Любоў да школы — у спадчыну

- 9:00Людзі адукацыі

Алена Іванаўна Кусойць дваццаць дзевяць гадоў паспяхова працуе ў галіне адукацыі. Яна з задавальненнем і цікавасцю займаецца любімай справай і ўпэўнена, што любоў да яе перадалася ёй на генетычным узроўні. 

Энергічная, добразычлівая, мілавідная Алена Іванаўна паспела дасягнуць многага. Шчаслівая жонка і маці траіх дзяцей. Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Альхоўскай сярэдняй школы Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці, настаўніца працоўнага навучання. Перад ёй ніколі не стаялі пытанні, што выбраць ці як усё сумясціць. Яшчэ Сакрат заўважыў: “Хто хоча — шукае магчымасці, хто не хоча — шукае прычыны”. Алена Іванаўна з тых, хто заўсёды бачыць і стараецца выкарыстоўваць новыя магчымасці, вядзе за сабой і натхняе іншых. 

З дзяцінства ўсе дарогі вялі Алену Іванаўну ў школу. Мама Настасся Канстанцінаўна Каванская, цётка Надзея Канстанцінаўна Кашко і дзядзька Уладзімір Канстанцінавіч Лабко таксама працавалі настаўнікамі. З маленства яна прыслухоўвалася да сямейнай педагагічнай парады і, што называецца, унікала ў тэму.

— Мне было цікава слухаць размовы родных пра школу, — расказвае Алена Іванаўна. — Мама і дзядзька былі не толькі настаўнікамі, але яшчэ і дырэктарамі ўстаноў адукацыі. Калі я перайшла ў старшыя класы, мама ўзначаліла школу, дзе я вучылася.

Аб тым, што быць дачкой дырэктара не так лёгка і проста, як можа падацца, Алена Іванаўна гаворыць з усмешкай. Адзіная чацвёрка ў яе школьным атэстаце — па рускай мове, якую выкладала мама. Будучы маці траіх дзяцей, даўно зразумела, якая мудрасць стаяла за гэтым прынцыповым рашэннем. Дзякуючы такому жыццёваму ўроку, з’явілася дакладнае разуменне: усё трэба імкнуцца рабіць бездакорна і ні ў чым не разлічваць нават на самыя малыя паслабленні. 

Пасля заканчэння васьмі класаў (у гэты час школу, дзе вучылася А.І.Кусойць, якраз закрывалі) дзяўчына прыняла рашэнне набываць прафесію і паступіла ў Ваўкавыскае педвучылішча (цяпер каледж). Скончыла яго з чырвоным дыпломам, атрымаўшы кваліфікацыю “настаўнік абслуговай працы, выхавальнік групы прадоўжанага дня”. Яшчэ ў час вучобы Алена Іванаўна ўпершыню паспрабавала сябе ў ролі выхавальніка летняга дзіцячага аздараўленчага лагера. З таго часу гэтая справа стала яе нязменным хобі на ўсё жыццё. Пакуль не было сям’і, пасля заканчэння навучальнага года з ахвотай штогод ехала ў лагер, прычым на ўсе чатыры змены. Пазней уключылася ў аналагічную справу ў сваёй школе. Зараз летнік з кругласутачным знаходжаннем “Восьмы цуд света” каторае лета маніць у маляўнічую Альхоўку дзяцей з Астравецкага раёна. Алена Іванаўна разам з калегамі заўсёды рыхтуе нешта новае, непаўторнае, інтрыгуючае, каб для хлопчыкаў і дзяўчынак час прайшоў максімальна ярка і захапляльна.

У Альхоўскую сярэднюю школу Алена Іванаўна прыбыла па размеркаванні. Спачатку працавала піянерважатай і настаўніцай працоўнага навучання. Паспяхова спраўлялася не толькі са сваімі абавязкамі, але і пастаянна ўносіла ў калектыў свежыя ідэі і прапановы. Неўзабаве атрымала вышэйшую адукацыю. Вучылася завочна, бо не хацелася ўжо адрывацца ад работы, якая адразу прыйшлася па душы.

У Альхоўцы Алена Іванаўна знайшла не толькі любімую работу і дружны калектыў, але і сустрэла мужа. Калі ў сям’і нарадзіўся першынец, захацелася ўласнага жылля. Каб хутка вырашыць гэтае пытанне, прыйшлося пераехаць у вёску Спонды. Тут з’явіліся на свет яшчэ двое дзетак. Алена Іванаўна паспявала не толькі спраўляцца з дамашнімі клопатамі, але і працаваць настаўніцай, а затым педагогам-арганізатарам і намеснікам па выхаваўчай рабоце мясцовай школы. Як заўсёды, да любой справы адносілася максімальна адказна і творча. Удзячна свайму першаму дырэктару Альхоўскай сярэдняй школы Яўгену Уладзіміравічу Чабатарову, а таксама дырэктару Спондаўскай сярэдняй школы Станіславе Іосіфаўне Шушко, якія на пачатку прафесійнай дзейнасці паўплывалі на яе прафесійнае станаўленне.

У 2001 годзе А.І.Кусойць стала першай на раённым конкурсе важацкага майстэрства, у наступным годзе атрымала аналагічную перамогу ўжо на абласным узроўні. За дванаццаць гадоў у Спондаўскай сярэдняй школе паспела рэалізаваць многа задум. Заўсёды яркімі і дастойнымі атрымліваліся выступленні на аглядах мастацкай самадзейнасці. Школьнае лясніцтва “Пралеска” было пастаянным пераможцам абласнога конкурсу на лепшую пастаноўку работы школьнага лясніцтва. Самапрэзентацыя каманды, творчыя нумары заўсёды ацэньваліся самым высокім балам. 

І ўсё ж праз дванаццаць гадоў лёс зноў вярнуў Алену Іванаўну ў Альхоўку. Пастаянная дапамога патрабавалася маці мужа, і сям’я Кусойць, каб быць побач, пераехала на былое месца жыхарства. У Альхоўскай сярэдняй школе Алену Іванаўну прынялі як родную. Яна вядзе працоўнае навучанне. З 2011 года з’яўляецца намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Алене Іванаўне даспадобы ўсё, чым яна займаецца. Як сказаў яе сярэдні сын Юрый: “Нават не пытайцеся, якое ў мамы любімае месца, акрамя дома, дзе яна любіць часта бавіць час. Бясспрэчна, гэта школа!”

Дырэктар Альхоўскай сярэдняй школы Сяргей Анатольевіч Гаўрыловіч адзначае, што адметныя рысы характару і прафесійнай дзейнасці Алены Іванаўны — няспынны творчы пошук і стратэгічнае мысленне, самастойнасць і добрасумленнасць, настойлівасць у дасягненні пастаўленых мэт і асабістая адказнасць. У зносінах з людзьмі ёй удаецца лёгка знаходзіць агульную мову. 

Для Алены Іванаўны важна, каб жыццё сельскай школы працягвалася і было шматгранным, яркім і насычаным, поўным магчымасцей для вучняў і педагогаў. Тым больш, дзякуючы інтэрнэту, сёння можна, не пакідаючы роднай вёскі, далучыцца да новых актыўнасцей, без прамаруджвання асвойваць навінкі і не адставаць ад сучасных тэндэнцый і патрабаванняў. Неабходна толькі самім няспынна працаваць над сабой і не спыняцца на дасягнутым.

— Безумоўна, важна, каб ва ўстановах адукацыі складаліся і працягваліся добрыя традыцыі, але, на мой погляд, няправільна, калі слова “традыцыя” гучыць занадта часта і доўгі час не дабаўляюцца інавацыі, — дзеліцца меркаваннем Алена Іванаўна. — Варта цягнуцца да новага, пастаянна развівацца, разбірацца ў апошніх ноу-хау. У гэтым — сакрэт і паспяховай працы, і добрай вучобы. 

Доўга гаварыць аб сабе Алена Іванаўна не прывыкла. Увесь час “вяртаецца” ў размове да школы, калег і вучняў. Ганарыцца ёсць чым. Пяць гадоў запар выпускнікі Альхоўскай сярэдняй школы займаюць другое месца ў раёне па выніках здачы цэнтралізаванага тэсціравання. Настаўнікі і вучні — частыя пераможцы рэспубліканскіх, абласных і раённых конкурсаў. Напрыклад, на іх рахунку перамогі ў такіх важкіх конкурсах, як “Лепшы класны кіраўнік”, “Лепшы псіхолаг”, “Лідар года”. Установа адукацыі з’яўляецца пастаяннай пераможцай у чэмпіянатах “Што? Дзе? Калі?”. Нядаўна група педагогаў вярнулася з дыпломам з міжнароднага фестывалю “Пазнанне ў сумеснай творчасці”, дзе прадстаўляла свае індывідуальныя маршруты работы з адоранымі дзецьмі. Адзін за адным у школе ладзяцца адукацыйныя і інавацыйныя праекты, якія ўмела распрацоўвае Алена Іванаўна. У 2014, 2017 гадах за плённую працу А.І.Кусойць была адзначана граматамі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. Чацвёрты год з’яўляецца кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце, дзе таксама рада дзяліцца сваім вопытам і імпэтам.

Таццяна ШЫМКО.