Людзі новай эпохі

- 12:05Авторские колонки, Мнение

Наталля СТЭЛЬМАХ
педагог-псіхолаг

 

 

 

 

 

 

 

“У наш час усё было інакш”, “А вось мы былі іншымі, і песні іншыя слухалі, і кнігі іншыя чыталі, і ў гульні іншыя гулялі”. Такія прэтэнзіі мы часта чуем ад бацькоў, настаўнікаў.

Спрадвечны канфлікт бацькоў і дзяцей. Дарослыя часам не могуць прыняць той факт, што кожнае пакаленне адрозніваецца ад папярэдняга. І гэта з’яўляецца рухавіком часу, прагрэсу і тэхналогій. Калі б мы задавальняліся з пакалення ў пакаленне тым, што ўжо ёсць, то не было б новых дасягненняў і адкрыццяў, новых песень, твораў мастацтва і літаратурных твораў.

Дарослыя заклапочаны тым, што ва ўжытак дзяцей трывала ўвайшлі разнастайныя гаджэты. Але тыя ж дарослыя з задавальненнем імі карыстаюцца, як і ўсімі дасягненнямі навукі і тэхнікі. Чамусьці мы забываем, што ў свой час былі тымі ж дзецьмі, якія не хацелі слухаць музыку сваіх бацькоў, лічылі настаўнікаў людзьмі з устарэлымі поглядамі, чыталі навінкі сучаснай літаратуры. Калі вінілавыя пласцінкі змяніліся касетамі, а потым іншымі лічбавымі носьбітамі — мы ж не засталіся на ўзроўні прайгравальніка пласцінак. Так і сучасныя дзеці ідуць у нагу з часам і іншы раз спрабуюць яго апярэджваць. Яны ўжо нарадзіліся ў эпоху тэхналагічнага прагрэсу.

Парадокс сучаснага выхавання заключаецца ў тым, што многія бацькі і настаўнікі спрабуюць выхоў­ваць і вучыць дзяцей па-даўнейшаму, “так, як нас вучылі”, але патрабаванні прад’яўляюць сучаснага свету. Гэта раўназначна таму, што нашы продкі гатавалі ежу на агні і нам не шко­дзіла б прытрымлівацца такой традыцыі, мыць адзенне ў сажалцы і перамяшчацца выключна пяшком, ігнаруючы ўсе віды транспарту. Утрыравана, але вельмі добра дэманструе тую супярэчлівасць, у якой знахо­дзяцца многія сучасныя бацькі і дзеці. 

Сучаснае дзіця не бу­дзе здабываць інфармацыю з кніг, седзячы ў чытальных залах бібліятэк, — яно адкрые свой планшэт і зможа знайсці любую інфармацыю, якая яго цікавіць, аж да віртуальных экскурсій і падарожжаў. Задача дарослых — накіраваць дзяцей на разумнае выкарыстанне даброт цывілізацыі, не забываючы мі­нулага. “Не выхоўвайце дзяцей, яны вырастуць і будуць усё роўна падобныя да вас. Выхоўвайце сябе”, — гаворыць англійская прыказка. Калі дзіця прымушаць чы­таць кнігі, але пры гэтым яно не бачыць, як чытаюць дарослыя, бо перад вачыма — тата ў тэлевізары, а мама ў тэлефоне, то мы атрымліваем канфлікт.

Эпоха, у якую нарадзіліся дзеці, — гэта іх час, а не наш. Метады выхавання павінны зыходзіць з сучаснай рэчаіснасці.

Новы свет прад’яўляе новыя патрабаванні. Сучасная адукацыя павінна быць зацікаўлена не столькі ў выніку, колькі ў чалавеку. Яна павінна быць гібкай. Свет так хутка развіваецца, што любыя, нават прагрэсіўныя стандарты тут жа становяцца тормазам. Сучасны свет робіць запыт не на вытворчую дысцыпліну (актуальна ў пачатку індустрыяльнай эпохі). Актуальнасць такога падыходу адышла ў мінулае. Дарэчы, самыя дысцыплінаваныя рэдка з’яўляюцца і самымі крэатыўнымі, вынаходлівымі. Таму школа і бацькі страчваюць моц­ных вучняў. Паказальны ў гэтым прыклад Эйнштэйна, які дрэнна ўпісваўся ў такую школу.

Будучыня вучэбнага працэсу акрэсліць грані, якія вытрымалі праверку часам. Дарослыя павінны разумець, што мяняюцца гістарычныя эпохі, палітычныя лады, мяняюцца ўмовы жыцця, прафесіі, мяняецца сам свет — ён ніколі не стане ранейшым. Інфармацыйнае поле ў сучасным свеце стала глабальна даступным і іншым. Мы не можам сабе дазволіць гадаваць нашых дзяцей так, як гадавалі нас, таму што само жыццё змянілася і многае з таго, што было актуальным у нашым дзяцінстве, проста не падыходзіць для нашых дзяцей. Наша задача як дарослых — дапамагчы дзецям застацца дзецьмі ў гэтым свеце, які хутка развіваецца, але ні ў якім разе не “тармазіць” іх рух і развіццё, імкнучыся ўтрымаць у “сваім часе”.