Навучэнцы гімназіі №1 Любані стварылі мабільны дадатак па тэме генацыду нашага народа падчас вайны

- 15:50Главная, Новости

Мабільны дадатак In Memory, прысвечаны тэме генацыду беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны, стварылі навучэнцы 11 класа гімназіі № 1 Любані – брат і сястра Ілья і Кацярына Раменчык, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Іх праект перамог у гранд-фінале конкурсу «100 ідэй для Беларусі» ў намінацыі «Грамадства, эканоміка і сацыяльная сфера». У праграме ёсць тры ўкладкі: «Генацыд», «Помнікі» і «Пошук загінуўшых». Адметнасцю праекта з’яўляецца ўнікальная інтэрактыўная карта, на якой пазначаны спаленыя нацыстамі вёскі Любанскага раёна. Каб напоўніць праграму кантэнтам, падлеткі перапрацавалі велізарную колькасць архіўнага матэрыялу. Ініцыятарамі праекта выступілі самі дзеці, ім дапамагалі настаўніца гісторыі Вольга Папова і настаўніца інфарматыкі Наталля Барадай.

Мы ўсё шукалі самі, вывучалі спісы загінуўшых, высвятлялі іх гісторыі, – расказвае пра сваю работу Кацярына. – Бралі эксклюзіўную інфармацыю, якую не знойдзеш у інтэрнэце, з нашага Любанскага музея народнай славы. Хачу сказаць вялікі дзякуй яго супрацоўнікам: там нас вельмі падтрымалі. Толькі па нашым Любанскім раёне ў банку даных ахвяр генацыду сёння значацца 2532 чалавекі. Ужо ў працэсе стварэння дадатку мы ўбачылі, што рабіць яго трэба так, каб была магчымасць увесь час абнаўляць кантэнт, бо інфармацыі станавілася ўсё больш.

На карце спаленых вёсак пазначана, колькі мірных жыхароў загінула. А калі вёска захавалася, прыводзяцца лічбы, колькі чалавек жыло ў ёй да вайны і колькі пасля яе.

Некаторыя населеныя пункты фашысты палілі не аднойчы, напрыклад, нашу вёску Пласток – ажно 6 разоў, – адзначае кіраўнік пошукавай групы В. Папова. – Тым не менш гэтая вёска захавалася і існуе сёння: жыхары, якія выжылі, яе аднавілі. Шмат матэрыялу ёсць і па тэме генацыду яўрэйскага народа – паказана, дзе размяшчаліся гета, дзе пахаваны ахвяры. Чаго толькі нелюдзі не рабілі: і хаты палілі, і забівалі людзей электрычным токам, бо шкада было траціць кулі. Але былі выжыўшыя – пры вывучэнні архіваў мы з дзецьмі ўстанавілі іх імёны. Напрыклад, яўрэйскі хлопчык Зелік Кнэль пазбегнуў забойства токам толькі таму, што на ім былі гумовыя боты. Цудоўнай можна лічыць і гісторыю маленькай Соф’і Камісар, якая ў спісах нашага музея лічылася загінуўшай і пахаванай у брацкай магіле на вуліцы Калініна ў Любані. Але нам удалося высветліць, што дзяўчынка выжыла: нейкім чынам малая сама сышла з гета ў снежні 1941 г. Хавалася ў знаёмых, яны ёй зрабілі новы пашпарт з рускім прозвішчам. Потым усё ж такі дзяўчынку выслалі ў Германію, яна працавала там на фабрыцы і толькі ў 1945 г. вярнулася ў Беларусь, сама, пешшу. Адным словам, Соф’я пражыла доўгае жыццё. Вядома, мы яе выключылі са спісаў загінуўшых.

Каб напоўніць праграму кантэнтам, падлеткі перапрацавалі велізарную колькасць архіўнага матэрыялу.

На карце In Memory пазначаны і вялікія карныя аперацыі, якія прайшлі ў Любанскім раёне – усяго іх было 4. У асноўным яны прызначаліся для партызан, але пакутавалі ад іх і мірныя жыхары. Паказаны на карце і месцы памяці: мемарыялы, помнікі.

– Тэхнічны бок стварэння дадатку таксама не быў простым, – расказвае Ілья. – Разам з настаўнікамі вывучалі ўсе нюансы, бо раней такога мы не рабілі!

Добра, што ў нас ёсць неабыякавая моладзь, гатовая ствараць падобныя праекты, – адзначае В. Папова. – Вядома, яе трэба накіроўваць, але ж яна ёсць, і гэта важна. А наш дадатак In Memory, спадзяёмся, будзе і надалей развівацца і дапаўняцца.

Лізавета МІЦКЕВІЧ