Настаўніца пачатковых класаў Пучынскай базавай школы Дарына Трацэвіч гэтым летам зноў будзе працаваць у загарадным аздараўленчым лагеры “Парэчча”. Ёй, пераможцы сёлетняга спаборніцтва сярод маладых спецыялістаў арганізацый Пінскага раёна, энергіі і крэатыву не займаць. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Хто рана ўстае…
Дарына Аляксандраўна, як і яе маленькія вучні, родам з Піншчыны, з вёскі Парэчча. Калі пасля заканчэння Парэцкай базавай школы імя Яўгеніі Янішчыц прыйшоў час вызначацца з будучыняй, дакладна вырашыла для сябе стаць настаўніцай пачатковых класаў і вучыць дзетак на роднай палескай зямлі.
— Я лічу, што роля першага настаўніка ў фарміраванні асобы дзіцяці вельмі вялікая. Ад яго не менш, чым ад педагогаў-прадметнікаў, залежыць, якіх мы ў будучыні атрымаем юрыстаў, эканамістаў, аграрыяў, вытворцаў. Калі ён пазітыўны, зацікаўлівае вучняў новымі ведамі і ва ўсім дапамагае, ім будзе лягчэй асвоіцца ў школе і палюбіць вучобу. Менавіта такім настаўнікам я і імкнуся быць, — адзначае мая суразмоўніца.
На думку маладога педагога, ёй пашанцавала з першай настаўніцай Юліяй Уладзіміраўнай Каспяровіч. Яна была шчырай, справядлівай, уважлівай да дзяцей. Іх клас складаўся з пяці дзяўчынак. Усе яны пасябравалі і захоўваюць добрыя адносіны да гэтага часу. Адна з былых аднакласніц у далейшым стала яе аднагрупніцай па Пінскім педагагічным каледжы, а потым і калегай — выкладае ў адной са школ Пінска.
У Пучынскай базавай школе Дарына Трацэвіч працуе ўжо два гады і мае намер тут застацца. Спачатку яна наймала кватэру непасрэдна ў вёсцы Пучына, цяпер перабралася жыць у Пінск. Каб раніцай паспець на прыгарадны аўтобус, устае а 5-й гадзіне. Прызвычаілася да такога раскладу і бачыць у ім свае плюсы. Прыязджаючы на работу загадзя, асноўную падрыхтоўку да заняткаў ажыццяўляе раніцай — на свежую
галаву.
Паколькі школа малакамплектная, класы тут невялікія. Гэта дазваляе педагогам удзяляць вучням максімум увагі, будаваць вучэбную і выхаваўчую траекторыю з улікам індывідуальных асаблівасцей кожнага. Дарына Аляксандраўна адзначае, што была прыемна здзіўлена, калі ў першы клас дзеці прыйшлі даволі падрыхтаванымі. Імкнецца замацаваць іх матывацыю да вучобы, даць трывалыя веды, дапамагчы развіць патэнцыял. Задаволена тымі поспехамі, якіх яны разам дасягнулі за два гады навучання.
Кола дзейнасці педагога не абмяжоўваецца толькі пачаткоўцамі. Яна актыўна задзейнічана ў самых розных выхаваўчых мерапрыемствах школы. Вядзе школьную старонку ў Instagram. Суправаджае вучняў розных класаў падчас экскурсій па роднай Піншчыне і буйных гарадах нашай краіны. Разам пабывалі ў Брэсце, Мінску, Гродне, наведаўшы мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”, Нацыянальную бібліятэку, гродзенскія Стары і Новы замкі, заапарк, іншыя знакавыя аб’екты.
З задавальненнем суправаджаю нашых школьнікаў падчас экскурсій па Беларусі. Разам з імі адкрываю для сябе новыя мясціны, здзіўляюся і захапляюся.
Пад кіраўніцтвам маладой настаўніцы пучынаўскія школьнікі ўдзельнічаюць і перамагаюць у конкурсах. Так, увайшлі ў лік пераможцаў раённага конкурсу відэаролікаў “Жыві з пазітывам”, зняўшы актуальны сюжэт па тэме прафілактыкі падлеткавых суіцыдаў. Паспяхова паўдзельнічалі ў раённым этапе рэспубліканскага конкурсу сямейных відэаролікаў “Тэрыторыя сям’і”, заваяваўшы дыплом у намінацыі “Нашы нацыянальныя традыцыі”. А васьмікласніца Лілія Калесніковіч атрымала дыплом ІІ ступені на абласной выставе дзіцячай творчасці “Усе дзеці таленавітыя”.
Як адна сям’я
Педагагічны калектыў Пучынскай базавай школы невялікі — восем педагогаў і дырэктар школы Міхаіл Уладзіміравіч Ляшкевіч, які таксама выкладае. Жывуць дружна, як адна сям’я. Па словах Дарыны Аляксандраўны, старэйшыя калегі з першага дня адносяцца да яе з цеплынёй і шчырасцю, ва ўсім падтрымліваюць. Настаўніцай педагога стала Галіна Адамаўна Калесніковіч, якая таксама вучыць пачаткоўцаў. Яе прафесійныя парады і гатоўнасць дзяліцца жыццёвым вопытам вельмі дапамагаюць.
Малады спецыяліст скарысталася шэрагам прадугледжаных мер сацыяльнай падтрымкі. Пасля прыезду атрымала грашовую дапамогу, так званыя пад’ёмныя, і сродкі на ўладкаванне на новым месцы жыхарства. Акрамя надбаўкі для пачынаючых педагогаў у памеры 30% акладу, якая прадугледжана па заканадаўстве, яшчэ столькі ж ёй забяспечылі згодна з калектыўным дагаворам. Раз у год выплачваюць дзве базавыя велічыні, каб хаця б часткова кампенсаваць аплату праезду на работу.
Настаўніца мае ўсе магчымасці павышаць свой прафесійны ўзровень. Акрамя заняткаў у школе маладога педагога, ёй вельмі дапамагае ўдзел у міжшкольным метадычным аб’яднанні настаўнікаў пачатковых класаў Пінскага раёна. Падчас сустрэч, якія ладзяцца на базе розных школ, педагогі са стажам дзеляцца сваім вопытам, дэманструюць эфектыўныя метады і прыёмы работы, падказваюць карысныя інтэрнэт-рэсурсы.
“Калі трэба — пабягу!”
Гарманічна ўлілася Дарына Трацэвіч у грамадскае жыццё калектыву, а яно, дарэчы, вельмі актыўнае і шматграннае. І як было не ўліцца, калі калегі падаюць выдатны прыклад. Усе восем педагогаў школы на чале з дырэктарам і дружна выходзяць на лыжны крос, і адпраўляюцца ў велапрабег.
— Дарына Аляксандраўна ў выдатнай спартыўнай форме, актыўная, адкрытая для новага. На раённым злёце прафсаюзнай моладзі ўвайшла ў каманду па пейнтболе. На прафсаюзных спаборніцтвах “Спартмікс” паспрабавала свае сілы ў дартсе і скалалажанні. Нядаўна ўдзельнічала ў валейбольнай гульні з выпускнікамі нашай школы. Былі спаборніцтвы па бегу, пытаюся ў яе: “Вы калі-небудзь удзельнічалі ў марафоне?” Адказвае: “Не. Але калі трэба — пабягу”. І пабегла! — расказвае старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі школы Ірына Мікалаеўна Катовіч.
З усёй шчырасцю ўдзельнічае настаўніца ў мерапрыемствах ваенна-патрыятычнага профілю, якіх таксама праводзіцца шмат. Адзначае, што асабліва кранула яе цырымонія адкрыцця ў вёсцы Лышча адноўленай мемарыяльнай дошкі ў гонар лётчыкаў, якія загінулі пры вызваленні раёна ў 1944 годзе. На дошцы ўвекавечылі вернутыя з забыцця дзякуючы намаганням пошукавікаў імёны трох лётчыкаў. На цырымонію з Санкт-Пецярбурга прыехаў траюрадны пляменнік аднаго з іх, загінуўшага ўсяго ў 22 гады. Кожны з прысутных чарговы раз задумаўся аб тым, якую высокую і горкую цану заплаціла краіна за перамогу над фашызмам.
Разам з іншымі педагогамі і навучэнцамі Дарына Аляксандраўна ўдзельнічала ў акцыях “Цуды на Каляды”, “Нашы дзеці”, “Ад усёй душы”. Не раз прымярала на сябе розныя казачныя вобразы — то Снягуркі, то Чырвонай Шапачкі. Так, падчас акцыі “Нашы дзеці” павіншавалі з навагоднімі святамі выхаванцаў Забараўскага дзіцячага сада Пінскага раёна. А ў рамках акцыі “Ад усёй душы” падарылі цяпло і ўвагу ветэранам працы, якія шмат гадоў аддалі Пучынскай школе.
І ці варта здзіўляцца, што актыўная, крэатыўная, шчыра ўлюбёная ў сваю работу Дарына Трацэвіч стала пераможцай раённага спаборніцтва сярод маладых спецыялістаў арганізацый сацыяльнай сферы і сферы гандлю Пінскага раёна па выніках работы за 2023 год. Менавіта за такой моладдзю будучыня нашай краіны.
Даволі актыўна педагог плануе правесці і лета. Яна будзе працаваць на трэцяй змене ў раённым дзіцячым аздараўленчым лагеры “Парэчча”.
— Гэта будзе для мяне ўжо трэцяе лагернае лета, — дзеліцца мая суразмоўніца. — Першы раз працавала важатай у загарадным лагеры “Спадарожнік” Лунінецкага раёна яшчэ падчас вучобы ў педагагічным каледжы. Мінулым летам дзве змены была выхавальніцай у нашым “Парэччы”. Трэба сказаць, дзякуючы настаўніцкаму вопыту, які я набыла ў школе, адчувала сябе больш упэўнена. Абедзве змены прайшлі весела, ярка, запамінальна. Таму прапанавала сваю кандыдатуру і на гэтае лета. З цікавасцю чакаю новых сустрэч з дзецьмі.
Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара і з асабістага архіва Дарыны ТРАЦЭВІЧ