“Кожны бачыць, што аздараўленне і выхаванне дзяцей — у прыярытэце для органаў мясцовай улады”, — падкрэсліла ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” дырэктар выхаваўча-аздараўленчага лагера “Буравеснік” Ірына Сямашка. Летнік, які зрабілі на базе былой школы, за 5 гадоў стаў любімым месцам адпачынку для дзяцей Міншчыны.
“Працуйце як гаспадары” — вядомы наказ Прэзідэнта. Кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт на неабходнасці аднаўлення наяўнай інфраструктуры ў раёнах. “Яна нам спатрэбіцца, — сказаў ён. — Ні ў якім разе не раздаваць і не разбураць, чаго б гэта ні каштавала”.

Прадвеснікі бурлівага жыцця
Лашанская сярэдняя школа 1979 года пабудовы функцыянавала да 1 верасня 2014 года. У той жа час рашэннем Уздзенскага райвыканкама будынак перадалі ў аператыўнае кіраўніцтва раённай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, правялі маштабны капітальны рамонт з мэтай перапрафілявання на спартыўна-аздараўленчы лагер. Літаральна з таго часу былая Лашанская школа зажыла новым жыццём. Спартыўныя і актыўныя хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі адпачывалі ў кругласутачным спартыўна-аздараўленчым лагеры “Алімпіец”, але і трэніраваліся. Гэтаму спрыяла выдатная спартыўная база. Так, у фармаце дзевяцідзённых змен лагер дзейнічаў да 2020 года.
Менавіта ў той час наспела неабходнасць стварэння ў раёне стацыянарнага лагера для летняга аздараўлення дзяцей. Калі дакладней, у сакавіку таго ж года райвыканкамам было прынята рашэнне “Аб стварэнні дзяржаўнай установы адукацыі “Дзіцячы аздараўленчы лагер “Буравеснік” Уздзенскага раёна”. На парадку дня стаяла пытанне выпрацоўкі новых змястоўных падыходаў у яго рабоце. У хуткім часе з дзіцячага аздараўленчага ён быў перайменаваны ў выхаваўча-аздараўленчы.
Нягледзячы на свой амаль што дзіцячы ўзрост, за 5 гадоў работы “Буравеснік” паспеў стаць любімым месцам адпачынку для дзяцей Міншчыны. Знаходзіцца ён у маляўнічым кутку вобласці — у вёсцы Крывялі Уздзенскага раёна, што непадалёк Лашанскага вадасховішча. Штогод летнік прымае на аздараўленне каля 300 выхаванцаў ад 6 да 16 гадоў і адпрацоўвае кожную змену годна, пацвярджаючы тым самым свае лідзіруючыя пазіцыі сярод аздараўленчых лагераў вобласці.
Летнік з гісторыяй
Звініць, гамоніць звонкім дзіцячым шматгалоссем “Буравеснік”. Адразу і не зразумееш, што ўсё тут падпарадкавана адзінаму працэсу, прыярытэтамі якога выступаюць у роўнай ступені выхаванне і аздараўленне.
Назву сваю летнік атрымаў невыпадкова. Яна нагадвае пра падзеі, якія адбываліся на уздзенскай зямлі ў Вялікую Айчынную вайну. У 1941—1944 гадах на тэрыторыі раёна дзейнічала больш за 20 партызанскіх атрадаў і брыгад. Адзін з іх — “Буравеснік”, вядомы па ўсёй краіне. У летніку хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі адпачываюць, але і даведваюцца пра гістарычнае мінулае Уздзеншчыны, яе герояў-партызан, падпольшчыкаў, выбітных асоб, пра іх гераічныя і плённыя справы.
Асаблівы гонар “Буравесніка”— алея памяці з 80 туй, якую заклалі на яго тэрыторыі кіраўніцтва і супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама да 80-годдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Варта адзначыць, што закладзена моцная традыцыя патрыятычнага выхавання — эстафета памяці і павагі да подзвігу мужнага пакалення.
— Алея — гэта даніна памяці тым людзям, якія загінулі, вызваляючы вёску Лоша ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і землякам, якія абаранялі родную зямлю ў гады Вялікай Айчыннай вайны, — расказваюць выхаванцы летніка.
— На мітынгу, прысвечаным 80-годдзю Вялікай Перамогі, старшыня нашага райвыканкама Дзмітрый Анатольевіч Колас акцэнтаваў увагу на гістарычнай памяці, патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, — адзначае Святлана Лятун, намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Уздзенскага райвыканкама. — Ён падкрэсліў, што дзецям важна на свае вочы ўбачыць вялікую колькасць помнікаў і абеліскаў на беларускай зямлі, каб ведаць і памятаць, якую вялікую цану наш народ заплаціў за свабоду і незалежнасць. Гэтую задачу вырашаем праз экскурсіі па памятных мясцінах нашага раёна, рэгіёна і краіны.
За планамі — справы
У “Буравесніку” створана сапраўды ўнікальнае выхаваўча-аздараўленчае асяроддзе. Працуе над гэтым дружная каманда метадыстаў і выхавальнікаў. Дзецям прапанаваны разнастайныя цікавыя праграмы вольнага часу і забаў, мерапрыемствы і заняткі. Кожная змена мае сваю тэматычную скіраванасць, але ўсе яны звязаны з нашай краінай, яе гістарычным мінулым і сучаснымі дасягненнямі, роднай мовай і культурай, дзяржаўнымі сімваламі Рэспублікі Беларусь.
Сёлета канікулы ў летніку насычаныя як ніколі. Гэта спартыўныя спаборніцтвы, турніры, летні біятлон, прыгодніцкія квесты, творчыя кірмашы і майстар-класы, дзелавыя гульні, сацыяльна карысныя акцыі, пазнавальныя віктарыны, незабыўныя паходы і экскурсіі, турзлёты, вясёлыя водныя феерыі…
Звыш 30% педагагічных работнікаў выхаваўча-аздараўленчага летніка “Буравеснік” — былыя выпускнікі школ раёна.
Спартыўная база тут проста выдатная: спартзала, валейбольная, футбольная, баскетбольная пляцоўкі, абсталявана пляжная зона для актыўных гульняў. Створаныя ў летніку ўмовы ў максімальнай ступені садзейнічаюць аздараўленню. Дарэчы, не менш важным аспектам адпачынку ў “Буравесніку” з’яўляецца клопат пра здароўе і бяспеку дзяцей. Тут кругласутачна працуе медыцынскі пункт, ёсць ізалятар з асобнымі абсталяванымі палатамі. Пытанні бяспекі таксама пад пільным кантролем. Адным словам, дзе клопат — там і давер бацькоў, і жаданы выбар дзяцей.
— У кожнай змене вы знойдзеце выхаванцаў, якія адпачываюць у нас ужо чацвёрты ці нават пяты год запар, — расказвае выхавальніца Кацярына Станкевіч. — Нават гаджэты па раскладзе ні ў кога не выклікаюць абурэння. Дзеці больш часу праводзяць за жывымі зносінамі. Пагадзіцеся, важкі аргумент. Ды і дзецям тут сумаваць не прыходзіцца.
Летнік і ў бягучым годзе працягвае свае традыцыі, плануючы аздаравіць 280 выхаванцаў за чатыры змены па 15 дзён з чэрвеня па жнівень. У астатнія месяцы ў летніку таксама кіпіць жыццё: на працягу года ён з’яўляецца базай для правядзення абласных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў і спаборніцтваў, трэніровак спартыўных каманд. У мінулым годзе тут размяшчалася зборная Рэспублікі Беларусі па міні-футболе, каманды Мінскай вобласці па тэнісе і баскетболе. Не так даўно праводзіліся штогадовыя спаборніцтвы санітарных фарміраванняў грамадзянскай абароны арганізацый Уздзенскага раёна. Па выніках лагер быў адзначаны граматай Уздзенскага райвыканкама за якасную падрыхтоўку і правядзенне спаборніцтваў.
Са знакам якасці
“Буравеснік” — летнік са знакам якасці. Тут праведзены касметычны рамонт 13 блокаў спальных карпусоў, абноўлены харчаблок у сталовай і спартыўная інфраструктура. У прыватнасці, устаноўлены параканвектамат, закуплены дадатковыя халадзільныя камеры для захоўвання агародніны і садавіны. Гэта значна палепшыла якасць гатавання ежы і захавання прадуктаў. Невыпадкова на працягу двух гадоў “Буравеснік” з’яўляецца лідарам абласнога этапу конкурсу “Лепшы аздараўленчы лагер” у намінацыі “Лепшы аздараўленчы лагер у арганізацыі харчавання” (2023 год — 2-е месца, 2024 год — 1-е месца).

— Лагер у добрым матэрыяльна-тэхнічным стане шмат у чым дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва райвыканкама і арганізацый раёна, — падкрэслівае дырэктар Ірына Сямашка. — Старшыня райвыканкама часта наведвае летнік, знаёміцца з аспектамі, над якімі працуем, трымае на кантролі пытанні як матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, так і дзяржаўнай ідэалогіі, выхавання. Кожны бачыць, што аздараўленне і выхаванне дзяцей — у прыярытэце для органаў мясцовай улады. І ўвогуле, для кіраўніка раёна ўсё, што звязана са школай, выхаваннем, — аснова ідэалогіі, грамадзянскасці. Як вынік, любая стваральная ініцыятыва на карысць будучыні знаходзіць самую шырокую падтрымку ў нашым горадзе і раёне.
Так, з’яднанасць вакол усімі любімага летніка стала вызначальным фактарам перамогі ў розыгрышы, які праводзіла студыя размалёўкі сцен.
— “Буравеснік” падтрымлівала ўся Уздзеншчына ад малога да вялікага. Заходзячы ў сацыяльныя сеткі да любога з жыхароў, гэта было відаць. Да завяршэння розыгрышу летнік набраў больш за 5500 галасоў. Вынікам стала афармленне мастакамі студыі Shakola Art трох сцен лагера крэатыўнымі малюнкамі, — нагадвае дырэктар.
Варта адзначыць, што ў “Буравесніку” дзеці заўсёды атрымліваюць максімум пазітыву, а ў канцы змены вязуць дадому не толькі добры настрой, але і граматы, медалі, прызы — часцінку запамінальнага лета. І ўсё гэта стала магчыма пры падтрымцы мясцовай улады, у выніку чаго былая Лашанская школа працягвае свой летапіс у новым статусе.
Відавочна, што аптымізацыя школ у сельскай мясцовасці — гэта планамерны, але непазбежны працэс. Але ж справа не столькі ў колькасці, колькі ў якасці. Пацвярджэнне гэтага “Буравеснік” — сапраўдны брэнд Уздзенскага раёна.
Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота аўтара





