Мадэль сеткавага ўзаемадзеяння

- 13:18Метадычная скарбонка, Рознае партфолiо

Мадэрнізацыя адукацыі, звязаная з інтэграцыяй у сусветную адукацыйную прастору, паставіла сярод найважнейшых прыярытэтаў праблему павышэння эфектыўнасці і якасці адукацыі.
У вырашэнні гэтай стратэгічнай задачы вядучае месца належыць удасканаленню кіравання сучаснымі адукацыйнымі сістэмамі. Кіраванне становіцца рычагом, які стымулюе актыўнасць чалавека праз фарміраванне ўмоў яго творчага і асобаснага развіцця. Шматлікія даследаванні ў галіне тэорыі і практыкі кіравання паказваюць, што менавіта эфектыўнае кіраванне вызначае паспяховасць дзейнасці любой арганізацыі.

Кампетэнтнасны падыход мае на ўвазе змену структуры кіравання і карэкціроўку асноўных прынцыпаў гімназічнага кіравання.
Любая ўстанова адукацыі сёння павінна стаць базавым звяном сістэмы “бесперапыннай адукацыі”, гэта значыць працэсу росту адукацыйнага патэнцыялу асобы на працягу ўсяго жыцця ў адпаведнасці з патрэбамі і асобы, і грамадства. Такім звяном у Савецкім раёне Мінска з’яўляецца гімназія № 22, таму што яна валодае значным інавацыйным, кадравым, матэрыяльна-тэхнічным патэнцыялам.
У гімназіі працуюць 25 уладальнікаў гранта Мінгарвыканкама, 14 настаўнікаў узнагароджаны прэміяй Мінгарвыканкама, 7 — прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 8 пераможцаў конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”, 3 пераможцы рэспубліканскага конкурсу ЭСН “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, праект “Даследчык” занесены ў Каталог інавацыйнай прадукцыі Рэспублікі Беларусь.
Вывучаны і ўкаранёны ў практыку адукацыйныя тэхналогіі, такія як праектная, модульная, рознаўзроўневага навучання, тэхналогія крытычнага мыслення, калектыўнай творчасці, педмайстэрняў і інш. Вопыт іх прымянення аформлены настаўнікамі як у выглядзе ўрокаў, так і ў выглядзе рэкамендацый па выкарыстанні, сканцэнтраваны ў медыятэцы гімназіі, на ўнутраных сайтах, на метадычным партале.
Усё гэта дазваляе ажыццяўляць педагагічнае кансультаванне, метадычнае суправаджэнне, інфармацыйную падтрымку, пачатак якім быў пакладзены ў 2002 годзе, калі гімназія была вызначана Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь як эксперыментальная пляцоўка па апрабацыі модульнай тэхналогіі ў навучанні, у 2004 годзе — як інавацыйная пляцоўка па гэтым жа кірунку, у 2006 годзе — як інавацыйная пляцоўка па ўкараненні праекта “Мадэль інавацыйнага цэнтра павышэння кваліфікацыі педагогаў па асваенні адукацыйных тэхналогій”, а з 2008 па 2013 год у гімназіі ажыццяўляўся інавацыйны праект “Укараненне мадэлі кансалтынгавага цэнтра па асваенні адукацыйных тэхналогій на ўроках і факультатыўных занятках”.
Інфармацыйна-аналітычны кірунак дзейнасці гімназіі займае вядучае месца ў кіраўніцкай дзейнасці, рэалізацыя якога адбываецца праз інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі.
Дзякуючы таму, што мы навучыліся назапашваць і сістэматызаваць навукова-метадычныя матэрыялы, якія прайшлі апрабацыю ў МГІРА і АПА, мы маем магчымасць перадаць свой вопыт калегам. Каардынуе работу навукова-педагагічны цэнтр гімназіі, у склад якога ўваходзяць супрацоўнікі кафедры педагогікі БДПУ імя Максіма Танка і адміністрацыя гімназіі.

Навукова-педагагічны цэнтр гімназіі распрацаваў праграму навучання слухачоў з улікам іх запытаў. Для кіраўнікоў гэта была сфера праблем стварэння высокакваліфікаванай каманды педагогаў, якая б вызначала статус установы адукацыі і фарміравання кіраўніцкай кампетэнцыі, для настаўнікаў — павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці.
Назапашаны ва ўстановах вопыт каштоўны толькі тады, калі становіцца здабыткам грамадскасці і выкарыстоўваецца ў практыцы іншых. На наш погляд, сёння адным з механізмаў павышэння прафесійнага ўзроўню педагога становіцца мадэль сеткавага ўзаемадзеяння, пры якім адбываецца не толькі распаўсюджанне інавацыйных распрацовак, а таксама ідзе дыялог паміж адукацыйнымі ўстановамі і працэс адлюстравання ў іх узаемнага вопыту, тых працэсаў, якія адбываюцца ў сістэме адукацыі ў цэлым.
На практыцы гэтая мадэль працуе наступным чынам.
У выніку прадукцыйнай дзейнасці ў нашым рэсурсным цэнтры ўзнікла ідэя пра абмен вопытам паміж намеснікамі дырэктара па выхаваўчай рабоце. Так, распрацаваўшы праект “Духоўна-маральнае станаўленне асобы навучэнцаў праз удзел у рэалізацыі сістэмы сацыяльных праектаў”, які паспяхова рэалізоўваецца ў гімназіі і мае высокую выніковасць, нам захацелася падзяліцца вопытам з калегамі. Была зроблена рассылка запрашэння да ўдзелу ўсім намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ў раёне. Трэба адзначыць, што ўдзел у рабоце пляцовак добраахвотны, таму што сеткавае ўзаемадзеянне магчыма толькі паміж суб’ектна-аўтаномнымі элементамі сеткі, якія не падпарадкоўваюцца навязанаму зверху кодэксу ўзаемаадносін, які па сваёй сутнасці супярэчыць сеткаваму падыходу.
Усім былі прапанаваны розныя варыянты ўдзелу:
● збор тэарэтычных звестак аб прынцыпах духоўна-маральнага станаўлення асобы;
● аналіз неабходных умоў для паспяховай рэалізацыі праекта;
● выбар інструментаў маніторынгу;
● прадстаўленне сваёй дзейнасці ў гэтым кірунку;
● работа ў педагагічнай студыі.
Былі вызначаны тэрміны работы. Заключным этапам стала педагагічная студыя. Трэба адзначыць, што ў ходзе абмеркавання праведзенай работы творчымі пляцоўкамі была створана аснова праекта для кожнай установы адукацыі.
Больш за тое, па выніках праведзенага сярод удзельнікаў пляцовак анкетавання большасць педагогаў адзначыла асобасны рост у пытаннях арганізацыі работы ўстаноў па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў, станоўча ацаніла і грамадскае абмеркаванне праблем, развіццё вектара адкрытасці, а таксама атрыманы практыка-арыентаваны метадычны матэрыял. У той жа час некаторыя адзначылі, што часам хочацца “атрымаць гатовы рэцэпт”, бо гэта прасцей, чым удзельнічаць у яго стварэнні.
Мадэль сеткавага ўзаемадзеяння пастаянна рэфармуецца; яна не можа быць пастаяннай, яна рухомая, і залежыць гэта ад яе мэтавага прызначэння. Так, пасля нашага дэбюту ў ролі першаснага элемента сеткавага аб’яднання выступалі намеснікі дырэктара па выхаваўчай рабоце і іншых устаноў адукацыі Савецкага раёна.
Такая сеткавая арганізацыя метадычнай работы дазваляе пашырыць магчымасці для павышэння прафесійнай кампетэнтнасці намеснікаў дырэктара, забяспечвае інфармацыйную, метадычную падтрымку адукацыйным установам. Вопыт удзельнікаў сеткі аказваецца запатрабаваным не толькі ў якасці прыкладу для пераймання, а таксама ў якасці індыкатара ці люстэрка, якое дазваляе ўбачыць узровень уласнага вопыту і дапоўніць яго нечым новым, што садзейнічае эфектыўнасці далейшай работы.

Вопыт паказвае, што сеткавая арганізацыя з’яўляецца магутным стымулам пазітыўных змен у сістэме адукацыі, дае магчымасць вырашаць розныя праблемы як адукацыйнай установы, так і метадычнай работы на раённым узроўні.
Трэба адзначыць, што рэсурсны цэнтр гімназіі разам з МГІРА распрацоўвае і ўкараняе розныя формы сеткавага ўзаемадзеяння па прыярытэтных кірунках развіцця адукацыі. Прыкладам могуць служыць рэгіянальныя праекты “Удасканаленне сістэмы маніторынгу якасці адукацыі ўстаноў Савецкага раёна Мінска”, а таксама праект “Сістэма навучання настаўнікаў арганізацыі даследчай дзейнасці навучэнцаў з выкарыстаннем сучасных тэхнічных сродкаў навучання і абсталявання”.
Менавіта рэсурсны цэнтр гімназіі садзейнічае ўдасканаленню варыятыўнай, эксперыментальнай, інавацыйнай прасторы метадам выкарыстання сучасных тэхнічных сродкаў навучання і вучэбнага абсталявання.
Для фарміравання кіраўніцкай кампетэнцыі мы ўключаем слухачоў у праектную дзейнасць. Акрамя таго, слухачы рэалізуюць пробныя адукацыйныя праекты і вучацца кіраваць праектамі навучэнцаў для навукова-практычных канферэнцый. Такая ўвага да праектнай дзейнасці ў рамках сеткавага ўзаемадзеяння з нашага боку тлумачыцца тым, што авалоданне ёю дазваляе спраектаваць, рэалізаваць і прааналізаваць выніковасць развіцця навучэнца і ўсяго педагагічнага калектыву. Валоданне навыкамі даследчай дзейнасці дазваляе больш паспяхова праводзіць і аналіз сваёй прафесійнай дзейнасці.
Калектыў гімназіі разумее, што якасць адукацыі залежыць ад прафесіяналізму, маральных каштоўнасцей, інтэлекту не аднаго, а ўсіх педагогаў установы адукацыі, таму прафесійнае кіраванне канцэпцыяй педагагічнага калектыву з’яўляецца асноўнай праблемай стварэння высокакваліфікаванай каманды педагогаў, якая вызначае і статус навучальнай установы, і ўменне перадаць свой вопыт калегам, і ажыццявіць педагагічнае кансультаванне, і прадаставіць кансалтынгавыя паслугі.

Ларыса АДАШКЕВІЧ,
дырэктар гімназіі № 22 Мінска;
Вераніка САБІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце.