Ляхавіцкія «Следапыты»: расказваем пра дзейнасць школьнага пошукава-даследчага атрада

- 16:17Новости

У сярэдняй школе № 2 Ляхавіч дзейнічае музей баявой і працоўнай славы, гонарам якога з’яўляецца пошукава-­даследчы атрад “Следапыты”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Сёння эфектыўную выхаваўчую работу з моладдзю немагчыма ўявіць без музейнай педагогікі, якая адыгрывае важную ролю ў адукацыйным працэсе ў цэлым, — гаворыць кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Віталь Толкач. — На базе школьнага музея праводзіцца мэтанакіраваная экскурсійная, пошукава-даследчая і праф­арыентацыйная дзейнасць, а таксама ладзяцца шматлікія мерапрыемствы ваенна-патрыятычнага характару. У гэтай рабоце актыўна задзейнічаны члены атрада “Следапыты”. 

Юныя пошукаўцы працу­юць з архіўнымі і музейнымі дакументамі, спецыяльнай літаратурай, СМІ і інтэрнэт-крыніцамі, перапіс­ваюцца з роднымі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і вязняў нямецкіх канцлагераў, каб усталяваць імёны салдат і мірных жыхароў, якія загінулі ці зніклі без вестак у час ваеннага ліхалецця. Гэтая работа патрабуе ад школьнікаў грунтоўных ведаў па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і зайздроснага цярпення, бо яе вынікі даволі часта бачны не адразу.

Сёння атрадаўцы шукаюць родных лейтэнанта Васіля Гаравога, лётчыка, загінуўшага 24 чэрвеня 1941 года пры выкананні баявога задання на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна.

— Вялікае месца ў пошукавай дзейнасці займае супрацоўніцтва з ваеннымі камісарыятамі і ветэранскімі арганізацыямі, якія вельмі дапамагаюць у зборы неабходнай інфармацыі і даюць каштоўныя кансультацыі, — працягвае Віталь Толкач. — Важнай часткай патрыятычнага выхавання з’яўляецца працоўная дзей­насць. Так, атрадаўцы арганізуюць акцыю “Абеліск”, добраўпарадкоўваюць брацкую магілу ў вёсцы Грушаўка і пахаванні мірных жыхароў — ахвяр фашызму на тэрыторыі гарадскіх могілак. 

Не забываюць юныя следапыты і пра шэфства над ветэранамі і вязнямі канцлагераў. На жаль, з кожным годам сведак трагічных падзей мінулай вайны ўсё менш і менш. Тым каштоўней увага і клопат да тых, хто яшчэ можа расказаць дзецям пра жахі перажытага і цану мірнага неба. Сярод іх — Уладзімір Пракапенка, адзіны жывы ветэран Вялікай Айчыннай вайны на Ляхавіччыне, і Зоя Осіпава, былы вязень нямецкага канцлагера. Школьнікі віншуюць іх з памятнымі датамі, дапамага­юць па гаспадарцы. 

— Падчас пошукавай дзейнасці музейная экспазіцыя папаўняецца новымі прадметамі, якія затым актыўна выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе, — расказвае Віталь Толкач. — Кожны з прадметаў па-свойму ўнікальны. Асабліва каштоўныя асабістыя рэчы ветэранаў, фотаздымкі ўдзель­нікаў вайны, ваенных па­дзей і мірных жыхароў таго часу. Усё гэта дапамагае больш падрабязна вывучаць старонкі гісторыі, звязаныя з малой радзімай, і выклікае вялікую цікавасць у дзяцей.

У гасцях у былога вязня канцлагера Зоі Осіпавай

Вынікам пошукавай дзейнасці атрадаўцаў з’яўляюцца даследчыя работы, многія з якіх адзначаны дыпломамі раённых і абласных канферэнцый.

Педагогаў радуе, што юныя следапыты пры выбары будучай прафесіі не пакідаюць без увагі ўстановы адукацыі ваеннага і сілавога профілю, а таксама МНС. Так, летась курсантамі Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь сталі 3 атрадаўцы, што сведчыць пра выніковую выхаваўчую і праф­арыентацыйную работу ў школе. 

Дзейнасць любога музея нельга ўявіць без экскурсій, якія пашыраюць кругагляд моладзі. У музеі баявой і працоўнай славы дзейнічае група экскурсаводаў з ліку школьнікаў, якая праводзіць аглядныя (“Ляхавіччына ў гады Вялікай Айчыннай вайны”) і тэматычныя (“Памяць не памірае…” (пра генацыд беларускага народа), “Партызанскі рух у час Вялікай Айчыннай вайны”, “Пра іх не згадвалася ў зводках”, “Імёны герояў вайны ў памяці нашага горада”) экскурсіі. Акрамя іх, у музеі ладзяцца ўрокі мужнасці і памяці, сустрэчы з прадстаўнікамі Узброеных Сіл Беларусі і дыялогавыя пляцоўкі з цікавымі людзьмі, актыўнымі ўдзельнікамі і арганізатарамі якіх з’яўляюцца атрадаўцы. Задзейнічаны яны таксама ў працоўных акцыях “Моладзь за чысціню гарадоў і сёл” і “Дзень добрых спраў”.

Летась школьнікі арганізавалі збор манет для вырабу сплаву ў памятны знак “Жывая памяць удзячных пакаленняў” у рамках акцыі “Дзеці Беларусі — ветэранам і будучым пакаленням”, зладжанай дабрачынным фондам імя Аляксея Талая.

— Адукацыйны патэнцыял школьнага музея і сістэмная пошукава-даследчая дзейнасць са­дзейнічаюць усебаковаму развіццю асобы вучняў, — падагульняе Віталь Толкач.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота з архіва школы