Кіраўнік фізічнага выхавання дзіцячага сада № 8 Стоўбцаў Максім Гілейша вучыць малышоў не толькі асновам фізкультуры і плавання, але і іграць на лыжках. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Падчас вучобы ў Нясвіжскім дзяржаўным каледжы імя Якуба Коласа будучы настаўнік уваходзіў у склад народнага інструментальнага ансамбля “Нясвіжскія лыжкары”. Сёння ні адно свята ва ўстанове адукацыі і ў горадзе не абыходзіцца без маленькіх музыкантаў і іх харызматычнага кіраўніка.
Таму, што пасля заканчэння каледжа будзе працаваць з дзецьмі, Максім Гілейша быў вельмі рады. Малады настаўнік хацеў стаць для малышоў такім жа прыкладам, якім для яго былі школьныя настаўнікі.
“Пасля заканчэння Горкаўскай сярэдняй школы я ўсвядомлена пайшоў вучыцца ў Нясвіжскі дзяржаўны каледж, бо хацеў стаць педагогам, — расказвае пра сябе кіраўнік фізічнага выхавання. — У школе мне вельмі пашанцавала з настаўнікамі, у прыватнасці, з выкладчыкам фізкультуры. Я заўсёды ўважліва сачыў, як ён працуе і кантактуе з дзецьмі, як нам выкладае. Мне гэта вельмі падабалася, таму з выбарам прафесіі не вагаўся: перада мной быў прыклад прафесіянала, да ўзроўню якога хацелася дарасці”.
Пасля размеркаванння малады спецыяліст прыйшоў на сваё першае працоўнае месца. І што ім стала не школа, а дзіцячы сад, Максім Гілейша не расчараваўся, а, наадварот, рады: гаворыць, што, дзякуючы такім малышам, яму выпаў шанс вярнуцца ў дзяцінства.
“У кожнай установе адукацыі свая спецыфіка, — заўважае педагог. — Калі параўноваўваць школу і дзіцячы сад, яны па сваім функцыянале розныя, і педагогі, якія працуюць з дзецьмі ў гэтых установах, таксама выконваюць розныя задачы. Прызнацца, са старэйшымі дзеткамі працаваць таксама цікава, але з дашкалятамі цікавей”.
Спартсмены
Разважаючы пра цяжкасці, з якімі сутыкаецца ў штодзённасці, кіраўнік фізічнага выхавання расказвае пра ўзаемадзеянне з тымі малымі, якія наведваюць інтэграваныя групы.
“У рабоце з дашкалятамі з інтэграванай групы патрэбен іншы падыход, — адзначае педагог. — З імі неабходна інакш размаўляць, тлумачыць. Але я не скажу, што гэта цяжка, гэта проста іншы напрамак работы, і яму трэба вучыцца. У сваёй дзейнасці з такімі дзецьмі кіруюся індывідуальным падыходам, з кожным займаюся асобна. Іх таксама, як і іншых выхаванцаў, вучу бегаць, скакаць. Я ўпэўнены ў тым, што ўсіх малышоў — і са звычайнай, і з інтэграванай групы — абавязкова трэба далучаць да фізкультуры і спорту, дапамагаць усвядоміць значнасць здаровага ладу жыцця. Таму кожнае практыкаванне паказваю дашкольнікам асабіста, а калі тлумачу правілы якой-небудзь спартыўнай гульні, заўсёды сам уключаюся ў працэс. Прынамсі, інакш і быць не можа, бо мае дзеці зусім яшчэ малышы. Тут аднаго тлумачэння, як школьнікам, недастаткова. Усё неабходна даносіць і паказваць на ўласным прыкладзе”.
Педагог упэўнены: увага і клопат вельмі натхняюць дашкалят. Варта іх толькі пахваліць, яны будуць яшчэ больш старацца, каб не расчараваць свайго настаўніка. Асаблівую ўвагу Максім Гілейша ўдзяляе дзецям са старшых груп, якія рыхтуюцца да школы.
“Такія дзеці павінны ведаць элементарныя каманды, якія будуць пастаянна чуць і выконваць падчас урокаў фізкультуры ў школе, — прыводзіць прыклад М.Гілейша. — Гэта каманды на пастраенне, рухі падчас хадзьбы”.
Акрамя заняткаў у спартыўнай зале, кіраўнік фізічнага выхавання вучыць дзяцей плаваць у басейне. Сюды да Максіма Аляксандравіча ходзяць выхаванцы сярэдніх і старшых груп. Такія малышы ўжо авалодалі асноўнымі навыкамі плавання і толькі ўдасканальваюць іх пад наглядам педагога.
“Задача дзяцей са старшых груп — навучыцца трымацца на вадзе, ныраць, даплываць да фішкі, — працягвае дзяліцца асаблівасцямі заняткаў педагог. — Што тычыцца дзяцей з сярэдніх груп, яны толькі вучацца ныраць і затрымліваць дыханне, таму з імі працуем на развіццё гэтых навыкаў”.
Калі настаўніку трэба прафесійная парада, ён звяртаецца да старэйшых калег альбо да сваіх родных: у сям’і Максіма Гілейшы ёсць выкладчыкі фізічнай культуры. Але ў большасці сваёй педагог спрабуе ўсё вырашаць самастойна.
Артысты
З таго моманту, як Максім Гілейша пачаў працаваць у садку, у яго выхаванцаў з’явілася яшчэ адно захапленне, але не звязанае са спортам.
Разам з сабой ва ўстанову адукацыі малады чалавек прывёз лыжкі, на якіх падчас вучобы ў каледжы іграў у ансамблі “Нясвіжскія лыжкары”. Сёння малады спецыяліст хоча, каб і яго выхаванцы навучыліся гэтаму ўнікальнаму музычнаму майстэрству.
“Падчас вучобы ў Нясвіжскім дзяржаўным каледжы імя Якуба Коласа мы займаліся музыкай з цудоўным педагогам і музыкантам Уладзімірам Яўгеньевічам Сухавеем, — з гордасцю расказвае Максім Гілейша. — Мы выконвалі народную музыку, перакладзеныя творы сучасных кампазітараў і нават класіку. Акрамя гэтага, прыдумвалі рытмічнае і танцавальнае, акрабатычнае суправаджэнне знаёмых твораў і рабілі інструментальна-харэаграфічнае шоу. Безумоўна, з нашымі выхаванцамі акрабатычныя трукі не робім, але на лыжках іграць вучымся. Дзеткам вельмі цікава, калі чуюць, што падчас ігры атрымліваецца нейкі рытм”.
Цяжкія кампазіцыі малышы не іграюць. Педагог стараецца падабраць для іх максімальна простую і лёгкую ў выкананні музычную тэму. Дапамагае Максіму Гілейшу ў развіцці творчай ідэі музычны кіраўнік Наталля Князева. Як толькі ў садку праводзіцца нейкае свята, самымі галоўнымі героямі становяцца маленькія музыканты.
Нават калі збіралі ўраджай са сваіх градак, дзеці выйшлі ў двор з лыжкамі. Настаўнік кажа, што з музыкай і песнямі работа робіцца хутчэй.
“Сёння нас з маімі маленькімі лыжкарамі запрашаюць на шматлікія гарадскія святы, на раённыя педсаветы, дзе мы радуем усіх сваёй творчасцю, — адзначае Максім Гілейша. — Я рады, што маё захапленне ігрой на лыжках знайшло водгук у дзяцей. Але яшчэ больш радуюся, калі бачу, што ў іх усё атрымліваецца”.
Сёння Максім Гілейша вучыцца ў БДУФК па спецыяльнасці “Аздараўленчая фізічная культура”, каб пашырыць свае прафесійныя магчымасці. Ён упэўнены, што ў рабоце з дзецьмі важна валодаць як мага большымі педагагічнымі кампетэнцыямі.
“Дзеткі малодшага ўзросту часта хварэюць, асабліва калі наведваюць дзіцячы сад, — заўважае педагог. — Таму я перакананы ў тым, што ў дашкольнай установе адукацыі кіраўнікі фізічнага выхавання павінны валодаць здароўезберагальнымі тэхналогіямі, ведаць, якія практыкаванні могуць выконваць дзеткі пасля працяглай хваробы, якую нагрузку ім можна даваць”.
Малышы вельмі любяць свайго Максіма Аляксандравіча і заўсёды пры першай магчымасці нагадваюць яму пра гэта. Як толькі бачаць педагога ў садку — адразу падбягаюць, каб павітацца і пацікавіцца справамі.
“Бывае, іду па Стоўбцах, а мне з другога боку дарогі крычаць: “Максім Аляксандравіч!” і махаюць рукой, — усміхаецца педагог. — Не буду хаваць, гэта вельмі прыемна. Я рады, што малышы ўспрымаюць мяне не толькі як настаўніка, але і як старэйшага сябра, што лёгка ідуць на кантакт. Я яшчэ малады педагог, але зраблю ўсё магчымае, каб перадаць сваім выхаванцам толькі лепшы вопыт і веды”.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА