Гэты незвычайны мікс ужо даўно стаў брэндам для юных фларыстаў нашай краіны. І кожны раз пад Новы год яны дораць нам сваю заснежаную казку.
Яркія калажы і далікатныя кветкі-сняжынкі, водар карыцы і мандарынаў, хвоі і кветак — у Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства пануе цудоўная святочная атмасфера. Рэспубліканская выстава-конкурс “Лёд. Кветкі. Фантазія” не перастае здзіўляць. У тым ліку і новымі намінацыямі.
“Упершыню мы прапанавалі нашым удзельнікам зрабіць фларыстычны аб’ект “Зіма” ў транспарэнтнай тэхніцы. Гэта празрыстыя, лёгкія, ажурныя кампазіцыі. Хоць сама па сабе тэхніка складаная, нашы канкурсанты з ёй выдатна справіліся, — расказвае Вольга Камінская, загадчык лабараторыі аддзела прыкладной батанікі і фітадызайну Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, член журы. — Прапанавалі мы паспрабаваць сябе і ў стварэнні мандал у намінацыі “Кветка жыцця” — у тэхніцы фларыстычнага структурнага калажу прапрацаваць колер, форму. Гэта філасофія, арт-тэрапія, любоў да прыроды, жыцця, але перадаецца яна не фарбамі, а кветкамі. Гэта такі наш заклік — па-новаму паглядзець на культуру, ідэю, фларыстычны матэрыял. Мы думалі, што гэта будзе складана, а на справе гэтая тэхніка, відавочна, нашым фларыстам спадабалася, яны прадставілі цэлых 55 мандал. Па-свойму мы вырашылі завяршыць Год гістарычнай памяці і таму прапанавалі зрабіць навагоднія цацкі (куды ж без іх?) у тэхніках ватнай, фларыстычнай ці валенай цацкі, але тэма — любімыя героі знакамітага мультыплікатара Леаніда Шварцмана. Гэта наш земляк, які ў сваіх мультфільмах усё жыццё выказваў любоў да беларускай прыроды, роднага Мінска”.
Што тычыцца вочных намінацый, то тут было больш традыцыйных намінацый, але фларысты ўсё роўна падышлі да іх па-новаму.
Чытайце матэрыял Святланы Нікіфаравай у нумары ад 30 снежня 2022 года.