніку атрымліваецца падбадзёрлівая кава, якая дапамагае зняць ацёчнасць, боль у галаве і мышцах. Нездарма ў Англіі на піку папулярнасці сады з пустазелля, а па прапанове каралевы праводзяцца конкурсы на лепшы такі сад”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.