Раскажы мне казку!

- 12:24Метадычная скарбонка

Хто з дзяцей не любіць казкі? Казка — гэта штосьці добрае, утульнае і цікавае. “Раскажы мне казку!” — гэтую просьбу неаднаразова чуў кожны з бацькоў, педагогаў. Складана прыдумаць больш цікавы і зразумелы для дзіцяці фармат падачы інфармацыі, чым самая звычайная казка. І дзеці слухаюць уважліва, і дарослыя могуць данесці думку лёгка і неназойліва, без усялякіх павучанняў.

Пры гэтым можна быць цалкам упэўненым, што ў дзіцяці ў галаве пасля казкі адкла­дзецца значна больш думак і звестак, чым пасля лекцыі дарослага пра тое, што можна рабіць, а чаго — нельга. Нездарма педагогі і метадысты цвёрда ўпэўнены, што народная казка — сродак выхавання і навучання дзяцей, прычым даволі эфектыўны. Аднак эфект казкі будзе яшчэ большым, калі задзейні­чаць так званыя “ТРВЗ-казкі”. Педагогі нашай установы вялікую ўвагу ўдзяляюць навучанню складанню тэкстаў казачнага зместу. Казкі развіваюць вобразнае і лагічнае мысленне дзіцяці, яго творчыя здольнасці, маўленне, знаёмяць дзяцей са светам прыроды і дапамагаюць падрыхтаваць іх да школы.

У кожнай казцы свая мараль, кожная асвятляе сітуацыю, з якой дзіцяці давядзецца сутыкнуцца ў рэальным жыцці. Казкі пашыраюць уяўленні дзіцяці, узбагачаюць яго веды, уводзяць яго ў асаблівы свет пачуццяў, глыбокіх перажыванняў і эмацыянальных адкрыццяў. Прымушаюць смяяцца і суперажываць, турбуючыся за герояў, вучаць адрозніваць дабро ад зла, праўду ад хлусні, даюць першыя паняцці аб справядлівасці, сумленні, гонары, высакароднасці і заслужаным пакаранні, заклікаюць любіць навакольны свет.

Ёсць група казак, дзе ярка прасочваецца жыццёвае правіла. Напрыклад, “Не смейся з чужой бяды — свая можа быць наперадзе”. Гэта казкі маральна-этычнага тыпу. Пры складанні такіх казак неабходна абмеркаваць з дзецьмі прыказкі і прымаўкі, выявіць рысы характару герояў.

Для таго каб навучыць дзяцей старэйшага ўзросту складаць казкі такога тыпу, неабходна прытрымлівацца пэўнага алгарытму:

1. Вызначыць месца дзеяння. Напрыклад, кухня, спальня.

2. Пералічыць неадушаўлёныя аб’екты, тыповыя для гэтага месца.

3. Надзяліць аб’екты ўласцівасцямі або рысамі характару чалавека.

4. Апісаць жыццё гэтых аб’ектаў у гэтым месцы.

5. Увесці незвычайнае дзеянне ці выпадак.

6. Скласці маналог ад імя кожнага героя ў дачыненні да таго, што здарылася, у адпаведнасці з уласцівасцю характару.

7. Вывесці жыццёвыя правілы, якія б падыходзілі да гэтай сітуацыі, для ўсіх герояў.

8. Прыдумаць назву казкі.

9. Узнавіць базавыя крокі стварэння казкі.

У працэсе стварэння тэкстаў казак мэтазгодна выкарыстоўваць прыёмы эмпатыі, тэатральнай дзейнасці. Напярэдадні Новага года дзеці старшай групы з вялікім задавальненнем складаюць казкі. Выхаванцам даём магчы­масць бачыць варыятыўнасць і зменнасць казак, дзеянняў з рознымі героямі ў розных месцах. З вялікім задавальненнем дзеці вучацца прыдумваць гісторыі, выбіра­юць тэмы, сюжэт, герояў, іх дзеянні і характары. Дзеці самастойна прыдумва­юць назвы казак, выводзяць жыццёвае правіла.

Пераднавагодняя гі­сто­рыя. У адной спальні жылі-былі: 1) злы Ложак; 2) добрая Тумбачка; 3) лянівая Падушка; 4) працавітая Лямпа; 5) мудрая Паліца; 6) радасная Коўдра; 7) балбатлівая Фіранка.

Злы Ложак заўсёды злаваўся, калі на яго клаліся, і незадаволена бурчаў. Добрая Тумбачка прымала ўсіх гасцей і дзялілася сваёй дабрынёй. Працавітая Лямпа працавала без стомы, радасная Коўдра запрашала ўсіх да сябе і слухала балбатлівую Фіранку, а лянівая Падушка ўвесь час ляжала і войкала. Аднойчы ў спальні на Тумбачцы з’явілася вясёлая Ёлачка, якая зіхацела агнямі. Працавітая Лямпа ўзрадавалася і закрычала: “Як добра, мы зараз разам будзем асвятляць спальню і дарыць людзям свята”. Злы Ложак стаў злавацца і бурчаць: “Нам і так было добра. Нам больш ніхто не патрэбны”. Лянівая Падушка адказала: “А мне ўсё роўна”. “Як я рада, што ў нас таксама будзе свята”, — усклікнула добрая Тумбачка. Балбатлівая Фіранка і радасная Коўдра так развесяліліся і разбалбаталіся, што зусім забылі пра іншых жыхароў спальні. За ўсімі назірала мудрая Паліца. Крыху памаўчаўшы, Паліца сказала Ложку: “Не будзь такі злы, а то ў цябе не застанецца сяброў”. Лямпе: “Працягвай працаваць, бо працавітаму і мора па калена”. Коўдры і Фіранцы: “Як добра, што вы ўсім узнімаеце настрой, заставайцеся такімі, але попусту не балбачыце”. “Абыякавасць да дабра не давядзе”, — сказала Падушцы. А вясёлай Ёлачцы, каб яна не крыў­дзілася, а дарыла ўсім свята: “Нядобра сварыцца, трэба сябраваць, жыць у згодзе”.

Пры складанні казак выкарыстоўваем схемы-мадэлі (схематычныя выявы прыдуманай гісторыі). Усе прыдуманыя казачныя тэксты змяшчаюцца ў чароўную кнігу. Падчас работы ў дзяцей узнімаецца настрой, знімаецца псіхалагічнае напружанне, развіваюцца маральныя якасці: дабрыня, працавітасць, праўдзівасць і ўзаемадапамога.

Святлана ХОМІЧ,
выхавальніца ясляў-сада № 33 “Лясная казка” Ліды.