Футбол у яго жыцці з’явіўся даволі рана. Яшчэ ў дзіцячым садку хлопчык з задавальненнем штурхаў нагой мяч і задаваў тату розныя пытанні, здзіўляючы таго сваёй недзіцячай развагай і назіральнасцю. На чарговае пытанне “Чаму пры ўдары мяч часам ляціць уверх, а часам коціцца нізам?” тата не знайшоў, што адказаць сыну, толькі вымавіў нешта накшталт “падрасцеш — даведаешся”. Гэты выпадак Дзмітрый Бельскі, фіналіст Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Педагог года ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”, сёння ўспамінае з усмешкай, але адзначае, што менавіта з таго часу футбол пачаў адыгрываць вялікую ролю ў яго жыцці. Сёння Дзмітрый Бельскі — малады і таленавіты педагог, які пяць гадоў працуе кіраўніком аб’яднання па інтарэсах “Агульная фізічная падрыхтоўка. Футбол” у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” Гродна.
У сям’і Дзмітрыя педагогаў не было. Ды і што там казаць, ён і сам ніколі не думаў, што аднойчы пачне вучыць дзяцей сваёй любімай справе — футболу. Дапамог выпадак.
“Аднойчы пасля размовы з блізкай сваячкай я канчаткова вызначыўся з будучай прафесіяй. Яна прапанавала мне паспрабаваць сябе ў сферы дадатковай адукацыі і нейкім чынам запэўніла, што дзецям будзе са мной цікава. Шчыра кажучы, яшчэ ў дзяцінстве я марыў стаць прафесійным футбалістам, пазней — прафесійным трэнерам і настаўнікам для дзяцей, асабліва старэйшага ўзросту. Так і атрымалася. У 2012 годзе я скончыў факультэт фізічнай культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы па спецыя-лізацыі “Арганізацыя фізкультурна-аздараўленчай работы, спорт і турызм” і адразу прыйшоў працаваць у Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Спектр”, — расказвае Дзмітрый Бельскі.
Сёння выхаванцы маладога педагога — юнакі сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту ад 14 да 18 гадоў. І да кожнага Дзмітрый спрабуе знайсці індывідуальны падыход, улічваючы тэмп развіцця, здольнасці, інтарэсы і, што немалаважна, стан здароўя навучэнцаў.
Асаблівасцю заняткаў педагога ў аб’яднанні па інтарэсах “АФП. Футбол” з’яўляецца актыўнае і ўмелае выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, што таксама вельмі прываблівае моладзь да цікавых заняткаў. Менавіта гэтую асаблівасць заняткаў Дзмітрый дэманстраваў падчас адкрытага ўрока на Рэспубліканскім конкурсе “Педагог года ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”.
“Часта на занятках выкарыстоўваю мультымедыя шляхам праецыравання карцінкі на экран або проста сцяну спартыўнай залы. Гэта вельмі дапамагае дзецям зразумець правільнасць і дакладнасць выканання тэхнікі практыкаванняў і пастаўленыя задачы. Што вельмі важна, пэўнае практыкаванне паказваецца бесперапынна, дзеці не проста глядзяць яго, а адначасова выконваюць пастаўленую задачу, спрабуючы не дапускаць грубых памылак. У той жа час патокавае відэа можна спыніць у самых ключавых кропках для выпраўлення памылак і засяроджвання ўвагі на тым, што не атрымліваецца”, — адзначае педагог.
Са сваімі навучэнцамі Дзмітрый Бельскі мае зносіны не толькі на занятках, але і ў сацыяльных сетках, а поспехі свайго аб’яднання дэманструе на канале YouTube FC SPEKTR. Па словах загадчыка аддзела фізкультурна-спартыўнай работы Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” Наталлі Леанідаўны Тарашчык, малады педагог заўсёды імкнецца да прафесіяналізму і самаўдасканалення, каб даць спартсменам больш навыкаў і ўменняў, а таму карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод калег.
Цікава, што за нядоўгі час работы педагогам дадатковай адукацыі ён забяспечыў выніковы ўдзел сваіх навучэнцаў (больш за 20 прызавых месцаў!) у турнірах па міні-футболе сярод падлеткавых дваровых каманд у рамках праграмы круглагадовай спартакіяды “Гуляем за Беларусь!”, якая праводзіцца разам з ІСН адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна і гарадскім камітэтам БРСМ у канікулярны перыяд. Акрамя таго, разам са сваімі навучэнцамі Дзмітрый штогод прымае ўдзел у мерапрыемствах Гродзенскай гарадской федэрацыі футбола, паспяхова ўдзельнічае ў чэмпіянатах і кубках Гродна па міні-футболе.
Аб сваіх сакрэтах поспеху Дзмітрый адказаў з развагай: “Мне хочацца быць педагогам, да якога з задавальненнем ідуць на трэніроўкі, а для гэтага трэба не проста працаваць, а любіць дзяцей, паважаць іх інтарэсы, каб кожны з выхаванцаў адчуваў: наша каманда — гэта другая сям’я. Я стараюся вучыць дзяцей таму, што сапраўды важна для іх развіцця і будучых перамог. У той жа час на занятках для мяне важныя самадысцыпліна, дакладнае выкананне пастаўленых задач і, зразумела, тэхніка бяспекі. Увогуле, футбол навучыў мяне вельмі многаму. Гэта не проста гульня, гэта гульня ў жыццё. У ёй пазнаецца сяброўства, падтрымка, адчай і радасць. Менавіта гэтаму, як і прафесійным навыкам футбола, я стараюся навучыць дзяцей”.
Хочацца дадаць, што Дзмітрый — любячы муж і тата двух хлопчыкаў. Але аб тым, ці будзе ён аддаваць іх у футбол, гаварыць яшчэ рана, таму пакуль педагог сцвярджае, што ў дзяцінстве, як ні ў якім іншым узросце, усе дарогі адкрытыя.
Людміла ГУРСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.