Лілія Счыслёнак з Клічава: «Пошукавая работа даўно перастала быць проста хобі. Лічу гэта своеасаблівым абавязкам»

- 15:15Новости

Метадыста Клічаўскага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Лілію Счыслёнак на пошукавую дзейнасць натхніў подзвіг продкаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Вялікая Айчынная забрала жыццё двух маіх дзядуляў. Іван Антонавіч Крыванос быў чырвонаармейцам, загінуў у 1944 го­дзе ў Польшчы. Мікіта Іванавіч Харлап быў удзельнікам партызанскага руху, яго забіў карны атрад гітлераўцаў. Расла на памяці аб дзядах і іх подзвігах. Цікавасць да ваеннай гісторыі фармірава­лі і месцы малой радзімы. Клічаўскі край быў партызанскай зонай, тут фашыстам давалі моц­ны адпор. Пастаянна праводзіла даследаванні біяграфій герояў, потым пазнаёмілася з кіраўніком клуба “ВІККРУ” Мікалаем Барысенкам. Ён прапанаваў стварыць у раёне асобную пошукавую групу “Ольса”, і я адной з першых уступіла ў аб’яднанне, — расказала Лілія Іванаўна.

За 15 гадоў Лілія Счыслёнак здзейсніла нямала карысных пошукавых спраў. Вялікую ўвагу ўдзяляе рабоце з архівамі і электроннымі базамі даных, шмат сустракаецца з жыхарамі раёна.

— Часта выязджаем у населеныя пункты, якія знаходзіліся побач з месцамі дыслакацыі партызанскіх атрадаў. Менавіта старажылы вёскі Мяжное ўказалі нам на прыблізнае месца падзення савецкага самалёта. Зімой 2015 года агульнымі намаганнямі клуба “ВІККРУ” і прадстаўнікоў 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна бамбардзіроўшчык быў падняты з зямлі. Крушэнне машына пацярпела ў 1943-м. Двум членам экіпажа ўдалося выратавацца, яшчэ два лётчыкі загінулі. Дзякуючы нумарным знакам на рухавіку, удалося ўстанавіць іх імёны. Загінуўшымі воінамі аказаліся стралок-радыст Вячаслаў Хайлаў і паветраны стралок Хакім Музафараў. Больш за 70 гадоў салдаты лічыліся прапаўшымі без вестак. Мы змаглі вярнуць іх з забыцця. Лётчыкі з ушанаваннямі былі перапахаваны ў гарадскім скверы, дзе ім устаноўлены помнік, — паведаміла Лілія Іванаўна. — Нядаўна пошукавікі знайшлі звесткі аб пахаванні лётчыка, расстралянага паліцаямі незадоўга да заканчэння вайны. Даведаліся таксама аб тым, што ў 1941-м адбылося падзенне самалёта далёкай авіяцыі каля Орлінскіх азёр. Будзем правяраць інфармацыю, па неабходнасці арганізоўваць раскопкі. 

Значную частку вольнага часу Лілія Счыслёнак прысвячае вывучэнню гістарычных дакументаў. Карпатлівая праца дае чаканы плён.

— Мне ўдалося адшу­каць звесткі пра баявы шлях Героя Савецкага Саюза ўраджэнца Клічаўшчыны Паўла Крываноса. Распрацавала аўтарскі пешаходны маршрут “Клічаў — дарогамі вайны, дарогамі Перамогі”. Асабісты ўклад унесла ва ўстанаўленне некалькіх фактаў генацыду на тэрыторыі раёна. Наогул пошукавая работа даўно перастала быць проста хобі. Лічу гэта своеасаблівым абавязкам, данінай памяці перад тымі, хто завая­ваў для нас сённяшняе мірнае неба, — заўважыла Лілія Іванаўна.

Мікалай Барысенка, кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба “ВІККРУ”:

— Сёння ў шэрагах клуба 23 пошукавыя групы і атрады. Гэта каля 150 чалавек, больш за 30% з якіх — педагогі. У 80-ю гадавіну перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне былі праведзены вахты Памяці па Кіраўскім, Быхаўскім, Чавускім, Магілёўскім, Клімавіцкім, Асіповіцкім і Слаўгарадскім раёнах. Падчас палявых экспедыцый удалося знайсці астанкі 101 воіна, па медальёнах і асабістых рэчах было ідэнтыфікавана 9 імён.

Усяго за 30 гадоў існавання клуба па архіўных даных былі ўстаноўлены імёны звыш 28 тысяч байцоў. Яшчэ больш за 1,8 тысячы чырвонаармейцаў разам з 52-м асобным спецыялізаваным пошу­кавым батальёнам паднялі з зямлі і перапахавалі, імёны 170 з іх вярнулі з забыцця.

Па нашай ініцыятыве ў вобласці створана 39 памятных знакаў і мемарыялаў. Энтузіястамі клуба афармляецца музей з унікальнымі экспанатамі, знойдзенымі ў ходзе раскопак. Вынікі экспедыцый адлюстроўваюцца таксама ў кнігах. Выйшлі ў свет звыш 30 метадычных дапаможнікаў і навукова-папулярных выданняў. На іх старонках — гістарычная праўда аб вайне, якая павінна перадавацца праз пакаленні.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара