У Беларусі пачаўся фінал Рэспубліканскага агляду прафесійных дасягненняў сярод майстроў вытворчага навучання «Майстар года – 2024», ініцыятарам і арганізатарам якога выступае Міністэрства адукацыі і непасрэдна Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі, расказала карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» начальнік цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння прафесійнай адукацыі РІПА Наталля Галубоўская.

Мэтай спаборніцтва з’яўляецца павышэнне прафесіяналізму і сацыяльнага статусу майстроў вытворчага навучання ўстаноў прафесійнай адукацыі, назапашванне перадавога педагагічнага вопыту і ўзмацненне прафарыентацыйнай работы.
У заключным этапе прымаюць удзел прадстаўнікі кожнай вобласці і Мінска, якія сталі пераможцамі ў папярэдніх спаборніцтвах у шасці кампетэнцыях:
Брэсцкая вобласць – Ала Пракурат з Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа (спецыяльнасць «Выканаўца мастацка-афарміцельскіх работ»);
Віцебская – Кацярына Карчэўская з Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа («Швачка»);
Гомельская – Вячаслаў Янаў з Гомельскага дзяржаўнага каледжа электронікі і інфармацыйных тэхналогій («Электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання»);
Гродзенская – Міхаіл Аўсейчык з Гродзенскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа імя Івана Шчаснага («Слесар па рамонце аўтамабіляў»);
Магілёўская – Аляксандр Валчкоў з Магілёўскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа («Электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання»);
Мінская – Кацярына Волкава з Барысаўскага дзяржаўнага каледжа («Цырульнік»);
Мінск – Павел Максімаў з Мінскага дзяржаўнага каледжа кулінарыі («Кухар»).
У фінале ўдзельнікі выступяць у чатырох розных па фармаце модулях. Так, першы ўяўляе сабой творчую візітоўку. Майстры вытворчага навучання ўжо выслалі журы свае прэзентацыі ў выглядзе відэаматэрыялаў, якія прадстаўляюць іх як прафесіяналаў і як асоб. Мерапрыемствы другога модуля – «Педагагічнае майстэрства» – адбудуцца на базе ўстаноў прафесійнай адукацыі, дзе працуюць канкурсанты. Трэба будзе прадэманстраваць прафесійныя веды і навыкі ў правядзенні адкрытага ўрока па прадмеце «Вытворчае навучанне». У модулі «Майстар-клас» удзельнікам прапануюць практычнае заданне па той спецыяльнасці, якой яны вучаць сваіх выхаванцаў. Яно будзе выконвацца ў рэжыме рэальнага часу на базе іншых навучальных устаноў. У спісе – Мінскі дзяржаўны каледж рамесніцтва і дызайну імя М.А. Кедышкі (спецыяльнасць «Выканаўца мастацка-афарміцельскіх работ»); Мінскі дзяржаўны каледж індустрыі моды («Швачка»); філіял РІПА «Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж імя акадэміка М.С. Высоцкага» («Слесар па рамонце аўтамабіляў»); Мінскі дзяржаўны каледж мантажных тэхналогій і транспартнай лагістыкі («Электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання»); філіял Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта «Мінскі дзяржаўны тэхналагічны каледж» («Цырульнік»); Слуцкі дзяржаўны каледж («Кухар»). Чацвёрты модуль называецца «Прафесія – новы фармат». Удзельнікі прэзентуюць прафарыентацыйную работу, у якой будзе прадстаўлены вобраз сучаснага рабочага, адлюстраваны запатрабаванасць рабочых спецыяльнасцей на рынку працы і ўзаемадзеянне з арганізацыямі – заказчыкамі кадраў.
У арганізацыі і правядзенні конкурсу заказчыкі кадраў прымаюць актыўны ўдзел. Дарэчы, ён працягнецца да 27 верасня, а ўзнагароджанне пераможцы будзе прымеркавана да Дня настаўніка. Па кожным модулі створана асобнае журы, у якое ўваходзяць прадстаўнікі РІПА, эксперты рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў прафесійнага майстэрства.
Ала КЛЮЙКО
Фота на прэўю з архіва рэдакцыі, выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі





