Летняя арыфметыка

- 16:57Выхаваўчая прастора

Ці магчыма пабываць у 15 лагерах за лета? Здаецца, адказ відавочны — не. Аднак нядаўна такая магчымасць прадаставілася некаторым юным беларусам. Неверагоднае зрабіў рэальнасцю фестываль аздараўленчых лагераў “Лета — час адкрыццяў”, які прайшоў у НДЦ “Зубраня”.

Кожны год у жніўні да берагоў Нарачы з’язджаюцца на фестываль каманды — прадстаўніцы розных аздараўленчых лагераў і адукацыйна-аздараўленчых цэнтраў з усіх абласцей і сталіцы Беларусі. Удзельнікі каманд — выхаванцы і педагогі лагераў. Кожная каманда ў рамках мерапрыемстваў фестывалю прэзентуе калегам свой лагер, яго дзейнасць. Разнастайныя віды актыўнасці дазваляюць усім не проста пазнаёміцца з лагерамі — удзельнікамі фестывалю, а акунуцца ў атмасферу кожнага з іх. Сёлета на фестывалі былі прадстаўлены 14 летнікаў. Вось і атрымліваецца, што дзеці, якія ўвайшлі ў склад каманд, спачатку адпачылі ў лагеры ў сваім рэгіёне, потым пабывалі ў лагерах — удзельніках фестывалю, а яшчэ падчас правядзення фестывалю яны знаходзіліся ў “Зубраняці” і ўзялі ўд зел у мерапрыемствах НДЦ. Менавіта такім чынам ім і ўдалося пабываць у 15 лагерах. Такая вось летняя арыфметыка.

Фестываль аздараўленчых лагераў у “Зубраняці” праводзіцца штогод па ініцыятыве Міністэрства адукацыі. Сёлета ён меў назву “Лета — час адкрыццяў” і прайшоў у рамках аднайменнай рэспубліканскай акцыі. Фестываль з’яўляецца пляцоўкай для абагульнення і распаўсюджвання інавацыйнага вопыту ў арганізацыі работы лагераў.

Удзельнікам фестывалю былі прапанаваны спартыўныя і гульнявыя пляцоўкі, дыскапраграмы. Дзяцей запрасілі ў гульнявы павільён “Кожнае дзіця хоча ў “Зубраняці” і прапанавалі праграму “Формула пазітыўнага лета”. Таксама яны ўзялі ўдзел у святочных мерапрыемствах, прысвечаных дню нараджэння “Зубраняці”.

Галоўнымі падзеямі фестывалю сталі мерапрыемствы, падчас якіх прадстаўнікі лагераў маглі пазнаёміцца з работай калег, абмяняцца вопытам. Так, зрабіць гэта можна было дзякуючы выставе педагагічнага вопыту “Каб лета прайшло на ўра!”. Таксама кожная каманда расказала аб адпачынку ў сваім лагеры з дапамогай творчага выступлення дзяцей і педагогаў. Усе заяўленыя да ўдзелу ў фестывалі лагеры падрыхтавалі прэзентацыю інавацыйнага вопыту па арганізацыі лагераў розных тыпаў і профіляў і прадставілі яе на сцэне. У сваіх візітоўках каманды спявалі, танцавалі, паказвалі тэатралізаваныя мініяцюры, дэманстравалі відэа- і фотаматэрыялы — словам, рабілі ўсё магчымае, каб найбольш поўна раскрыць змест сацыяльна значнай дзейнасці лагера.

Практычныя формы і метады работы з дзецьмі ў аздараўленчым лагеры па розных напрамках выхавання і аздараўлення ўдзельнікі фестывалю прадэманстравалі на адкрытых пляцоўках.

На лідарскай хвалі

Ацаніць узровень сваёй крэатыўнасці і развіць яе з дапамогай спецыяльных заданняў прапанавалі на сваёй адкрытай пляцоўцы прадстаўнікі палатачнага лагера “Лідар WAVE”. Летняя змена для юных лідараў была арганізавана крэатыўна-інавацыйным цэнтрам Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі на базе Мінскага гарадскога адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Лідар”. Дарэчы, сёлета лагер набыў статус міжнароднага і прыняў дэлегацыю з Латвійскай Рэспублікі.

Кожны з 9 дзён змены быў прысвечаны не толькі адпачынку, але і атрыманню неабходных лідару ведаў. Так, дзеці ўсебакова разгледзелі паняцце “імідж лідара”. Для іх праводзіліся мерапрыемствы, накіравана на раскрыццё і развіццё ўласных творчых схільнасцей: дзецям давялося шукаць крэатыўныя рашэнні для выхаду з розных сітуацый. Для выхаванцаў лагера быў арганізаваны трэнінг па вывучэнні відаў, форм і гісторыі рэкламы, былі раскрыты сакрэты і хітрыкі вытворцаў рэкламы. Таксама дзеці вывучалі лагатыпы кампаній, якія спрыяюць іх паспяховаму прасоўванню на рынку, і паспрабавалі стварыць уласны лагатып. Выхаванцам лагера была прапанавана цікавая праграма па прафарыентацыі, у завяршэнні якой яны маглі прайсці субяседаванне ў сапраўднага бізнесмена — работадаўцы.

У лагеры прайшоў шэраг цікавых і карысных сустрэч. Напрыклад, з кіраўніком прадзюсарскага цэнтра Наталляй Скапец, якая падзялілася вопытам, як прэзентаваць сябе ці іншага чалавека, каб стварыць пазітыўнае ўражанне, звярнуць увагу на лепшыя якасці асобы. Выхаванцаў лагера наведаў таксама чэмпіён СССР, пераможца міжнародных спаборніцтваў, неаднаразовы чэмпіён Беларусі Алег Барысавіч Кірыенка, які расказаў, на чым грунтуецца ідэалогія ўсходніх баявых адзінаборстваў, і правёў практычныя заняткі. Майстар-клас і круглы стол, прысвечаны акцёрскаму майстэрству, правёў мастацкі кіраўнік тэатральнай студыі Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі “Адкрытая прастора” студэнт рэжысёрскага факультэта ГІТІС Данііл Філіповіч.

Акрамя тэарэтычных заняткаў, трэнінгаў і майстар-класаў, у лагеры праходзілі квесты, конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы, дыскатэкі, зборы ля вогнішча, гульні на свежым паветры, віртуальныя і рэальныя экскурсіі. Крэатыўнае плённае супрацоўніцтва кожны, хто пабываў у лагеры, пажадаў прадоўжыць і ў наступным годзе.

Юныя лідары Гродзеншчыны сёлета сабраліся ў перасовачным палатачным лагеры “ЛідарПРО”, арганізаваным Мастоўскім раённым цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі. Лагер праходзіў у маляўнічым кутку прыроды: на тэрыторыі Прынямоння, ля вёсак Дубна, Лунна, Каўшова.

Змена “ЛідарПРО” была накіравана на развіццё ўзаемаразумення і супрацоўніцтва, навыкаў каманднага ўзаемадзеяння, удасканаленне лідарскіх якасцей удзельнікаў. Кожны падлетак падчас лагернай змены змог прайсці не толькі па турыстычным маршруце, але і па шляху асобаснага росту, шляху ўдасканалення сваіх фізічных і псіхалагічных здольнасцей. Гэтаму спрыяла праграма лагера, якая складалася з квестаў, вяровачныя курсаў, ролевых гульняў, камандных спаборніцтваў. Усе заняткі дапамагалі падлеткам усвядоміць важныя ісціны: для вырашэння складаных задач неабходна зладжаная работа каманды, сапраўдны лідар — той, хто можа аб’яднаць розных асоб у адзінае цэлае. На фестывальнай пляцоўцы выхаванцы лагера “ЛідарПРО” паказалі ад зін з элементаў вяровачнага курса — гарызантальную павуціну, пераадольваць якую трэба, узяўшыся за рукі. Прайсці праз павуціну можна, толькі стаўшы сапраўднай адзінай камандай. Так атрыманы ў лагеры “ЛідарПРО” вопыт узаемадзеяння і ўзаемаразумення дзеці перадавалі ўдзельнікам фестывалю.

Адпачынак  для мужных і смелых

На пляцоўцы, што падрыхтавалі для ўдзельнікаў фестывалю дзеці з Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці, можна было навучыцца ствараць 3D-аплікацыю. У выніку атрымлівалася выява Музея пажарнай справы, які знаходзіцца ў Мсціславе. Менавіта гэты аб’ект быў выбраны невыпадкова: на пляцоўцы прэзентавалі работу аздараўленчага палатачнага лагера з кругласутачным знаходжаннем дзяцей “Юны ратавальнік”, які функцыянаваў на базе Курманаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы і быў арганізаваны калектывам гімназіі Мсціслава. Профільны лагер быў арганізаваны пры актыўным узаемадзеянні з Мсціслаўскім раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях. Навучэнцы гімназіі не толькі адпачылі і ўмацавалі здароўе ў лагеры, але і навучыліся асновам пажарнай справы.

Праграма работы лагера была разлічана на навучанне навыкам правільных дзеянняў у надзвычайных сітуацыях, выпрацоўку псіхалагічнай устойлівасці, цярпення, вытрымкі, смеласці, рашучасці, вынослівасці, пачуцця калектывізму і іншых станоўчых якасцей. Хлопчыкі і дзяўчынкі сумяшчалі трэніроўкі па пажарным спорце з актыўным удзелам у культурна-масавых і спартыўных мерапрыемствах. Інтэлектуальныя турніры, пазнавальныя віктарыны, конкурсы малюнкаў і буклетаў былі аб’яднаны тэмай пажарнай бяспекі. Вучэбныя заняткі з выхаванцамі лагера праводзілі выхавальнікі і работнікі РАНС. Кожны дзень лагернай змены будаваўся на аснове цікавых і карысных спраў, якія спрыялі самарэалізацыі дзяцей і мелі выразны выхаваўчы характар.

На суседняй з юнымі ратавальнікамі пляцоўцы шчыравалі юныя патрыёты. Дзяўчаты ў ваеннай форме дэманстравалі танцавальную прэзентацыю, у якой адлюстравалі асаблівасць дзейнасці ваеннаслужачых. Таксама на гэтай пляцоўцы ўсім жадаючым прапанавалі прымераць агульнавайскавы абарончы камплект. Усё гэта падрыхтавалі выхаванцы летняга спартыўна-патрыятычнага лагера “Юны патрыёт”, які дзейнічаў на базе Мачулішчанскай сярэдняй школы імя Герояў Савецкага Саюза І.Ц.Удавенкі і М.В.Гаманенкі.

Узгодненая, зладжаная работа калектыву педагогаў забяспечыла паспяховую работу лагера па некалькіх кірунках: патрыятычае, экалагічнае і эстэтычнае выхаванне, спартыўна-аздараўленчыя справы, развіццё творчых магчымасцей.

Так, выхаванцы лагера прайшлі курс страявой і ваенна-медыцынскай падрыхтоўкі, вывучалі дысцыплінарныя статуты Узброеных Сіл і ваенную тэхніку, здзейснілі працоўны дэсант па ўборцы тэрыторыі помнікаў на плошчы Герояў, узялі ўдзел у конкурснай праграме “Даслужыцца да генерала”, пабывалі на экскурсіі ў гісторыка-культурным комплексе “Лінія Сталіна”. Сваю спартыўную падрыхтоўку дэманстравалі ў эстафетах, турнірах па валейболе і піянерболе, свяце “Здаровы будзеш — усё здабудзеш”. Творчыя здольнасці дзеці праявілі падчас конкурсу акцёрскага майстэрства “Шоу талентаў”, на вернісажы мастакоў “Калі сонца ўсміхаецца”, гульні-сімуляцыі “Мы ідзём у госці, у тэатр, у кіно”. Кожны дзень з падлеткамі праводзіліся прафілактычныя гутаркі і інструктажы па ПДР, проціпажарнай бяспецы, прафілактыцы траўматызму і атручванняў раслінамі і грыбамі, інструктажы па правілах паводзін у час прагулак, спартыўных гульняў, эстафет, экскурсій, хвілінкі здароўя. Асаблівае месца сярод праведзеных мерапрыемстваў заняў двухдзённы турыстычны паход па распрацаваным маршруце, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі прымяніць усе свае веды і здольнасці на практыцы.

Летнік — тэрыторыя творчасці

Летнікі сталі сапраўднай тэрыторыяй творчасці, дзе рэалізоўваліся таленты дзяцей. Так, аматараў танцаў Палац дзяцей і моладзі “Золак” Заводскага раёна Мінска запрасіў у выязны кругласутачны палатачны лагер “Dance крок”. Лагерная змена была прысвечана вывучэнню гісторыі танца праз вывучэнне сусветнай гісторыі і гісторыі сваёй краіны.

9 дзён змены лагера былі прысвечаны 9 гістарычным і культурным эпохам — ад эпохі першабытнага грамадства да трагічных і гераічных падзей XX стагоддзя. Мерапрыемствы кожнага дня былі накіраваны на знаёмства з асаблівасцямі культуры гістарычных эпох, дасягненнямі навукі, развіццём танцавальнай культуры ў гэты перыяд.

Выхаванцаў лагера чакалі майстар-класы, гульні, мастацка-літаратурныя імпрэзы, конкурсы, святы, танцавальныя батлы. Такая насычаная праграма не толькі спрыяла рэалізацыі творчага патэнцыялу дзяцей і дала ўяўленне пра танцавальную культуру і стылі розных эпох, але і дазволіла фарміраваць у падлеткаў беражлівыя адносіны да свайго здароўя, пачуццё патрыятызму і павагі да сусветнай культуры і гісторыі роднага краю.

А на Віцебшчыне адкрылася “Акадэмія кіназорак” — менавіта так называўся культурна-адпачынкавы лагер, які дзейнічаў у Браслаўскай гімназіі. Мэтай работы лагера было стварэнне ўмоў для адпачынку, аздараўлення і развіцця дзяцей сродкамі гісторыка-культурных каштоўнасцей айчыннага кінематографа і мультыплікацыі на аснове сумеснай адпачынкавай і сацыяльна-творчай дзейнасці дзяцей і дарослых.

Выхаванцы лагера змаглі прымераць на сябе кінематаграфічныя прафесіі: пісалі сцэнарыі, стваралі дэкарацыі, рэжысіравалі, накладвалі грым, здымалі. Дзеці паспрабавалі свае сілы ў акцёрскім майстэрстве, разыгрывалі міні-скетчы на зададзеныя тэмы. Гэтыя выступленні адкрылі мноства “зорачак”. На працягу ўсёй змены хлопчыкі і дзяўчынкі працавалі над кінапраектамі. Напрыканцы змены быў арганізаваны прагляд знятых кінафільмаў. За сваю работу дзеці атрымалі ўзнагароды, і яны, зразумела, былі звязаны з кінематографам: падчас урачыстай цырымоніі ўручэння “Оскараў” былі адзначаны лепшыя акцёр і актрыса, рэжысёр, сцэнарыст, рэжысёр па спецэфектах, аператар і, вядома, лепшы фільм. Ад такіх кінематаграфічных прыгод у дзяцей засталіся найлепшыя ўспаміны.

На Брэстчыне творчых дзяцей запрашаў летні аздараўленчы лагер “Вясёлка” з кругласутачным знаходжаннем. Яго з 2013 года арганізоўваюць педагогі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Брэсцкага раёна. Гэта профільны лагер, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі маюць магчымасць на практыцы пазнаёміцца з рознымі відамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці і падзяліцца сваімі ўменнямі і навыкамі работы з рознымі матэрыяламі. У гэтым ім дапамагае арганізацыя творчай майстэрні. Яе ўдзельнікі адкрываюць для сябе патэнцыял ліста паперы, саломы, скуры, тэкстылю, шкла і іншых мастацкіх матэрыялаў, спасцігаюць іх структуру, уласцівасці. Арганізатарамі творчых майстэрань з’яўляюцца педагогі дадатковай адукацыі. Дзеці вырабляюць заколкі, кветкі, абручы, паштоўкі ў тэхніцы выцінанка, дэкарыруюць вазы і гаршкі для кветак у тэхніцы пэйп-арт, дэкупаж, ствараюць сувеніры з тэкстылю, скуры, саломкі, плятуць з газетных трубачак. З цікавасцю і жаданнем у творчых майстэрнях займаюцца як дзяўчынкі, так і хлопчыкі. Дарэчы, найбольшай папулярнасцю ў хлопчыкаў карыстаецца пляценне бранзалетаў са скураных шнуроў.

Асаблівасцю аздараўленчага лагера “Вясёлка” ў гэтым годзе стала змена прафарыентацыйнай накіраванасці “Горад профі”, якая прапанавала заняткі ў рамках прафесійных проб не толькі дэкаратыўна-прыкладнога напрамку, але і па ўсіх тыпах прафесій.

Тэрыторыяй творчасці сталі і пляцоўкі, якія прапанавалі ўдзельнікам фестывалю прадстаўнікі гэтых трох лагераў. Удзельнікі з лагера “Dance-крок” правялі майстар-клас па брэйк-дансе, выхаванцы “Акадэміі кіназорак” ладзілі на пляцоўцы тэатральную пастаноўку з удзельнікамі фестывалю ў ролях, а прадстаўнікі лагера “Вясёлка” запрасілі на майстар-клас па роспісе шкла.

Сцежкамі добрых спраў

“Поспех прыходзіць да таго, хто забяспечвае свой рост праз вырашэнне праблем іншых людзей” — такім дэвізам кіраваліся дзеці, якія сталі ўдзельнікамі профільнага кругласутачнага лагера “Юны валанцёр”, што дзейнічаў у вілейскай гімназіі № 2. Валанцёры не толькі самі здзейснілі шмат добрых спраў, але і натхнялі на годныя ўчынкі ўдзельнікаў фестывалю на сваёй пляцоўцы з дапамогай гульні “Добры след”.

Дзейнасць аздараўленчага лагера арганізавана ў рамках рэалізацыі педагагічнага праекта “Фарміраванне сацыяльнай кампетэнтнасці навучэнцаў на аснове арганізацыі добраахвотніцкай дзейнасці”, які рэалізоўваецца ў гімназіі з верасня 2016 года. Галоўная ідэя праекта — з дапамогай добраахвотніцкай дзейнасці дасягнуць умацавання сацыяльных адносін, заснаваных на партнёрстве, павазе, прыняцці адрозненняў.

У лагеры праходзілі аздараўленне валанцёры атрада “Палаючыя сэрцы” і дзесяцікласнікі вілейскай гімназіі № 2. Асноўная мэта работы лагера — падрыхтоўка згуртаванай каманды паспяховых і ўпэўненых у сабе падлеткаў з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, гатовых да сумеснай сацыяльна значнай дзейнасці. Навучанне асновам арганізацыі і вядзення добраахвотніцкай дзейнасці ажыццяўлялася ў форме майстар-класаў, ролевых гульняў, вучэбных заняткаў з элементамі трэнінгу.

Змена ў лагеры была пабудавана як прыгодніцкая гульня “У пошуках “палаючага сэрца”. Дзеці кожны дзень стараліся здзейсніць добрую справу, каб стаць уладальнікам узнагароды — “палаючага сэрца”. Яны пабывалі на Вілейскай выратавальнай станцыі, дапамаглі ў добраўпарадкаванні тэрыторыі, на пляжы Вілейскага вадасховішча валанцёры расклейвалі інфармацыю аб бяспечным адпачынку на вадзе, прыбіралі смецце. Два дні былі прысвечаны зносінам з дзецьмі з абмежаванымі магчымасцямі з Вілейскага ЦКРНіР. Разам з імі валанцёры здзейснілі паход ва ўрочышча Дубаўка, наведалі станцыю юных натуралістаў, выхаванцы лагера дапамаглі правесці спартландыю.

Родны край любі і спазнавай

“Беларусяняты” — такую ласкавую назву з гонарам насіў аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем, які быў арганізаваны на базе Валеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці. Яго юныя выхаванцы — дзеці ад 6 гадоў да 10 гадоў — летні час выкарысталі для таго, каб лепш спазнаць сваю Радзіму. Да гэтага яны заклікалі і ўдзельнікаў фестывалю, правёўшы на адкрытай пляцоўцы цікавую віктарыну і творчыя конкурсы.

Праект лагера быў арыентаваны на выхаванне патрыятычнага, сацыяльна актыўнага школьніка, развіццё яго маральнай самасвядомасці і ўключаў у сябе пазнавальную, даследчую, прыродаахоўную, працоўную дзейнасць, розныя віды аздараўлення, адпачынку і выхавання дзяцей.

Праект змены можна параўнаць з лесвіцай, у якой было 18 прыступак. Кожны дзень — адна з прыступак, па якіх трэба было падняцца, каб падчас закрыцця змены сказаць: “Мы ведаем пра сваю Радзіму дастаткова, каб з гонарам звацца “беларусянятамі”!”

Для стварэння ў школьным лагеры атмасферы зацікаўленасці была арганізавана і праведзена калектыўная творчая справа “Вы яшчэ не прызналіся ў любові да Беларусі? Тады мы ідзём да вас!”. Дзеці стваралі рэкламныя ролікі, у якіх расказвалі пра Беларусь. У аснове стварэння кожнага роліка ляжала пазнавальна-даследчая дзейнасць, якая ажыццяўлялася двума атрадамі — “Юныя даследчыкі” і “Юныя краязнаўцы” — пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў-выхавальнікаў, бацькоў, партнёраў. Так з’явіліся ролікі пра брэндавую кветку Беларусі, беларускі лён, народныя песні, Герояў Беларусі, трактары, спартсменаў, славутасці і многае іншае. Кожны атрад здзяйсняў даследаванне, ствараў ролік, а потым прэзентаваў яго ўдзельнікам лагера. Педагогі лагера прыдумалі для “беларусянят” яшчэ многа цікавых і значных спраў, каб кожны з іх адчуў уласную адметнасць, адказнасць за прыгажосць і дабрабыт роднага краю.

Наперад да прыгод

Якое ж лета без паходаў, падарожжаў і прыгод? Аматары турызму з нецярпеннем чакалі наступлення сезона начовак у палатках і гатавання ежы ў паходным кацялку. Летнія лагеры далі юным турыстам магчымасці здзейсніць свае мары.

Выхаванцы турыстычнага перасовачнага палатачнага лагера “Азімут” Асіповіцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Магілёўскай вобласці здзейснілі шматдзённы паход па родным краі.

151 кіламетр па Свіслачы да Свіслачы — такім было гэтае падарожжа. Маршрут пралягаў па рацэ Свіслачы ад аграгарадка Дукора Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці да вёскі Свіслачы Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Дзеці прайшлі водны паход першай катэгорыі складанасці і атрымалі 3 спартыўныя разрады.

Група наведала рэшткі Свіслацкага замка, помнік на магіле савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў час вайны ў вёсцы Лапічы, Свята-Петрапаўлаўскі храм, мемарыяльны комплекс у гонар землякоў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Вяззе, фабрыку кардону ў вёсцы Светлы Бор, паляўнічую сядзібу ў Лапічах, дом рыбака ў Тальцы.

Удзельнікі паходу замацавалі навыкі па зборцы і разборцы байдаркі, а таксама кіравання ёй, навучыліся правільна пакаваць і размяшчаць прадукты харчавання, рацыянальна выкарыстоўваць свае сілы, прымаць самастойныя рашэнні ў экстрэмальных сітуацыях, арыентавацца ў водным паходзе.

Была ў юных турыстаў і значная экалагічная місія — падчас паходу яны выконвалі заданне Асіповіцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя: бралі пробы вады Свіслачы і перадалі для аналізу ў Бабруйскую міжраённую лабараторыю аналітычнага кантролю; сабралі ўзоры воднай і прыбярэжнай расліннасці, зрабілі замалёўкі і фатаграфіі прыбярэжных рыб і водных насякомых; далі ацэнку антрапагенным пераўтварэнням.

А на базе Крулеўшчынскай сярэдняй школы Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці дзейнічаў профільны турыстычна-краязнаўчы палатачны лагер “Ружа вятроў”. Лагер працаваў кругласутачна і размяшчаўся на тэрыторыі ўстановы адукацыі. Кожны дзень лагера праходзіў пад подыхам свайго тэматычнага ветрыку. Кожны вечар збіраў ля вогнішча ўсіх на вячэрнюю нараду “Вецер настрою”. “Вецер адкрыццяў” спадарожнічаў дзецям у паездцы ў Глыбокае. У музеі П.В.Сухога на базе сярэдняй школы № 1 Глыбокага іх чакала знаёмства з цікавымі звесткамі з біяграфіі выбітнага авіяканструктара. “Вецер добрых спраў” прывёў у дзіцячы сад, у якім дзяцей з нецярпеннем чакалі малыя, каб разам пагуляць, пачытаць, узяць удзел у спартландыі “Нам разам весела”. У рамках аперацыі “Клопат” была аказана шэфская дапамога ветэрану Вялікай Айчыннай вайны.

“Вецер народнай культуры” веяў у вёсцы Вязынцы Маладзечанскага раёна, дзе выхаванцы лагера акунуліся ў атмасферу культурных мерапрыемстваў, прысвечаных 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы.

На працягу ўсёй змены дзеці вучыліся арыентавацца на мясцовасці і авалодвалі ведамі і ўменнямі юнага турыста, якія змаглі праявіць у двухдзённым турыстычным паходзе па маршруце “Круляўшчызна — Докшыцы — помнік спаленай вёскі Азарцы — Параф’янава — мемарыяльны комплекс “Ходараўка” — Порплішча — Валодзькі — Круляўшчызна”. Падчас паходу дзеці наведалі брацкія магілы, правялі працоўны дэсант па ўборцы тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Ходараўка”.

І калі ў лагеры падзьмуў “Развітальны вецер”, ніхто яму не быў рады. Хлопчыкі і дзяўчынкі будуць чакаць вецер новых сустрэч.

Нам ідэй не займаць

Некаторыя знаходкі і новаўвядзенні ў сферы адпачынкавай дзейнасці з цягам часу ператвараюцца ў добрыя традыцыі. Аб сваіх традыцыях расказалі на фестывалі ўдзельнікі лагера “Сожскі бераг”. Аздараўленчы лагер знаходзіцца ва ўрочышчы Чонкі непадалёк Гомеля. Яго карпусы размясціліся сярод векавых сосен, дубоў і бяроз. Кожную змену калектыў супрацоўнікаў лагера прысвячае пэўнай тэматыцы і стараецца зрабіць непаўторнай, незабыўнай. Вельмі палюбіліся педагогам і дзецям азнаямляльна-гульнявыя формы работы — падарожжы па станцыях, або прыгодніцкія квесты. Кожнае з такіх мерапрыемстваў было не толькі цікавым, але і абавязкова пазнавальным. Так, напрыклад, падарожнічаючы па станцыях гульні “Царства Берандзея”, дзеці вывучалі раслінны і жывёльны свет Беларусі.

У лагеры з’явіліся свае цікавыя традыцыі. Так, урачыстую лінейку ўпрыгожыў рытуал павязвання рознакаляровых гальштукаў, у рэжыме дня з’явілася штодзённая “спеўка”, дзе дзеці з задавальненнем усім лагерам развучвалі і спявалі любімыя песні. Яшчэ адна традыцыя — штодзённае развучванне новых гульняў. Рухавыя гульні народаў свету закліканы замяніць сядзенне з гаджэтам.
Фестываль аздараўленчых лагераў у “Зубраняці” паказаў, што ў беларускіх летніках сёлета было рэалізавана мноства цікавых ідэй і праектаў. Многім удалося ўмясціць у адной кароткай змене так многа спраў і кірункаў работы! Дзеці, пабываўшы ў лагерах, будуць з нецярплівасцю чакаць новага лета і спадзявацца, што педагогі лагераў зноў прыдумаюць для іх што-небудзь неверагодна цікавае. І педагогі, як звычайна, не падвядуць і апраўдаюць гэтыя чаканні!

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.