Людміла Шпакоўская: падтрымка блізкіх людзей з’яўляецца самай моцнай матывацыяй у барацьбе з залежнасцю

- 13:15Интервью, Школа управления

Як засцерагчы дзяцей і падлеткаў ад алкагалізму, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала Людміла Шпакоўская, загадчыца падлеткавага аддзялення Мінскага гарадскога клінічнага наркалагічнага цэнтра, урач псіхіятр­-нарколаг.

— Для дзіцяці пакаштаваць алкаголь — цікавая забава, спроба адчуць новыя ўражанні. Але ніхто з падлеткаў не задумваецца, якую шкоду алкаголь прыносіць яго арганізму. Раскажыце, калі ласка, наколькі згубна ён уплывае на здароўе чалавека.

— Ужываць алкаголь — гэта тое ж, што і ўжываць яд. Ён пранікае ў кроў ужо праз 10—15 мінут пасля паступлення ў арганізм. Крывянос­ныя сасуды пашыраюцца, насычаная алкаголем кроў прылівае да мозга і выклікае рэзкую ўзруша­насць нервовых цэнтраў. Пранікаючы ў жывыя клеткі арганізма, алкаголь атручвае іх, расстройвае работу тканак галаўнога мозга і іншых органаў. У чалавека мяняецца настрой, з’яўляецца разбалансаванасць, парушаецца каардынацыя дзеянняў і рухаў. У арганізме чалавека алкаголь згарае хутка, адбіраючы ў жывых клетак кісларод і ваду. І калі пры­маць алкаголь часта, то клеткі розных органаў пачынаюць гінуць ці перараджаюцца. Асабліва небяспечны алкаголь для дзяцей і падлеткаў.

У дзіцяці, якое выпіла нават вельмі нязначную колькасць віна, узнікае моцнае атручэнне. Для дзесяцігадовага, напрыклад, хопіць і 100 грамаў алкаголю, каб яго арганізм атрымаў вострае атручэнне. Ёсць выпадкі, калі з-за гэтага дзеці паміралі. Пры ўжыванні алкаголю ў раннім узросце не­акрэплы арганізм будзе адставаць у сваім росце і развіцці. Алкагольныя напіткі аказ­ваюць разбуральнае дзеянне на развіццё разумовых і інтэлектуальных здольнасцей дзіцяці. Пад іх уздзеяннем падлетак страч­вае самакантроль, здзяйсняе асацыяльныя ўчынкі, правапарушэнні, можа дайсці і да крыміналу. Алкаголь уплывае не толькі на псіхіку дзіцяці, але і на ўвесь арганізм у цэлым.

— Карціна, канечне, уражальная, хочаш не хочаш — задумаешся…

— Дзейнасць Мінскага гарадскога клінічнага наркалагічнага цэнтра накіравана на тое, каб гэтая карціна не стала рэчаіснасцю для нашага юнага пакалення. Ён аказвае спецыялізаваную дапамогу дарослым і непаўналетнім, якія схільны да шкодных звычак альбо ўжо маюць залежнасць ад выкарыстання псіхаактыўных рэчываў, у ліку якіх алкаголь, тытунь, наркотыкі, а таксама ад гульняў. Цэнтр уключае дарослую і падлеткавую службы. Работа падлеткавага аддзялення пабудавана па ўчастковым прынцыпе, што дазваляе наблізіць наркалагічную дапамогу да насельніцтва. У аддзяленні працуюць псіхіятры-нарколагі, псіхатэрапеўт і псіхолаг. Мы кансультуем бацькоў па пытаннях ужывання псіхаактыўных рэчываў непаўналетнімі, вучым іх, як умацоўваць зносіны з дзецьмі па пытаннях фарміравання здаровага ладу жыцця, супрацьстаяць негатыўным з’явам, стрэсавым сітуацыям. Мы праводзім індывідуальную работу з непаўналетнімі, а таксама сацыяльна-псіхалагічны трэнінг, накіраваны на павышэнне матывацыі да захавання здароўя, здаровага ладу жыцця, на фарміраванне ўпэўненасці ў сабе, адэкватнай самаацэнкі, на пераадоленне негатыўных эмацыя­нальных перажыванняў, і шэраг іншых кірункаў.

— А што за праграма “Ты не адзін”, якая рэалізуецца ў вашым аддзяленні?

У рамках гэтай праграмы мы право­дзім рэабілітацыю дзяцей і падлеткаў, якія знаходзяцца ў залежнасці ад згубных звычак. Праграма дзейнічае са згоды непаўналетняга і яго бацькоў. Урачы праводзяць з пацыентамі індывідуальныя і групавыя заняткі, у якіх паўнавартасна ўдзельнічаюць і бацькі, каб паралельна з медыцынскай дапамогай умацоўваліся сямейныя каштоўнасці, даверлівыя адносіны. Мы скіроўваем свае намаганні, свае ўрачэбныя практыкі, прафілактычныя меры на тое, каб стры­маць падлеткаў ад ужывання алкаголю, палепшыць іх фізічнае і псіхалагічнае здароўе, дэманструем перавагі здаровага ладу жыцця, фарміруем у характары падлеткаў усведамленне сваёй значнасці ў калектыве, грамадстве не за кошт злоўжывання алкаголем, а праз прыцягненне да сябе ўвагі прыкладнымі паво­дзінамі, лідарскімі якасцямі. Такім чынам мы фарміруем у падлеткаў новы жыццёвы стыль, дзе модны той, хто вядзе здаровы лад жыцця, прыстойны, выхаваны, культурны чалавек, у жыцці якога няма месца згубным звычкам.

— Відавочна, што вы вельмі актыўна прыцягваеце да сваёй дзейнасці бацькоў.

— Я лічу, што ў аснове праблемы дзіцячага алкагалізму стаяць адносіны паміж дзіцем і бацькамі. Таму наша работа перш-наперш прафілактычная, яна скіравана на тое, каб нармалізаваць дзіцяча-бацькоўскія адносіны. Тое асяроддзе, у якім знаходзіцца і развіваецца дзіця, непасрэдна падтрымка блізкіх людзей з’яўляецца самай моцнай матывацыяй у барацьбе з залежнасцю. Дзіця, калі ў яго ўзнікае стрэсавая сітуацыя, не ведаючы, як з ёю справіцца, саромеецца расказаць пра гэта сябрам, бацькам, настаўнікам у школе і імкнецца знізіць стрэс праз псіхаактыўныя рэчывы. Калі бацькі зацікаўлены ў тым, каб іх дзеці не мелі дрэнных звычак, не ўжывалі алкаголь, гатовы прыслухоўвацца да парад спецыялістаў, выконваць рэкамендацыі ўрачоў, то сітуацыя з залежнасцю паступова выпраўляецца. Але калі бацькі раўнадушныя, не заўсёды разумеюць сваё дзіця, не чуюць яго, не звяртаюць увагі на тое, што з ім адбываецца, якімі інтарэсамі яно жыве, які яго эмацыянальны стан, то станоўчага выніку не атрымаецца. Не ў кожнай сям’і ёсць час пагаварыць пра справы, і не кожнае дзіця гатова падзяліцца з бацькамі сваімі праб­лемамі. Таму вельмі важна падключаць школьных псіхолагаў. Яны павінны тры­маць на кантролі нядобранадзейных навучэнцаў, прыглядвацца, прапаноўваць ім дапамогу.

— Ці звяртаюцца бацькі першымі да вас па дапамогу?

— Бацькi рэдка звяртаюцца да нас у цэнтр. Пра ўжыванне дзецьмі алкаголю нас інфармуюць органы ўнутраных спраў, урачы з бальніц, альбо звесткі паступа­юць з камісій альбо з інспекцый па справах непаўналетніх. Калі мы інфармуем бацькоў, што з іх дзіцем праблемы, то яны спачатку не вераць, успрымаюць гэта ў штыкі, абараняюць сваіх дзяцей, негатыўна ставяцца, калі мы прапаноўваем дапамогу. Сітуацыя з ужываннем іх дзецьмі забароненых рэчываў альбо замоўчваецца, альбо, што часцей за ўсё, бацькі не ведаюць пра яе, бо не цікавяцца жыццём сваіх дзяцей. Адзінота, гэта значыць неўспрыманне дзіцяці ў сям’і, і спараджае жаданне вылучыцца ў кампаніі, паказаць сваю значнасць праз нейкі ўчынак, у тым ліку праз ужыванне алкаголю. Хачу параіць бацькам, каб яны больш пільна прыглядаліся да сваіх дзяцей, і калі дзіця замкнулася, калі яно на сваёй хвалі, цікаўцеся, што з ім адбываецца, трымайце цесную сувязь са школай, класным кіраўніком, псіхолагам, а калі сітуацыя крытычная, то тэрмінова звяртайцеся ў спецыялізаваную ўстанову, да спецыялістаў. Бацькам трэба ўвесь час мець зносіны са сваімі дзецьмі, праводзіць з імі больш вольнага часу, цікавіцца іх праблемамі, весці размовы аб разбуральным уплыве алкаголю на дзяцей.

— А што рабіць, калі бацькі самі п’юць?

— Дзіця ў сям’і алкаголікаў адчувае сябе зусім адзінокім, нікому не патрэбным. Яно жыве ў пастаянным стрэсе, не хоча ісці дадому, бадзяецца па вуліцы і часта трап­ляе ў дрэнную кампанію. Дзіця баіцца адкрыта расказаць аб сітуацыі ў яго сям’і, асцерагаючыся кпінаў і асуджэння, і ад безвыход­насці можа пачаць піць. Яго псіхіка становіцца няўстойлівай, а абыякавасць блізкіх лю­дзей, неабароненасць спараджаюць няўпэўненасць у сабе. Такія дзеці пакутуюць ад галаўных боляў, хутка стамляюцца, дрэнна спяць, слаба развіты фізічна і разумова, не могуць засвоіць школьную праграму. З боку кіраўнікоў навучальных устаноў, педагогаў, псіхолагаў, сацыяльных педагогаў павінен быць устаноўлены пастаянны кантроль за нядоб­ранадзейнымі сем’ямі, трэба прадастаў­ляць альтэрнатыву ў развіцці дзецям, якія жывуць у такіх сем’ях, не даваць ім ізалявацца ад асяроддзя, прыцягваць да карысных заняткаў, раскрываць іх здольнасці ва ўстановах дадатковай адукацыі, уключаць у выхаваўча-забаўляльныя мерапрыемствы, даваць даручэнні, развіваць іх актыўнасць, адказнасць і тым самым адкрываць ім свет, дзе пануюць дабро, спагада, добразычлівасць.

— Часта алкагольныя схільнасці ма­юць дзеці і з паспяховых сем’яў, дзе бацькі не злоўжываюць алкагольнымі напіткамі і матэрыяльна цалкам забяспечваюць сваіх дзяцей.

— За гэтым знешнім дабрабытам могуць хавацца праблемы. Бацькі цікавяцца больш сваёй працай, чым сям’ёй і дзецьмі. Часта мамы і таты не ведаюць, як вучыцца іх дзіця, з кім сябруе, што ро­біць у вольны час, ці мае любімы занятак. Такія бацькі лічаць, што іх галоўная місія — накарміць, адзець, абуць, а навучаннем і выхаваннем павінны займацца настаўнікі. А калі падлетак па­чынае паводзіць сябе абуральна, дзёрзка, то бацькі тлумачаць гэта пераходным узростам і згладжва­юць такія паводзіны свайго дзіцяці падарункамі і кішэннымі грашыма, нават не па­дазраючы, што грошы мо­гуць ісці на дрэнныя звычкі.

— Як засцерагчы дзяцей і падлеткаў ад алкагалізму?

— Альтэрнатыва негатыўным праявам — карысная, цікавая занятасць падлетка, не фармальная, а па-сапраўднаму захапляльная. Яшчэ вельмі важна, каб баць­кі з дзецьмі былі аб’яднаны адной справай, захоплены адным заняткам. Напрыклад, яны могуць разам займацца спортам, удзельнічаць у спаборніцтвах, спартыўных гульнях, альбо займацца маляваннем, выязджаць на пленэры, наведваць музеі, альбо разам іграць на музычных інструментах, наведваць тэатры, кіно, канцэртныя пляцоўкі. Такім чынам, сем’і павінны мець, так бы мовіць, дарожную карту вольнага часу, дзе фарміруюцца бацькоўскі прыклад цвярозасці, стаўленне да здароўя як да асноўнай каштоўнасці, любоў і даверлівыя адносіны паміж усімі членамі сям’і, дзе адсутнічае гіперапека над дзіцем і развіваюцца паважлівыя адносіны да яго асобы. Бацькам важна зразумець пачуцці, погляды дзіцяці без спрэчак і канфліктаў, не баяцца расказаць яму пра сябе, сваё дзяцінства, пра тыя памылкі, якія яны здзейснілі самі, падзяліцца сваімі няўдачамі, праблемамі. І дзіця ўбачыць у маме, тату свайго сябра і дарадцу.

У сугуччы з дзеяннямі сям’і ў навучальных установах павінны праводзіцца асветніцкая работа, прафілактычныя мерапрыемствы, накіраваныя на выкараненне дрэнных звычак у падлеткаў. Гэта могуць быць лекторыі, дэманстрацыя фільмаў, сустрэчы са спецыялістамі, групавыя псіхалагічныя трэнінгі па фарміраванні правільных паводзін, устойлівасці да стрэ­саў і ўмення сказаць “не” ў патрэбнай сітуацыі. Усе гэтыя напрамкі фарміруюць прыярытэт карыснага баўлення часу, альтэрнатыўнага п’янству. Але ў кожным канкрэтным выпадку галоўную ролю ў процістаянні негатыўным з’явам сярод дзяцей і падлеткаў адыгрывае сямейная прафілактыка.

Ала КЛЮЙКО
Фота з асабістага архіва суразмоўніцы