Майстэрства прыроднага кадра

- 11:56Выхаванне, Выхаваўчая работа

Унікальная стажыроўка ў адным з самых маляўнічых куточкаў Беларусі стала прызам для пераможцаў рэспубліканскага фотаконкурсу “Маладзёжны погляд”. Сакрэты прыроднага кадра яны пераймалі ад масцітых фатографаў у Краснаборскай пушчы.

Фоташтуршок для падарожжаў

Фотапаляванне з Дзмітрыем Шамовічам.

Гэты конкурс Рэспубліканскі фонд развіцця турызму і падтрымкі дзікай прыроды “Планета без меж” сумесна з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным гістарычным музеем і ААТ “Жамчужына Паазер’я” правёў упершыню. Удзел у ім прынялі студэнты вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія прадастаўлялі свой фотапогляд на архітэктурныя, гістарычныя і прыродныя славутасці Беларусі. Аўтары лепшых здымкаў з кожнай вобласці і Мінска, якія і сталі пераможцамі конкурсу, прыехалі сюды на 10 дзён, каб пажыць у акружэнні прыроды і павучыцца яе фатаграфаваць.

Маладыя людзі практыкуюцца ў фатаграфаванні, сустракаючы світанкі і заходы сонца, падчас сплаву па Свольне і пешых прагулак, падчас сустрэч з ляснымі насельнікамі ў запаведных месцах пушчы і адно з адным па вечарах ля вогнішча.

Антон Сарокін, начальнік аддзела інфармацыйна-метадычнага забеспячэння і медыяпраектаў Рэспубліканскага маладзёжнага цэнтра, адзначыў: “Задумваючы гэты конкурс, мы ў першую чаргу хацелі развіваць навыкі фатографаў-пачаткоўцаў, папулярыза­ваць хараство Беларусі і дэманстра­ваць яго на прафесійным узроўні. Сёння зносіны ў сацыяльных сетках, выкладванне і прагляд фота і відэа займаюць у сучаснай моладзі каля трэці сутак, і хочацца, каб гэта было не толькі самалюбаванне, але і дэманстрацыя ўласных уменняў, навыкаў, прэзентацыя краіны, у якой мы жывём. У далейшым мы плануем размя­шчаць фотаздымкі пераможцаў на інфармацыйных парталах рэгіёнаў, каб больш людзей даведвалася, наколькі прыгожая ў нас прырода. Прыемна, што нашы канкурсанты ўбачылі яе ўнікальнасць і да­юць цяпер магчымасць атрымаць асалоду ад гэтага іншым. І хочацца спадзявацца, што інтэрнэт-карыстальнікі не абмяжуюцца праглядам гэтых здымкаў, а фота стануць штуршком для іх уласных падарожжаў па краіне”. 

Пра зорныя здымкі і здымкі “зорак”

Заняткі для студэнтаў право­дзілі тыя, чыімі фота даўно захапляюцца аматары фотамастацтва. Так, сярод іх — Сяргей Плыткевіч, аўтар шматлікіх фотаальбомаў пра Беларусь. На яго занятках студэнты даведаліся, як перайсці ад аматарскай фатаграфіі да фотажурналістыкі і фотамастацтва, як нават на звычайнай лясной сцежцы знайсці рэдкі кадр. “Галоўная задача нашага конкурсу — заклікаць ствараць, бачыць незвычайнае ў звычайным”, — адзначае Сяргей Плыткевіч.

Як здымаць Беларусь? Як выбіраць лакацыі? Якія нюансы трэба ўлічваць падчас здымак у залежнасці ад часу сутак і пары года? У чым асаблівасці кампазіцыі і постапрацоўкі? Усяму гэтаму юных калег вучылі майстры панарамнай фатаграфіі. Навучанне астранамічным здымкам і дзве ночы, праве­дзеныя пад зорным небам з тэлескопам і фотаапаратамі, пакінулі ў студэнтаў асабліва яркія эмоцыі.

Водныя практыкаванні на Свольне.

Не менш уражанняў студэнты атрымалі і падчас паходаў па самых запаветных месцах Краснаборскай пушчы, дзе яны фатаграфавалі дзікіх жывёл у натуральных умовах. Іх гідам і настаўнікам стаў Дзмітрый Шамовіч — вучоны-біёлаг, даследчык, спецыяліст па экатурызме, майстар фотапалявання. Ён вывучае птушак, дапамагае экатурыстам убачыць беларускую прыроду некранутай, але галоўнае, што зрабіла яго імя вядомым для многіх, — ён вывучае паводзіны ваўкоў на практыцы, з’яўляючыся важаком воўчай зграі. 

Валерый Вядрэнка, фотамастак, аўтар унікальных фотапраектаў, прыадкрыў студэнтам сакрэты архітэктурных здымак, а таксама расказаў аб лепшых спосабах рэалізацыі творчых ідэй. У прыватнасці, ён засяродзіўся на фотапластыцы, на тым, як з не­калькіх кадраў стварыць адзін. 

Адзін дзень быў прысвечаны знакавым архітэктурным пом­нікам Верхнядзвінскага раёна. Тут экспертам выступіў вандроўнік і стваральнік фотапраектаў Сяргей Мілюхін. Ён расказаў, што трэба ўмець і ведаць трэвел-фатографу, а на практыцы тэорыю студэнты змаглі замацаваць падчас вандроўкі па маршруце Асвея — Сар’я — Росіца. Дабавіў студэнтам прыгожых кадраў і іх сплаў на байдарках па рацэ Свольне. 

Краснаборскую пушчу называюць раем для паляўнічых, аматараў прыроды і тых, хто шукае спакойны адпачынак удалечыні ад тлумнага горада. А разам з заняткамі ў Краснаборскай школе фатаграфіі гэты адпачынак стаў для студэнтаў адной з самых яркіх падзей лета.

Як ператварыць “аб’ектыўныя” здабыткі з падарожжаў у цэлы фільм, які б стаў штуршком для гледачоў убачыць усё гэта на ўласныя вочы, хлопцаў і дзяўчат вучыла рэжысёр, прадзюсар, аўтар шматлікіх рэкламна-інфармацыйных ролікаў Ганна Цясёлкіна. Папрактыкавацца ў гэтым студэнты змаглі на пчальніку. 

Ірэна Гудзіеўская, фотамастак, аўтар знакавых праектаў пра Беларусь, пераканана, што ў імкненні злавіць у аб’ектыў вясковыя краявіды, нашы сцішаныя вёсачкі і хутары, важна не забываць і пра іх насельнікаў. Падчас свайго практыкуму “Прырода і чалавек. Стварэнне і прасоўванне творчых праектаў” яна вучыла студэнтаў ствараць рэкламныя здымкі, падбіраць вобразы мадэлям, ад адзення да макіяжу, і рабіць іх партрэты. Замацавалі гэтыя навыкі студэнты падчас касцюміраваных фотаздымак у спортынг-­клубе. 

Майстар-клас па фотаплатыцы ад Валерыя Вядрэнкі.

Самыя лепшыя фотаздымкі тыя, што захоўваюцца не толькі на электронных носьбітах ці ў альбоме. Важна, каб імі маглі захапляцца іншыя. Гэтага меркавання прытрымліваецца і дырэктар карціннай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Ларыса Лысенка. Ад яе ў галерэі студэнты даведаліся, як арганізаваць сваю персанальную фотавыставу. 

Упэўнена, што запоўненыя ўнікальнымі кадрамі флэш-карты і памяць фотаапаратаў яшчэ не раз нагадаюць пра сябе юным фатографам, намякаючы на персанальную выставу, але пакуль запланаваны іх калектыўны фотапраект. Кожны дзень выкладчыкі адбіралі лепшыя фотаработы студэнтаў, створаныя ў Краснаборскай школе фатаграфіі, а ў лістападзе гэтага года ў Нацыянальным гістарычным музеі будзе арганізавана выніковая фотавыстава. Адначасова з адборам работ для выставы калектыў выкладчыкаў школы вызначаў і лепшых фатографаў дня. Той, хто часцей за ўсіх быў ўдастоены гэтага статусу, атрымае двухдзённую пуцёўку на дваіх на джып-сафары ў Краснаборскай пушчы.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Сяргея ПЛЫТКЕВІЧА.