Лета за партай: настаўнікі ў Альхоўцы

- 19:18Портфолио

“Няхай каляндар не ўводзіць вас у зман. У вашым годзе роўна столькі дзён, колькі вы правялі з карысцю. У аднаго чалавека год змяшчаецца ў адным тыдні, а ў другога тыдзень каштуе цэлага года”. І кожны, каму пашчасціла прыняць удзел у курсах павышэння кваліфікацыі ў межах XXXII метадычнага летніка настаўнікаў і метадыстаў, падпішацца пад кожным словам Чарльза Рычарда, якому належыць гэтае выказванне.

Павышэнне кваліфікацыі праходзіла па тэме “Супрацоўніцтва і ўзаемнае навучанне настаўнікаў як эфектыўны механізм прафесійнага развіцця”. Спачатку ўдзельнікі, а гэта настаўнікі з усіх рэгіёнаў краіны, якія выкладаюць розныя вучэбныя прадметы, на працягу месяца вывучалі тэарэтычныя аспекты гэтай тэмы на платформе дыстанцыйнага навучання Акадэміі паслядыпломнай адукацыі; а потым амаль тыдзень на базе Альхоўскай сярэдняй школы Астравецкага раёна авалодвалі эфектыўнымі практыкамі супрацоўніцтва і ўзаемнага навучання. Змест павышэння кваліфікацыі складалі два ўзаемназвязаныя модулі: 1) “Кааператыўная кампетэнтнасць настаўніка” і 2) Метадычная работа ў школе, заснаваная на прафесійным узаемадзеянні педагогаў. 

Чаму менавіта кааперацыя стала мэйнстрымам летніка? Мяркую, што прычын для гэтага некалькі. Па-першае, у сучасным свеце чалавек-адзіночка не можа разлічваць на сацыяльны поспех і самарэалізацыю, таму мы як настаўнікі павінны зрабіць усё магчымае, каб навучыць нашых вучняў працаваць у камандзе. Па-другое, кааператыўнасць з’яўляецца адной з найважнейшых кампетэнцый сучаснага чалавека, яна ўваходзіць у склад папулярнай мадэлі кампетэнцый “4К”. Па-трэцяе, каб кагосьці навучыць, неабходна самім валодаць гэтымі якасцямі, а зна­чыць, кааперацыі трэба навучыцца. Гэта не так проста, бо доўгі час значная колькасць настаўнікаў прытрымлівалася прынцыпу “хочаш зрабіць якасна — зрабі сам”. Але ў ХХІ стагоддзі ў рабоце як з дзецьмі пакалення Альфа, так і з іх бацькамі, калегамі такі падыход больш не спрацоўвае. 

У самым пачатку вучэбных заняткаў наш выкладчык прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі АПА Мікалай Іванавіч Запрудскі паабяцаў, што навучанне будзе адбывацца згодна з наступнымі прынцыпамі: 

апора на суб’ектны вопыт удзельнікаў. І гэта зразумела, паколькі кожны настаўнік валодае больш ці менш значным асабістым вопытам. На нашых курсах вучыліся больш за дзесяць настаўнікаў-метадыстаў — носьбітаў адметнага і эфектыўнага вопыту. Работа праходзіла ў адпаведнасці з цыклам Д.Колба: асабісты вопыт, яго асэнсаванне, канцэптуалізацыя, прымяненне на практыцы; 

прынцып рэлевантнасці паміж кантэнтам, які вывучаецца, і метадамі засваення гэтага кантэнту (мы вучым таму, з дапамогай чаго вучым). У нашым выпадку: вучым узаемадзейнічаць з дапамогай арганізацыі ўзаемадзеяння; 

прынцып супрацоўніцтва і ўзаемнага навучання. Многімі даследаваннямі даказана, што гэта найбольш эфектыўны спосаб перадачы і асваення новага вопыту.

Першы вучэбны дзень

Ён пачаўся з апускання ў праблему кааперацыі. Мікалай Іванавіч правёў лекцыю, у ходзе якой удзельнікі паглыбіліся ў гісторыю кааператыўнага навучання. У прыватнасці, мы са здзіўленнем адкрылі для сябе, што калісьці Сакрат вучыў студэнтаў у малых групах, уцягваючы іх у дыялог сваім вядомым “мастацтвам дыскусіі”, што ў езуіцкіх калегіумах ВКЛ паспяховыя вучні — дэкурыёны, якія засвоілі матэрыял, вучылі сваіх аднакласнікаў таму, што ўжо ведаюць і ўме­юць самі. 

Далей жадаючыя зрабіць прэзентацыю або правесці майстар-клас па тэме павышэння кваліфікацыі на працягу адной мінуты прэзентавалі сваю ідэю. У гэтым годзе быў поўны аншлаг! Большая частка ўдзельнікаў прыехала не толькі пераняць вопыт іншых, але і гатова была па­дзяліцца ўласнымі напрацоўкамі. Свой вопыт прадставілі:  

1.Эла Якубоўская і Алена Ананчыкава: “Да спазнання праз супрацоўніцтва, або Старое па-новаму” (фізіка).

2.Леанід Шафарэвіч: “Міні-ўрок у фармаце “4К” — “Вадарод і яго ўласцівасці” (хімія).

3.Вольга Званцова: “Развіццё кааператыўных здольнасцей вучняў у працэсе развіцця крэатыўных здольнасцей” (фізіка).

4.Таццяна Афанасік, Алена Бараноўская: “Алгарытм паспяховага супрацоўніцтва” (фізіка і геаграфія).

5.Юлія Некраш: “Бацькоўскія чаты: быць ці не быць?” (беларуская мова і літаратура).

Кожнае выступленне было ўнікальным! Э. Якубоўская і А.Ананчыкава ўразілі прысутных структурамі сінгапурскай методыкі, сярод якіх асобна быў вылучаны прыём “Веер пытанняў”. Сутнасць яго заключаецца ў тым, каб прадэманстраваць эфектыўную форму кааператыўнага ўзаемадзеяння падчас урока. Настаўнік загадзя рыхтуе на палосках паперы пытанні па вывучаемай тэме. Потым дае гэты веер пытанняў аднаму з навучэнцаў. Другі вучань з групы выцягвае адно пытанне, трэці — на яго адказвае, а чацвёрты ацэньвае адказ. Проста, але эфектыўна!

Леанід Шафарэвіч падзяліўся прыёмамі “Квота ідэй” і “Крэатыўная матрыца” і прадэманстраваў, як яны рэалізуюцца на занятках па хіміі падчас работы ў групах. Акрамя таго, былі прапанаваны карысныя кнігі для натхнення настаўнікаў на супрацоўніцтва, сярод якіх — “Рысавы штурм” Майкла Мікалка.

Моцнае ўражанне пакінула выступленне В.Званцовай, якая раскрыла сакрэты постарнай сесіі падчас урока-абагульнення, дзе заданне выконваецца групай. Настаўніца паказала, як якасна складзеныя патрабаванні і крытэрыі не толькі дапамагаюць групе выканаць заданне па складанні постара, але і палягчаюць ацэньванне работы вучняў у групе. 

Дуэт Таццяны Афанасік і Алены Бараноўскай прапанаваў пачаць кааперацыю з сябе і дзеля гэтага скарыстацца тэхнікай “Дэкартавыя каардынаты”. Новы погляд на кааперацыю з бацькамі прадставіла Ю.Некраш. Дзякуючы прыёмам “Японская друкавальная машынка”, “Стыкер”, удзельнікі летніка пераканаліся, што калі працаваць з бацькамі па-іншаму, разбураючы стэрэатыпы, навучыцца правільна задаваць пытанне “Што мы разам можам зрабіць, каб дапамагчы дзіцяці?”, то тады знікаюць страх і канфлікты, а вынік супрацоўніцтва задавальняе абодва бакі. 

Другі вучэбны дзень 

Адбывалася асэнсаванне ведаў і вопыту педагогаў па ўзаема­дзеянні і супрацоўніцтве з калегамі, а таксама па арганізацыі кааператыўнай дзейнасці вучняў. Мы працавалі ў межах пытанняў, якія фармулявалі ўдзельнікі дыстанцыйнай часткі курсаў павышэння кваліфікацыі. Вось некаторыя з іх. 

Алена Астапчук: “Чаму ў сутнасці паняцця “кааператыўнасць” няма скіраванасці на канкурэнтную барацьбу?”

Вольга Званцова: “Што зна­чыць “людзі скаапераваліся ў каманду”? А калі каманды збіраюцца, як часта бывае на ўроку, выпадковым чынам? Мэта — агульная, але спосабаў яе дасягнення некалькі. Яшчэ ў камандзе могуць быць два чалавекі, якія прэтэндуюць на лідарства. Вось вам і канкурэнцыя. Прыгадваецца фільм “Чаго жадаюць жанчыны” з Мэлам Гібсанам і Хелен Хант. Ці павінен фасілітатар умешвацца ў гэтыя “разборкі”? Мне спадабалася фраза “ўдзельнікі пачалі працаваць на свае схаваныя мэты” — гэта зараз паўсюль. Думаю, што адна з асноўных задач фасілітатара — здолець вывесці агульную мэту на першы план. А вы як мяркуеце?”

