Адна з галоўных задач сістэмы адукацыі Міншчыны — стварыць спрыяльныя ўмовы для замацавання маладых педагогаў на рабочых месцах. Пра гэта падчас абласнога прафесійнага свята “Настаўніку Мінскай вобласці прысвячаецца”, якое сустракалі ў Нясвіжы, сказаў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

На святочнае мерапрыемства былі запрошаны 200 лепшых педагогаў Міншчыны.
— Традыцыя збірацца разам і віншаваць настаўнікаў вобласці даўняя, — заўважыў Мікалай Башко. — Але ў Нясвіжскім замку мы сустракаемся ўпершыню. Думаю, антураж гэтага старажытнага месца дазволіць кожнаму педагогу адчуць гордасць за сваю краіну.
Мікалай Башко нагадаў, што ў цэнтральным рэгіёне працуюць 29 000 настаўнікаў. Выключна дзякуючы ім, сістэма адукацыі вобласці дасягае высокіх вынікаў па многіх кірунках. Штогод у навучальныя ўстановы Міншчыны прыходзяць ад 800 да 1200 маладых спецыялістаў. Начальнік галоўнага ўпраўлення адзначыў, што адна з галоўных задач сістэмы адукацыі — стварыць спрыяльныя ўмовы для іх замацавання на рабочых месцах. Прынамсі, у рэгіёне для прафесійнага росту педагогаў створаны ўсе ўмовы.
У мінулым навучальным годзе 68% выпускнікоў школ Мінскай вобласці паступілі ва УВА, 243 абітурыенты атрымалі 100 балаў падчас здачы цэнтралізаваных экзаменаў і тэсціравання па вучэбных прадметах.
Асобная гордасць Міншчыны — пераможцы міжнародных алімпіяд. Сёлета вучні заваявалі 69 узнагарод падчас удзелу ў адпаведных спаборніцтвах. Навучэнцы каледжаў з рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў прафесійнага майстэрства прывезлі 37 медалёў і 52 дыпломы.
— У 85-гадовай гісторыі Мінскай вобласці многа знамянальных дат, — звярнуўся да гасцей мерапрыемства начальнік галоўнага ўпраўлення. — У гэты летапіс упісаны яркія падзеі сістэмы адукацыі, якая даказала сваю канкурэнтаздольнасць і тое, што ў нас працуюць выдатныя людзі, якія здольны знайсці ключык да кожнага дзіцяці.

Падчас абласнога свята нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі” былі ўзнагароджаны дырэктар Смілавіцкага дзяржаўнага каледжа Юрый Корсік, дырэктар Барысаўскага дзяржаўнага каледжа Марына Несцярэнка, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце клецкай сярэдняй школы № 1 Святлана Палівода, дырэктар сярэдняй школы № 4 Салігорска Сталіна Санько, дырэктар Слуцкага цэнтра творчасці Вольга Ярашэвіч.
Мікалай Башко ўручыў ганаровыя граматы галоўнага ўпраўлення па адукацыі выхавальніку дашкольнай адукацыі дзіцячага сада № 5 Любані Ірыне Ахрамейка, намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Лагойска Вользе Галушцы, настаўніцы хіміі Жодзінскай жаночай гімназіі Валянціне Гранстрэм, настаўніцы хіміі сярэдняй школы № 4 Чэрвеня Галіне Равінай, настаўніцы пачатковых класаў Рубяжэвіцкай сярэдняй школы Стаўбцоўскага раёна Ніне Рагозе, метадысту Нясвіжскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Марыне Скрабец, педагогу дадатковай адукацыі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Смалявіцкага раёна Наталлі Шведавай і настаўніцы беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 4 Дзяржынска Святлане Шпакоўскай.
Перад калегамі са сваёй прэзентацыяй выступілі фіналісты рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” Міншчыны.
Наталля САХНО
Фота аўтара





