Майстар-класы для бацькоў праводзяць педагогі Пінкавіцкага дзіцячага сада

- 16:10Новости

Педагогі Пінкавіцкага дзіцячага сада Пінскага раёна ведаюць, як зрабіць так, каб выхавальнікі і бацькі чулі і разумелі адно аднаго. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— На жаль, нам не заўсёды хапае такту і цярпення для гэтага, з-за чаго ўвесь цяжар непаразуменняў паміж сем’ямі выхаванцаў і дашкольнай установай кла­дзецца на дзяцей, — гаворыць загадчыца Пінкавіцкага дзіцячага сада Наталля Афанасьева. — Нашы педагогі вырашылі змя­ніць такое становішча, каб зацікавіць мам і татаў сумеснай работай і зрабіць іх актыўнымі ўдзель­нікамі адукацыйнага працэсу.

Выхавальнікі перабралі шмат розных метадаў і прыёмаў, але ў выніку спыніліся на майстар-класах для бацькоў. Пачалі з майстар-класа “Лялька-абярэг сваімі рукамі”. Педагогі Вольга Гнядзько і Ганна Стахаевіч расказалі яго ўдзельнікам, што ў традыцыйнай культуры нашай краіны лялек любяць не толькі дзеці, але і дарослыя. У ранейшыя часы без лялек не абыходзілася ніводная важная падзея ў жыцці чалавека. Берагіня, Дзесяціручка, Кубышка-траўніца, Зернавушка, Жаданніца і іншыя лялькі вядомы найперш як абярэгі. У кожнай з іх сваё прызначэнне, якое можна зразумець па назве. Асобнае месца займаюць абрадавыя лялькі. З іх дапамогай, як верылі продкі, можна супрацьстаяць злу і абараніцца ад бяды, хвароб і неўраджаю.

Падчас майстар-класа бацькі пераканаліся, што змайстраваць ляльку-абярэг зусім не цяжка. Для гэтага ім спатрэбіліся рознакаляровыя абрэзкі тканіны, ніткі і тась­ма, а галоўнае — жаданне і фантазія. Усе ўдзельнікі майстар-класа працавалі старанна і натхнёна. І ў іх атрымаліся цудоўныя лялькі!

Большасць людзей лічыць, што прыгожа маляваць могуць не ўсе і што для гэтага абавязкова трэба мець прыро­джаныя здольнасці. Вольга Гнядзько пераканала бацькоў у адваротным на майстар-класе “Правапаўшарнае (інтуітыўнае) маляванне”.

— Што гэта такое? Гэта наш ключык да ўнутраных эмоцый і перажыванняў, падсвядомасці, — тлумачыць Вольга Гнядзько. — Падчас такога малявання чалавек не задумваецца пра мастацкія вартасці сваіх твораў, выводзіць на паперы тое, што яму хочацца і здаецца патрэбным у канкрэтны момант. Тады ў творчых вобразах і праяўляецца ўнутранае “Я”. Інтуітыўнае маляванне актывізуе правае паўшар’е, якое адказвае за ідэі, вобразы і творчасць. Малюючы такім чынам, бацькі выйшлі за звыклыя, стэрэатыпныя рамкі, таму работы атрымаліся яркімі і пазітыўнымі.

Педагог Наталля Ханавец арганізавала майстар-клас па пластылінаграфіі “Чароўны пластылін”, дзе азнаё­міла
яго ўдзель­нікаў з прыёмамі і спосабамі стварэння вобразаў, навучыла выкарыстоўваць атрыманыя веды і ўменні ў рабоце з дзецьмі ў дамашніх умовах, расказала пра іншыя спосабы сумеснай творчай дзейнасці. Падчас майстар-класа бацькі з дзецьмі выканалі работу “Паўночнае ззянне”, з цікавасцю асвоілі новую тэхніку лепкі і не толькі. Некаторыя раскрылі свой творчы патэн­цыял, пра які нават і не здагадваліся.

Пінкавіцкія педагогі лічаць, што такая форма работы, як майстар-клас, выдатна падыходзіць для развіцця сумеснай творчасці дзяцей і дарослых, дапамагае ім наладзіць больш цесныя адносіны. Але на гэтым у дашкольнай установе на спыняюцца. Выхавальнікі мэтанакіравана шукаюць новыя формы работы з бацькамі, каб сумесная дзейнасць была карыснай не толькі для іх, але і для маленькіх чамучак.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