Наталля Літвіновіч: “Ці можна сказаць, што сацыяльны інтэлект — паняцце больш шырокае, якое ўключае ў сябе эмацыянальны інтэлект? Ці гэта проста перасякальныя паняцці? Ці больш дарэчы (асабліва ў некаторых сітуацыях) гаварыць пра змешаную мадэль: эмацыянальна-сацыяльны інтэлект?”

Анатоль Аўсейчык: “Скажыце, калі ласка, а ў чым жа заключаецца розніца паміж паняццямі “кааперацыя” і “калабарацыя”?”

Святлана Здаранкова: “Які склад каманды найбольш эфектыўны: у якую ўваходзяць толькі стратэгі ці якая ўключае і пасіўнага, і кіруемага, і ініцыятара, і стратэга? Кааперацыя, з аднаго боку, прадугледжвае перавагу мэт каманды над уласнымі, а з другога — самастойнасць і ініцыятыў­насць. Якім чынам можна дасягнуць балансу, не ўплываючы на ініцыятыўнасць адно аднаго?”

Людміла Крылова: “Калі я прымяраю сістэму “4К” на сваіх вучняў, то ў мяне складваецца агульны малюнак. Калі ж пагля­дзець на навучанне дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці (напрыклад, з аўтызмам), то разуменне кааператыўнасці парушаецца. Ці ў развіцці гэтых здольнасцей трэба мець на ўвазе нейкія іншыя патрабаванні і крытэрыі? І як “4К” павінны працаваць у сістэме спецыяльнай адукацыі?”

Наталля Кучко: “Розныя да­следаванні сведчаць: чым вышэйшы ўзровень развіцця сацыяльнага інтэлекту, тым вышэйшы ўзровень прафесійнай самарэалізацыі. Ці значыць гэта, што педагог з нізкім, ніжэйшым за сярэдні ўзровень сацыяльным інтэлектам не зможа дасягнуць пастаўленых прафесійных мэт? Можа, для гэтага дастаткова добра развітой са­цыяльнай інтуіцыі?”

Роздумы над пытаннямі, адказы на іх, дыскусіі, якія пры гэтым узнікалі cпачатку ў групах, а потым паміж усімі ўдзельнікамі, умела арганізаваная выкладчыкам камунікацыя дапамаглі ўдзельнікам грунтоўна разабрацца ў сутнасці ключавых пытанняў. Гэта дало магчымаць засвоіць тэзаўрус курса (прафесіяналізм, прафесіянальнае развіццё, сацыяльны інтэлект, кааперацыя, кааператыўнасць, кааператыўнае навучанне) і паглыбіцца ў спецыфіку настаўніцкай кааператыўнасці, вызначыць, з чаго яна складаецца.

А складаецца яна з унутранага пераканання, што кааператыўнасць — гэта неабходная для настаўніка якасць, без якой цяжка дасягнуць поспеху. А яшчэ са здольнасці і гатоўнасці супрацоўнічаць з калегамі, вучнямі, бацькамі вучняў ва ўмовах шматмернасці, непрадказальнасці, нявызначанасці адукацыйнай прасторы. Трэці аспект кааператыўнай кампетэнтнасці ўяўляе сабой ступень валодання педагогам метадамі і сродкамі арганізацыі кааператыўнай дзейнасці вучняў. Маюць для педагога значэнне і праяўленні адносін да суб’ектаў узаемадзеяння (вучняў, іх бацькоў, калег і адміністрацыі): сацыяльная ўвага, сацыяль­нае ўспрыманне і разуменне, сацыяльная інтуіцыя, сацыяльная крэатыўнасць. Усё гэта патрабуецца для забеспячэння ва ўстанове адукацыі “калектыўнай эфектыўнасці” педагогаў. 

Вучэбны дзень завяршыўся інтэрактыўнай лекцыяй М.І.Запрудскага пра кааператыўнае навучанне, падчас якой мы з дапамогай метаду інсэрт працавалі з тэкстам “Элементы (прынцыпы) каапертыўнага навучання”. Зараз мы ведаем, што патрабуецца пры падрыхтоўцы да ўрока і на саміх занятках, каб “працавалі” гэтыя прынцыпы: пазітыўная ўзаемазалежнасць навучэнцаў, развіццё­вае ўзаемадзеянне “твар у твар”, індывідуальная справаздачнасць (асабістая адказнасць), прыярытэт фарміравання сацыяльных навыкаў, рэфлексія. 

Трэці вучэбны дзень

Ён азнаменаваў сабой пераход ад канцэптуалізацыі да практыкі. Пачаўся дзень з лекцыі М.І.Запрудскага “Метадычная работа ў школе, пабудаваная на прынцыпах кааперацыі”. Лектар яскрава прадэманстраваў наступную супярэчнасць: з аднаго боку, у нашых школах часта перавага аддаецца франтальным формам метадычнай работы, якія не прадугледжваюць узаемнага навучання і супрацоўніцтва настаўнікаў (былі прыведзены вынікі апытання дырэктараў школ, іх намеснікаў і настаўнікаў); а з другога боку, вынікі аўтарытэтных даследаванняў Дэвіда В.Джонсана, Роджэра Т.Джонсона (ЗША), Я.С.Полат (Расія), Дж.Хэцці (Аўстралія), А.Шляйхера (Германія) пераканаўча паказалі перавагі кааперацыі і над канкурэнцыяй, і над стратэгіяй індывідуалізму. 

Потым усе настаўнікі былі падзелены на групы, каб ра­зам з калегамі распрацаваць і прадставіць групавыя праекты з рознымі формамі супрацоўніцтва і ўзаемнага навучання. Заўважым, што гэта вельмі добра спрацавала: парт­нёрамі кожнага сталі калегі, з якімі раней яны не працавалі, у асноўным настаўнікі іншых прадметаў. Гэта спрыяла развіццю важных сацыяльных навыкаў: узгадняць мэты, слу­хаць адно аднаго, браць на сябе адказнасць за пэўную частку агульнай справы і г.д. Для выканання былі прапанаваны наступныя праекты: “Кейс-ста­дзі”, “Коўчынг”, “Дэбаты”, “Урок для дарослых”, “Майстэрня будучыні”, “Сінгапурская методыка”, “Урок з дамінантай супрацоўніцтва і ўзаемнага навучання школьнікаў”.

Чацвёрты вучэбны дзень

Гэта быў дзень, які зноў зацягнуў усіх настаўнікаў у кааперацыю як у вір! З самага ранку ў розных куточках школы можна было ўбачыць, як групы дапрацоўваюць зробленае напярэдадні, рыхтуюцца да прэзентацый адукацыйных прадуктаў. А потым настаў час Х — прадстаўленне праектаў.

Адкрыла сесію Святлана Здаранкова, якая са сваёй камандай (Марына Дудойць, Надзея Жвавая, Святлана Жыгала) прадэманстравала праект урока па астраноміі “Зорнае неба” з дамінантай супрацоўніцтва і ўзаемнага навучання школьнікаў не толькі на занятках, але і пры арганізацыі навучання старэйшымі вучнямі навучэнцаў малодшых класаў на занятках па прадмеце “Чалавек і свет”. 

Яшчэ адной запамінальнай распрацоўкай, якая дэманстравала ўзаемнае навучанне, стаў урок групы настаўнікаў, у склад якой увайшлі Наталля Кучко, Ала Шыдлоўская, Галіна Дудко, Аксана Іодка, Алена Астапчук і аўтар гэтых радкоў. У якасці вучняў выступілі нашы калегі, склад якіх таксама быў вызначаны выпадковым чынам. Карыснай для нас была дапамога кансультантаў. Мы прадэманстравалі, як працуюць структуры сінгапурскай методыкі на аснове матэрыялаў па тэме “Купалле”. Асаблівую ўвагу назіральнікаў прыцягнулі структуры “Менедж мэт”, “Хай файв” і “Фідбэк” падчас пошуку фэйкаў і абмену фактамі пра святкаванне і традыцыі Купалля.

Потым выступілі Вольга Званцова, Юля Паўлава, Наталля Літвіновіч і Ягор Філіпаў, якія працавалі над кейс-метадам. Гэтая група прапанавала распрацаваць рашэнні для даволі тыповай сітуацыі, калі да дырэктара школы звяртаюцца бацькі, якія не задаволены настаўнікам і хацелі б яго замяніць. Па рэакцыі ўдзельнікаў летніка, сярод якіх былі дырэктары і намеснікі дырэктараў школ, было бачна, што прапанаваны кейс сапраўды актуальны. Групе настаўнікаў, якія павінны былі прапана­ваць свае варыянты выхаду з канфліктнай сітуацыі, неабходна было прадугледзець рашэнні для дырэктара, настаўніка, ад якога хочуць пайсці, і настаўніка, якому бацькі жадаюць аддаць сваё дзіця. Асаблівасцю гэтай формы работы з’яўляецца адсутнасць адзінага правільнага рашэння, бо кейс прадугледжвае набор магчымых дзеянняў, а не нейкую абавязковую паслядоўнасць.

На змену кейсу прыйшла “Майстэрня будучыні” ад Таццяны Багдановіч, Таццяны Афанасік і іх калег пад назвай “Арганізацыя кааператыўнага навучання вучняў на вучэбных занятках”. Удзельнікі летніка даведаліся аб абавязковых этапах правядзення гэтай сімуляцыі, такіх як вызначэнне праблемы, этап крытыкі, этап прэзентацыі, стварэнне мадэлі будучыні, прадстаўленне і абарона мадэлі, рэфлексія. 

Наступнай формай кааперацыі ў дзеянні быў урок для дарослых ад Веранікі Васільевай і яе каманды (Алена Бараноўская, Таццяна Казак, Людміла Крылова, Алена Пракопчык), прысвечаны грынвошынгу і выкарыстанню прыёмаў медыя­адукацыі. Падчас урока ўдзельнікі паспрабавалі высветліць, ці сапраўды маркіроўка “эка” на розных таварах адпавядае таму, што ўнутры, або гэта маніпуляцыя маркетолагаў, і ці можна прыцяг­нуць да адказнасці нядобрасумленных вытворцаў. Назіральнікі гэтага ўрока прааналізавалі яго і выказалі сваё меркаванне.

Каманда Вольгі Кецко прадставіла кіраўнічую тэхналогію коўчынгу. На сваім міні-майстар-класе педагогі паказалі, як настаўніку наладзіць узае­мадзеянне з вучнямі, якія рэгулярна не выконваюць дамашняе заданне. У якасці падарунка Вольга Анатольеўна, якая з’яўляецца сертыфікаваным коўчам, падарыла ўдзельнікам моцныя адкрытыя пытанні, якія дапамагаюць прыйсці да ўзаемаразумення ў рамках трохвугольніка “настаўнік — вучань — бацькі”.

Навык задаваць правільныя пытанні і знаходзіць важкія аргументы спатрэбіўся ўдзельнікам яшчэ аднаго мініпраекта. Максім і Людміла Мікуліч, Леанід Шафарэвіч, Дзмітрый Бондар, Таццяна Мікульчык і Юлія Некраш прадстаўлялі дэбаты па тэме “Навучанне на падставе канкурэнцыі больш эфектыўнае, чым на падставе супрацоўніцтва”. Якасныя аргументы, абгрунтаваныя доказы прывялі іх да перамогі.

Апошні вучэбны дзень

Кожны меў слова і адказаў на пытанні: “Што змянілася ў маіх уяўленнях аб кааперацыі, аб метадычнай рабоце? Што і чаму з засвоенага на курсах я планую прымяняць у працэсе ўзаемадзеяння з калегамі, на вучэбных занятках з вучнямі, у зносінах з іх бацькамі? Як я гэта буду рабіць?” 

У развітальным коле педагогі выказалі свае пачуцці, адзначылі задаволенасць і навучаннем, і адпачынкам, выказалі ўдзячнасць Акадэміі паслядыпломнай адукацыі за арганізацыю гэтага вельмі карыснага адукацыйнага мерапрыемства, выкладчыку, а таксама Альхоўскай і Міхалішкаўскай школам за стварэнне найлепшых умоў для ўдзельнікаў праекта. Нао­гул, пра XXXII Рэспубліканскі метадычны летнік можна шмат расказаць і напісаць, але, на мой погляд, самае яркае параўнанне знайшоў адзін з удзельнікаў сёлетняга летніка дырэктар сярэдняй школы № 10 Жлобіна Алег Купрацэвіч: “Альхоўка — гэта актуальныя веды і новы вопыт; неверагодны феерверк уражанняў, пачуццяў і шчырых эмоцый, якія натхняюць на творчасць і новыя сустрэчы!”

Вераніка АРЛОВА,
настаўнік-метадыст, настаўніца англійскай мовы гімназіі
імя Я.Купалы Мазыра.
Фота Анатоля АЎСЕЙЧЫКА.