Літсуполцы «Маладняк» сто гадоў! Да асветніцкага праекта «На хвалі часу, у плыні жыцця» падключыліся і школы

- 16:13Новости

У вялікім асветніцкім праекце “На хвалі часу, у плыні жыцця”, які рэалізавала Нацыянальная бібліятэка Беларусі разам з іншымі партнёрамі, паўдзельнічалі некаторыя сярэднія школы. Каштоўныя матэрыялы віртуальнага праекта даступныя на партале НББ, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Літаратурная імпрэза была прымеркавана да 100-годдзя ўтварэння Усебеларускага літаб’яднання паэтаў і пісьменнікаў “Маладняк” (1923—1928). Нагадаем, гэта была першая прафесійная беларуская літсуполка творчай моладзі. Сёння знаўцы прыгожага пісьменства называюць яе ўнікальнай, падкрэсліва­юць значную ролю аб’яднання ў развіцці айчыннай літаратуры. Творчыя пошукі, смелыя ідэі, бадзёрасць, “бурапен­насць” і новыя формы мастацкага выказ­вання, імкненне будаваць новы свет — усё гэта на рэвалюцыйнай хвалі захапіла апантаных юнакоў і дзяўчат. Прычым і розгалас быў немалы: спачатку невялікі гурток энтузіястаў хутка аб’яднаў больш за 300 творцаў з розных гарадоў Беларусі і нават суседніх краін. І гэта, вядома ж, стала выключнай падзеяй у грамадстве, важным крокам для наладжвання літаратурных сувязей, развіцця шырокай асветніцкай дзейнасці.

Па сутнасці, тыя нямногія “маладнякоўцы”, якіх мы сёння ведаем, — гэта ўсяго толькі надводная частка велізарнага беларускага літайсберга. Праз “Маладняк” ішлі ў літаратуру Кузьма Чорны, Змітрок Бядуля, Уладзімір Дубоўка, Міхась Зарэцкі, Язэп Пушча, Пятрусь Броўка і многія іншыя. На імпрэзе ў НББ адзначалася: для ўдзель­нікаў суполка была свое­асаблівай творчай школай, дзе яны рабілі першыя крокі ў літаратурнае жыццё.

Сярод “маладнякоўцаў” былі таксама і педагогі па адукацыі. Варта заўважыць, што да пісьменніка-настаўніка Якуба Коласа, напрыклад, у маладзейшых спачатку было крыху задзірыс­тае стаўленне — як да старога. І Янка Купала спярша быў ім не ў прыклад… Але ўрэшце тыя “дзіцячыя хваробы” прайшлі. Бо рабілі ж усе агульную асветніцкую справу, а, як вядома, на гэтай ніве ўсім хапае месца і практычна няма меж паміж адукацыяй, шырокім асветніцтвам і культурай. Кожны настаўнік — асветнік, калі ён творца ў прафесіі, а не проста прадметнік, калі ўплывае на фарміраванне светапогляду сваіх вучняў.

У час літімпрэзы “На хвалі “Маладняка” абагульняліся вынікі сумеснага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”, які рэалізуюць Нацыянальная бібліятэка, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва і Выдавецкі дом “Звязда”. Таксама адбылася прэзентацыя новага віртуальнага раздзела, прысвечанага 115-й гадавіне Яўгеніі Пфляўмбаўм (1908—1996) — паэтэсы, перакладчыцы, якая ўваходзіла ў кіраўніцтва “Маладняка”. На імпрэзе выступаў генеральны дырэктар НББ Вадзім Гігін, у ёй прынялі ўдзел даследчыкі літаратуры, спецыялісты архіваў, музеяў, бібліятэк, устаноў адукацыі, прадстаўнікі СМІ. Упрыгожылі сяброўскую сустрэчу выступленні ўдзельніц народнага літаратурнага тэатра “Жывое слова” Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

На імпрэзе адзначалася: каштоўныя маладнякоўскія матэрыялы, сабраныя даследчыкамі за 5 гадоў, цяпер даступныя ўсім на партале НББ.

Да асветніцкага праекта падключыліся і школы краіны. Гэта, у прыватнасці, 1-я школа Мядзела імя Уладзіміра Дубоўкі, у якой у 1990 годзе быў адкрыты музей гісторыі школы (ён таксама но­сіць імя пісьменніка) і дзейнічае як філіял Мядзельскага музея народнай славы. Частка музейнай экспазіцыі — гэта выданні і рукапісы Уладзіміра Дубоўкі, яго фатаграфіі, асабістыя рэчы. Там НББ раней прэзентавала прысвечаную пісьменніку вір­туальную экспазіцыю.

У Цімкавіцкай сярэдняй школе, што на Капыльшчыне, ла­дзілася літаратурна-музычная імпрэза “Пісьменнік вялікай душы” ў памяць пра Кузьму Чорнага, з прэзентацыяй віртуальнай экспазіцыі, прысвечанай яму. Удзель­нiкі праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця” наведалі гістарычна-краязнаўчы музей “Баць­каўшчына”, што ў Каменс­кай сярэдняй школе на Капыльшчыне. У музеi дзейнічае пастаянная экспазіцыя, прысвечаная пісьменніку Яну Скрыгану — аднаму з актыўных удзельнікаў суполкі “Маладняк”. Паездка ла­дзілася сумесна з яго дачкой, Галінай Іванаўнай Скрыган, з нагоды 30-годдзя з дня смерці пісьменніка.

У Паставах шануюць Ула­дзіміра Дубоўку, імем якога назвалі адну з вуліц. Пастаўскай дзіцячай бібліятэцы было нададзена імя паэта-земляка, у яго гонар адкрыта мемарыяльная дошка на будынку бібліятэкі.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара