Майстэрня для рабочых

- 10:47Адукацыйная прастора, Прафесійна-тэхнічная адукацыя

У сістэме адукацыі падрыхтоўка запатрабаваных спецыялістаў заўсёды была прыярытэтнай. Клецкі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй захаваў і пастаянна развівае як традыцыйныя, так і новыя, перспектыўныя напрамкі прафесійна­тэхнічнага навучання. Што важна, яно пастаянна ўдасканальваецца з улікам патрэб эканомікі краіны.

У ліцэі рыхтуюць кадры для арганізацый і прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу, грамадскага харчавання, гандлю і транспарту не толькі Клецкага раёна, але і ўсёй Мінскай вобласці. 

“Клецкі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй мясцовыя жыхары называюць кузняй рабочых кадраў, — сказаў намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Андрэй Юр’евіч Карповіч. — Што тычыцца навучання спецыялістаў, то ў нашай установе вядзецца падрыхтоўка рабочых па такіх спецыяльнасцях, як “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ”, “Тэхнічнае забеспячэнне дарожна-будаўнічых і меліярацыйных работ”, “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў”, “Грамадскае харчаванне”, “Гандлёвая справа”. 

З 2018 года ў ліцэі арганізаваны адукацыйны працэс у межах школьнага працоўнага навучання для навучэнцаў 10—11 класаў агульнаадукацыйных школ па праграме прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) аддзелаў адукацыі, спорту і турызму Клецкага і Нясвіжскага раённых выканаўчых камітэтаў. Навучанне ажыццяўляецца па такіх прафесіях, як “Аператар электронна-вылічальных машын (персанальных электронна-вылічальных машын)” 4 разраду, “Член брыгады аб’екта хуткага абслугоўвання (рэстарана)” 3 разраду, “Слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання” 1 разраду. 

“Усяго па праграме прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) у мінулым навучальным годзе навучаўся 101 школьнік, сёлета іх будзе 34”, — зазначыў Андрэй Карповіч.

Выпускнікі Клецкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя запатрабаваны на рынку працы. Гэта пацвярджае сёлетняе размеркаванне: 100% навучэнцаў выпускных вучэбных груп атрымалі накіраванне на работу ў адпаведнасці з атрыманымі спецыяльнасцямі і кваліфікацыямі. 

У Клецкім сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі павялічылі прыём навучэнцаў на спецыяльнасці “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ”, “Тэхнічнае забеспячэнне дарожна-будаўнічых і меліярацыйных работ”, “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў”. 

“Забеспячэнне якаснай практыка-арыен­таванай падрыхтоўкі рабочых ажыццяўляецца ў цесным узаемадзеянні з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, — пацвердзіў Андрэй Карповіч. — У нашай установе па згаданым кірунку вядзецца дзейсная работа: вызначаны пералік прадпрыемстваў з ліку арганізацый — заказчыкаў кадраў для вывучэння сучасных кваліфікацыйных патрабаванняў да рабочых у разрэзе спецыяльнасцей, дзе выкарыстоўваюцца і ўкараняюцца сучаснае абсталяванне і новыя тэхналогіі. У спісе значацца КСУП “Племянны завод “Чырвоная Зорка”, УП “Шчэпічы-Агра”, ААТ “Кухчыцы”, ПГУП “Гроў Рыч”, ААТ “Клецкі рай­аграсэрвіс” і інш. Усе арганізацыі прадастаўляюць навучэнцам вытворчыя аб’екты для адпрацоўкі тэматыкі вытворчага навучання па кваліфікацыях”.

Для таго каб працэс навучання быў дзейсным, а будучыя спецыялісты маглі больш эфектыўна спазнаць усе тонкасці будучай прафесіі, у ліцэі абсталяваны спецыя­лізаваныя лабараторыі. 

“Не так даўно быў выкананы рамонт у лабараторыі “Будова трактароў”, — прывёў прыклад Андрэй Юр’евіч. — Лабараторыя абсталявана аб’ектамі-вузламі і дэталямі сельскагаспадарчай тэхнікі. Таксама былі выраблены сучасныя банеры з пакрокавай інструкцыяй па рэгуляванні агрэгатаў сельскагаспадарчай тэхнікі. Для падрыхтоўкі рабочых кадраў па спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне” ў вучэбным корпусе № 1 абсталявана “Лабараторыя гатавання гарачых страў”. Тут размешчана сучаснае абсталяванне — шафа для смажання, мультыварка, лустарэзка, машына для перапрацоўкі агародніны, сталы, стэлажы вытворчыя, мыйныя ванны. Сёлета былі закуплены электрапечка для запякання піцы, стол, які ахалоджвае прадукцыю, параканвектамат, халадзільнік-маразільнік, індукцыйная пліта і інш.

Павышаны попыт на рэгіянальным рынку працы паспрыяў таму, што на працягу некалькіх апошніх гадоў у Клецкім сельска­гаспадарчым прафесійным ліцэі павялічвалі прыём навучэнцаў на спецыяльнасці “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ”, “Тэхнічнае забеспячэнне дарожна-будаўнічых і меліярацыйных работ”, “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў”. 

“У 2016 годзе ў нашым ліцэі быў адкрыты прыём па запатрабаванай у арганізацый — заказчыкаў кадраў інтэграцыі спецыяльнасцей “Грамадскае харчаванне”, “Гандлё­вая справа” з атрыманнем прафесій “Повар”, “Прадавец”, — адзначыў намеснік дырэктара ліцэя па вучэбна-вытворчай рабоце. — Што тычыцца ўзаемадзеяння з арганізацыя­мі — заказчыкамі кадраў, то яшчэ падчас навучання будучыя маладыя спецыя­лісты, што займаюцца ў выпускных вучэбных групах, праходзяць практыку ў арганізацыях з наступным праца­ўладкаваннем. А вывучэнне новай тэхнікі і тэхналогій адбываецца ў рэсурсных цэнтрах вытворчага навучання вобласці: у Слуцкім дзяржаўным каледжы і Смілавіцкім сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі. У мінулым навучальным годзе ў рэсурсных цэнтрах нашых партнёраў прайшлі навучанне 78 навучэнцаў. Сучасная вытворчасць патрабуе ад маладых спецыялістаў валодання многімі кампетэнцыямі. Гэта ў сваю чаргу патрабуе ад сістэмы прафесійнай адукацыі прымянення ў навучанні найноўшай тэхнікі, абсталявання, каб даць будучым рабочым неабходныя веды. Так, за апошнія гады наш ліцэй набыў сельскагаспадарчую тэхніку: трактар, грузавы аўтамабіль, прычэп і інш. Падчас урокаў па вытворчым навучанні маладыя людзі вучацца працаваць з імі. Увогуле, наша ўстанова заўсёды імкнецца да таго, каб рыхтаваць высокакваліфікаваных і канкурэнтаздольных спецыялістаў. Для гэтага ў нас ёсць самае неабходнае — абноўленая матэрыяльна-тэхнічная база і кампетэнтны педагагічны калектыў”.

Наталля САХНО.