Людміла Саянкова-Мяльніцкая: мае настаўнікі былі сельскай інтэлігенцыяй, і мы ставіліся да іх з вялікай павагай

- 15:20Моя школа

Асоба сённяшняй гераіні добра вядомая журналістам. З аднымі Людміла Саянкова­-Мяльніцкая, загадчыца кафедры літаратурна-­мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі БДУ, доктар філалагічных навук, прафесар, вучылася на адным курсе, другіх вучыла сама. Пройдземся сцежкамі яе жыцця, зазірнём у гісторыю лёсу, адкрыем таямніцы прафесійнага росту.

З вялікай удзячнасцю

— Чым больш гадоў мы пражываем, тым выразней, ярчэй усплываюць у памяці наша дзяцінства, маладосць. Такая вось метамарфоза нашай памяці…

— Так і ёсць. Напэўна, таму, што гэта быў самы шчаслівы час. Чым больш гадоў я пражываю, тым большую ўдзячнасць адчуваю да сваіх настаўнікаў, якія вывелі мяне на дарогу жыцця. Я да гэтай пары жыву з тым багажом, які дала мне школа. Гэта асно­ва майго светапогляду, успры­мання жыцця. Сваю школу ўяўляю як маладзенькае дрэўца, якое з гадамі разрасталася, напаўнялася жыватворнай сілай, і новыя лісцікі ўтварылі раскідзістую крону.

Я вучылася ў сярэдняй школе № 2 Скідзеля Гродзенскай вобласці. Яна была маленькай, правінцыяльнай, але для мяне самай вялікай і знакамітай дзякуючы кагорце выдатных настаўнікаў і той неймавернай атмасферы, якая там панавала. Я любіла вучыцца, мне было вельмі камфортна і цікава ў школе.

— Якія яны, вашы настаўнікі?

— Гэта россып зорак, інакш і не скажаш. Мае настаўнікі былі сельскай інтэлігенцыяй, і мы ставіліся да іх з вялікай павагай. Гэта былі самаадданыя, шчырыя і шчодрыя людзі, якія не толькі давалі нам веды, але і фарміравалі нашы чалавечыя якасці.

Я памятаю сваю першую нас­таўніцу Соф’ю Максімаўну Аўсяннікаву. У памяці захоўваюцца яе манеры, жэсты, усмешка. Яе шчырая любоў да дзяцей, знешняя і душэўная прыгажосць настройвалі дзяцей на вучобу. Мы спаборнічалі паміж сабой, хто атрымае больш пяцёрак. Кожную з іх у выглядзе зорачкі наклейвалі на сшытак. Калі ты атрымліваў пяць зорачак, то меў найбольшую пашану ад настаўніка і, падскокваючы, бег дамоў, каб пахваліцца бацькам. У такія моманты я была вельмі шчаслівая…

Увогуле, я люблю вучыцца. Дарэчы, вучуся і ў сваіх студэнтаў. У гэтых зносінах нараджаюцца новыя ідэі, узбагачаецца светапогляд. І сёння маё самае любімае месца — бібліятэка.

 Настаўнікі англійскай мовы Васіль Пятровіч і Акцябрына Геор­гіеўна Анацкія не толькі вучылі нас мове, але і імкнуліся праз яе далучаць да культуры і гісторыі англамоўных краін і тым самым давалі культуралагічныя веды. Для мяне гэта было цікавым па­дарожжам, таму слоўнікавы запас, які атрымала на ўроках, і сёння ў маім ужытку. Школьныя веды па англійскай мове сталі фундаментам для далейшага яе вывучэння.

Настаўніца рускай мовы і літаратуры Вера Міхайлаўна Мазалеўская далучала нас да філалогіі. Мой літаратурны кругагляд пашыраўся, і колькасць прачытаных кніг паступова выходзіла за межы школьнай праграмы. Настаўніца прывівала вучням любоў да чытання і рабіла гэта ненавязліва, без прымусу. Трэба было, напрыклад, прачытаць на канікулах “Злачынства і пакаранне” Ф.М.Дастаеўскага. Настаўніца сказала: “Я не магу вас прымусіць чытаць гэты раман, ён цяжкі для ўспрымання ў вашым узросце. Напэўна, вы не зразу­мееце”. Рэакцыя дзяцей атрымалася адваротная, на што і разлічвала педагог. Узнік азарт, мы кінуліся чытаць твор, каб даказаць, што ўжо дарослыя і здольны ўспрымаць такія кнігі.

Авалодаць навуковым інструментарыем

— Ці памятаеце свой першы газетны твор? З чаго пачыналі?

— Калі паступіла на журфак, адточвала прафесійныя навыкі ў рэдакцыі раённай газеты “Сельс­кая новь”. Там былі людзі, якія дапамагалі мне, як кажуць, натачыць пяро. Сярод іх — Віталь Пятровіч Трубіцын. Памятаю, даручылі мне напісаць замалёўку пра жанчыну, ударніцу працы ў сталярскай сферы. Як аб гэтым напісаць, якія эпітэты пада­браць, як знайсці прыдатны вобраз? Выйсце знайшлося само сабой. У той дзень мая гераіня працавала ў сталярным цэху і па-майстэрску вырабляла дэталі для мэблі. Пахла дрэвам, стружкі ляцелі ва ўсе бакі, засцілаючы падлогу. Некаторыя траплялі ёй на валасы і зіхацелі пад сонечнымі промнямі, ствараючы карону. Адразу знайшліся ўзнёслыя словы для вобраза той жанчыны…

— А якому выкладчыку вы прысвяцілі б такія ўзнёслыя словы?

— Безумоўна, Еўфрасінні Леа­нідаўне Бондаравай. Яна была для мяне не толькі педагогам. Я магу назваць яе сябрам, дарадцам, пуцяводнай зоркай, якая асвятляе мой шлях і цяпер, калі яе ўжо няма. Еўфрасіння Леанідаўна вяла факультатыў “Гісторыя кіно”, таму кіно стала часткай майго жыцця. У час студэнцтва Еўфрасіння Леанідаўна дабавіла да маіх ведаў прафесіяналізм, заклала ў светапогляд традыцыі кінематографа, навучыла займацца кінакрытыкай, рэцэнзаваннем, пазнаёміла з вядучымі асобамі ў свеце кіно. Мне пашчасціла сустрэцца з мэт­рамі кінематаграфіі Ігарам Дабра­любавым, Рычардам Ясінскім, Віктарам Дашуком, Віктарам Туравым, Валерыем Рубінчыкам і многімі іншымі. Яны прыходзілі на сустрэчы са студэнтамі, а мы слухалі іх цікавыя аповеды, вучыліся падтрымліваць гутарку, весці дыялог.

Дзякуючы аўтарытэту педагога я наведвала здымачныя пляцоўкі, цікавілася кухняй стварэння кіно. Так, аднойчы я была на акцёрскіх пробах фільма па знака­мітым творы нашага класіка Ула­дзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”. Карціну здымаў Валерый Рубінчык. Падчас проб на маіх вачах легендарныя Уладзімір Гасцюхін і Барыс Плотнікаў рэпеціравалі ролю галоўнага героя Андрэя Беларэцкага. Два таленавітыя майстры, процілегласці па характары, прадстаўлялі сваё бачанне вобраза. Рэжысёру ўдалося знайсці аптымальны варыянт і стварыць адзін з лепшых у гісторыі нашага кінамастацтва фільм.

— Пазней вы паступілі ва Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі…

— Так, я выкладала на журфаку, але хацела ўдасканальвацца. Таму і паступіла ў гэтую знакамітую навучальную ўстанову на сцэнарна-кіназнаўчы факультэт. Там амаль на кожным кроку можна было сустрэць знакамітых аўтараў — Станіслава Растоцкага, Сяргея Салаўёва, Вячаслава Ціханава, Мікіту Міхалкова… Заняткі, дыялогі з майстрамі, творчыя сустрэчы, дыскусіі аб новых фільмах, створаных студэнтамі — будучымі кінарэжысёрамі, — усё там было пазнавальным, натхняльным і крэатыўным.

— Напэўна, навуковая дзейнасць стала працягам удасканалення?

— Не скажу, што я вельмі схільная да навукі, праектавання, даследвання, але ўзнікла жаданне авалодаць навуковым інструментарыем у выкладанні свайго прадмета. І гэты кірунак таксама задала Еўфрасіння Леанідаўна. Мне пашчасціла выступаць на навуковых канферэнцыях у Бела­русі і іншых краінах, быць у гушчы кінематаграфічнай прасторы, удзель­нічаць у Венецыянскім кінафестывалі, не раз быць і старшынёй, і членам журы ў розных намінацыях нашага “Лістапада”.

“Сланечнікі” Ван Гога

— Прафесія выкладчыка трымаецца на шчырасці, самаадданасці і самаахвярнасці. Згодны?

— Абсалютна. Ты забываеш пра асабістую прастору, асабіс­ты час — работа працягваецца. Выкладчык — прафесія для энтузіястаў, дзе не думаюць, як сябе захаваць, зберагчы. Яна патрабуе эмоцый, сіл, энергіі, здароўя. Гэтая самаахвярнасць, безадмоў­насць закладзена маімі выкладчыкамі — школьнымі, універсітэцкімі. Усе яны яркія асобы, урокі якіх для мяне вельмі важныя.

— А ці былі ў вас незалікі?

— Бывала ўсякае. У нас была выкладчыца рускай мовы Ангеліна Аляксандраўна Рудэнка, строгая, заўсёды з сур’ёзным тварам, вытанчана апранутая. Яна ішла на лекцыю, як на подыум. Яе рус­кая мова была дасканалай. Нам здавалася, што і мы ведалі мову. Аднак Ангеліна Аляксандраўна паказ­вала сапраўдны ўзровень. У пачатку вучобы мы рабілі шмат памылак, большасць здавала залікі па некалькі разоў. Але з кожным разам нашы веды па рускай мове ўдасканальваліся. Нядаўна Анге­ліне Аляксандраўне споўні­лася 90 гадоў — яна захавала сваю доб­разычлівасць і адкрытую душу.

Калі я сустракалася з вядомым рэжысёрам мультыплікацыі Юрыем Нарштэйнам, ён звычайна гаварыў, што яго настаўнікі — гэта егіпецкія піраміды, вялікі Рафаэль, знакамітая Мона Ліза… Так, і на мой лёс паўплывалі гэтыя знакавыя імёны, сусветная культурная і гістарычная спадчына. Але я заўсёды дадавала да яго пафасных слоў, што мы павінны быць удзячнымі сваім настаўнікам, якія далі нам веды пра ўсё гэта. Успамінаю аднаго свайго выпускніка, які быў у Амстэрдаме і бачыў у музеі знакамітыя “Сланечнікі” Ван Гога. Гэта была сапраўдная падзяка за настаўніцкую працу, калі ён сказаў: “Я ведаю, пра што яны, таму што вы расказалі нам пра Ван Гога”.

— Часта чуеце такія словы ад сваіх выпускнікоў?

— Атрымліваю шмат паштовак ад маіх былых студэнтаў. Многія з іх прыязджалі вучыцца з розных краін — нават адтуль прыхо­дзяць добрыя весткі з падзякай. Мае выпускнікі сталі вядомымі журналістамі, некаторыя стаялі ля вытокаў “Лістапада”, а адзін в’етнамскі студэнт стаў на сваёй ра­дзіме міністрам інфармацыі.

Новыя гарызонты

— Якія яны, вашы сёлетнія студэнты? Таксама вас ву­чаць?

— Пакаленне моладзі вельмі зменлівае, імклівае. Студэнты сёння мала чытаюць, але гэта не значыць, што яны менш веда­юць. У іх іншыя крыніцы атрымання інфармацыі. Гэта людзі экраннай культуры, з імгненнай рэакцыяй на ўсё. Тэхналагічна-лічбавая эпоха, эпоха штучнага інтэлекту мне таксама цікавая, і я яе асвойваю дзякуючы студэнтам. Яны многаму вучаць мяне.

У маёй прафесіі заўсёды адкрываюцца новыя гарызонты. У выкладчыцкай працы трэба быць гатовай да шматлікіх выклікаў. У той жа час выкладчыку стала цяжэй працаваць: трэба ўвесь час шу­каць такія інфармацыйныя рэсурсы, каб захапіць студэнтаў, здзі­віць іх, натхніць, даць падставу ду­маць, разважаць, імкнуцца да чагосьці. Аднак пры гэтым важна мець не толькі харызму, але і тыя эмоцыі, якія не дазволяць быць раўнадушным да таго, што ты ро­біш, — як у вучобе, так і ў жыцці. Шчырасць і ўзаемадавер — гэта аснова зносін з маладым пакаленнем.

Ала КЛЮЙКО
Фота з архіва суразмоўніцы