Для выпускнікоў галоўнай педагагічнай альма-матар краіны (асабліва філфакаўцаў) Максім Танк — не проста імя, з якім звязана студэнцкае жыццё, не проста паэт, класік літаратуры, а ў першую чаргу педагог. Яго знакамітыя словы “прайсці праз вернасць”, як і сама Танкава вернасць сям’і, сябрам і, безумоўна, роднай зямлі, з’яўляюцца для нас прыкладам, арыенцірам у асабістым і прафесійным жыцці. У падарожжа па Танкавых сцяжынах вернасці і шчырасці, любові і кахання, мужнасці і адвагі адправімся на Мядзельшчыну — малую радзіму паэта.
“Нарачанскія сосны”
У Яўгена Іванавіча Скурко часта цікавіліся, чаму ён выбраў для сябе такі незвычайны псеўданім — Максім Танк. Той адказваў, маўляў, хацеў узяць расліну (напрыклад, чарот, ракіту, колас, агняцвет або вярбу), аднак калегі апярэдзілі. Застаўся толькі кавалак жалеза. Канечне, паэт жартаваў, аднак калі б Яўген Іванавіч і сапраўды выбраў раслінны псеўданім, то цалкам верагодна, што гэта была б сасна. “Яны калышуцца — // З асмаленымі кронамі, // З залітымі жывіцай // Ранамі ад куль… // Я, нават будучы глухім, // Між тысяч іншых сосен // Адрозніў бы іх пошум // I, нават будучы сляпым, // Абняўшы ці пацалаваўшы, // Іх пазнаў бы”, — прызнаецца паэт у вершы “Наднарачанскія сосны”.
Стромкія меднастволыя сосны з’яўляюцца адным з галоўных сімвалаў Нарачанскага краю, іх вобраз часта сустракаецца ў творчасці паэта і яго землякоў. Нездарма адзін са сваіх зборнікаў Максім Танк так і назваў — “Нарачанскія сосны”. Ён часта любіў прагульвацца па сасновым бары з блакнотам і алоўкам, слухаць пошум дрэў. Здавалася, што сосны нашэптвалі яму неабходныя словы, а паэту толькі заставалася запісваць вершаваныя радкі. “Звоняць тугія, сасновыя струны, // Шышкамі рэха калышыцца звонка, // Слухайце ж вы, маладыя сасонкі, // Больш я не буду задуманым, сумным!” Сапраўды, хіба тут засумуеш? Кожны год на Мядзельшчыну для адпачынку ў сасновым бары на бераг Нарачы і яе малодшых азёр-сясцёр прыязджае каля 130 тысяч турыстаў. Калі б Яўген Іванавіч ведаў, што яго малая радзіма ў пачатку ХХІ стагоддзя стане турыстычнай жамчужынай Беларусі, то цалкам верагодна, што свой верш “Наш край нарачанскі” ён пісаў бы не толькі як гімн роднаму краю, але і як верш-заклік да турыстаў: “Наш край нарачанскі, // Край сініх азёраў, // Шляхоў партызанскіх // І слаўных падзей, // Бароў меднастволых, // Жытнёвых прастораў, // Свабодалюбівых, // Працоўных людзей”… Так і хочацца дабавіць: “Ён чакае шматлікіх гасцей”.
“Прайсці праз вернасць”
Своеасаблівы гімн роднаму краю складаюць і навучэнцы ўстаноў адукацыі Мядзельскага раёна. Некаму сосны нашэптваюць вершы, нехта піша даследчыя работы, у якіх расказвае пра гістарычнае, прыроднае, архітэктурнае багацце роднай зямлі. У Сваткаўскай сярэдняй школе імя Максіма Танка асноўнай формай выхаваўчай работы з’яўляецца праектная дзейнасць. На працягу трох гадоў калектыў працаваў над рэалізацыяй педагагічнага праекта “Дарога да Максіма Танка” з мэтай фарміравання ў вучняў актыўнай грамадзянскай пазіцыі праз актыўнае вывучэнне гісторыі і культурнай спадчыны роднага краю.
— Рэалізацыя праекта супала з мерапрыемствамі з нагоды святкавання 100- годдзя з дня нараджэння нашага славутага земляка. У рамках праекта быў створаны турыстычны маршрут “Сцяжынкамі Максіма Танка”, праводзіліся ўрокі памяці і тыдні творчасці паэта, навучэнцы ўдзельнічалі ў літаратурных конкурсах, Танкаўскіх чытаннях. Актыўная работа над праектам садзейнічала рэканструкцыі школьнага літаратурна-краязнаўчага музея імя Максіма Танка. Адкрыццё абноўленай экспазіцыі адбылося 21 лютага 2014 года. Сёння з жыццём і творчасцю паэта, яго продкамі можна азнаёміцца ў раздзелах “Шчодрая на таленты зямля”, “Дзе карані мае, адкуль мой род пачаўся?”, “Калыска песні паэта”, “На этапах”, “Праз вогненны небасхіл”, “Прайсці праз вернасць”, “Ёсць недзе песня, што сябрам пакінуў”, — расказвае дырэктар школы Ганна Кірылаўна Тачыцкая.
Багаты матэрыял знаёміць з жыццём і творчасцю паэта, яго роднымі. Многія матэрыялы ўнікальныя, з імі можна азнаёміцца толькі ў музеі Сваткаўскай школы. Па словах юных экскурсаводаў, багатая на таленты зямля Мядзельшчыны ўзгадавала не адно пакаленне словатворцаў. Найярчэйшай зоркай літаратурнай Мядзельшчыны з’яўляецца народны паэт Беларусі Максім Танк. Ён нарадзіўся ў вёсцы Пількаўшчына ў сялянскай сям’і Івана Фёдаравіча і Домны Іванаўны Скурко. У 1923 годзе Яўген ідзе ў 2 клас Шкленікоўскай пачатковай школы і становіцца яе лепшым вучнем. У 1925 годзе бацька пасылае сына ў Сваткаўскую школу ў старшыя класы. Некаторыя звесткі з біяграфіі паэта шырока вядомыя, іх можна знайсці ў школьным падручніку па літаратуры, у інтэрнэце, таму мы іх апусцім і сканцэнтруем увагу на эксклюзіўных матэрыялах. Па словах экскурсаводаў, пачынальнікам роду Скурко і адным з заснавальнікаў вёскі быў прадзед паэта — Марка, сапраўдны вясковы асілак. Цёплымі словамі паэт узгадваў і бабулю Ульяну, якая пра ўсіх турбавалася, як магла, улагоджвала сваркі, берагла цяпло і пачуцці сям’і. Яна памерла ва ўзросце каля 80 гадоў у 1937 годзе. На чатыры гады перажыў яе дзед паэта заўзяты паляўнічы Фёдар Маркавіч Скурко. У іх сям’і было 12 дзяцей, сям’я валодала 6 дзесяцінамі зямлі разам з лесам і сенакосамі. Фёдар Маркавіч меў талент лекара, лячыў ад змяінага ўкусу, ведаў уласцівасці лекавых траў, дапамагаў хворым. Памёр адметна: на пашы, на роднай зямлі, прылёгшы на кургане, побач каля яго ляжала спадарожніца жыцця — старая паляўнічая дубальтоўка.
Для кожнага прадстаўніка роду знаходзіцца месца ў сэрцы паэта, аднак самым дарагім чалавекам была маці Домна Іванаўна, родам з вёскі Задубенне, што каля мястэчка Крывічы. Працавітая і сціплая, набожная, яна ніколі не ішла спаць, пакуль не памоліцца за ўсіх. Да маці ў яго былі асаблівыя пачуцці, шчырыя, сыноўскія. Ён не толькі не забываў яе наведваць, але і забіраў да сябе на зіму, каб падлячыць, каб яна адпачыла ад цяжкай сялянскай працы. Здавалася, што пупавіна, якой яны некалі былі злучаны, ніколі не разрывалася. Апошняе яго жаданне — быць пахаваным побач з маці — было выканана. Многім у сваім жыцці ён быў абавязаны і бацьку Івану Фёдаравічу.
Нельга не сказаць пра Фадзея Іванавіча — дзядзьку паэта. Гэта быў легендарны чалавек, вельмі моцны фізічна, з цікавым, пакручастым лёсам. Неяк на царскіх стрэль-бішчах у якасці ганаровага прыза атрымаў залаты гадзіннік. Потым паехаў у Чэхаславакію, вучыўся на ветэрынара, дзе далучыўся да рэвалюцыйнага руху, за што нават быў прыгавораны да расстрэлу, аднак яму ўдалося збегчы ў Германію. Там ён працаваў у фермера. Настолькі зблізіўся з сям’ёй гаспадара, што ледзь не ажаніўся з яго дачкой. Бацькі ўгаворвалі дзяўчыну адмовіць, казалі, што яны ўжо старыя і ўся гаспадарка застанецца яму, хлопцу з далёкага і невядомага краю. Юнак, напэўна, падслухаў гэтую размову, інакш як растлумачыць яго учынак: ён неспадзявана кінуў абжытае месца, сеў на параход і паплыў у далёкую Аргенціну. Назбіраўшы грошай, ён праз 10 гадоў вярнуўся на Радзіму, а тут — рэвалюцыя, усе яго зберажэнні прапалі. Быў старшынёй калгаса, чалавекам адукаваным, акрамя беларускай і рускай мовы, ведаў польскую, чэшскую, нямецкую, іспанскую.
Не горш за дзядзьку Фадзея польскую мову ведаў і Максім Танк. Ужо ў сталым узросце ён часта бываў у Польшчы, сябраваў з грамадскімі дзеячамі краіны, быў узнагароджаны афіцэрскім крыжам, а прэзідэнт Баляслаў Берут падарыў яму як заядламу рыбалову спінінг. Шмат вершаў напісана ў Польшчы, аднак свае лепшыя творы паэт стварыў на радзіме. А радзіма для яго пачыналася з сям’і. Пацвярджаюць гэта ўспаміны сына Максіма: “А запомніўся бацька такім, ведаеце, сапраўдным сем’янінам”. Жонка Любоў Андрэеўна, ці Любаша, Лю, як называў яе Максім Танк, праз усё жыццё праходзіць адзінай каханай жанчынай паэта. Яна была першым слухачом і першым крытыкам, натхняла на паэзію. Максім Танк падтрымліваў яе, сумаваў, калі яе не было побач. Сын узгадвае: “Прычым рыбу ён прыносіў, як толькі на патэльню класці. Пачысціць, памые, парэжа, а потым гаворыць, звяртаючыся да жонкі, што ў цябе і так многа клопату”. Нарадзіліся яны ў адзін год у адной і той жа вёсцы. Пайшлі з жыцця таксама ў адзін год. Любоў Андрэеўна 17 сакавіка, а Яўген Іванавіч 7 жніўня 1995 года. Пахаваны разам на малой радзіме.
У такога добрасумленнага, адкрытага і чулага чалавека, як Максім Танк, было шмат сяброў. Разам з Лыньковым і Куляшовым яны пабудавалі на Нарачы дачу. Часта сядзелі ля вогнішча, лавілі рыбу, з Лыньковым заўсёды дзялілі ўлоў пароўну. Дробная рыба іх не цікавіла, яны палявалі на пудовых шчупакоў. Танк быў кампанейскім чалавекам, вялікім жартаўніком, цудоўна расказваў анекдоты. Сябры былі для яго надзейнай апорай у жыцці і маральнай падтрымкай у творчасці. Як, дарэчы, і землякі. “У яго амаль уся вёска перабывала, а можа, і палова Мядзельшчыны. Звярталіся па розную дапамогу, і нікому ён не адмаўляў”, — з гордасцю адзначылі экскурсаводы. Яўген Іванавіч часта сустракаўся з землякамі, неаднаразова наведваў і Сваткаўскую школу, у якой сам некалі вучыўся. Кожны яго візіт быў сапраўдным святам. Паэт ніколі не прыязджаў з пустымі рукамі, прывозіў шмат кніг, свае ўласныя і падпісаныя беларускімі і замежнымі мастакамі слова.
— Гэтыя сустрэчы наладжвалі былыя настаўнікі беларускай мовы і літаратуры — Мікалай Арсеньевіч Пашкевіч (прататып галоўнага героя знакамітага быкаўскага “Абеліска”) і Вольга Іванаўна Пястун. Шчыра віталі гасцей тагачасны дырэктар школы Зоя Іванаўна Лубешка і настаўнік рускай мовы і літаратуры Іван Аляксандравіч Берняковіч, заснавальнік літаратурна-краязнаўчага музея. Я была на апошняй сустрэчы Максіма Танка з землякамі ў 1992 годзе. Ён чытаў вершы, атрымліваў ад землякоў падарункі. І заўсёды, калі ехаў у Пількаўшчыну, заязджаў да нас у школу, сустракаўся з настаўнікамі і вучнямі, вёз кнігі. Цяпер гэта галоўныя экспанаты. У музеі мы даём наведвальнікам магчымасць спазнаць Максіма Танка не толькі як паэта, але і як сябра, сем’яніна, чалавека шчырага, адкрытага, — гаворыць Ганна Кірылаўна.
“Перапіска з зямлёй”
Каб па-новаму паглядзець на паэта, трэба наведаць Сваткаўскую сярэднюю школу, каб па-новаму паглядзець на яго малую радзіму (азёрна-сасновую Мядзельшчыну), неабходна наведацца ў экацэнтр Нацыянальнага парка “Нарачанскі”. Яго навуковыя супрацоўнікі падрабязна раскажуць пра адметнасці краю, пра расліны і жывёл, якія сустракаюцца на запаведных сцяжынах, пра пудовых шпупакоў, якіх выцягваў з нарачанскіх глыбінь Максім Танк. А яшчэ вам скажуць: “Абавязкова падарожнічайце па парку ў пару залатой восені. Нарачанскі край і асабліва яго самы маляўнічы куточак Блакітныя азёры выглядаюць у гэты час проста казачна”. Гэтыя словы неаднаразова паўтарала вучням 5 “А” класа Нарацкай сярэдняй школы № 2 падчас азнаямляльных заняткаў “Падарожжа па Нацыянальным парку “Нарачанскі” яго навуковы супрацоўнік Вольга Сяргееўна Яжова.
Сяброўства парка з установамі адукацыі праяўляецца ў эколага-асветніцкай рабоце, навукова-пазнавальных экскурсіях, навукова-метадычнай дапамозе, інфармацыйным суправаджэнні. Для кожнага ўзросту навучэнцаў распрацаваны шэраг заняткаў. Акрамя азнаямляльнай экскурсіі “Падарожжа па Нацыянальным парку “Нарачанскі” для выхаванцаў дзіцячых садоў і вучняў малодшых класаў праводзяцца, напрыклад, заняткі “Па старонках Чырвонай кнігі”, для сярэдніх класаў — “Біяразнастайнасць Нацыянальнага парку “Нарачанскі”, для старшакласнікаў — “Рэгуляванне інтарэсаў рэкрэацыі і аховы навакольнага асяроддзя”. Не застаюцца па-за ўвагай і студэнты, а таксама дарослыя. Кожнага тут зацікавяць, кожнаму раскажуць цікавыя факты, кожнага запросяць у падарожжа па Нарачанскім краі.
— З Нацыянальным паркам мы сябруем ужо 10 гадоў. За гэты час рэалізавалі шмат праектаў. Мы і экалагічныя казкі пісалі, і смецце кожны год прыбіраем на ўзбочынах дарог, і дрэвы саджаем. Цікавым быў праект “Свет у кропельцы вады”, накіраваны на фарміраванне ў вучняў беражлівых адносін да водных рэсурсаў. Хоць у нас і дастаткова азёр, прычым самых чыстых, аднак да водных багаццяў усё роўна трэба ставіцца ашчадна. Фінальнай часткай праекта стала стварэнне вялізнай папяровай кроплі вады, якую мы разрэзалі на кавалкі, і кожны вучань намаляваў на ім той свет, які ён бачыць у кроплі вады. Калі склалі кавалкі, то вялізная кропля атрымалася яркай, стракатай, — паведаміла класны кіраўнік 5 “А” класа настаўніца іспанскай і англійскай мовы Нарацкай сярэдняй школы № 2 Валянціна Станіславаўна Шпакоўская.
У калегі Валянціны Станіславаўны настаўніцы геаграфіі Таццяны Уладзіміраўны Пракоп і яе вучняў супрацоўніцтва з Нацыянальным паркам вядзецца ў іншым напрамку, даследчым. Па словах педагога, нягледзячы на ахоўныя мерапрыемствы, стварэнне Нацыянальнага парку, прырода Нарачанскага краю адчувае ўплыў чалавека. Тут размяшчаецца вялікая колькасць санаторыяў, турыстычных баз, таму стан прыродных комплексаў выклікае заклапочанасць і трывогу. На прыкладзе ручаёў Купа, Урлікі, Антонізберг Таццяна Уладзіміраўна разам з вучнямі з дапамогай біялагічных і хімічных метадаў даследавала чысціню вады Нарачанскага краю. “Мы прыйшлі да высновы, што вада ў ручаях мае натуральны пах і кіслотнасць, дастатковую колькасць кіслароду, нармальную агульную і карбанатную жорсткасць, у ёй адсутнічаюць фасфаты і нітрыты. Аднак вада не ідэальна чыстая. Гэта звязана з тым, што ручаі праходзяць уздоўж сельскагаспадарчых угоддзяў, дачных пасёлкаў, каля прадпрыемства, — падзялілася настаўніца.
“У дарозе”
Нягледзячы на негатыўныя факты, вада ў азёрах Мядзельшчыны празрыстая, нібыта чароўнае люстэрка, якое, згодна з легендай, змайстраваў для дзяўчыны Галі Васіль і якое яна выпадкова разбіла на кавалкі, калі даведалася, што каханы загінуў ад рук багацея Барына. На тым месцы, дзе ўпалі кавалкі, і ўтварылася прыгожае возера Нарач. Канечне, гэта легенда, вучоныя ж сцвярджаюць, што возера плошчай каля 80 кв. км і глыбінёй да 25 м утварылася некалькі тысяч гадоў назад у выніку адыходу з тэрыторыі Беларусі ледавіка. Чалавеку, які ўпершыню пабывае на Нарачы, можа падацца, што меркаванні вучоных памылковыя, што прыгожая легенда з’яўляецца праўдай — настолькі Нарач дзівосная, маляўнічая. Кожнага свайго госця яна сустракае радасна і ласкава. У сонечнае надвор’е іскрыстым бляскам блакітных хваль, а змрочным, дажджлівым днём — іх задуменным шапаценнем. Нават некалькіх хвілін, праведзеных на беразе, дастаткова, каб зразумець, чаму пра гэты цуд прыроды складзена вялікая колькасць легенд і паданняў, а таксама адчуць той настрой, з якім Максім Танк пісаў наступныя радкі: “Ля вогнішч начлежных і ля невадоў // Чуў гэту легенду я часта // Ад гатаўскіх сосен і ад рыбакоў // Пра Нарач, Баторына, Мястра”.
Каб спазнаць усе таямніцы Нарачанскага краю, трэба падарожнічаць, падарожнічаць і яшчэ раз падарожнічаць. Пехатою, на аўтамабілі, а лепш за ўсё на веласіпедзе. Гэта і аператыўна, і для здароўя карысна, і прыродзе амаль ніякай шкоды. Так і робіць настаўнік інфарматыкі і матэматыкі Нарацкай сярэдняй школы № 1 Вячаслаў Генрыхавіч Жалубоўскі. Кожнае лета разам з удзельнікамі турыстычна-краязнаўчага гуртка “Непаседы” ён садзіцца на ведасіпед і адпраўляецца ў падарожжы. І так ужо 22 гады. Колькі за гэты час было пераадолена кіламетраў па Мядзельшчыне, па суседняй Пастаўшчыне, Вілейшчыне, па ўсёй Беларусі, падлічыць складана, бо толькі ў мінулым годзе падчас сапраўднага марш-кідка за 8 дзён настаўнік праехаў каля 600 кіламетраў. Турыстычна-краязнаўчы фактар падарожжаў педагог сумяшчае з духоўным: падчас вандровак абавязкова наведваюцца касцёлы, цэрквы, а перасовачныя палатачныя лагеры часам разбіваюцца на тэрыторыі кляштараў і манастыроў.
“Лірыка”
Вы жадаеце спазнаць прыгажосць Нарачанскага краю і пры гэтым не нашкодзіць прыродзе? Прапанова такая: прыехаць у Мядзельскі раён, напрыклад, у курортны пасёлак Нарач, завітаць у экацэнтр Нацыянальнага парку або ўзяць на пракат веласіпед і пакатацца па беразе маляўнічых азёр, па сасновых барах. Калі ж вы занятыя і ў вас катастрафічна не хапае часу на падобныя падарожжы, тады прапанова такая: узяць у рукі адзін з паэтычных зборнікаў Максіма Танка і прачытаць наступныя радкі: “Люблю твае, Нарач, затокi i тонi, // Як вецер густыя туманы развесiць, // Цi пена срабрыста на хвалях зазвонiць, // Цалуючы зоры, калышучы месяц. // Люблю, калі ў сонцы гарыш пазалотай, // Раскінуўшы сінія хваляў палотны, // Ці шэрымі днямі сумуеш маркотна // З рыбацкімі песнямі, з шумным чаротам”. Нарач — яна такая, адзіная, непаўторная, не палюбіць яе немагчыма.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.