Да сваёй перамогі ў конкурсе “Настаўнік года — 2017” настаўніца беларускай мовы і літаратуры настаўнік-метадыст Баравухскай сярэдняй школы № 15 Наваполацка Святлана Леанідаўна Румянцава ішла не адзін год. Шлях быў няпросты, з чорнымі і белымі палосамі, але яна не апускала рук, бо разумела, што такая перамога зробіць яе не проста лепшай, а мацнейшай, здольнай перамагаць свае слабасці. Святлана Леанідаўна перамагла сябе і дадала ўпэўненасці настаўнікам усёй Віцебскай вобласці, прадстаўнікі якой упершыню дасягнулі такой вышыні. Віншуем!
Мне ж па дарозе ў Баравуху хацелася не столькі ўбачыць на ўроку настаўніцу-пераможцу, колькі адчуць энергетыку яе ўрока, цеплыню атмасферы. Сваёй мэты я дасягнула: і ўбачыла, і адчула. Паспела на ўрок да пяцікласнікаў, вельмі шчырых на эмоцыі дзяцей. Урок атрымаўся змястоўным, эмацыянальным, яскравым, гучным, а таму насычаным. А пасля званка мы абмеркавалі са Святланай Леанідаўнай не толькі ўрок, але і пагаварылі пра конкурс.
— Святлана Леанідаўна, гаворку пачнём з урока. Гэта быў урок беларускай літаратуры ў 5 класе па тэме “Фальклорная легенда “Нарач”.
— Так. Па сваім тыпе гэта быў урок вывучэння новага матэрыялу (на папярэднім уроку мы закончылі вывучэнне казак і ў нас быў тэматычны кантроль). Мэтай урока было даць паняцце пра легенды і замацаваць яго знаёмствам і разборам легенды пра возера Нарач. Перада мной стаяла задача зацікавіць дзяцей, зрабіць нават тэарэтычны матэрыял больш наглядным і зразумелым.
— У вас сапраўды было шмат нагляднасці і шмат розных заданняў. Урок атрымаўся насычаным на розныя формы работы.
— Так, і некаторыя заданні для пяцікласнікаў былі зусім новыя, напрыклад, “Люстэрка”:
Складзіце характарыстыку героя па наступнай схеме:
1. Два назоўнікі (хто ён?).
2. Два прыметнікі (які ён?).
3. Два дзеясловы (што робіць герой?).
4. Складзіце сказ пра героя.
Дзеці павінны вучыцца не проста апісваць персанаж, даваць яму пэўную характарыстыку, апіраючыся на тэкст у падручніку, а ў парнай і групавой рабоце прывучацца самастойна здабываць веды, карыстаючыся пры гэтым усімі крыніцамі інфармацыі (візуальнай, аўдыявізуальнай, тэкставай). Пяцікласнікі справіліся, хоць і давялося спыняцца на тлумачэнні некаторых слоў. Але гэта таксама вельмі важна, бо трэба ўвесь час працаваць над папаўненнем слоўнікавага запасу.
— Вернемся да храналогіі ўрока. Святлана Леанідаўна, раскажыце, калі ласка, што вы рабілі і чаму?
— Урок мы пачалі з агучвання тэмы. У 5 класе пачалося вывучэнне легенд, і першы ўрок у гэтай тэме мы прысвяцілі легендзе пра возера Нарач. Імкнуся да таго, каб вучні самі ставілі мэту ўрока. Канечне, пяцікласнікам гэта рабіць не проста, але мы вучымся, таму з цягам часу ў іх усё будзе атрымлівацца. Ужо нават цяпер яны гэта робяць лепш, чым на пачатку навучальнага года. Мы разам з дзецьмі прагаварылі, што на ўроку даведаемся пра тое, што такое легенда (пазнаёмімся і вывучым паняцце), якія яна мае ўласцівасці і характарыстыкі, пра што гаворыцца ў легендзе “Нарач”. Калі гаварыць пра новыя ўменні, то тут ужо я сама сарыентавала вучняў, адзначыўшы, што мы вызначым галоўных герояў легенды пра Нарач, ахарактарызуем іх (дадзім партрэтную характарыстыку і характарыстыку характараў).
Калі вызначыліся з мэтай, перайшлі да знаёмства з азначэннем “легенда”. Раней дзеці, можа, і чыталі легенды, але азначэння паняцця не ведалі, хаця, як вы, магчыма, заўважылі, адзін вучань усё ж паспрабаваў яго сфармуляваць. Каб вучні мелі правільнае ўяўленне пра легенду, мы звярнуліся да падручніка, у якім змешчаны патрэбны тэарэтычны матэрыял. Тут вучням было прапанавана самастойна папрацаваць з падручнікам і пастарацца запомніць азначэнне паняцця легенды. Затым клас быў падзелены на варыянты. Дзеці з першага варыянта расказвалі азначэнне другому і наадварот. Такім чынам адбылося ўзаеманавучанне і ўзаемаправерка вывучанага азначэння. Адчувалася, што новая тэма была не простай для ўспрымання, бо зразумець з ходу, што такое паэтызацыя гістарычнага мінулага, стала для вучняў цяжкім выпрабаваннем. Тым не менш мы пастараліся разабрацца.
Далей працягвалася работа з падручнікам. Мы пачыталі, пра што апавядаюць легенды, што яны апісваюць. Больш лёгкаму запамінанню спрыяе выкарыстанне зрокавых вобразаў, таму разам з вучнямі на дошцы мы склалі апорны канспект па тэорыі тэмы, якая вывучаецца. Прагучала пытанне: што збліжае легенды з казкамі? Гэта блізкія творы, бо ўслаўляюць дабро, і ў легендах звычайна, як і ў казках, добро перамагае зло.
Пазнаёміўшыся з тэарэтычным матэрыялам пра легенды, мы перайшлі да чытання ўласна самой легенды. І вось тут я імкнулася паказаць, якімі спосабамі можа адбывацца чытанне легенды. Спачатку было ўзорнае чытанне настаўніка, потым — чытанне па ролях, па ланцужку. Затым адзін абзац чытала падрыхтаваная вучаніца. Завяршылі праслухоўванне чытання майстрам слова (быў уключаны аўдыязапіс). Мы звярнуліся да розных відаў чытання, акрамя самастойнага, бо яно было тады, калі вучні знаёміліся з тэарэтычным матэрыялам падручніка. І ў выніку былі ахоплены ўсе віды чытання.
Пасля прачытання твора і кароткага абмеркавання (спадабалася ці не) пачалі працаваць над зместам і ўласцівасцямі твора. Дзецям патрэбна было не толькі першаснае ўяўленне пра твор, а больш глыбокае ў яго пагружэнне, каб зразумець яго асноўную думку. Першым заданнем, якое прапанавала, стала анкетаванне герояў. Іх было трое, і вучні павінны былі ў парах напісаць узрост, знешнія даныя і біяграфічныя звесткі неабходнага героя.
Наступным заданнем стала “Люстэрка”, пра якое я вам гаварыла ў самым пачатку нашай размовы. Такім чынам дзеці вучыліся рабіць характарыстыку вобраза літаратурнага персанажа. Гаварылі, як ён дзейнічае, якія рашэнні прымае. Мы абмяркоўвалі тое, на чым трэба рабіць акцэнт, калі неабходна ахарактарызаваць патрэбнага героя.
Далей было заданне — “Выбар”, калі маральныя якасці трэба было “прасеяць”. З прапанаваных паняццяў — маральных якасцей — выбраць тыя, якія характэрны для Найрыты, і тыя, якія характэрны для пана: талент, злосць, вернасць, душэўная прыгажосць, жорсткасць, эгаізм, смеласць, упартасць.
Працавалі ў парах, выбіралі 8 маральных якасцей. І вучні гаварылі не толькі пра душэўную прыгажосць Найрыты, яе смеласць, але стараліся тлумачыць, чаму яны так лічаць. Напрыклад, пан злосны, упарты, эгаістычны, бо жыве, кіруючыся толькі ўласнымі жаданнямі.
Пасля настаў час для асэнсавання вучнямі маральнай перамогі герояў і адказу на пытанне, хто перамог. Найрыта, якая загінула дзеля свайго каханага, прадэманстраваўшы смелы і высакародны ўчынак, або пан, які застаўся жывы. Тут я прапанавала вучням прыём “Вагі” і прынесла сапраўдныя вагі. На адну чашу дзеці клалі паперкі з іменем Найрыта, а на другую прапаноўвалася класці паперку, дзе было напісана “пан”.
Дамашняе заданне было дыферэнцыраванае: прапаноўваўся выбар паміж пераказам легенды, ілюстрацыяй па легендзе або пошукам іншых легенд пра Нарач. Тут можна звяртацца да інтэрнэту, літаратурных, навуковых крыніц. А на наступным уроку мы закранём і мясцовыя легенды. Калі дзеці нічога самі не знойдуць, то звернемся да даследчай работы Наталлі Міхайлаўны, якая вывучала тапонімы і запісала легенды пра нашы азёры і не толькі.
Вучні ў 5 класе, як вы заўважылі, цікаўныя, няўрымслівыя. Цікавая ў гэтым класе і літаратура. Працаваць вельмі прыемна, бо тэмы захапляльныя.
— Урок атрымаўся вельмі насычаным і разнастайным, таму хочацца спыніцца на вашых метадычных захапленнях сёння і метадычнай эвалюцыі вашых урокаў.
— У мінулым годзе я вучылася на курсах па актыўнай ацэнцы, якую з задавальненнем цяпер прымяняю на сваіх уроках, але асновай усё ж з’яўляецца традыцыйны ўрок, без якога не абысціся. Разам з тым будаваць навучанне толькі па ўзоры класічнага ўрока сёння немагчыма, бо змяніліся і дзеці, і настаўнікі. Мы мяняемся дзеля таго, каб зацікавіць сваім прадметам, навучыць вучыцца.
Калі я толькі пачынала працаваць, старалася даць як мага больш сама, вучыла ведам. А зараз сітуацыя памянялася, і сваіх вучняў я вучу самастойна здабываць веды. Мой дэвіз — “Адукацыя праз усё жыццё”. Поспеху дасягне той, хто ўвесь час вучыцца. Па гэтай прычыне на кожным маім уроку ёсць месца для самастойнай працы вучняў. Гэта робіцца праз разнастайныя прыёмы і метады. Вельмі дапамагаюць асобасна арыентаваныя тэхналогіі. Я праводзіла і модульныя ўрокі, урокі па Дальтан-тэхналогіі. Шмат чаго ёсць у маёй метадычнай скарбонцы.
На сёння маімі ўлюбёнымі методыкамі, тэхнікамі, тэхналогіямі з’яўляюцца стратэгія актыўнага навучання, развіццёвае навучанне, крытычнае навучанне, пазнавальныя заданні (асабліва на ўроках беларускай мовы). Дарэчы, вельмі люблю менавіта пазнавальныя заданні, бо яны вучаць дзяцей логіцы, вучаць выбіраць самае неабходнае. Вельмі мне дапамагла тэхніка задавання пытанняў, якая існуе ў актыўнай ацэнцы. Калі раней я задавала пытанне і чакала адказу адразу, то зараз раблю вытрымку. У кожнага ж свой тэмперамент і здольнасці. Яшчэ шмат гадоў аддала развіццёваму навучанню. Распрацавала базавую мадэль урока.
Мой метадычны рост адбыўся дзякуючы зладжанасці ў дзеяннях і дапамозе з боку адміністрацыі нашай школы і калег. Мы ўсе вучымся праз розныя формы метадычнай работы, якая рэгулярна праводзіцца ў школе.
У нас праводзяцца тэматычныя семінары, майстар-класы, прадметныя тыдні, стэндавыя абароны вопыту, быў педагагічны марафон з панарамай адкрытых урокаў па арганізацыі дыферэнцыраванага падыходу. Метадычная вучоба абавязкова ўключае навучанне на платных прадметных семінарах у абласным інстытуце развіцця адукацыі і ў АПА. Штогод каля 30% настаўнікаў школы праходзяць такое навучанне. Мая перамога ў конкурсе — гэта перамога ўсяго калектыву, нашай зладжанай каманды. Пошук — неад’емная частка майго прафесійнага жыцця разам з вучнямі, а школьныя формы метадычнай работы выступаюць у ролі правадніка.
— Вельмі хочацца даведацца пра ваш конкурсны ўрок. Якая была тэма? У якім класе давялося працаваць?
— У мяне, як і ва ўсіх канкурсантаў, былі два ўрокі. Адзін урок-загатоўка, а другі, так званы начны ўрок, калі ўвечары мы даведваліся тэму і клас (цягнулі паперкі са спецыяльнага куфэрачка), а ўжо раніцай павінны былі быць гатовы да правядзення ўрока.
Урок-загатоўка быў па беларускай мове для 8 класа па тэме “Словазлучэнні”. Яго трэба было падрыхтаваць загадзя і здаць у жніўні. І складаўся ён няпроста, бо тэма ахоплівае шмат тэарэтычнага матэрыялу. А за ноч мне трэба было падрыхтаваць урок па беларускай літаратуры для 9 класа па тэме “Жыціе Ефрасінні Полацкай”. Усе гаварылі, як табе пашчасціла, гэта ж твая зямлячка! Але за гэтай тэмай стаіць 20 старонак мастацкага тэксту, якога ў школьных хрэстаматыях няма, і ў дзяцей адпаведна таксама. Мы пайшлі ў бібліятэку, але там нам не дапамаглі. А каб расказаць пра Ефрасінню, трэба прачытаць мастацкі твор, прычым напісаны няпростай для ўспрымання мовай. Было вельмі няпроста, але мы працавалі камандай, таму справіліся.
Мне дапамагалі намеснік дырэктара па метадычнай рабоце нашай школы Наталля Міхайлаўна Ніканава, мая калега, настаўніца рускай мовы і літаратуры Ірына Мікалаеўна Рыбацкая. Вельмі падтрымлівала і падбадзёрвала наша дырэктар Ірына Уладзіміраўна Васіленка. Спецыяльна на начны ўрок прыехалі мае паважаныя калегі — настаўніца беларускай мовы і літаратуры дырэктар гімназіі № 2 Наваполацка Таццяна Фаілаўна Лубінская, настаўнік-метадыст настаўніца беларускай мовы і літаратуры полацкай гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Алена Уладзіміраўна Казлова. Мы працавалі ўсю ноч, і ўсім хапіла работы. Адаптавалі тэкст для вучняў, працавалі над нагляднасцю, пасля ўжо разам — над планам-канспектам урока, бо трэба было ўсё аб’яднаць і зрабіць адзіным цэлым. Урок павінен быў быць змястоўным, зрокавым, эмацыянальным. Яго ідэяй стала — пазнаёміць вучняў з самымі галоўнымі этапамі жыцця Ефрасінні Полацкай.
І яе жыццё мы падзялілі на 4 асноўныя часткі, над кожнай з якіх працавала група вучняў. Далей з дапамогай знойдзеных у інтэрнэце ілюстрацый мы стваралі лініі (стужкі) часу жыцця Ефрасінні. Вучні не толькі прачытвалі матэрыял, але і суадносілі яго з пэўнай ілюстрацыяй. Ілюстрацый прапаноўвалася многа, таму дзевяцікласнікі павінны былі выбраць неабходныя. Тут спрацавала тэхналогія крытычнага мыслення. Далей кожная група агучвала вынікі сваёй работы і прадстаўляла сваю стужку. Атрымалася проста выдатна.
На гэтым уроку былі выкарыстаны і відэаматэрыялы, якія пры падрыхтоўцы мы змаглі знайсці ў інтэрнэце. Каб зрабіць патрэбны відэарад, давялося самім займацца мантажом. Ключавое пытанне да ўрока: незвычайным чалавек нараджаецца ці становіцца? У канцы ўрока вучні прыйшлі да высновы, што, каб стаць незвычайным, трэба вельмі шмат працаваць. Акрамя таго, у канцы ўрока было прапанавана тэставае заданне, дзе вучні, адказваючы на пытанні, змаглі аб’ектыўна ацаніць сябе. Пасля кантрольна-ацэначнага этапу кожнаму была выстаўлена адзнака. У выніку мы дасягнулі сваёй мэты. Урок атрымаўся, хоць пасля, падчас рэфлексіі, мяне і мучылі думкі, што можна было зрабіць яшчэ лепш.
Асобна хачу выказаць падзяку ўсяму калектыву сярэдняй школы № 180 Мінска, дзе праходзіў конкурсны ўрок, за выдатныя ўмовы. Працаваць было лёгка і прыемна, нягледзячы на хваляванні. Мы ўвесь час адчувалі цеплыню і клопат. Вялікі дзякуй!
Увогуле, усе конкурсныя мерапрыемствы пакінулі след, бо пасля кожнага з іх я думала, што не дарабіла і што можна было б палепшыць. Але гэта нармальна, бо самааналіз — рухавік нашага развіцця. Усе канкурсанты — вопытныя творчыя педагогі, і па балах у суперфінале вялікай разбежкі паміж намі не было.
— А як прайшоў майстар-клас?
— На адным дыханні. У мяне былі студэнты 4 курса БДПУ імя Максіма Танка. Тэмай майстар-класа стала “Лесвіца поспеху, або Сістэма пазнавальных заданняў для развіцця творчасці і інтэлекту”. Студэнты былі зацікаўлены працэсам, таму з імі было вельмі лёгка працаваць. Адпрацавала на ўздыме і пераканалася, што будучыня ў нашай педагогікі ёсць.
— Святлана Леанідаўна, конкурс скончыўся. Што ён вам даў, зразумела, акрамя перамогі?
— Найперш я зразумела, што не адна ў сваім педагагічным свеце. Са мной надоўга застануцца ўжо добрыя сябры — мая каманда, якая дапамагала і падтрымлівала на працягу ўсяго конкурсу. Мы шмат перажылі разам і на гарадскім, і на абласным этапе, не гаворачы пра рэспубліканскі. Безумоўна, мне было прыемна адчуваць іх шчырую радасць за перамогу.
Я пасябравала са сваімі калегамі з нашай намінацыі. У нас склаліся вельмі прыязныя адносіны, якія працягваюцца і, думаю, будуць развівацца, бо чалавечыя, прафесійныя зносіны вельмі важныя для настаўнікаў.
Конкурс — гэта развіццё. Для мяне гэта вялікі вопыт, мяжа, якую я змагла перайсці. Званне пераможцы абавязвае, таму далей па сваім шляху буду ісці з яшчэ большай адказнасцю. Я па сваёй натуры вельмі актыўны чалавек, мне хочацца развівацца і вучыцца, каб на кожным уроку быць цікавай для сваіх вучняў, каб ім хацелася вучыцца.
— Акрамя таго, вы яшчэ вялікая энтузіястка і авантурыстка. На ўдзел у конкурсе пагаджаюцца нямногія!
— Так. Ёсць такое. У мяне ўжо дарослая дачка, якая заканчвае ўніверсітэт і сама хутка ўвойдзе ў клас, таму рыхтавацца да гэтага конкурсу мне было прасцей. Вельмі дапамагала тое, што дачка поўнасцю мяне разумее і заўсёды падтрымлівае. Хаця калі яна вучылася ў 7 класе, я была ўдзельніцай ажно трох конкурсаў (гарадскога на званне лепшага настаўніка, конкурсу вучэбных кабінетаў і метадычных аб’яднанняў), і ёй было няпроста. Цяпер яна дапамагае мне, а я ёй.
Увогуле, хачу адзначыць, што перамог не бывае без паражэнняў, і ў мяне яны былі. Менавіта паражэнні робяць нас мацнейшымі, дзякуючы ім мы рухаемся і развіваемся. Усе мае няўдачы дапамаглі зразумець, што поспех не церпіць дрыжання голасу, няўпэўненасці, моцнага хвалявання, таму я проста сабралася і перамагла саму сябе і некаторыя свае комплексы.
— Апошняе пытанне: як адпачываеце, што дапамагае пераключыцца ад “я — настаўнік”, да “я — чалавек”?
— Я сангвінік па характары. Ні дня не магу пражыць без камунікацыі. На ўзаеміны з сябрамі час знаходжу заўсёды. Яшчэ я азартны чалавек, таму люблю пагуляць у камп’ютарныя гульні, але гэта звычайна бывае нядоўга. Усяму свой час, пра што, дарэчы, пастаянна гавару вучням.
Не ўяўляю свайго жыцця без чытання. Конкурс забіраў увесь мой час, таму на чытанне яго зусім не заставалася. Затое цяпер я наганю тое, што прапусціла. Вельмі хочацца пачытаць Віктара Марціновіча, новыя творы Людмілы Рублеўскай. Дачка раіць звярнуць увагу на апошняга нобелеўскага пераможцу па літаратуры Ісігуру, хаця я пачынала яго чытаць. Цяпер мая мара — начытацца.
— Жадаю, каб яна спраўдзілася. Дзякуй вялікі за размову і поспехаў вам!
Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.