Рацыянальна і збалансавана імкнуцца карміць навучэнцаў у школах Магілёўскай вобласці. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Многае было зроблена па ўдасканаленні матэрыяльнай базы і тэхнічным перааснашчэнні харчаблокаў. Толькі сёлета на гэтыя мэты выдзелена звыш 2,5 млн рублёў. На пастаяннай аснове праводзіцца павышэнне кваліфікацыі кухараў. Рэгулярна праходзяць маніторынгі па вывучэнні запытаў навучэнцаў. На падставе гэтых звестак перыядычна ўносяцца пэўныя змяненні ў меню. Праблемныя моманты прысутнічаюць, але кантроль паказвае, што недахопы аператыўна выпраўляюцца. Зараз у школах рэгіёна дастаткова высокі ахоп навучэнцаў харчаваннем, колькасць харчовых адходаў стабільна змяншаецца, — расказала Людміла Здорыкава, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама.

Праверыць афіцыйную інфармацыю атрымалася на базе сярэдняй школы № 39 Магілёва. Сёння тут вучыцца амаль тысяча хлопчыкаў і дзяўчынак, 87% з іх харчуюцца ў сталовай.
— Вучні знаходзяцца ў школе большую частку дня, таму важна забяспечыць іх збалансаванай ежай для гарманічнага росту і развіцця. Вучоба і выхаванне першасныя, але галоўнае — гэта здароўе дзяцей, — паведаміў дырэктар Аляксандр Салавей.
Гутарку з кіраўніцтвам установы адукацыі перарывае званок з урока. На гадзінніку 10.45 — у гэты час у сталовую шумным гуртам накіроўваюцца вучні 3—4 класаў. Тут для іх ужо накрыты сталы са смачным снеданнем. У меню грэцкая каша, курыны біточак з сырам, хлеб пшанічны і какава з малаком. Ядуць дзеці з апетытам. За сталамі пануе ажыўленне, і ў літаральным сэнсе звіняць прыборы.
— Кормяць смачна, мы амаль заўсёды ўсё з’ядаем. Грэчка і курыная катлета — любімая страва. Вельмі падабаецца і тварожная запяканка, — падзяліліся вучаніцы 4 “А” класа Ева Кот і Ніколь Пярвушына.
Чацвёртакласніца Юлія Латун таксама хваліць школьную ежу. Выказвае дзяўчынка і прапанову. На яе погляд, у меню снедання можна было б уключыць яечню.
— Да любых заўваг прыслухоўваемся. У фармаце анкетавання вывучаем меркаванні навучэнцаў і іх бацькоў. Гэтая практыка захавалася пасля ўдзелу ў рэспубліканскім пілотным праекце па ўкараненні новых падыходаў у арганізацыю харчавання. Тады было выпрацавана прыкладнае двухтыднёвае меню. Але яно не застаецца статычным. Вывучаем водзывы, звяртаемся да тэхнолагаў гарадскога камбіната школьнага харчавання, уносім карэкціроўкі ў пералік страў, — растлумачыў Аляксандр Салавей.
Цяпер рацыён у навучэнцаў вельмі разнастайны. У ім прысутнічае неабходная колькасць бялкоў, тлушчаў, вугляводаў і іншых пажыўных рэчываў.
— Акцэнт робім на здаровых, натуральных стравах. Гатуем без кансервантаў і прыпраў. Для ўмацавання імунітэту вучняў вітамінізуем напіткі і супы. Згодна з тэхналогіямі вар’іруем спалучэнні прадуктаў і інгрэдыентаў. Напрыклад, у ліку папулярных у вучняў гарніраў — бульба. Акрамя пюрэ, запякаем яе па-вясковаму, гатуем бабку. Рыбныя катлеты паспрабавалі гатаваць з дабаўленнем свініны. Кулінарную творчасць дзеці ўспрынялі з энтузіязмам, — адзначыла загадчыца вытворчасці сталовай Таццяна Лявоненка.
На харчаблоку сярэдняй школы № 39 працуе сапраўдная каманда прафесіяналаў. Каля пліт шчыруюць чатыры кухары. Кожны ведае свае задачы і выконвае іх з дакладнасцю.

— Гатаваць якасную ежу дапамагае сучаснае тэхналагічнае абсталяванне. У нас ёсць параканвектамат, шафа для смажання, электрычная скаварада, марміт. Працуем з душой і пазітыўным настроем. Гэта ключавое ў гатаванні смачных страў, — расказала кухар Вікторыя Меляшкова.
На раздачу ежа з харчаблока нязменна адпраўляецца ў гарачым выглядзе. Кухары нічога не гатуюць загадзя: стравы свежыя. Клопат работнікаў сталовай адпаведным чынам ацэньваюць навучэнцы. З-за сталоў дзеці ўстаюць пераважна з пустымі талеркамі.
Адметна, што харчавацца вучні 39-й магілёўскай школы могуць і ў буфеце. Тут адпускаюцца прадукты ў рамках норм дзіцячай дыетыкі. У асартыменце — салаты, бутэрброды, малочная прадукцыя, дапушчальныя прысмакі, выпечка ўласнай вытворчасці.
— Шкоднага фаст-фуду, чыпсаў ці газіроўкі ў нас няма. Наогул стараемся ўсяляк фарміраваць у дзяцей карысныя харчовыя звычкі, — падкрэсліў дырэктар. — У гэтым кірунку шырока ўзаемадзейнічаем з бацькамі, бо асновы культуры здаровага харчавання закладваюцца ў сям’і.
З улікам смакавых пераваг дзяцей арганізавана харчаванне і ў сельскіх школах вобласці. Так, ва Усходаўскай сярэдняй школе Магілёўскага раёна сталовую наведваюць абсалютна ўсе вучні, а харчовыя адходы зведзены да мінімуму.
— У бягучым годзе цалкам абнавілі тэхналагічнае абсталяванне на харчаблоку. Істотна пашырылі меню. Дабавілі ў пералік страў пельмені, біточкі курыныя, бутэрброды, плоў, бабку з бульбы. Рыбу сталі гатаваць у выглядзе нагетсаў, пячонку — у выглядзе аладак. Здавалася б, проста змянілі падачу прадуктаў, а навучэнцы сталі значна лепш іх есці, — паведаміла дырэктар Святлана Трафімава. — Сярод істотных змяненняў — падача супоў толькі два разы на тыдзень. Прапанову выказалі бацькі. Мы адгукнуліся. Вызваленыя сродкі накіравалі на закупку садавіны, цяпер яна ў рацыёне дзяцей штодня. А вось каўбаса ў меню прысутнічае толькі адзін раз на два тыдні. Нам удалося паўплываць на запыты дзяцей, яны сталі больш ахвотна есці стравы з мяса, круп, агародніны.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара





