Майстар-клас: падрыхтоўка да напісання сачынення ў форме творчай лабараторыі

- 14:15Образование, Портфолио

Многія вучні не любяць пісаць сачыненне. Але не таму, што не захапляе сам працэс, бо мець магчымасць выказацца, заявіць пра сябе, расказаць пра свае погляды, думкі, падзяліцца ўражаннямі важна для кожнага. Чаму ж так баяцца вучні ўрокаў развіцця маўлення і тэмы “Сачыненне”, запісанай крэйдай на дошцы?

Хутчэй за ўсё, справа ў тым, што іх проста не навучылі, як трэба пі­саць. Большая частка вучняў аддае перавагу спісванню гатовых сачыненняў з інтэрнэт-рэсурсаў. Аднак тут ёсць “але”. Па-першае, вядома, што спісванне чужых работ яшчэ нікому карысці не прыносіла. Па-другое, усе гатовыя сачыненні вельмі багатыя на памылкі (я яшчэ не сустракала гатовых сачыненняў без шматлікіх памылак). Зараз стала модным пісаць сачыненні з дапамогай нейрасетак. Зноў “але”. Нейрасеткі па-беларуску не заўсёды працуюць эфектыўна (я нават сказала б, заўсёды працуюць неэфектыўна). Мабыць, гэта звязана з “перакладчыкам”, які не мае творчага падыходу. З гэтай жа праблемай сутыкаюцца вучні, якія спрабуюць пісаць сачыненне на рускай мове, а потым працуюць з “пера­­кладчыкам”.

Пісаць сачыненне самому? Як пісаць, калі многія вучні слаба валодаюць беларускім маўленнем, не вельмі сябруюць з нормамі беларускай літаратурнай мовы? Што рабіць?

Трэба вучыць пісаць сачыненне. І тады нават слаба падрыхтаваным вучням бу­дзе ў асалоду ствараць тэксты, пісаць самім пра сябе праз прызму свайго светаадчування.

Як вучыць? Можна навучыць вучня асноўным прыёмам работы, паўтараць гэтыя прыёмы на кожным уроку падрыхтоўкі да напісання сачынення. Вучыць трэба весела, дружалюбна, без настаўлення.

Урокі падрыхтоўкі да напісання сачынення праводжу ў форме творчай лабараторыі. Першы этап творчай лабараторыі — вызначэнне мэты і задач даследавання, пабуджэнне да працы, паг­ружэнне ў тэму сачынення. Вельмі важна ўзбудзіць у вучняў пэўны настрой, завастрыць думкі на тэме, заставіць вучняў задумацца. Вось, напрыклад, пры падрыхтоўцы да напісання сачынення-апісання родных мясцін (6 клас) можна прапана­ваць такія практыкаванні:

  1. Гучыць песня “Добры дзень, родныя мясціны” ў выкананні ансамбля “Бяседа.”
  2. Слова настаўніка пра родныя мясціны.
  3. Чытанне верша К.Самусенкі “Мілей за родныя мясціны…”.
  4. Практыкаванне “Словы-асацыяцыі”: запішыце 8—10 назоўнікаў, якія асацыіруюцца з вашымі роднымі мясцінамі.

Наступным этапам творчай лабараторыі з’яўляецца падрыхтоўка да даследавання. Заключаецца яна ў наступным.

Каб напісаць сачыненне, трэба разумець, як яно павінна быць напісана, іншымі словамі, сканструявана, як звязваюцца часткі, як перайсці ад адной думкі да другой, як упрыгожыць тэкст. Таму першапачаткова ўвага засяроджваецца на трох складніках любога тэксту: тэме, ідэі, праблеме. Праводзіць такую работу можна рознымі прыёмамі: тэарэтычная размінка “Ці верыце мне”, рубрыка “Тры кіты”, “Сімвалічны сасуд ведаў” і інш. Галоўнае, узнавіць веды вучняў пра тэму, ідэю, праблему тэксту і дапамагчы вызначыць іх у будучым сачыненні. Можна зноў-такі карыстацца памяткамі.

Тэма

Ідэя

Праблема

Пра што тэкст?

Для чаго напісаны тэкст? Што аўтар хацеў сказаць?

Што хвалюе аўтара?

Часта ўказана ў загалоўку

Можна сфармуля­ваць у выг­лядзе тэзіса

Разумеем па ходзе разважання, апісання, апавядання

Наступным крокам падрыхтоўкі з’яўляецца ўзнаўленне ведаў пра кампазіцыйную будову тыпаў тэксту (у залежнасці ад тыпу сачынення). Пры гэтым абавязкова акцэнтуецца ўвага на неабходнасці прытрымлівацца кампазіцыі ў напісанні сачынення.

І нарэшце наступае этап творчай работы. Пачынаецца ён са складання плана будучага сачынення. План сачынення непасрэдна накладаецца на кампазіцыйную будову тыпу тэксту, які заяўлены ў тэме сачынення. Напрыклад, калі гэта тэкст-­апісанне знешнасці чалавека (7 клас), то:

Гляджу на…

Аднаўленне нейкага вобраза (важныя прыметы, характэрныя рысы і асаблівасці)

Кампазіцыя

1. Агульнае ўражанне ад прадмета (з’явы, чалавека).

2. Апісанне характэрных пры­мет.

3. Адносіны (ацэнка) да прадмета (з’явы, чалавека)

План

1. Уступ, які перадае ідэю апісання:

мой сябар Саша, чалавек прыгожы і прывабны.

2. Асноўная частка, само апісанне:

а) фігура, пастава, выгляд, валасы, вочы, нос, рот і г.д;

б) дзеянні (рухі), звязаныя з характарыстыкай састаўных частак апісання;

в) характарыстыка сябра.

3. Канцоўка — вывад пра таго, хто апісваецца: сапраўдны сябар

У дапамогу вучням прапаную на кожным уроку падрыхтоўкі будову сачынення з лексічным суправаджэннем. Такая будова звычайна складаецца ў класе калектыўна. Напрыклад:

  • сачыненне-апавяданне пра наведванне цікавых мясцін (11 клас)

План

Лексічнае
напаўненне

1. Пачатак (дзе, калі, з кім наведвалі цікавыя мясціны)

Аднойчы… Гэтым летам…

Адправіліся, выехалі, адкрылася…

2. Асноўная частка (развіццё падзей):

а) Як усё пачыналася, развівалася?

б) Што найбольш уразіла?

Прычына прыезду; ехалі, ішлі, дабіраліся; сустрэў экскурсавод; прыгожае, дзівоснае месца; здзівіла

3. Заключная частка (развязка падзей)

Застанецца ў памяці; ад’язджалі стомленыя, але задаволеныя…

  • сачыненне-апісанне вёскі (7 клас):

План

Лексічнае
напаўненне

1. Пачатак (агульнае ўражанне ад вёскі)

Вёска знаходзіцца… Яе размяшчэнне (памер)… Самая прыгожая і…

2. Асноўная частка (апісанне характэрных прымет

Назва паходзіць… Кажуць, што ў вёсцы… Самае цікавае месца… Дзеючыя аб’екты… У нашай вёсцы жывуць (жыве)…

3. Заключная частка (апісанне адносін да прадмета апісання)

Хочацца запрасіць… Я вельмі люблю сваю вёску і хачу…

Пасля складання плана сачынення наступае непасрэдна даследаванне. Гэты працэс накіраваны на пошукі матэрыялу і работу над ім. Безумоўна, настаўніку не так і складана сарыентавацца ў творчасці пісьмен­нікаў і паэтаў і выбраць адтуль неабходныя па тэматыцы творы і ўрыўкі з твораў. Але на такую работу трэба затраціць шмат часу. У сваёй рабоце выкарыстоўваю тэксты са зборнікаў для напісання пераказаў у 9 і 11 класах, некаторыя зборнікі тэкстаў для дыктантаў. Вялікім памочнікам у пошуку матэрыялу з’яўляецца інтэрнэт.

Вучням 10—11 класаў карысна бу­дзе прапанаваць самастойна падабраць матэрыял. Самай пашыранай, даступнай крыніцай з’яўляецца інтэрнэт. І вось тут галоўнае — правільна накіраваць вучняў на пошукі інфармацыі. Ні ў якім разе не трэба выкарыстоўваць гатовыя сачыненні. Узорам павінны быць тэкс­ты пісьменнікаў і паэтаў.

Падрыхтаваныя тэксты пажадана раздрукаваць і выкарыстоўваць у якасці раздатачнага матэрыялу. Але каб не тра­ціць час, паперу, яго можна раздаваць як скрыншот або спасылкі на творы па сацыяльных сетках на мабільныя тэлефоны вучняў.

Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі

Асноўнай даследчай работай над сачыненнем з’яўляецца работа над творамі пісьменнікаў і паэтаў. Тут настаўнік можа выкарыстоўваць самыя розныя метады і прыёмы над пошукам і выяўленнем мастацкіх сродкаў. Гэтыя мастацкія сродкі класіфікуюцца, выпісваюцца.

Напрыклад, для напісання сачынення-апісання восені як пары года (11 клас) можна выкарыстаць верш Валянціны Рабкевіч “Восень залатая”.

Пасля чытання верша настаўнік высвятляе ў вучняў пачуцці, настрой. Потым пачынаецца работа над мастацкімі сродкамі. Больш эфектыўнай з’яўляецца работа з табліцай:

Мастацкія тропы

Прыклады

Эпітэты

Восень залатая; сіняе неба; цуднае зіхценне; восень з ветлівай усмешкай; колер жоўта-залаты

Параўнанні

Ніткай срэбнай павуцінне; я іду лясною сцежкай, як па мяккім дыване

Метафары

Восень сее радасць на зямлі; хмарка ў сінім небе тае; ціш вакол стаіць; восень з ветлівай усмешкай на спатканне выйшла мне

Такая табліца дапаўняецца мастацкімі сродкамі з іншых твораў.

Можна выкарыстаць яшчэ і такі прыём работы над матэрыялам, як “Падбяры асацыяцыі”: вучні падбіраюць свае словы-асацыяцыі, словазлучэнні, а таксама выразы і мастацкія тропы з твораў:

Прадметы

апісання

Асацыяцыі, мастацкія тропы

Дрэвы

Клён завяў, стаіць у раздум’і

Лісце

Залацістае лісце; сыплецца, падае; шалясціць пад нагамі

Неба

Хмарка ў сінім небе тае; сум у небе імглістым

Зямля

Залатая, пяшчотная, сумная

Паветра

Ціхае, халоднае, калючае

Пры рабоце над сачыненнем-разважаннем прапаную вучням выпісаць мастацкія сродкі, якія маюць дачыненне да прадмета разважання. Напрыклад, калі гэта сачыненне-разважанне пра ролю кнігі ў жыцці чалавека (11 клас), прапаную вучням пасля знаёмства з вершам Петруся Макаля “Бясследна нішто не міне” запоўніць такую таб­ліцу:

Прадмет разважання

Мастацкія сродкі

Кніга

Мінуўшчына ў госці прыходзіць; мы размаўляем з вякамі; продак да нас дастае радкамі, нібыта рукамі; мост, па якім нездарма іду я з патомкам сустрэцца

Пры напісанні сачынення-разважання па прыказцы “Дрэннае слова і салодкім не заясі” (8 клас) табліца па вершы Якуба Коласа “Слова” можа выглядаць так:

Прадмет
разважання

Мастацкія сродкі

Слова

Радасць, чары, вобраз вечна юных вёсен; гля­дзіць праз неба просінь; лашчыць слух; слова-ззянне; атуляе сэрца ласкай; ноч і вечар, дзень, світанне; слова-краска

Яшчэ адзін прыём, які можна выкарыс­таць пры напісанні сачынення-апісання ці разважання, — “Які? Што робіць?”. Напрыклад, сачыненне-апісанне помніка гісторыі (культуры) у 8 класе.

“Горад Тураў, дзе нарадзіўся і жыў Кірыл, — адзін з трох, дзе ўстаноўлены манументы гэтаму свяціцелю. Помнік быў створаны скульптарам Іньковым і архітэктарам Лук’янчыкам. Устанавілі яго на Замкавай гары 11 мая 1993 года. У аснове яго кампазіцыі — незвычайны візантыйскай формы крыж. З ім злучаецца сама фігура Кірыла. Ён як бы трохі выступае наперад, пры гэтым падняўшы галаву. Рукі сагнутыя і размяшчаюцца на ўзроўні грудзей. У левай ён трымае кнігу, на вокладцы якой выгравіраваны крыж. А правая рука жэстам паказвае на гэты твор. Вакол галавы Кірыла — німб, а побач з кнігай зроблены надпіс “Святы Кірыл, епіскап Тураўскі”. Вышыня манумента — сем метраў. Зроблены ён з бетону і пакрыты меддзю”.

Які помнік?

Манумент свяціцелю; незвычайны крыж, сама фігура, вышыня манумента; зроблены з бетону, пакрыты меддзю

Што робіць?

Устаноўлены, створаны, усталявалі, выступае наперад, размяшчаецца, паказвае, зроблены надпіс

Пасля работы над матэрыялам варта вярнуцца да плана сачынення і пашырыць лексічнае напаўненне. Табліца можа выглядаць так (сачыненне-апісанне з’явы прыроды (лістападу), 11 клас):

План

Лексічнае напаўненне

Пашырэнне лексічнага
напаўнення

1. Пачатак (пра што пой­дзе размова?)

Мне даспадобы… Мая любімая пара года… Я часта ўспа­мінаю…

Восень залатая; цуднае зіхценне

2. Асноўная частка (апісанне пары года)

Бачу ў восені… Жыццё не замірае… Дрэвы
стаяць…

Неба імглістае; залацістае лісце; прыціхлы гушчар; пусталістыя галінкі; восень прайшла пералескамі; нехта па ёй вандруе, узнімаючы лісце; сум у небе імглістым; клён стаіць у раздум’і, галаву апусціўшы на дол; ходзіць дзядзька Лістапад; ціш вакол стаіць; восень з ветлівай усмешкай на спатканне выйшла мне; ярка, хораша прыб­рала ўсюды дрэвы і кусты і зямлю памалявала ў колер жоўта-залаты

3. Заключная частка (уражанне)

Лістапад для мяне… Большай прыгажосці…

Восень сее радасць на зямлі; зямля залатая, пяшчотная, сумная, чыстая

І нарэшце наступае практычны этап творчай лабараторыі: напісанне сачынення. Гэты этап складаецца з трох пунктаў: напісанне ўступу, напісанне асноўнай часткі і напісанне заключэння. Вучням можна прапанаваць наступную памятку:

1. Напісанне ўступу

Вярніцеся да ідэі вашага сачынення. З дапамогай слоў, словазлучэнняў з лексічнага напаўнення сфармулюйце ўступ

2. Напісанне асноўнай часткі

Вярніцеся да праблемы вашага сачынення. Карыстаючыся лексічным напаўненнем, раскрыйце праблему вашага тэксту (раскажыце пра…, апішыце…)

3. Напісанне заключэння

1—2 сказамі выкажыце сваё ўражанне ад… (зрабіце вывад той ідэі, якую сфармулявалі; дайце ацэнку прадмету апісання)

Яшчэ адным важным этапам творчай лабараторыі з’яўляецца этап самастойнай праверкі напісанага. Неабходна акцэнта­ваць увагу вучняў на неабходнасці гэтага моманту. Няхай адкладуць на нейкі час свае сачыненні, а потым зноў перачыта­юць іх. Я прапаную вучням наступную схему:

  1. Перачытайце сачыненне. Што вам хочацца памяняць у змесце?
  2. Перачытайце сачыненне, падумайце над моўным афармленнем (адсутнасць русізмаў, таўталогіі, правільнасць лексічнага спалучэння і інш.).
  3. Перачытайце сачыненне, праверце арфаграфію і пунктаграфію.

Важна памятаць, што навучанне напісанню сачынення не заканчваецца на этапе здачы работ. Неабходна па магчымасці максімальна зразумела вучням выпраў­ляць памылкі, даваць рэцэнзію на сачыненне. На мой погляд, самым карысным і зразумелым як для вучняў, так і для іх баць­коў з’яўляецца выкарыстанне для рэцэнзіі выразаў з “Норм ацэнкі творчых работ вучняў”:

  • Работа характарызуецца беднасцю слоўніка, кароткімі аднатыпнымі канструкцыямі (1—3 балы).
  • У рабоце ёсць адзінкавыя выпадкі выкарыстання маўленчых сродкаў мовы (5 балаў).
  • Работа ў цэлым раскрывае тэму і асноўную думку, ёсць адхіленні ад тэмы (6 балаў).
  • Работа часткова раскрывае тэму і асноўную думку (3—4 балы).
  • Адсутнасць аргументаў для доказу выказаных у сачыненні думак (гэта 1 недахоп) → а гэта непаўната раскрыцця асноўных падтэм, што збядняе змест тэксту (1 надахоп) → а гэта няўменне выкарыстоўваць веды, уласныя назіранні, літаратурныя крыніцы, жыццёвы вопыт для абгрунтавання ўласнай пазіцыі ў сачыненні (1 недахоп) → а гэта — мінус тры балы.
  • Парушэнне суразмернасці частак тэксту (уступ, асноўная частка, заключэнне) (1 недахоп) → а гэта — работа ў цэлым раскрывае тэму і асноўную думку (5—6 балаў)

Такім чынам, навучанне напісанню сачынення — гэта нялёгкі і складаны працэс, які прадугледжвае пэўныя паступовыя і абавязковыя этапы, які патрабуе ад настаўніка скурпулёзнай падрыхтоўкі, вялікага цярпення і ўвагі да кожнага вучня.

Святлана ВАБІШЧЭВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”
Столінскай дзяржаўнай гімназіі Брэсцкай вобласці
Фота Наталлі КАЛЯДЗІЧ