Магія фізікі — у дзеянні

- 9:18Педагагічная майстэрня

На ўрок да настаўніцы фізікі сярэдняй школы № 9 Бабруйска Святланы Здаранковай захацелася трапіць пасля нашага з ёй інтэрв’ю ў красавіку. Тады пра сваё выкладанне яна расказвала грунтоўна, свабодна апелюючы метадычнымі паняццямі і тэрмінамі. Святлана Уладзіміраўна з тых педагогаў, якія заўсёды імкнуцца быць на адной хвалі са сваімі вучнямі. Злавіць гэтую хвалю ўдалося і мне, пабываўшы на ўроку фізікі ў 8 класе па тэме “Праваднікі і дыэлектрыкі”. Святлана Уладзіміраўна ўвесь час трымала ўвагу вучняў, а пры неабходнасці ўмела размяркоўвала яе на іншыя віды вучэбнай дзейнасці. Навучэнцы пільна сачылі за сваёй настаўніцай, стараліся не збівацца з тэмпу, таму лавілі кожнае яе слова і рух. Магія фізікі — у дзеянні.

Перад тым як пагрузіцца ў магічны ўрок Святланы Уладзіміраўны, вернемся ў самы пачатак нашай сустрэчы — перапынак перад урокам.  Пакуль вучні заканчвалі рыхтавацца да пачатку ўрока, Святлана Уладзіміраўна прагаварыла яго мэту: “Мяркуецца, што да заканчэння ўрока навучэнцы будуць ведаць паняцці “праваднік” і “дыэлектрык”, змогуць прывесці не менш за пяць прыкладаў праваднікоў і дыэлектрыкаў, змогуць у бытавых прадметах вылучыць рэчывы-праваднікі і рэчывы-дыэлектрыкі, паспяхова справяцца з заданнямі выхаднога кантролю”. Планавалася работа ў парах, групах, індыві­дуальная і франтальная.

Да ўрока педагог падрыхтавала шырокі асартымент абсталявання: камп’ютар, мультымедыйны праектар, экран, прэзентацыю, суправаджальныя лісты, прадметы, якія навучэнцы выкарыстоўваюць у што­дзённым жыцці (лінейка драўляная, лінейка пластмасавая, цыркуль, пальчаткі латэксныя, папяровая і пластыкавая шклянкі, гумовы мячык, пластылін, адвёртка, выключальнік, аловак, провад для зарадкі тэлефона, тканіна, футравая цацка, гліняная талерка, цацка “бонсцік” і г.д.), назвы рэчываў на паперы, зялёныя і жоўтыя карт­кі для абазначэння праваднікоў і дыэлектрыкаў, на кожную групу: электрометр, палачка (шкляная або эбанітавая), шэрсць, мех, папера.

Празвінеў званок, і пачаўся ўрок.

Арыенціровачна-матывацыйны этап падразумяваў высвятленне  ступені засваення ведаў навучэнцамі, стварэнне ўмоў для развіцця ў іх ацэначных уменняў. Вучні атрымалі заданне для ўваходнага кантролю, рабілі самаправерку і самастойна ацэньвалі сябе.

Заданне ўваходнага кантролю

1. Упішыце словы, якіх не хапае.

Цела электрызуецца — значыць, што цела набывае ________________________.

Пры трэнні электрызуюцца  ____________________ целы.

2. Устанавіце суадносіны паміж целамі, якія былі наэлектрызаваны трэннем адно аб аднаго.

Эбанітавая палачка,                        Кавалак гумы

зарад якой +1 ×10-9 Кл             з зарадам +3 ×10-10 Кл

Эбанітавая палачка,                         Ліст паперы

зарад якой –3 ×10-10Кл            з зарадам +2 ×10-9 Кл

Пластмасавая лінейка           Поліэтыленавая плёнка

з зарадам  –2 ×10-9 Кл                 з зарадам –1 ×10-7  Кл

Шкляная палачка,                            Кавалак шоўку,

зарад якой +1 ×10-7 Кл             зарад якога  –1 ×10-9   Кл

3. Вызначце, ці зараджаны і якія знакі зарадаў целаў 1 і 2 на малюнку. Упішыце знакі зарадаў, якіх не хапае.

 4. Каб разрадзіць электраскоп (электраметр), трэба   _________.

Пры арганізацыі самаправеркі настаўніца дэманстравала слайды з правільнымі адказамі, а васьмікласнікі рабілі самаправерку і выстаўлялі сабе колькасць дакладных адказаў на першыя тры пытанні. Затым Святлана Уладзіміраўна арганізавала абмеркаванне чацвёртага пытання.

Навучэнцы пачалі прапаноўваць варыянты адказаў, у тым ліку дакрануцца да электраметра. У адказ на гэта настаўніца дакранаецца да электраметра, трымаючы ў руцэ пластыкавую шклянку. Электраметр не разраджаецца. Затым дакранаецца рукой — стрэлка электраметра апускаецца. І тут Святлана Уладзіміраўна задае пытанне: “Куды перайшоў зарад?” Навучэнцы адказваюць, што на настаўніцу. Зноў пытанне: “Чаму ў першым выпадку зарад не перайшоў?” Навучэнцы мяркуюць, што не ўсе рэчывы дазваляюць зараду перамяшчацца ўнутры іх, што рэчывы можна падзяліць на тыя, што право­дзяць, і тыя, што не право­дзяць электрычны зарад.

Святлана Уладзіміраўна фармулюе тэму ўрока і запісвае яе на дошцы, а дзеці ў сшытках. Затым прапаноўвае навучэнцам паставіць мэты да ўрока. Яны фармулююць мэты і запісваюць іх у сшытках: буду ведаць паняцці “праваднік” і “дыэлектрык”, змагу прывесці прыклады, змагу вызна­чыць, якія рэчывы аднесці да праваднікоў, а якія да дыэлектрыкаў.

На аперацыйна-пазнавальным этапе былі агучаны задачы: стварэнне ўмоў для ўсведамлення навучэнцамі каштоўнасці сумеснай дзейнасці, фарміравання ўменняў бяспечнага і эфектыўнага выкарыстання абсталявання, правядзення назіранняў і адэкватнай ацэнкі атрыманых вынікаў.

На настаўніцкім стале раскладзены самыя розныя прадметы. Святлана Ула­дзіміраўна прапаноўвае навучэнцам выб­раць па адным прадмеце і назваць рэчывы, з якіх яны складаюцца. Дзеці ў парах абмяркоўваюць, як адказаць на пытанне, а затым па ланцужку дэманструюць прадметы і называюць рэчывы.

“Сёння на ўроку мы створым праект дэманстрацыйнага стэнда “Праваднікі і дыэлектрыкі” для музея займальнай навукі. Экспанатамі гэтага стэнда будуць прадметы, якія вы выбралі. Працуючы ў групах з абсталяваннем, вы павінны высветліць, якія рэчывы з’яўляюцца праваднікамі, а якія — дыэлектрыкамі. У сваёй рабоце вы можаце выкарыстоўваць прапанаванае абсталяванне, а таксама тэкст вучэбнага дапаможніка”, — працягвала настаўніца.

Затым разам з вучнямі яна абмеркавала, як зарадзіць электраметр, што можна бу­дзе назіраць у выпадку, калі цела складаецца з правадніка (дыэлектрыка), як праверыць кожнае рэчыва, калі іх некалькі.

Пачалася сумесная вучнёўская дзей­насць у групах па 4 чалавекі. Пасля правядзення праверкі група выходзіла да дошкі і абараняла атрыманыя вынікі. Пры дапамозе магнітаў дзеці прымацоўвалі прадметы і назвы рэчываў, з якіх яны складаюцца, да дошкі, а таксама зялёнымі і жоўтымі карткамі пазначалі праваднікі і дыэлектрыкі. У выніку на дошцы віселі прадметы, якія складаюцца з дрэва, паперы, але пры гэтым разраджалі электраметр. Навучэнцы звярнулі ўвагу на разыходжанне вынікаў назіранняў з тэкстам вучэбнага дапаможніка. Настаўніца просіць больш дэталёва разгледзець драўляную цацку, звяртаючы ўвагу на наяўнасць на ёй фарбы і лаку, што магло паўплываць на вынікі.

Затым Святлана Уладзіміраўна дэманст­руе дослед з дыстыляванай і пітной вадой, набранай у шпрыцы. З шпрыца (з боку поршня) выведзены дрот, за які трэба трымацца пры правядзенні эксперымента, другі канец знаходзіцца ўсярэдзіне шпрыца і кантактуе з вадкасцю. Навучэнцы прыходзяць да высновы, што дыстыляваная вада з’яўляецца дыэлектрыкам, а пітная — правадніком.

Такім чынам педагог разам з класам паступова прыйшлі да высновы, што ідэальных дыэлектрыкаў не бывае. Можна стварыць умовы, пры якіх дыэлектрык становіцца правадніком. Аналагічна правяраюцца рэчывы: антыстатык, воцат і раствор харчовай соды. Навучэнцы прыходзяць да высновы, што растворы кіслот, шчолачаў, антыстатык з’яўляюцца праваднікамі.

Затым Святлана Уладзіміраўна прапаноўвае  вучням у сшытках запісаць азначэнні паняццяў “праваднік” і “дыэлектрык”, прывесці не менш за пяць прыкладаў, зрабіць узаемаправерку ў парах, дапоўніць адказы адно аднаго.

“Для першаснага замацавання ведаў прапаную выканаць заданне 2, у парах абмеркаваць адказы на пытанні, а затым адказаць на гэтыя пытанні па жэрабю”, — звярнулася да класа настаўніца.

Заданне 2

1. Чаму электрычныя выключальнікі не ўсталёўваюць у ванных пакоях?

2. Чаму нельга мокрымі рукамі дакранацца да выключальніка, разеткі, цокаля электрычнай лямпачкі, уключаных электрапрыбораў, прасаваць сырое адзенне прасам з пашко­джанай ізаляцыяй электрычнага шнура?

3. Чаму пры зазямленні пласціны лепш закопваць у вільготны пласт глебы? Чаму пры закопванні пласцін у сухі пясок якасць зазямлення горшая?

4. Чаму, праводзячы доследы па электрызацыі, эксперыментатар, як правіла, падвешвае розныя наэлектрызаваныя целы на шаўковых нітках?

5. Палачку з аргшкла можна наэлектрызаваць пры трэнні яе аб футра або шоўк. А чаму нельга гэтак жа наэлектрызаваць металічны стрыжань?

6. Стрыжань электрометра заўсёды робіцца з металу. Чаму?

Кантрольна-ацэначны этап право­дзіцца для ўсведамлення вучнямі выніковасці сваёй дзейнасці на ўроку,  вызначэння ўзроўню засваення вучэбнага матэрыялу, карэкцыі прабелаў у ведах.

Вучні выконваюць заданні выхаднога кантролю:

1. Упішыце словы, якіх не хапае:

Праваднікі — ____, у якіх ____ перамя­шчэнне электрычных зарадаў.

Дыэлектрыкі — ___, у якіх перамяшчэнне электрычных зарадаў_____.

2. Устанавіце адпаведнасць паміж назвай рэчываў і іх здольнасцю праводзіць электрычныя зарады

дыстыляваная вада                              ртуць

металы                     праваднік             графіт

сухое дрэва          дыэлектрык           гума

марская вода                                        паветра

3. Чаму нельга заліваць вадой электрычную праводку, якая загарэлася?

Арганізоўваецца самаправерка вынікаў шляхам параўнання з эталонам на слайдзе прэзентацыі.

Дамашняе заданне. Навучэнцы вызначылі сваё дамашняе заданне ў адпаведнасці з выкананым выхадным тэстам.

Калі   То дома  
Зрабіў памылку
ў частцы 1,2 задання  
Прачытаць
§ 13, к.в. стар. 58  
Зрабіў памылку
ў частцы 3  
практ.10 № 6, 10  
Зрабіў усё правільна   практ. 10 № 8  

Па жаданні (на аснове атрыманых ведаў) прапануецца распрацаваць правілы работы з электрычнымі прыборамі. Формы падачы матэрыялу: комікс, лістоўка, відэаролік, скрайбінг.

Рэфлексія. На гэтым этапе навучэнцы даюць ацэнку ўзаемадзеянню на ўроку, параўноўваюць мэту і атрыманы вынік. Васьмікласнікі выказваюцца адным сказам, выбіраючы пачатак фразы з рэфлексіўнага экрана:

сёння я даведаўся …       

было цікава …

было цяжка …

я выконваў заданні …

я зразумеў, што …

цяпер я магу …

я адчуў, што …

я набыў …

я навучыўся …

у мяне атрымалася …

я паспрабую…

мяне здзівіла …

мне захацелася …

Урок скончыўся, вучні крыху стомленыя, але задаволеныя пайшлі на перапынак, а мы са Святланай Уладзіміраўнай правялі сваю рэфлексію. “Гэта быў урок вывучэння новай тэмы. Мне хацелася, каб вучні тэму ўрока сфармулявалі самі, таму я падрыхтавала глебу. І яны яе сфармулявалі, хай і не зусім дакладна. Вы бачылі, што спачатку на дошцы я запісала: “Магчымае і немагчымае”, мелася на ўвазе магчымасць перамяшчэння электрычнага зараду. Аналогія вучнямі была праведзена. Гэта важна, бо такія аналогіі даюць магчымасць падвесці вучняў да ўспрымання тэрміналогіі.

На ўроку выкарыстоўваліся практычныя заданні з прывычнымі для кожнага дзіцяці прадметамі, што дапамагло ім зразумець: мы штодзень жывём у свеце фізічных з’яў і працэсаў. Вывучэнне фізікі на асабістым вопыце дапамагае развіць і замацаваць веды школьніка, асабліва ў 7—8 класах. На гэтым уроку васьмікласнікі здолелі ўбачыць, што прадметы складаюцца з розных рэчываў, толькі з праваднікоў, толькі  з дыэлектрыкаў, а ёсць такія, што сумяшчаюць і праваднікі, і дыэлектрыкі (напрыклад, адвёртка). Часта склад рэчываў падбіраецца так, каб улічваць іх прымяненне на практыцы. Вучні змаглі прымяніць свой вопыт на ўроку. Я заўсёды імкнуся да таго, каб дзеці свае веды здабывалі самастойна, а групавая, парная работа дапамагае развіваць кампетэнцыі вучняў, у прыватнасці, камунікатыўную.

Вы, напэўна, заўважылі, што дзеці ў класе звычайныя, ёсць моцныя, ёсць і слабыя. Але мне падабаецца працаваць у такіх класах, бо пры падрыхтоўцы да ўрока трэба думаць пра работу кожнага вучня, каб кожны меў магчымасць адчуваць сябе паспяховым”, — адзначыла Святлана Здаранкова.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.