Людміла Буяк — пра поспехі навучэнцаў і педагогаў Свіслацкага раёна

- 12:30Планерка

Мінулы навучальны год быў для сістэмы адукацыі Свіслацкага раёна насычаным і плённым. Пра поспехі навучэнцаў і педагогаў, прыярытэты бягучага года расказала начальнік аддзела адукацыі Свіслацкага райвыканкама Людміла Раманаўна Буяк. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Якімі поспехамі парадавалі педагогі і навучэнцы ў мінулым навучальным годзе?

— У Свіслацкім раёне 16 устаноў адукацыі, у тым ліку 10 школ, у якіх вучыцца 1301 навучэнец. Па выніках штогадовага абласнога конкурсу на лепшую арганізацыю работы структурных падраздзяленняў райвыканкама наш аддзел адукацыі ўзнагароджаны дыпломам III ступені. Уладальнікам абласной прэміі імя А.І.Дубко стала Дар’я Кудракова (гімназія № 1 Свіслачы). Стыпендыі Гродзенскага абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду ўдастоена Кацярына Аксёнава (гімназія № 1 Свіслачы), стыпендыі Беларускага фонду міру — Максім Семянчук (Дабравольская сярэдняя школа) і Вера Саўко (Ханявіцкая сярэдняя школа).

Ганарымся перамогай педагогаў Ніны Віктараўны Саўко і Уладзіміра Уладзіміравіча Міхальчыка ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Уладзімір Уладзіміравіч стаў лаўрэатам рэспубліканскага этапу конкурсу ў намінацыі “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія”.

Нагруднага знака “Выдатнік адукацыі” ўдастоена дырэктар Кор­надзь­скай базавай школы Вольга Аляксандраўна Лысевіч.

Вядзецца сістэмная работа па распаўсюджванні інавацыйнага вопыту, метадычных напрацовак праз навукова-метадычныя выданні абласнога і рэспубліканскага ўзроўню, сайты ўстаноў адукацыі, удзел у конкурсах. Так, у абласным конкурсе “Класны кіраўнік у сацыяльнай сетцы” ў намінацыі “Блог класа” дыпломам II ступені адзначаны блог М.Ч.Галась, класнага кіраўніка Поразаўскай сярэдняй школы.

— Свіслаччына славіцца багатымі традыцыямі краязнаўчай дзейнасці. Які ўклад у гэтую справу ўносяць установы адукацыі?

— У мінулым годзе асаблівыя намаганні былі прыкладзены для стварэння музейных экспазіцый, прысвечаных Году гістарычнай памяці, генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У кожнай установе адукацыі створана экспазіцыя, прысвечаная беларуска-расійскаму праекту “Цягнік Памяці”. Распрацаваны інтэрактыўныя карты “Кальцо памяці Свіслаччыны”, “Экскурсійныя аб’екты Свіслаччыны” і размешчаны на сайце раённага цэнтра турызму і краязнаўства. На базе музея лесу Дабравольскай сярэдняй школы распрацаваны сеткавы рэсурс “Музей для сяброў”. У маі 2023 года вопыт работы гэтага школьнага музея быў прадстаўлены на I Рэспубліканскім форуме музеяў устаноў адукацыі ў Мінску.

Вялікім адукацыйным патэнцыялам, рэсурсам грамадзянскага і патрыятычнага выхавання валодае дзіцяча-юнацкі турызм. Па выніках мінулага года наш раён па арганізацыі экскурсійнай дзейнасці заняў 3-е месца ў вобласці.

— Якая ўвага ўдзяляецца аб’яднанням па інтарэсах патрыятычнага напрамку?

— У мінулым навучальным годзе была арганізавана работа 7 клубаў, 2 атрадаў патрыятычнай накіраванасці, 2 пошукавых атрадаў, 4 аб’яднанняў па інтарэсах, дзе былі заняты 152 навучэнцы. У такіх аб’яднаннях школьнікі набываюць вопыт і навыкі грамадзянскіх паводзін.

У новым навучальным годзе акцэнтавана ўвага на фарміраванні ў вучняў разумення важнасці міру і згоды ў грамадстве. Уключэнне гімназіі № 1 Свіслачы ў праект “Сетка Школ міру” паспрыяе назапашванню і абмену вопытам работы паміж установамі адукацыі, дзе акцэнт робіцца на выхаванні школьнікаў у духу культуры, міру і міратворчасці. У статусе раённага і абласнога рэсурсных цэнтраў па духоўна-маральным выхаванні і праваслаўным краязнаўстве ў інавацыйным рэжыме працягвае сваю работу Дабравольская сярэдняя школа.

У бягучым годзе на абласным этапе па грамадзянска-патрыятычным выхаванні заваявана 5 дыпломаў, на рэспубліканскім этапе — дыплом II ступені Міністэрства адукацыі за распрацоўку праекта “Аграклас — маленькая мадэль вялікага жыцця” (Л.С.Шыманіца, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 2 Свіслачы).

— Што паказалі новыя падыходы да выніковай атэстацыі ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі?

У цэлым вынікі нашых навучэнцаў на цэнтралізаваным экзамене супастаўныя з вынікамі атэстацыі за апошнія два гады. Гордасцю раёна з’яўляюцца два навучэнцы Поразаўскай сярэдняй школы і адна гімназіі № 1 Свіслачы, якія атрымалі па вучэбным прадмеце “Біялогія” стабальныя сертыфікаты.

У сярэдняй школе № 2 Свіслачы працягнута профільнае навучанне па педагагічнай, аграрнай і ваенна-патрыятычнай накіраванасці. З пачатку навучальнага года ва ўстанове адкрыты інжынерны клас з вывучэннем факультатыўных заняткаў “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію”. Забяспечана прафесійная падрыхтоўка на базе апорных устаноў адукацыі з атрыманнем прафесій швачкі і трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці.

— Што на парадку сённяшняга дня? Вырашэнне якіх пытанняў лічыце прыярытэтным?

— Першапачатковай задачай застаецца арганізацыя бяспекі нашых дзяцей, выкананне Правіл дарожнага руху і супрацьпажарнай бяспекі, прадпісанняў Дзяржаўтаінспекцыі, санітарна-эпідэміялагічнага рэжыму. У гэтым напрамку дзейнасці ў нас выбудавана выразная сістэма работы.

Спрыяе гэтаму і ўмацаванне матэрыяльнай базы ўстаноў да­школьнай адукацыі. Сістэма комплекснага падыходу да аздараўленчай і прафілактычнай работы дазволіла таксама забяспечыць станоўчую дынаміку стану здароўя выхаванцаў за перыяд знаходжання ў дашкольных установах.

З 1 верасня 5 устаноў адукацыі перайшлі да рэалізацыі пілотнага праекта, якім прадугледжана ўвядзенне новых страў у школьнае харчаванне. Дзякуючы падтрымцы раённай выканаўчай улады, праведзена вялікая работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы харчаблокаў устаноў адукацыі.

У новым навучальным годзе вызначаны вектары далейшага развіцця сістэмы, а для дасягнення добрых вынікаў мы павінны адказна і добрасумленна падыходзіць да выканання сваіх абавязкаў.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара