Лінгвістычныя хвілінкі

- 12:23Педагагічная майстэрня

Метадычная распрацоўка мае на мэце дапамагчы настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў правядзенні мерапрыемстваў, прымеркаваных да Міжнароднага дня роднай мовы, прадметных тыдняў, вучэбных і факультатыўных заняткаў, алімпіяд, павысіць матывацыю вучняў да беларускай лінгвістыкі. Заданні разлічаны на вучняў 5—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Расшыфруйце QR-коды. Які сэнс знойдзеных вамі слоў?

Адказы: 1) Слодыч — салодкі смак. 2) Вясёлка — дугападобная паласа на небе, якая мае сем колераў. 3) Летась — у мінулым годзе. 4) Дапытлівы — цікаўны, які шмат чым цікавіцца. 5) Вечарэць — набліжацца (маецца на ўвазе вечар). 6) Яскравы — вельмі выразны, яркі (дарэчы ўжыць і слова “пераканаўчы”).

Выпраўце памылкі ў вымаўленні.

[с’к’э`м’і ц’]; [з б’ і р а` ц’]; [з ж а` ц’]; [д а р а` д ч ы к]; [р а з’й а з д н ы`]; [р а с ч а с а` ц’]. Адказы: [с к’э`м’і ц’], [з’ б’ і р а` ц’], [ж ж а` ц’], [д а р а` ч ч ы к], [р а з’й а з н ы`], [р а ш ч а с а` ц’].

Прывядзіце па тры сінонімы да кожнага слова: лагодны, прыстойны, марудны, маёмасць, захапленне, сустрэць. Прыкладныя адказы: лагодны — ласкавы, пяшчотны, дабрадушны; прыстойны — ветлівы, далікатны, інтэлігентны; марудны — павольны, карпатлівы, няспешны; маёмасць — уласнасць, уладанні, набытак; захапленне — запал, усхваляванасць, інтарэс; сустрэць — спаткаць, прывітаць, дачакацца.

Перакладзіце на беларускую мову. Каштоўным будзе не столькі даслоўны, колькі мастацкі пераклад.

Природа и то живое, что существует в ней, — вот с чего ребёнок начинает своё знакомство с окружающим его миром. Яркость восприятия природы, стремление дружить с ней и разгадывать её оставят свой след и в зрелости. К тому, кто был глух к природе в детстве, кто в детские годы не подобрал выпавшего из гнез­да птенца, не открыл для себя красоты первой весенней травы или первой звезды, взошедшей вечером на небе, — к тому потом с трудом достучатся чувство прекрасного, чувство поэзии, а быть может, и простая человеческая доброта (по Т. Тэсс).

Прыкладны адказ: Прырода і тое жывое, што існуе ў ёй, — вось з чаго дзіця пачынае сваё знаёмства з навакольным светам. Яркасць успрымання прыроды, імкненне сябраваць з ёй і разгадваць яе пакідаюць свой след і ў сталасці. Да таго ж, хто быў раўнадушны да прыроды ў дзяцінстве, хто ў дзіцячыя гады не падабраў птушаняці, якое выпала з гнязда, не адкрыў для сябе прыгажосці першай вясенняй травы ці першай зоркі, якая ўзышла вечарам на небе, — да таго з цяжкасцю дастукаюцца пачуццё прыгожага, пачуццё паэзіі, а можа быць, і простая чалавечая дабрыня (паводле Т.Тэс).

Да якога слоўніка неабходна звярнуцца ў ніжэй прыведзеных сітуацыях?

Правільнае напісанне слова; удакладненне значэння слова; пераклад слова на беларускую мову; разбор слова па саставе; тлумачэнне значэння фразеалагізма; вымаўленне слова; словаўтваральны разбор. Адказ: арфаграфічны; тлумачальны; перакладны (руска-беларускі); марфемны; фразеалагічны; арфаэпічны; словаўтваральны.

Выберыце правільны варыянт напісання слоў. Што абазначае слова “гарадзьба”? Гарадзьба — гараць­ба; прозьба — просьба; малацьба — маладзьба; касьба — казьба; барадзьба — барацьба; носьбіт — нозьбіт. Адказы: гарадзьба, просьба, малацьба, касьба, барацьба, носьбіт. Гарадзьба — агароджа, плот.

Каму з беларускіх вучоных-мовазнаўцаў нале­жаць выказванні?

1) Незвычайнае хараство і зладжанасць чуюцца нам у гучанні роднага слова. 2) Роднае слова — гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет. 3) У мове захоўваюцца гістарычная памяць народа, нацыянальная культура. 4) Па сваіх магчымасцях беларуская мова высокаразвітая і ў агульным сэнсе, і ў розных вузкіх тэрміналагічных напрамках. Для даведак: І.Л.Капылоў, Якуб Колас, А.А.Крывіцкі, В.П.Красней.

Адказы: 1) А.А.Крывіцкі. 2) Якуб Колас. 3) І.Л.Капылоў. 4) В.П.Красней.

Таццяна МОЙСА,
метадыст Дзяржынскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета.
Фота Надзеі ЦЕРАХАВАЙ.