У сталіцы падведзены вынікі дыстанцыйнага конкурсу «Лепшы сайт установы адукацыі». Абсалютным пераможцам і ўладальнікам гран-пры прызнаны сайт дзіцячага сада № 569 Мінска, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Конкурс праводзіўся Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі з мэтай удасканалення інфармацыйнага сегмента адукацыйнай інтэрнэт-прасторы. Сёлета ў ім зарэгістраваліся 352 удзельнікі з Брэста, Віцебска, Гродна, Гомеля, Мінска, Магілёва, Ліды, Полацка, Барысава, Салігорска і іншых населеных пунктаў краіны.
Журы ацэньвала дызайн сайта (знешні выгляд рэсурсу, у тым ліку галоўнай старонкі, адзіны стыль выканання, наяўнасць аўтарскіх ідэй распрацоўшчыка, арыгінальнасць афармлення, магчымасць атрымання хуткага доступу да любой інфармацыі), яго змест (адэкватна падабраны матэрыял для размяшчэння ў Сетцы, структураваны, коратка і дакладна выкладзены, актуальны, карысны, захапляльны), інавацыйнасць (навізна і арыгінальнасць адукацыйных і метадычных матэрыялаў, наяўнасць адукацыйных анлайн-тэхналогій: віртуальныя ўрокі, выхаваўчыя мерапрыемствы, тэсціраванне, матэрыялы для самаадукацыі, уласных распрацовак для выкарыстання ў адукацыйным працэсе). Сярод крытэрыяў ацэнкі — інтэрактыўнасць (ацэньвалася магчымасць не толькі чытаць і праглядаць інфармацыю, выстаўленую на сайт, але і актыўныя дзеянні наведвальніка: арганізацыя пошуку на сайце, удзел у апытаннях, магчымасць адаслаць ліст па электроннай пошце аўтару, удзел у форуме або чаце, магчымасць пакінуць запіс у гасцявой кнізе, блогу), тэхналагічнасць (узровень зручнасці сродкаў навігацыі, сумяшчальнасць з рознымі тыпамі браўзераў і адрознівальнай здольнасцю экрана, хуткасць загрузкі, чытальнасці тэкстаў, узровень тэхнічнай навізны выкарыстаных сродкаў, web-тэхналогій і інш.), а таксама запатрабаванасць (наведвальнасць сайта бацькамі, педагогамі, наяўнасць водзываў, каментарыяў і г. д.).
У намінацыі «Лепшы сайт органа кіравання адукацыяй» дыпломам І ступені адзначаны сайт упраўлення па адукацыі адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска, «Лепшым сайтам вышэйшай установы адукацыі» прызнаны інтэрнэт-партал Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, а «Лепшым сайтам установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі» — сайт Цэнтра тэхнічнай і мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна Мінска «Зорка».
Лепшымі ў сваіх намінацыях таксама сталі сайты філіяла Мінскага радыётэхнічнага каледжа БДУІР, спецыяльнага дзіцячага сада № 16 Ліды, дзіцячага сада № 239 Мінска, а таксама Мінскага гарадскога адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Лідар».
Перамогу ў намінацыі «Лепшы сайт установы агульнай сярэдняй адукацыі» святкавалі гімназія № 7 Мінска імя В.І. Лівенцава, сярэдняя школа № 160 Мінска і сярэдняя школа № 80 Мінска.
Лепшымі тэматычнымі сайтамі прызнаны інтэрнэт-парталы рэсурснага цэнтра гімназіі № 39 Мінска, электронны абітурыент БДУІР, Welcome to Belarus Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа, а лепшым блогам педагога стаў персанальны сайт настаўніка гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 15 Мінска Вольгі Ганчар.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара