Малады фельчар хуткай дапамогі: кожная памылка можа каштаваць чалавеку жыцця

- 16:00Абитуриент, Образование, Приложение

Настасся Ванюк з дзяцінства марыла дапамагаць людзям, таму яшчэ ў пачатковых класах вырашыла: хачу быць урачом, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Упэўненасць у выбары

Традыцыйна высокі конкурс ва УВА медыцынскага профілю, цяжкасці навучання і далейшай працы па выбранай прафесіі з году ў год не памяншаюць колькасць абітурыентаў, якія мараць насіць белыя халаты і зберагаць жыццё людзей. Здараецца, да ўвасаблення мары не хапае некалькіх балаў, але гэта не падстава адмаўляцца ад задуманага. Разважыўшы так, выпускніца Охаўскай сярэдняй школы Пінскага раёна Настасся Ванюк вырашыла пачакаць з паступленнем у Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт і прадоўжыла вучобу ў Пінскім дзяржаўным медыцынскім каледжы, каб стаць фельчарам хуткай медыцынскай дапамогі.

Дзяўчына старанна вучылася, бо добра разумела: кожная памылка ў выбранай прафесіі можа каштаваць чалавеку жыцця. Навучанне ў каледжы запомнілася насычанымі практычнымі заняткамі, вучэбнай і пераддыпломнай практыкай.

— Мы часта наведвалі розныя медустановы, вывучалі бальнічны быт знутры, задавалі шмат пытанняў медыкам. Праходзячы практыку ў паліклініках, бальніцах, дыспансерах, пашыралі не толькі свае веды, уменні і прафесійныя кампетэнцыі, але і набывалі практычны вопыт, — расказала Н.Ванюк.

Да таго ж у час вучобы ў каледжы дзяўчына як стараста падгрупы актыўна займалася валанцёрскай дзейнасцю. Разам з навучэнцамі-аднадумцамі адвозіла падарункі дзецям-сіротам, дапамагала пажылым і адзінокім людзям.

Усё прыходзіць з вопытам

У канцы вучобы, калі ў маладых спецыялістаў пацікавіліся, дзе б яны хацелі працаваць, Настасся выказала жаданне застацца недалёка ад Пінска, каб быць бліжэй да дому. Атрымаўшы дыплом з адзнакай, 1 жніўня 2022 года дзяўчына пачала працаваць фельчарам Іванаўскай ЦРБ. Ёй далі пакой у інтэрнаце, а праз некаторы час — арэнднае жыллё.

Пінскі медыцынскі каледж

Спецыяльнасць: “Лячэбная справа”.

Кваліфікацыя: “фельчар-акушэр; памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе”.

Тэрмін навучання: 2 гады і 10 месяцаў пасля 11 класаў.

Першыя працоўныя будні дзяўчыны праходзілі на “хуткай дапамозе” ў Іванаве побач з дасведчаным фельчарам Пятром Дрычыцам. Каля двух месяцаў Настасся пераймала вопыт у калегі, перш-наперш вучылася дзейні­чаць без панікі ў стрэсавай сітуацыі.

Складана справіцца з грузам адказнасці, які раптам адчуваеш, перасеўшы з-за вучэбнай парты ў крэсла машыны хуткай дапамогі. Трэба вучыцца імгненна арыентавацца ў сітуацыі. На пачатку работы адчуваеш, як мозг ліхаманкава акумулюе ўсе веды, каб не памыліцца з дыягназам і дапамагчы хвораму на месцы, — прыгадала першыя ўражанні ад работы малады спецыяліст.

Апошнія чатыры месяцы Н.Ванюк працуе фельчарам выязной брыгады ў Адрыжынскай медыцынскай амбулаторыі, што за 30 кіламетраў ад Іванава.

Працуем удваіх: я і вадзіцель. Кожны новы дзень непадобны на папярэдні, бо ўвесь час трэба быць у тонусе і пастанна вырашаць, што лепш зрабіць у той ці іншай сітуацыі. Калі ёсць сумненне з дыягназам, тэлефаную старэйшым калегам, кансультуюся, бо гэта той выпадак, калі лепш перастрахавацца. Дарэчы, да старэйшых калег малады спецыяліст можа звяртацца ў любы час па-за дзяжурствам, калі ёсць патрэба ў парадзе. Да медыкаў-пачаткоўцаў усе ставяцца ўважліва, з разуменнем, і заўсёды дзеляцца ведамі і навыкамі, — падкрэсліла Настасся.

Калі работа ў радасць

У сярэднім за 12-гадзінную змену брыгада 6—7 разоў выязджае на выклікі па наваколлях Адрыжына і ў бліжэйшыя вёскі. Здараецца, пацыент цяжкі ва ўсіх сэнсах гэтага слова і без шпіталізацыі не абысціся, але ні дамачадцаў, ні суседзяў няма, каб пагрузіць яго ў машыну. Тады па дапамогу фельчар звяртаецца да ратавальнікаў.

Да старэйшых калег малады спецыяліст можа звяртацца па параду ў любы час па-за дзяжурствам. Да медыкаў-пачаткоўцаў усе ставяцца ўважліва, з разуменнем, і заўсёды дзеляцца ведамі.

— Выпадкі бываюць розныя. Часам даводзіцца ўгаворваць паехаць у бальніцу. Адзін з нядаўніх прыкладаў: у мужчыны парэз на руцэ вельмі глыбокі, да косці. Ён не памятаў нават, дзе і як траўміраваў руку. Ехаць з намі ў шпіталь адмаўляўся, а зашываць рану трэба было абавязкова, адной павязкай не абысціся. Прыйшлося сілай пераканання дзейнічаць, — сказала дзяўчына. — Аднойчы давялося жанчыну з апендыцытам угаворваць паехаць у бальніцу. Яна потым нават дзякавала, бо вельмі своечасова аказалася на аперацыйным стале.

А ўвогуле, ці часта пацыенты дзякуюць, цікаўлюся ў суразмоўніцы напрыканцы гаворкі.

Ведаеце, нячаста. Звычайна дзякуюць бабулі і дзеці, але ўсё роўна мне мая работа вельмі падабаецца. Кожны раз, прывозячы пацыента ў бальніцу, радуюся таму, што ўсё зроблена правільна і чалавеку дапамаглі. А яшчэ я зразумела, што хачу стаць урачом-рэаніматолагам, — падзя­лі­лася планамі на будучыню Настасся Ванюк.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота з архіва Н.Ванюк