Лізавета Карабан: немагчыма звыкнуцца з тым, што некаторыя людзі жорстка абыходзяцца з жывёламі

- 14:12Волонтеры, Новости, Проекты

“Выратаваны намі трохногі сабака стаў любімым гадаванцам у мнагадзетнай сям’і”. Для выхавальніцы дзіцячага сада № 80 Гродна Лізаветы Карабан такія цудоўныя гісторыі — лепшае пацвярджэнне неабходнасці валанцёрскай справы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Калі ў жніўні 2015 года Лізавета адгукнулася на кліч аб дапамозе зааваланцёраў грамадскага аб’яднання “Адданае сэрца”, нават не думала, што застанецца з імі на доўгія гады. У той дзень домік дабрачыннай арганізацыі па выратаванні бяздомных жывёл спасцігла бяда — адбыўся пажар. Загарэўся плот, а затым і вальеры з жывёламі. На шчасце, усіх падапечных выратавалі.

— Калі я ўбачыла, якія там сумныя сабакі, як ім не хапае ўвагі і любові, мне захацелася зрабіць іх існаванне хоць крыху лепшым, даць ім чалавечага цяпла. Маральна гэта складана — немагчыма звыкнуцца з тым, што некаторыя людзі жорстка абыходзяцца з жывёламі. Плакаць хочацца, калі бачыш няшчасную істоту, якая ні ў чым не вінавата. Сабакі, якія знаходзяцца ў нас, часцей за ўсё былі на мяжы жыцця і смерці. Іх хацелі павесіць, выкідалі ў мяшках на сметнікі, яны аказваліся збітымі машынамі на дарозе, — расказ­вае валанцёр.

Мінула ўжо некалькі гадоў. Лізавета атрымала вышэйшую адукацыю, пяць гадоў працуе ў дзіцячым садку, стала маці, але па-ранейшаму знаходзіць час на свае добраахвотніцкія абавязкі. Нягледзячы на тое, што іх вельмі шмат.

— Сёння пад нашай абаронай знаходзяцца 68 сабак і 18 катоў. Ёсць яшчэ адна хатка, дзе размя­шчаюцца выратаваныя каты. Работы хапае ўсім, улічваючы, што асноўны касцяк валанцёраў складаюць чалавек 15. У большасці гэта дзяўчаты і жанчыны. Кожны тыдзень мы распрацоўваем графік дзяжурства. Звычайна два валанцёры даглядаюць сабак і адзін катоў. Едзем туды пасля працоўнага дня, — дзеліцца Лізавета.

Перш-наперш неабходна накарміць жывёл. Калі час дазваляе, гатуюць кашу сваім падапечным з тых прадуктаў, што перадаюць неабыякавыя людзі. Калі неабходна зрабіць усё хутка, насыпа­юць сухі корм, грошы для набыцця якога ахвяруюць жыхары Гродна. Кожны вальер ці клетку чысцяць, даглядаюць жывёл, выгульваюць сабак. Акрамя гэтага, за кожным валанцёрам замацоўваецца некалькі “выхаванцаў”. Гэта патрабуе дадатковых намаганняў. Трэба не толькі сачыць за графікам выканання прышчэпак, апрацоўваць ад паразітаў, а яшчэ старанна шу­каць новы дом для чатырохногага сябра. Лізавета зараз персанальна адказная за трох сабак і аднаго ката. У кожнага з іх свая сумная гісторыя.

— Маці дзвюх маіх “дзяў­чынак” была дзікай, жыла ў нары, дзе і нарадзіла восем шчанюкоў. Людзі хацелі знішчыць іх. Мы вырашылі выратаваць сямейства. Колькіх намаганняў нам каштавала дастаць дарослую жывёліну з нары! Яе дзеткі былі яшчэ сляпымі. Прывезлі іх сюды, далі магчымасць маці падгадаваць шчанюкоў, потым стэрылізавалі яе і адпусцілі. Шасцёра малых забралі да сябе гродзенцы, а двое пакуль застаюцца з намі. Яшчэ адзін мой гадаванец — сабака Райлі. Ён з ліку тых немаўлят, што падкінулі нам у мяшку пад домік. Малыя былі кволыя, выжылі не ўсе. Райлі ўжо чатыры гады. Пакуль знайс­ці новага гаспадара не атрымліваецца. А кот жыве ў мяне дома. Яго выкінулі каля садка, дзе я працую. Не змагла прайсці міма, вырашыла: дапамагчы неабходна, — заўважае Лізавета. — Дарэчы, сабакі часта трапляюць пад колы машын. І мы выязджаем на месца дарожна-транспартнага здарэння, адвозім параненых у клініку. Каб аплаціць аперацыі, адкрываем збор сродкаў. Радуе тое, што лю­дзі адгукаюцца на нашы просьбы. Гродзенцы і жыхары раёна добра ведаюць пра “Адданае сэрца”, тэлефануюць валанцёрам, каб прапанаваць сваю дапамогу.

Знайсці новых гаспадароў — справа складаная. Дапамага­юць старонкі ў сацыяльных сетках, якія вядуць валанцёры і дзе выкладваюцца здымкі жывёл.

— Я таксама люблю фатаграфаваць. З задавальненнем праводжу фотасесіі для нашых падапечных. Напрыклад, восенню раблю кадры з сабачкамі і катамі на фоне жоўтага лісця, сярод гарбузоў. Просім людзей на час пазычыць нам касцюмы для жывёл. Здымкі атрымліваюцца вельмі мілыя, прыгожыя. А галоўнае — дапамагаюць няшчасным хутчэй трапіць у новы дом, — падкрэс­лівае Лізавета.

Яшчэ адзін абавязак валанцёра — забіраць жывёл да сябе дадому на часовае ўтрыманне. Лізавета прызнаецца, што ўзгадаць колькасць такіх гасцей зараз ёй вельмі складана — за гэтыя гады іх было шмат.

Ды і няма мэты лічыць выратаваных, на першым месцы — зрабіць усё магчымае для жывёлы. Яна не хавае, што займацца няпростай справай яе натхня­юць цудоўныя гісторыі, якія адбываюцца з падапечнымі дзякуючы добрым людзям.

— Аднойчы нам прывезлі французскага бульдога, які жыў на сметніку. У яго амаль не засталося вушэй, яны былі ўсе ў гнайніках. Мы год яго лячылі. Не думалі, што хтосьці вырашыць забраць да сябе небараку. Але ж зараз наш бульдог жыве з новымі гаспадарамі, якія яго вельмі любяць. Зусім нядаўна нам патэлефанавалі і паведамілі, што каля чыгуначнага палатна знайшоў сабе прытулак сабака, у якога няма лапы. Тыдзень мы не маглі яго знайсці: ён хаваўся ўвесь час, палохаўся людзей. Нарэшце, злавілі, адвезлі да ветэрынара. Рана была свежая, выглядала жудасна. Хутчэй за ўсё, бедалага трапіў у пастку і так вырываўся, што застаўся без лапы, — узгадвае Лізавета. — Я забрала яго да сябе, каб падрыхтаваць да аперацыі. Ён нават дакрануцца да сябе не даваў. Пасля аперацыі пачала шукаць яму часовых гаспадароў, бо пацыенту неабходны быў пастаянны догляд. На жаль, у мяне нічога не атрымлівалася. І калі я ўжо была ў роспачы, адгукнулася мнагадзетная сям’я, якая жыве ва ўласным доме. Ведаеце, яны пакінулі яго сабе. Сабака стаў лепшым сябрам для іх дзетак. Калі такія цуды адбываюцца, разумееш: ты недарма стараешся!

Марына ЖДАНАВА